Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Самы галоўны з нас, самы дужы, разумны і справядлівы, Анатоль, рашуча прапанаваў:

— Вось што, не я адзін — усе злазім. Па чарзе.

Меер замуляўся, з жалем прыцмокнуў языком — маўляў, і рад бы, ды не так ўсё проста.

— Бачыце, я гэта адкрыў… Гэта ж як-ніяк мая хата… І мая сястра… Так што, хлопцы, задарма цяпер дурных няма…

На ўсялякі выпадак ён ужо асядлаў веласіпед і трымаў нагу на педалі, каб у выпадку чаго ірвануць з месца.

— Што ты хочаш? — спытаў Анатоль.

— Грошы… Рубель за сеанс.

— Рубель?!

— Ну ты і!..

Аблізваючы сухія вусны, пазіраючы на яго ледзь не з нянавісцю звужанымі вачыма, Анатоль

працадзіў:

— А калі я зараз пайду і скажу? Табе ж разам з дошкай галаву прыб’юць!

— Паджалуста. Ідзі. Кажы. Тады нікому не будзе. Ні мне, ні табе, ні дурной галаве, — спакойна закончыў Меер яшчэ адной сваёй дзіўнай прымаўкай.

— Ну што ж — абыдземся без цябе! Самі палезем…

— А тады я пайду і скажу. Вы мяне ведаеце. І заб’юць дошку. Ці самі здагадаюцца… Пойдзе дождж, пацячэ вада…

І праўда што. Маглі ж тую дошку і шчыліну і без нашай ці Мееравай падказкі ўгледзець. Пакуль суха, трэба карыстацца момантам.

— А калі я табе дам на ўсе гэтыя дні матацыкл? — збавіў абароты Анатоль.

— Нашто ён мне. Я і ездзіць на ім не ўмею, і бензін яшчэ недзе шукай. Носіцца, як дурны, упасці можна, пакалечыцца яшчэ не хапала, рукі-ногі пераламаць, — цвяроза, сур’ёзна разважаў Меер. — Ды і так — пакатаўся, і ўсё, а грошы застануцца… Карацей, хлопцы: мой тавар — ваш купец. Гуляйце, думайце… А я буду кіно глядзець.

І паехаў, пасеяўшы ў нашых душах поўную смуту. Мы гарачыліся, пляваліся, аблаялі яго як толькі можна, даказалі адзін аднаму, што гэта не хлопец, не мужчына, дружна вырашылі забыць і не мець з ім больш ніколі справы.

Няцяжка здагадацца, што назаўтра ўвечары, калі гэтак жа дружна зноў сабраліся на выгане, у кожнага ў кішэні было па рублю.

Меер наразаў вакол нас кругі на сваім веласіпедзе, а набліжацца баяўся.

— Учора паглядзеў кіно… Ну-у, скажу вам!.. Гэта нешта з нечым… Такога ў сне не прысніцца…

— На, — Толік кінуў папяровы рубель на траву. — Не грошай мне шкада…

Меер пад’ехаў, падабраў.

— У дзевяць роўна. Як праграма «Час» пачнецца. Я правяду, пакажу.

У дзевяць Меер з Анатолем зніклі ў прыцемках, потым Меер вярнуўся і, пакуль мы нудзіліся ў чаканні, забаўляў нас — падсмейваўся, ляпаў па плячах, пашчыкваў то аднаго, то другога, жартаваў, ламаўся:

— Вось так яно, хлопцы-казакі! А вы што думалі? Гэта вам не зямлянкі капаць!..

Нарэшце паказаўся Толік. Мы абступілі яго. «Дайце закурыць», — выціснуў ён пераселым голасам. І голас у яго быў зменены, і сам ён стаў нейкі іншы — у цемры не было відаць яго твару, але здавалася, што і твар змяніўся.

— Ну, хлопцы… Гэта праўда… Трэба самім бачыць… Я нават падумаць не мог…

З таго вечара Меер спраўна пачаў збіраць грошы. Хлопцы, што пабывалі на гарышчы, ніводзін не шкадаваў, кожны вяртаўся шчаслівы, узбуджаны, вось толькі паводзіны ва ўсіх былі нейкія падазрона аднолькававыя: просьба закурыць, зменены голас, у якім лёгкая пагарда да тых, хто «кіна» яшчэ не бачыў, і амаль адны й тыя ж словы: «Ну і ну… Я і не чакаў!..»

На чацвёрты вечар прыйшла мая чарга. Пакуль Меер вёў мяне разораю, па якой слаўся тоўсты бульбоўнік, і кеды, і калашыны штаноў знізу сталі мокрымі. Каля сцяны ён адсунуў дошку, падсадзіў мяне, ушчыкнуў на развітанне і прашаптаў: «Ды цішэй там, столь не праламай!»

Я палез. Прашмыгнуў наверх. Цёмна. І чуваць прыглушаныя галасы знізу. Выцягнуўшы руку, я пайшоў у напрамку коміна. Да падэшваў адразу наліпла па кілаграму пяску і ад таго ступалася мякка і зусім ціха. Шчылінка ледзь свяцілася. Я прыпаў да яе; пясок пад рукамі

і пад шчакою быў цёплы, як сонечным днём на беразе возера, — відаць, нядаўна палілі грубку і ён нагрэўся ад коміна.

То адной, то другой шчакою я прыпадаў да гэтага цёплага пяску, адным і другім вокам заглядваў… Лямпачка гарыць, тэлевізар ідзе. Дзеці… Стол, вячэра… «Не плямкай, калі ясі»… Размовы. «А я ўсё адно з’езджу… Жыць неяк трэба…» «Не бяруць туды… сюды…» Святло выключылі, тэлевізар ідзе ціха… Дзеці спаць леглі. «Алік, закрыйся ад сцяны… Аньцы дзьмуць будзе»… Звычайныя такія словы. Буднія, простыя дзеянні. Ніякага намёку на оргіі.

Я нічога не разумеў — лепш сказаць, даўно пачаў разумець, як проста і геніяльна Меер усіх нас надурыў. Мяне трэсла ад злосці. Але была яна не столькі на Меера, колькі на тых, што лазілі раней, да мяне.

Я спусціўся, выйшаў на вуліцу.

— Вось, папытайце ў яго, калі хто яшчэ не верыць, — завіхаўся вакол Меер. — Хто-хто, а ён не збрэша!

Так гэты гад-псіхолаг казаў пра кожнага, і кожны ўсцешваўся, што менавіта ён эталон праўды, і не падводзіў Меера.

Я хаўкнуў, уздыхнуў, збіраючыся з духам… І, замест таго, каб рассмяяцца, хоць бы словамі выкрыць іх усіх, збянтэжана выціснуў звыклае:

— Клас, хлопцы… Гэтага не раскажаш… Ніколі б не падумаў…

— Ну, хто наступны? — не губляў часу Меер. — Варушыцеся… Давайце, пакуль дзірку не зашылі…

Так мо яшчэ з тыдзень мы кожны вечар лазілі на гарышча. Калі ж адзін з нас, самы тупы, без уяўлення, хлопец захацеў справядлівасці і кінуўся да Меера біцца і спраўляць назад грошы — не далі, разнялі. І працягвалі лазіць. Мы ўжо цудоўна ведалі, што падманваем адзін аднога, але ніхто так і не сказаў праўды.

Чаму? Ці толькі таму, што сорамна было прызнацца, што глядзець няварта, і тым самым неяк прынізіцца і расчараваць іншых? Ці то была звычайная перастрахоўка: мо гэта мне не пашанцавала, а іншыя ўсё бачылі? Ці мо ў нас адгукаліся нейкія генныя парэшткі яшчэ пячорнага, паляўнічага азарту, калі няважна, за кім цікуеш, абы ён не здагадваўся пра гэта?

Ці проста мы, неабчэсаныя вясковыя падлеткі, усё ж у глыбіні душы адчувалі, што ўся наша грубасць, цынізм, «самота» і розная іншая «стамлёнасць жыццём» — усяго толькі дурнаватая, несур’ёзная гульня, а вось гэты кавалачак падгледжанага ў шчылінку чужога жыцця, звычайныя абставіны, простыя людзі, дзіця, якое просіць цукерку, падтыканне коўдры, сціплая вячэра — і ёсць нешта сапраўднае, жывое, невядомае яшчэ нам, але да чаго нас падсвядома цягне? І ўжо як мінімум рубель яно каштуе…

А потым пайшлі дажджы, гаспадар палез латаць дзіравы дах і заадно падшыў знізу добрымі цвікамі-«соткамі» дошку, і ўсе шчыліны ў столі заканапаціў.

Восенню, у канцы верасня, мы вярталіся са школы і ўбачылі, што Меерава хатка, якая была так памаладзела, пахарашэла, засвяцілася, зноў стаіць асунутая, згорбленая, сіратлівая, з забітым крыж-накрыж вакенцам — пагарэльцы з’ехалі. За хаткаю палілі кучы сухога картаплішча. Бялёсыя слупкі дымоў падымаліся роўна ў неба. Гарэў і соладка пах на развітанне той самы бульбоўнік, які, здавалася, яшчэ зусім нядаўна, на нашых вачах прабіваўся з майскай зямлі пяшчотна-салатавымі парасткамі, мацнеў, рабіўся пругкім, упэўненым, цвіў белым і фіялетавым кветам, потым спаважна тырчэў высокім лапушыстым картаплянікам — гэткай дзівоснай заморскай двухплоднай раслінай: зверху зялёныя маленькія «памідорчыкі», а знізу, у цёплай зямлі, шурпатыя крухмальныя клубні… І вось ён аджыў сваё, памёр, ператварыўся ў сухія непатрэбныя сцябліны…

Поделиться с друзьями: