Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
Шрифт:

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

– Дзе тут фiрма "Каплан i Занэн"?
– спытаўся Мэгрэ.

– Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.

– I вы ўвесь гэты час жылi тут?

– Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

– А цi ведалi вы Луi Турэ?

– Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.

– Ён памёр.

– Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..

– Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.

Кансьержка ажно здранцвела.

– Я

яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.

– I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...

Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.

– Пан Каплан яшчэ жывы?

– Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.

– Чым яны гандлявалi?

– Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!

Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму "Каплан i Занэн".

– Я з палiцыi, - растлумачыў Мэгрэ.
– Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.

– Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...

Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.

– Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...

Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе "Каплан i Занэн".

– Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.

Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне - рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.

Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной - галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.

– Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...

– А ён часта гэта рабiў?

– Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...

– Ён быў кладаўшчыком?

– Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзiў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў

за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзiў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Нiхто тады i не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. I вось аднаго дня, у кастрычнiку цi ў лiстападзе, не магу сказаць больш дакладна калi, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усiх i аб'явiў, што закрывае фiрму i прадае тавар iншаму аптавiку. Усе тады думалi, што дом будзе знесены i тут пабудуюць кiнатэатр. Усе жыльцы атрымалi паведамленне аб зносе. Многiя выехалi. А iншыя не сталi спяшацца i не памылiлiся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такi прададзены, i новыя ўладальнiкi адмаўляюцца рабiць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з iмi, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збiрала рэчы...

– А вы знаёмы з панi Турэ?

– Нiколi не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувiзi...

– Яна там i цяпер жыве.

– Вы яе бачылi? Якая яна?

Мэгрэ адно скрывiўся.

– Так я i думала. Пан Луi не меў дома шчасця. Толькi тут ён яго i знаходзiў. I ўдар ён перанёс цяжэй за iншых: ён ужо быў у такiх гадах, калi цяжка мяняць лад жыцця.

– Колькi яму было тады?

– Сорак пяць цi сорак шэсць.

– Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?

– Не. Ён нiколi мне пра гэта не казаў. Вiдаць, цяжка яму бывала. Доўгi час ён зусiм не заходзiў. А аднойчы ўранку я iшла па бульвары - раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луi, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысцi да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, i прайшла мiма.

– Праз колькi часу пасля закрыцця фiрмы гэта здарылася?

У павiльёне было вельмi холадна, i кансьержка прапанавала:

– Хочаце зайсцi да мяне пагрэцца?.. А колькi часу прайшло, цяжка сказаць. Вiдаць, гэта было ў канцы зiмы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелi.

– А калi вы яго зноў убачылi?

– О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзiвiла тое, што на iм былi чаравiкi... колеру дзiцячага паносу... Чаму вы так глядзiце на мяне?

– Так проста. Працягвайце.

– Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на iм толькi чорныя чаравiкi. Ён зайшоў да мяне i паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю - у ёй былi шакаладныя цукеркi. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму фiлiжанку кавы, потым збегала ў краму, купiла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.

– Што ён расказваў вам?

– Нiчога асаблiвага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.

– Так нiчога i не сказаў пра сваё новае жыццё?

– Я запыталася, цi задаволены ён сваiм цяперашнiм жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякiм разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была ранiца, дзесяць-адзiнаццаць гадзiн. Другi раз ён прыйшоў пасля абеду, i на iм быў вельмi яркi гальштук. Я трохi пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзiцца, але ён зусiм не пакрыўдзiўся - пан Луi мала калi сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку - я яе нiколi не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калi ёй было ўсяго некалькi месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, якi так ганарыцца сваiм дзiцём. Ён усiм расказваў пра дачку i заўсёды насiў з сабою яе картку.

Поделиться с друзьями: