Дубянецкі
Шрифт:
Чэхаславакія. Антыкамуністычная рэвалюцыя пачыналася спакайней, чым у Польшчы. Нават пад лозунгам “за сацыялізм з чалавечым тварам!”. Эва- люцыя ішла пад эгідаю ЦЭКа на чале з яе першым сакратаром Аляксандрам Дубчыкам. Савецкія акупанты не маглі даць рады. Арышавалі ўсё кіраўніцтва гэтай “брацкай” краіны і завезьлі ў Маскву. Тут ім выкручвалі рукі. Нічога не атрымалася. Iнсьпіравалі ананімны зварот “групы кіраўнікоў ЧССР” да СССР з “просьбаю дапамогі”. Уведзены “абмежаваны” вайсковы кантынгент”. Рэвалюцыя задушаная. Уладу ўзялі ў свае рукі славакі - Гусак, Біляк і іншыя. Старое кіраўніцтва скінулі. Пад старасьць Гусак паразумнеў, пачаў крыху адыходзіць
Венгрья. Увесь сьвет уздрыгваў ад грукату савецкаў танкаў, якія напрасткі баразьдзілі сталіцу і ўсю краіну. Мужныя мадзяры сваімі целамі стрымлівалі танкі. Але гэта іх не спыняла. Найбольш жорстка праходзіла барацьба ў 1956 годзе. Таксама арыштавалі ўрад, стварылі новы на чале з Янашам Кадарам. Ён у іншых “сац. краінах” тады быў узорам здрадніцтва народу. Цяпер паразумнеў, як і Густаў Гусак. Нават крыху раней за яго. Венгрыя, дзякуючы гэтаму, цяпер найбольш разьвітая краіна ў савецкім лагеры.
Маленькая Албанія адкалолася даўно і, відаць, назусім.
Югаславія каманд з Масквы не прымае. I здаецца, ужо Масква зразумела, што і ня трэба пакуль югаславаў дражніць: “усё роўна вернуцца да нас”.
Румынія– прыкладна, як і Югаславія, вядзе сваю ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Дыпламатычныя адносіны падтрымлівае. Цярпліва чакае, калі будзе Малдавія ёй вярнута.
Зьнешне цудоўнымі выглядаюць адносіны з Балгарыіяй– на ўзроўні Крамля і Жыўкава. Ніжэй відны расколіны. Часам савецкія турысты адчуваюць непры- хаваную варожасьць да сябе з боку балгараў.
Манголія– цалкам верхаводзіцца Масквою. Толькі фармальна яна не абвешча- ная часткаю СССР, - каб захаваць лішні голас у міжнародных арганізацыях.
Кітай– няма ўжо даўно ў савецкім лагеры, пакуль ня верне СССР 1,5 млн. кв. км. тэрыторыі (!)
Карэя– вельмі ўмоўна лічыцца “ў сябрах” савецкіх. Яна больш арыентуецца на Кітай.
В’етнам. Адносіны ў апошні час палепшыліся за кошт пагаршэньня іх з Кітаем. Яблыкам раздору стала Кампучыя, якую раней акупаваў Кітай, а цяпер
– В’етнам пры падтрымцы СССР. Генацыд ажыцьцяўлялі і тады, і цяпер.
Асабліва жорстка здабывае сабе СССР Афганістан. Тут ён ажыцьцяўляе сапраўдны генацыд. Была здабыта і Куба. Яе СССР ператварыў у свайго жандара ў Лацінскай Амерыцы, праз яе ажыцьцяўляецца экспарт камуніс- тычнай рэвалюцыі туды. Дастаткова прыгадаць гісторыю з Чэ Геварам, з Грэнадай.
А Ангола? А Нікарагуа? А Эфіопія?.. Вось такія эмоцыі выклікае ў мяне “сьвяткаваньне” чарговых гадавінаў “вялікага кастрычніка”, які я лічу альфаю найвялікшай трагедыі сучаснага сьвету!
21 лістапада 1985 году. Дачытаў (каторы ўжо раз!) першы зборнік вершаў Сяржука Сокала-Воюша “Агмень”. Ён быў яшчэ 10 гэтага месяца прынесены мне В-ом В-ам (Вінцуком Вячоркам - рэд.)– згодна з маёй прапановаю.
Перш, чым падаць у выдавецтва сапраўды першы свой паэтычны збор- нік, Сяржук прынёс, як я ўжо нядаўна пісаў, эпічную “Быліцу пра Шыбара”
– “Асілкі Белабога” - першая частка з задуманых пяці. У гэтай быліцы каля трох з паловаю тысячаў радкоў, альбо цэлых пяць аркушаў. Значыць, Сяржук наважыўся ствараць свой эпас аб’ёмам 25 аркушаў.
Я з задавальненьнем прачытаў яго. Ведаю, што будзе праходзіць праз
стадыі і “інстанцыі” вельмі цяжка, ня выключана, што зусім забароняць.Я пакуль даў некалькі парадаў Аўтару, накіраваных на аблягчэньне “пра- ходжаньня” твору:
1. Ні ў прадмове, ні ў заяўцы, ні ў анатацыі не пісаць, што гэта толькі не- вялікая частка з цэлай будучай кнігі. “Частка” вострая, дык тым лёгка будзе ад яе адмахнуцца. Скажуць: напішы ўсю, а тады паглядзім.
2. У размове з Сяржуком я зразумеў, што ён зьбіраецца хутка прынесьці з тысячу радкоў сваіх вершаў. Я, пазнаёміўшыся крыху з яго “Быліцаю”, вырашыў, што пакуль яна будзе праходзіць свае “стадыі”, трэба хутчэй прапусьціць яго вершы ў серыі “Першая кніга паэта”. Iнакш тым, каго будзе шакіраваць “Быліца”, зьявіцца добры аргумент: як гэта ён, ня маючы першай кніжачкі, рызыкнуў на стварэньне так званага нацыянальнага эпасу і г. д.
Што можна сказаць пра абодва рукапісы?
Яны вартыя таго, каб іх надрукаваць. I чым хутчэй, тым лепш. Там-сям адчуваецца неспрактыкаванасьць аўтара ў падрыхтоўцы твораў да друку. Але гэта драбяза ў параўнаньні з самімі творамі, іх ідэяй, з таленавітасьцю. Сяржук
– патрыёт. Патрыёт не такі, што “сьмела” думае пад коўдраю, а “на людзях”
– ён, як і “ўсе”, паслухмяны, рахманы. Сяржук - мужны, ваяўнічы патрыёт. Ён свае думкі імкнецца вынесьці на публічны суд, суд грамадскі, суд грамадзянскі. Мала таго. Ён шчыра чакае адпаведнага сваім творам водгуку ў сэрцах сваіх чытачоў. Мне імпануе яго задзірыстасьць, яго максімалізм, яго - мэта. Гэта ўсё яшчэ і мае найдаражэйшыя мне якасьці, хоць узрост наш, узрост дэ-юрэ, “крыху” розны. Але ж гэта ўсяго толькі “дэ-юрэ”. А куды больш справядлівым зьяўляецца тут дэ-факта!
У Сержуковым зборніку вершаў 43 вершы і адна паэмка “Маскарад”. Усяго недзе тысяча дзьвесьце радкоў, як казаў В-к В-ка (Вінцук Вячорка - рэд.), я не пералічваў. Вершы разьбітыя на тры цыклы:
“З нізкі вершаў “Паходня і хлеб”
“З нізкі вершаў “Эрас”
“З нізкі вершаў “Песьні касінераў”, з падзагалоўкам “(паўстанцам 1863 году прысьвячаецца)”.
Адкрываецца зборнік аўтарскаю “Прадмоваю”. Яна напісана ў духу і стылі Францішка Багушэвіча і са спасылкамі на яго і ягоную “Дудку”.
Аўтар смуткуе з прычыны, што “страціліся ад тых часоў шмат якія добрыя традыцыі, што закладаў Мацей Бурачок”. Ён параўноўвае “добры тузін (сучасных
– М. Д.) паэтычных зборнікаў маладых” з першымі зборнікамі “таго ж Купалы ці Танка”. I робіць выснову: “Ні табе ўнутранай будовы, ні табе прадмовы, як колісь у вышэй згаданых аўтараў (“Купалы, Коласа, Багдановіча, Танка і іншых.
– М. Д.), ні табе хаця б якога праграмнага вершыка”.
Сяржук скардзіцца, што пісьменьнікі ўжо ня дбаюць пра свой народ, а толь- га пра сябе. I народ перастаў чытаць іх кнігі, апроч, вядома, кніг “Караткевіча ці Быкава, Мележа ці Гарэцкага”. Шмат сучасных беларускіх кніг знойдзеш, кажа Сяргей, на складах з макулатураю і ў букіністычных кнігарнях. Нават з аўтарскімі аўтографамі. “На добры ўспамін.”
Аўтар з жалем піша, што пісьменьнікі ня ведаюць ужо добра мову свайго народу, а гэты, вядома, сьмяецца над імі.
Канчаецца “Прадмова” таксама заахвочвальнымі словамі Мацея Бурачка, што трэба пісаць і “пісаць ёсьць шмат чаго.”
Наўрад ці пакінуць “жывой” гэтую прадмову. Яе пачнуць крэмзаць яшчэ ў выдавецтве. А там, вышэй!? А вершы? Прадмова не галоўнае. Патрэбны сьвежы голас гэтага паэта. Яго “Песьні касінераў” - цуд. !х усяго адзінаццаць (я не люблю гэты лік! А ў “дванаццаць”, напрыклад, закаханы). Усе яны лёгка кладуцца на музыку.