Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

– - Замест дроў?!

Ад такой навіны ўсе кінулі грукатаць.

– -У вялікіх гарадах столькі народу, што калі кожнаму нябожчыку аддаць па кавалку зямлі, дык не будзе дзе жыць, адно як на могілках,-- растлумачыў ён

– - Скуль столькі людзей развялося? Можа іх аднекуль прысылаюць, дзе няма месца хаваць?—загаварылі іншыя.

Але доўга гаманіць не выпадала.

– - Неўзабаве нябожчыкак прывязуць,-- патлумачылі яму на развітанне.

На могілках зноў усчаўся грукат. Вароны адразу пападалі ў неба, а на гурбы снегу асыпалася дробнае вецце. І туды асыпалася, дзе пад зямлёй і снегам

ляжалі яго бацька ды маці...

Цяпер у той бок нават сцежкі не было.

Апошнім часам людзі яго мала цікавілі, але жанчыны яшчэ вабілі, бо ў чэраве не скончылася хэнць. Таму аднойчы ён не вытрываў і пагрукаў у дзьверы суседкі.

– - Я не ведаю, чаго прыйшоў,-- паспавядаўся ён.

– - Суседзі ходзяць адзін да аднаго таму, што яны суседзі.

– - Дзе вашыя дзеці?—запытаўся ён потым.

– - Яны служаць анёламі.

– - А гаспадар?

– - Парукаўся з д’яблам.

– - Я ніколі не бачыў яго на падворку.

– - Нячысцікі не любяць прыходзіць туды, дзе бываюць анёлы.

Яна сядзела за швейнай машынкай, ён прыхаваўся ў засені фіранак і глядзеў, як яе рукі лашчаць ядваб.

Рукі рабілі сваю справу, а сэрца клапацілася аб нечым іншым, бо на вуснах трымцела ледзь прыкметная ўсмешка – і яму гэта падабалася. Але увесьчас узірацца ў яе твар было няёмка і ён агледзеўся па хаце.

– - Адкуль у вас столькі цацак?

Цацкі былі на паліцах, ложку, падлозе… Не кожная крама мела столькі.

– - Часам да мяне прылятаюць анёлы,-- сказала яна, абсмактаўшы з вуснаў усмешку.--Два такія ружовенькія анёльчыкі. Яны яшчэ зусім дзеці і таму любяць бавіцца.. Я ім не толькі цацкі купляю, але і адзенне шыю. Яны ж зусім голенькія.

Яна расхінула абедзьве палавінкі шафы і стала пеоабіоаць дзіцячыя сукенкі, спадніцы, кашулі, гарнітурчыкі…

Ён пахваліў яе ўмельства і сказаў:

– - Ну то я пайду, бо раптам яны прыляцяць.

Яна паглядзела на яго з дакорам у вачах і, апусціўшы галаву, сцішана вымавіла:

– - Куды вам спяшацца? Яны пачакаюць, пакуль я застануся адна.

– - Лепей вы да мяне заходзьце,-- пашкадаваў ён яе і ўжо на ганку патлумачыў:

– - Нячысцікам няма чаго рабіць там, дзе бываюць анёлы.

Неўзабаве маразы аціхлі і пачалася адліга. У голыя вокны хаты зноў пацяклі аблокі, машыны і людзі. Ён як быццам вярнуўся на дарогу і нейкі час яго гэта цешыла… Але вечарам, калі запаліў святло, яму сталася ніякавата і ён засланіў акно ад дарогі пажухлымі газетамі.

– - Нарэшце,-- з’едліва заўважыла акно.--Не хата, а гасцінец нейкі.

– - Ты не любіш гасцей?

– - Сапраўдныя госці ў хаце здамаюць шапку…

– - І выціраюць ногі,-- дадаў за сцяной ганак.

– - А потым дастаюць з кішэні пляшку і сядаюць за стол. Ці не так?—усміхнуўся ён і паабяцаў:-- Тады будзем чакаць выхаваных гасцей.

Прыбраў стол, падмёў падлогу, змяніў на чыстую бялізну і пераслаў ложак. Затым расклаў у пліце агонь і сеў абіраць бульбу.

Не паспела бульба зварыцца, як дзьверы гукнулі:

– - Ідзі адчыняць.

Жанчына выцерла ногі аб дыванок і ў сенях ссунула хустку на шыю.

– - Я прынесла вам фіранкі,-- сказала яна.

– - А ў мяне ёсць сёе-тое да бульбы…

– - Спачатку трэба павесіць фіранкі,-- падказала яна.

Фіранкі

былі квятастымі, як сонечны поплаў. Ад падваконня адразу пацягнула водарам кветак і ў падпеччы прачнуўся цвіркун.

– - Ці не занадта рана пачалася вясна? – спытала яна потым.—Каб не пабілі яе замаразкі.

Ён пабраўся яе словамі, але змаўчаў у адказ.

Утульная ноч – адзінае багацце змардаванага жыццём чалавека.

Стынуць на холадзе дрэвы, патрэскваюць апошнія вугельчыкі ў печы, а жанчына яшчэ захінае цябе коўдрай і пытаецца:

– - Ты бачыў мора?

– - Я бачыў мора.

Агорнутыя цішынёй і жалем яны маўчаць да наступнага пытання:

– - Ты забіваў людзей?

– - Я не ратаваў людзей.

Ёй карціць дазнацца пра ягоных жанчын, але яна стрымлівае сябе і адно сумна ўздыхае:

– - Калісь я таксама была вабнай.

Ён запальвае цыгарэту і кажа:

– - Для дваіх даволі адной хаты.

Яна радасна палохаецца і зноў пытае пра мінулае і далёкую старану.

– - Усюды адно і тое самае,-- распавядае ён.—І ў пустыні, і ў снягах. Ранкам узыходзіць сонца, ноччу мільгацяць зоры, днём людзі завіхаюцца, вечарам кладуцца адпачываць і звер не лішне розніцца ад чалавека, а чалавек -- ад прывіду. Аднойчы я зразумеў, што як той, так і гэты свет недзе страцілі свой сэнс, альбо яшчэ не набылі яго… І таму ніхто не мае іншай мэты, акрамя як агораць свой лапік жытва і потым назаўжды знікнуць у невараці.

– - Удвох прамінаць жыццё хутчэй, а калі ёсць дзеці, дык яго нават не хапае, каб перарабіць усе справы,-- кажа яна.

– - Можа яно і так,-- пагаджаецца ён і высоўваецца з-пад коўдры, каб адхінуць фіранку ды зазірнуць у вочы халоднай беспрытульнасці.

Аднойчы ён адшукаў рыдлёўку і спыніўся ля гурбы ламачча, скіданай на падворку з кавалкаў дошак, шыферу, бітай цэглы і ўсялякага такога іншага…

Недзе тут была студня, якую ў сваю пару выкапаў яго бацька.

Вясна толькі пачыналася і са споду друз быў прыхоплены лёдам.

Затое ў мяне будзе свая вада і сюды будзе хадзіць за вадой жанчына,-- суцешыў сябе чалавек, каб не шкадаваць поту.

Выслабаніўшы ад непатрэбшчыны верхнюю кадку, ён апрастаў святлу шлях і зазірнуў у тхло прадоння.

Дно студні было забруджанае розным смеццем, паўзверх якога выцягнуўся мёртвы шчур.

– - Ну як ты там?—запытаўся чалавек у студні.

– - Гібею!—рэхам, даўжынёй у пятнаццаць кадак, адгукнулася студня.

– - Пачакай трохі, пацяплее і я выкіну бруд.

– - А ты не забудзешся?

– - Калі запынюся тут, дык не забудуся.

– - На халеру табе кудысьці цягнуцца. Хіба дзе знойдзеш саладзейшую ваду?

Ён нічога не адказаў. Усцягнуў дубовую накрыўку на кадку, але і праз накрыўку пачуў:

– - Глядзі, ты абяцаўся.

Абяцанкі цацанкі, а дурню радасць, раптам са злосцю падумаў ён і адкінуў ў бок рыдлёўку.

У дарозе ён прызвычаіўся быць нікому не патрэбным і пакрысе навучыўся жыць, каб і яму ніхто не быў патрэбны. А тут на яго кідаліся з усіх бакоў, як сабакі на голую лытку. І яму зайздросна ўспомнілася воля, зорная адзінота і яшчэ нешта, што не мела зграбнага слова, але было самым істотным у таямнічым пакліканні шляху. Той, хто збірае пыл дарог, ведае, што гэта такое.

Поделиться с друзьями: