Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Каласы

Цвірка Кастусь

Шрифт:
Лісце На дрэве — лісце. Добра ў небе сінім. Пра вечнасць сні... Але раптоўна — сівер, I ліст за лістам — у траву, у прах. А мы? Не, мы — не лісце на вятрах!
Зярняты У поце, у працы здабыты зярняты. Нямыя, драбнюткія, спіць у вас Заутра. Спіць Час, сняць Падзеі, мае ўсе надзеі.. Хаця б зберагчы вас ад лютай завеі.
* * * He веру я, што ў нейкі век Уладу возьме атам I сваё месца чалавек Саступіць аўтаматам. Я знаю, прыйдзе час, калі На злосць расістам розным Скрозь запануе на Зямлі Непераможны розум!
* * * Чалавек — бог, Чалавек — раб. Чалавек скруціць Казбек у рог, Чалавек на нагах не трымаецца: так аслаб. Чалавек,
чалавек —
Загадка, якую разгадваю век. Я ведаю пэўна: ёсць у чалавека сіл незлічоных скарб, Ды часам ix кіпцюрамі сваімі трымае раб, як краб. I так спраку веку — Ідзе вайна жорсткая (хоць i нябачная) у чалавеку. Змагаюцца бог i раб, Сіла i слабасць, Святло І тло. Хто — каго? Хто — каго?.. О якім бы прыгожым быў свет, Каб У чалавеку Загінула ўрэшце немач яго — Раб. І перамог Прыроднай яго ўсемагутнасці бог!
* * * Аднекуль з-пад воблачка — любуйся любы! — Злятаюць на мой падаконнік птахі нябёс — галубы. Чысцяць дзюбамі пер'е — вур, вур. Абадкамі вачэй ловяць раніцы сіняву. Галубы, галубы — Яны ніколі не вешаюць галавы. Яны сумаваць не ўмеюць, галубяцца любою парою. Натряпяць на хлеба скарынку — падзеляць заўсёды пароўну. Я ніколі не бачыў, каб біліся яны між сабою За ежу ці месца для гнёздаў сваіх пад страхою. У жыцці для ix многа не трэба: Адно блакітнае неба! Жывуць у ім, купаюцца ў ім. Калі ж адпачыць захочуць, Злятаюць на мой падаконнік I — ціха вуркочуць. Вуркачыце ж сабе, вуркачыце — Людзей жыць вучыце.
* * * Усё паўтараецца з веку ў век: Ад зары да зары птушкі пяюць бесклапотна на дрэвах, A ўначы засынаюць спакойна на голлі між роснага лісця. Спяць і, мусібыць, сняць, як i ўсё на зямлі, пра шчасце, Нават i блізка не падазраваючы, Што ў гэты час прачынаюцца іншыя птушкі — совы, (Хаця якія гэта птушкі — яны ж i спяваць не ўмеюць!), Лётаючы ад дрэва да дрэва, яны свае прагавітыя кіпцюры упускаюць у птушак сонных — I гіне за песняй песня. Раніцай зноў прачынаюцца ўцалелыя птушкі I, не заўважыўшы нават, што гэта ж няма ix сябровак, i зноў бесклапотна пяюць, на дрэвах. Птушкі, як вам сказаць пра небяспеку?
* * * Ліст легкакрылай чайкой З клёна — свайго гнязда — Ляціць у палёт... Ды страчае Яго каляін вада. Ніяк ліст паверыць не хоча У несправядлівы лёс. I доўга ў вадзе лапоча, Рвучыся у сінь нябёс.
* * * Бываем мы часам, што пушчы, запушчаны, Ідзём па свеце, як невідушчыя. Нават ад чорнага белае Не заўсёды адрознім смела. Мы блытаем, блытаем вечна Авечку з воўкам у скуры авечай. I часта — ад роспачы як не крыкну Прымаем за чыстую праўду крыўду. Ля сэрца нават яе хаваем, Яе гадуем, яе люляем, Покуль яна — крыўда ёсць крыўда! — Нам жа пад сэрца нож не усадзіць крыва.
* * * Жыццё пражыць — не поле перайсці. Усё тут будзе: i любоў, i здрады, I сад, якому зноў i зноў цвісці, I песня, i ярмо, i барыкады!
Саксаул Слаўлю саксаул я: i ў пустыні, Дзе вятроў раз'юшаных разгул, Ён прабіўся скрозь пяскі крутыя І цвіце па-свойму, саксаул.
* * * Мы б'ёмся над рыфмай, рвём жылы на гонях, Ідзём — за ўсмешку адну! — у агонь мы, Клён садзім, ляцім у захмар'е знічкаю Шукае, шукае душа гармоніі У свеце негарманічным.
* * * Мы ў гэты свет на нейкі міг прыйшлі I чалавек, i звер, i птушка, i расліна. Усе мы мацеры адной — Зямлі I па-братэрску, каб цвісці маглі, Адзін другога берагчы павінны!

Хіцер - Зміцер

Маўчанне Я чуў, што маўчанне — золата, Што лепш за ўсё чалавеку — Жыць без голаса. Немы крык — распранаюць жанчыну на вуліцы, Гром — б'юць бандыты суседа ў жывот нагцакамі, Але — трымай язык за зубамі! Дык хіба ж гэта золата? Зброя мяшчанства — маўчанне.
* * * Мая хата з краю, Твая хата з краю, Яго хата з краю... О, гэта ж была б такая лафа для злодзеяў, для гвалтаўнікоў, для забойцаў,
для тыранаў,
Калі б ўсе хаты стаялі з краю!
Хіцер-Зміцер Вырастаў у пасёлку адным Зміцер Па прозвішчу Хіцер. Не любіў працаваць Зміцер — Любіў паляжаць Хіцер. Вось толькі есці часта хацеў Зміцер — I пачаў шукаць лёгкага хлеба Хіцер. Надумаў знайсці такую работу Зміцер, Каб менш зрабіць, ды больш зарабіць, Хіцер. Хацеў падацца ў навуку Зміцер, Але пакуль вучонага хлеба паясі, Богу душу аддасі — Разважаў Хіцер. Пайсці на завод наважваўся Зміцер, Але ж трэба пацець там штодзень — Ізноў адмаўляўся Хіцер. Рашыў не шукаць гучнай пасады Зміцер — Убіўся на складзік гандлёвы Хіцер. Праўда, зарплату маленькую меў тут Зміцер, Але ніколькі не сумаваў Хіцер. На пачатку ледзь не філолагам стаў Зміцер: Розныя словы ўзяўся вучыць Хіцер. «Дэфіцыт», «даць у лапу», «грэць рукі»,— шаптаў Зміцер, «З-пад палы», «блат», «шыта-крыта»,— — паўтараў Хіцер. Назубок зазубрыў словы магічныя Зміцер I ў ход пачаў памаленьку пускаць ix Хіцер. Пусціць адно — «Гарызонт» у кватэры пакручвае Зміцер, Пусціць другое — дываном заморскім хваліцца Хіцер, Трэцяе пусціць — жонцы футру, як казну, даруе Зміцер, Чацвёртае — п'е каньякі, ікрой заядаючы, Хіцер. Не з зарплаты — са слоў гэтых простых дачу хутка ўзнёс да нябёс Зміцер, Потым з ix жа, звычайных тых слоў, «Волгу», як ляльку, «зварганіў» Хіцер... Кажуць, недзе жыве i па сёння, спяваючы песенькі, Зміцер Пa прозвішчу Хіцер.
Качкі Вось так жыццё ўсё: ходзяць па двары ўраскачку I знаць ні пра што не хочуць ляныя, тлустыя качкі. Адна ў ix ідэя: як Набіць валляк.
На пенсію Такі закон жыцця ўжо ёсць: Ледзь прыйдзе старасць, нібы госць, Табе ўжо ў плечы весела Лакцем штурхае маладосць: На пенсію! На пенсію! I мы, былыя дзеячы, З абжытых месц устаючы, Ca скрыпам хто, хто з песняю — Здаём другім свае ключы — На пенсію! На пенсію! I мроіцца нам ціхі рай: Гурочкі сей, грыбкі збірай, Навуджвай рыбку прэсную Альбо ад суму памірай — На пенсію! На пенсію! Чуў свет, як выступаў спявак, Быў ён цудоўнейшы мастак, Ды час прыйшоў, i спеўся ён. Што ж, адпачні, браток, раз так — На пенсію! На пенсію! А гэты Заг так крэсла ўгрэў, Так да яго ён прыкарэў, Так ля яго раз'еўся ён, Што — не пытай — хутчэй памрэ, Чым пойдзе сам на пенсію! Яму, такому таўсцяку, Што толькі спіць у халадку, Гукнём: зарос ты плесняю! Аддай стырно маладняку — На пенсію! На пенсію! Амаладжаецца жыццё, Нібы на дрэве тым лісцё!
Аб «добрай» маці i няўдалым дзіцяці Сын як сын спачатку быў: Мілы, круглы, жвавы. Малако праз соску піў Ды крычаў на славу. Рос, i маці праз хлапца Нават сну не знала: Пхала сыну без канца Піражкі ды сала. — Eш, сынок, каштуй, смакуй... — Выпі на, мой коцік... — Можа, хочаш кісяльку? — Mo падаць кампоцік? Лез Мікола у пясок, Дол капаў лапаткай. Маці: — Божа! Кінь, сынок, Кінь яе, дзіцятка! Ну, хіба ж майму сынку Ды займацца гэтым? Будзеш некалі ў мяне Ты інтэлігентам! Землякопам жа? Ого! Трактарыстам? Што ты! Ці ж для розуму твайго Чорная работа? На гарачых піражках, Перніках без ліку Вырастаў як на дражджах З Мікалайкі — Міка. Па двары ганяць футбол Толькі ён i ведаў. Забіваў часамі гол... У вакно суседу. А ледзь ён за малаток Ці сякеру браўся, Маці зноўку: — Кінь, сынок, Лепш з мячом бы знаўся! Ну, хіба ж майму сынку Ды займацца гэтым? Будзеш некалі ў мяне Ты інтэлігентам! Сталяварам жа? Ого! Цесляром? Ды што ты! Ці ж для розуму твайго Чорная работа? Скончыў Міка школу тут, Кніжкі ў кут закінуў: — Што ж ты, маці? У інстытут Уладкоўвай сына!.. Толькі справы дрэнь былі У «інтэлігента»: Як ні лез, не прынялі Міку у студэнты. Бедавала маці год, У слязах была ўся. — Mo, сынок, хоць на завод Ты цяпер падаўся б? — Як?! Быць токарам? О не! Цесляром? Ды што ты! Хіба ж гэта для мяне Чорная работа! Адтапырана губа, Каля шыі — банцік. Крочыць ён шукаць забаў, Рэстаранны францік. А работа? Напляваць! Пыл там, дым — страшэнна! Лепш ён будзе зарабляць... Ля чужых кішэняў. Так i сноўдаўся, як цень, Каля цёмных вуліц, Ды аднойчы за каршэнь Узялі «чысцюлю». Ну, a маці? Цэлы дзень Валасы рве, енчыць: Хто, скажыце, людцы, й дзе Мне дзіця скалечыў?..
Поделиться с друзьями: