Кар'ер
Шрифт:
Мінула тры, пяць і сем дзён, а Бараноўская не вярталася, і Агееў не ведаў, што думаць, калі яе чакаць. Пытацца пра яе ў суседзяў не мела сэнсу, ён не ведаў нават, куды яна выправілася. Па-ранейшаму начаваў у застаронку; ночы яшчэ былі цёплыя, на свежым паветры пад кажушком спалася ўвогуле добра. Нага яго быццам пайшла на папраўку, пухліна паменшала, ён разы два перавязаў рану, эканомна камбінуючы старую павязку з чыстым ласкутом, але хадзіў усё кульгаючы, абапіраўся на кіёк. Зрэшты, хадзіў няшмат, з двара нікуды не высоўваўся, нават на бліжэйшыя вуліцы — толькі выглядваў часам з падворка ў абодва канцы сваёй кароценькай, на дзесятак двароў, Зялёнай, якая адным канцом упіралася
Неяк глухой ветранай ноччу ён раптам прачнуўся ад стрэлаў, што яўна прагучалі ў цішы дзесь непадалёк, можа, на краі мястэчка ці ў бліжнім полі. Стрэлаў было няшмат, каля дзесятка, і ўсё з вінтовак — ужо гэта ён вызначыў пэўна. Хто мог страляць, канечне, засталося загадкай, можа, хто з лесу, а хутчэй за ўсё — паліцаі. Стрэлы тыя ўзварушылі яго душу, той ноччу ён больш не заснуў да світання. Ён усё чакаў, ці не паўторыцца стралініна ў іншым месцы, але да раніцы стрэлаў больш не было. І ён думаў: як было б добра хутчэй залячыць рану, пачаць нармальна хадзіць і вынесці ногі з гэтага мястэчка. Туды, дзе вакол — свае, глядзець у нармальныя людскія твары, не чакаючы бяды ад кожнага сустрэчнага, не баючыся за кожную гадзіну жыцця. А рызыка? Рызыка, канечне, была ўсюды — ішла вайна і гінулі людзі. Але адна справа рызыкаваць разам з усімі, і зусім іншая — сярод ворагаў, штодзённа і заўжды, зусім не падазраючы, дзе цябе спасцігне найгоршае. Не, толькі б загаілася рана, і яго тут больш не ўбачаць. Гэта ўсё яму агоркла, ён — вайсковы камандзір, ягоная справа змагацца з ворагам у адкрытую, са зброяй у руках.
Устаўшы рана, ён абышоў двор, з глухога боку хлявоў далез да аброслага маліннікам закутка ля застаронка, дзе ён днямі схаваў пісталет. Пісталет спакойна ляжаў сабе на тым самым месцы — пад каменем, які ён адкаціў ад падмурка. Разгарнуўшы анучку, Агееў сцёр даланёй слабы налёт іржы на затворы — хай ляжыць, можа, яшчэ спатрэбіцца. Паклаўшы пісталет у ямку, зноў прыціснуў яго каменем. Месца ўвогуле было прыдатнае, і гэта яго супакоіла. У двары ён пачаў думаць, чым сёння паснедаць, — зварыць бульбы ці паесці яблыкаў-малінавак, якія ён знайшоў на дальняй каля паркана яблыні. Кот Гультай перастаў ужо баяцца яго і хадзіў следам, зрэдзьчасу патрабавальна мяўкаючы — прасіў есці. Але для ката ў яго не было нічога.
— Ладна, Гультай. Ідзі лаві мышэй.
Кот пільна ўзіраўся ў яго рудымі, з касым разрэзам вачмі і настойліва цягнуў сваё «мя-у-у».
Агееў хацеў пайсці на кухню, як раптам убачыў на вуліцы фурманку, што ціха пад'ехала да яго хаты, і нейкі дзядзька ў рудой паддзёўцы нацягнуў лейцы.
— Бараноўская тут жыве? — запытаўся ён, не злазячы з фурманкі.
— Тут, — сказаў Агееў.
Ён падумаў ужо, што дзядзька — ад гаспадыні, што, можа, ён скажа што пра яе. Але той моўчкі закінуў лейцы на слуп гародчыка і выцягнуў з фурманкі вялікі, чымсьці накладзены мех. Агееў, стоячы ў двары, здзівіўся:
— Што гэта?
— Куды тут вам? — замест адказу запытаўся дзядзька, несучы перад сабой мех. Толькі ў двары азірнуўшыся, шапнуў: — Ад Волкава я.
Агееў таропка расчыніў дзверы на кухню, і дзядзька гэпнуў мех на падлогу.
— Ух!
— Што гэта?
— А гэта вам работа. Па рамонту. Сказалі, каторыя ўжо нельга пачыніць — на мацяр'ял.
Агееў развязаў вяровачную завязку — у мяху быў розны абутак, але ўсё болей вайсковы —
паношаныя кірзачы, гамашы, сярод якіх тырчалі падкаваныя абцасы некалькіх пар нямецкіх ботаў. Во гэта прываліла працы, падумаў Агееў. Як бы з ёй не засыпацца.— А пасля што? — запытаўся ён у дзядзькі. Той паціснуў плячыма.
— А гэта не ведаю. Сказалі адвезці, я і адвёз.
Ён трохі аддыхаўся, папрасіў вады, напіўся і паехаў, пакінуўшы Агеева ў недаўменні — што рабіць? Як рамантаваць гэта абутак перад усёй вуліцай, па якой швэндаюцца паліцаі, ездзяць немцы? Хіба што перайсці ў хату? Ці ў застаронак? Для каго гэты абутак, ён ужо мог здагадацца, але з такім жа поспехам, мабыць, аб тым маглі здагадацца і немцы. Во становішча, чорт бы яго ўзяў! Пакуль што, аднак, ён зацягнуў мех у застаронак, запіхаў яго пад тапчан — хай паляжыць, пакуль ён што-небудзь прыдумае. А сам пайшоў зноў на кухню — хацелася есці.
Пад няспынным позіркам Гультая, які ўсеўся на падлозе насупраць, Агееў еў учарашнюю бульбу і думаў, што, напэўна, усё ж трэба схадзіць да Казловічавых папрасіць хлеба, таму што без хлеба — не яда. Асабліва калі затрымаецца Бараноўская, ён сапраўды выцягне ногі. І яшчэ ён думаў, што трэба неяк пабачыць Кіслякова, папярэдзіць аб сваіх бедах Волкава. Усе гэтыя дні ён чакаў, што хто-небудзь прыйдзе да яго з лесу, але во прыехаў гэта дзядзька з абуткам, не будзеш жа яму расказваць аб падкопах паліцыі і яго падпісцы. Праўда, увесь тыдзень не аб'яўляўся і Драздзенка, быццам забыўся на яго ці, хутчэй за ўсё, пакуль не меў да яго патрэбы. А як займее гэтую сваю патрэбу, як тады быць?
Толькі ён так падумаў, даядаючы з чыгунка бульбу, як у кухонныя дзверы ціхенька пастукалі, і ён здзівіўся — ніхто быццам не паяўляўся ні ў двары, ні перад кухонным акном — адкуль хто ўзяўся? Ён ужо хацеў адчыніць дзверы, як тыя самі адчыніліся, і на парозе паявіўся не надта ўжо малады чалавек з ніякаватай усмешкай на хударлявым твары, пры гальштуку і ў цёмным капелюшы на галаве. Усё сарамліва ўсміхаючыся, павітаўся і здзеў капялюш, агаліўшы шырокую, да самай патыліцы, залысіну.
— Я не перашкодзіў? Можна да вас, пан… пан Бараноўскі? — ціхім, амаль ліслівым голасам загаварыў ён, трохі кланяючыся.
Агееў са здзіўленнем пазіраў на яго, мала што разумеючы, пасля кіўнуў на крэсла.
— Сядайце, калі ласка!
— Дзякуй, пан… пан Бараноўскі. Я, ведаеце, не дужа патрывожу вас па адной невялікай справе… Хаця справа, ведаеце, пачакае, таму што… Таму… Вунь, здаецца, збіраецца на дождж, неяк вецер быццам павярнуўся к захаду…
— Да, вецер заходні, — сказаў Агееў і змоўк, ледзьве адольваючы раптоўную непрыязь да гэтага пана. «Што яшчэ за пан? — падумаў ён. — Паляк? Беларус? Рускі?»
Госць, аднак, зручней уладкаваўся на скрыпучым крэсле, закінуў нагу за нагу. Яго маленькія вочкі падазрона абмацвалі Агеева, бяскроўныя вусны крывіліся ва ўгодлівай усмешцы.
— Значыць, снедаеце? Скудны заўтрак старыка, як пісаў паэт. Хаця вы не стары, канечне. А заўтрак, пагляджу, скудны… Гэта відавочны факт, — ён гаротна ўздыхнуў, паглядзеў у столь. — Да, цяжкія часы, пане. Цяжкія, але не безнадзейныя. Што рабіць? — развёў ён рукамі і зноў уставіўся ў Агеева ліслівым позіркам. Агееў, слухаючы яго, не мог зразумець, што яму трэба і як рэагаваць на яго лямантацыю.
— Вы, напэўна, наконт абутку? — запытаўся ён суха.
Госць махнуў рукой.
— Не, не. Я не наконт абутку. Абутак мне, слава богу, не надта патрэбны. Абыдуся. Ды і куды хадзіць? Няма куды зараз хадзіць, — аб'явіў ён і запытаўся: — Пан нетутэйшы?
Агееў ніякавата знерухомеў. Зноў ён не ведаў, як адказаць гэтаму прышламу, які невядома адкуль — з гэтага мястэчка або прыехаў адкуль. Прыезджаму можна было схлусіць. А калі гэты чалавек тутэйшы?
— Як вам сказаць, — няпэўна пачаў Агееў. — З аднаго боку — тутэйшы, а з другога — не.