Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кар'ер

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А калі паліцыя? — сказаў ён.

— Ну і што — паліцыя? Толькі б на Драздзенку не нарвацца. А іншыя, што яны мне?

— Ой, ой, Марыя… Не, яшчэ пачакаем. Можа, хто ранкам прыйдзе. Усё ж ноччу каменданцкі час…

У халодным світальным тумане яны перабеглі мокрым дваром на кухню, Марыя палезла на гарышча, а Агееў застаўся ўнізе. У галаве яго ўсё гуло ад бяссоннай ночы, цела аслабла, думкі вяла і бязладна варушыліся вакол аднаго і таго ж у пошуках выйсця. Усе ягоныя намеры зблыталіся, ён не ведаў, як зрабіць лепей. Чакаць? Даверыцца часу? Выпадку? Ці ўзяць у дапамогу Марыю? Але ж Марыя — чалавек старонні, хіба ён мае права ўцягваць яе ў такую сур'ёзную і рызыкоўную справу? Але і самому брысці на станцыю?.. Усё ж на ім замыкалася некалькі ланцугоў сувязі, ці мог ён так легкадумна рызыкаваць сабой? І тым самым ставіць пад пагрозу гэтую не ім наладжаную сувязь? Разумней было б рызыкнуць кім-небудзь іншым — іншым заўжды

рызыкаваць зручней, са зласцівай іроніяй падумаў Агееў. Але — Марыя… І ці разумее яна, ці здагадваецца, якое «мыла» ў гэтай торбіне? І ці можна яму ўсё ёй патлумачыць, ці не лепш, каб у такой сітуацыі яна нічога не ведала.

А калі яе схопяць?

Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка — жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог.

Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку — выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.

— А што, калі вось гэтак — у кашолцы?

Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне… І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б… Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.

— Ну што? Няма? — заклапочана спытала ў яго дзяўчына.

— Няма.

— А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць — пастукаюць.

— Баюся, не прыйдуць.

Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя — дзве тугія почапкі, мабыць для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз — звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.

— Во для мыла.

— Правільна! Вось я і аднясу, — рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. — Калі, зараз аднесці?

Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце — нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.

— Марыя, тут такая справа, — нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. — Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?

Яна, падобна, здзівілася — не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны — з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці.

— А што? — наіўна запытала яна.

— Гэта не мыла. Гэта — узрыўчатка.

— Узрыўчатка?..

Па яе мілым, такім дарагім цяпер яму твары мільгануў цень кароценькага недаўмення ці нават спалоху, але Марыя хутка авалодала сабой і прасветлена, лёгка ўсміхнулася.

— Ну што ж, я паняла. Каму перадаць?

— Марыя, ты ж разумееш, калі пападзешся…

— Усё разумею, не маленькая, — сказала яна і, стаўшы на пальчыкі, пацягнулася да яго, пацалавала тры разы — у абедзьве шчакі і ў лоб. Пасля ўраз адхінулася, узялася за чырвоныя почапкі кошолкі, якую ён усё яшчэ трымаў у сваіх руках. — Дык каму перадаць?

Гэтая кароткая і пакутная размова кінула яго ў жар. Пасля ён марудна змакрэў ад сцюдзёнага поту. Каб толькі ён ведаў, куды пасылаў яе і што будзе за тым… Пасля сотні разоў ён прыпамінаў гэтае расставанне і паспешлівую размову з ёй, яе пацалункі і пагляды, шукаў, што зрабіў не так, што не растлумачыў, забыўся сказаць галоўнае. Ён ужо адчуў, як штосьці ў ягоных намерах пайшло наўкось, нібы пад адхон, незразумелай фатальнай хадой, але змяніць нічога

не мог. Падганялі няўмольны час, хваляванне, і ён аддаўся на волю выпадку, на лёс і… на Марыю.

— Ведаеш, дзе качагарка?

— Ну, за пакгаўзам, здаецца?

— Во там працуе такі Малаковіч. Паклічаш яго.

— Добра. Гэта я мігам. За якую гадзіну, мабыць, упраўлюся. Ты пачакай.

Трошкі дрыготкімі рукамі ён наладзіў кашолку, вокладкай ад старой кніжкі з куфра затуліў дзіравае дно. Пасля пераклаў туды тол. Атрымалася амаль даверху, і Марыя акуратна прыкрыла яго нейкай знойдзенай на гарышчы клятчастай анучкай. Агееў падняў кашолку, паважыў у руцэ — было цяжкавата, але несці можна. Яны злезлі на кухню, трэба было расставацца. Усё ўнутры ў Агеева дробна трэслася, нібы ў гарачцы, душа яго заходзілася ў нямым плачы, і ён ледзьве стрымліваў сябе. Марыя ж, наадварот, знешне была спакойная, трошкі заклапочаная, але жвавая і поўная так нечакана знойдзенай рашучасці.

— Ты як — па вуліцы? — глухім, перацятым голасам запытаўся ён.

— Не, цераз роў. А там у поле і — на станцыю.

— А паліцаяў не стрэнеш?

— Яны больш у мястэчку. Зноў жа, кірмаш сёння.

— Ну, глядзі. Перадасі і адразу сюды. Я чакаю.

— Дзякуй, мілы!

— Чуеш, я цябе чакаю!

Яна зноў пацалавала яго — у куточкі вуснаў — і падхапіла кашолку. Агееў адразу ўбачыў: цяжкаватая ўсё ж была ёй тая кашолка, але ўжо нічога мяняць не стаў, амаль разгублены выпусціў яе з кухні на двор. Хуткім дробненькім крокам яна пайшла ўздоўж хлява, ля прыбудовак, каля дрывотні азірнулася, махнула яму незанятай рукой і кораценька ўсміхнулася — развітальна-самотнай усмешкай, якую ён запомніў да скону сваіх дзён.

Калі яна схавалася за вуглом хлеўчука, ён марудна, губляючы рэшту адабраных бяссоннем сіл, пратупаў да вуліцы, агледзеўся. Нікога быццам паблізу нідзе не было. Тады, трохі счакаўшы, вярнуўся на кухню і цяжка ўсеўся на скрыпучае крэсла каля стала. Ягоны позірк слізгануў па карціне на сцяне насупраць, якую любіла Марыя, спыніўся на вымытым ёю і прыбраным посудзе акрай стала, што, здавалася, яшчэ хаваў цеплыню трапяткіх яе рук, і яму зрабілася невыносна горка. Ён сядзеў так доўга, невідушчым позіркам тупа ўставіўшыся ў чыста падмеценую Марыяй падлогу, слухаў. Час адмерваў свае хвіліны — апошнія яго хвіліны спакою ў гэтым доме, у якіх было чаканне і — надзея. Аднак чаканне яго стала непамерна расцягвацца, нібы пухнуць у часе, запаўняючы сабою свядомасць, паралізуючы волю, і, па меры яго разрастання, меншала, вузела надзея. Мабыць, мінула ўжо абяцаная Марыяй гадзіна, затым скончылася і другая. Аднекуль з-пад стала вылез ягоны Гультай, выйшаў на сярэдзіну кухні, пацягнуўся і сеў, выпрабавальна пазіраючы на Агеева. Што ён хацеў сказаць, гэты стары і мудры кот? І што ён разумеў з таго, што рабілася на душы ў Агеева? Яшчэ праз гадзіну Агееў пачаў ужо думаць, што зрабіў недаравальную памылку, што не трэба было пасылаць Марыю, што ён проста не меў права на тое — ні боскага, ні чалавечага, што трэба было пачакаць або ісці самому. Калі ўжо рызыкаваць, дык рызыкаваць сабой і нікім іншым — гэта была самая сумленная рызыка. А так… Але даўно сказана, што чалавек заўсёды багаты на свой задні розум, калі справа зроблена і дапушчаную памылку ўжо не паправіць, і застаецца адно — прымаць на сябе заўжды суровы і не заўжды справядлівы ўдар лёсу. Часам, калі чаканне Агеева перапынялася асабліва вострым прыступам нецярпення, ён ускокваў з крэсла і пачынаў хадзіць па кухні — ад парога да дзвярэй у кладоўку — пяць крокаў туды і пяць назад. Балела нага — у сцягне і калене, мабыць, трэба было паправіць павязку, але ён ужо не звяртаў увагі на боль і на рану — ён хадзіў да знямогі, не перастаючы ўслухоўвацца ў гнятлівую цішыню сядзібы. Часам яму здавалася: ідзе, быццам бы чутныя рабіліся крокі ў двары, але дзверы не адчыняліся, і ён разумеў, што памыліўся. І зноў пачынаў чакаць — напружана, нервова, насуперак прадчуванням, а затым і наперакор усякаму сэнсу. Ён не заўважыў, як мінуўся ранак і хмарны восеньскі дзень неўпрыкмет перайшоў у яшчэ болей пахмурны вечар, і чакаць чаго добрага ўжо было недарэчы. Але ён чакаў. Яшчэ ён мог бы, напэўна, уцячы з сядзібы, схавацца ў рове, наогул пакінуць мястэчка, але ж ён сказаў ёй, што будзе чакаць тут. І ён чакаў. Ён перадумаў рознае: і спадзяваўся, і развітваўся з ёю, і зноў аддаваўся надзеі, і сам ужо расставаўся з усім белым светам. Але — чакаў.

Дзіўная справа, калі яна была побач усе гэтыя дні, тыдні і нават апошнюю ноч, праведзеную разам, ён больш перажываў за свае шматпакутныя справы, сувязь, заданні. Цяпер жа, з тае хвіліны, як разлучыўся з ёю, ён ні пра што іншае, як пра яе, не мог і падумаць, падобна, ён толькі цяпер і зразумеў, якую бяду наклікаў на яе галаву, а ўсё астатняе, што тыднямі дапякала яму, адышлося на другі, задні план. Не тое каб стала другарадным, але адсунулася, здрабнела ў сваёй значнасці, затуленае яе мілым абліччам, яе развітальнай усмешкай — яе бядой.

Поделиться с друзьями: