Крыніцы
Шрифт:
Сядзіба апусцела ўжо, калі па сцежцы, што ішла па-за гародамі, не па гадах шпарка падышоў стары чалавек з кійком, у прамоклым парусінавым касцюме.
— Што з ім? — з трывогай за Сяргея спытаў ён кульгавага вартаўніка.
— Нічога. Жывы. У бальніцу павезлі.
Стары зняў саламяны капялюш, чыстай хусцінкай выцер твар, лысіну i тут жа сеў на ржавае трактарнае кола, якое ляжала каля дуба.
— Даніла Платонавіч, вы б пад страху або ў кантору зайшлі,— параіў вартаўнік і, як бы адчуўшы няёмкасць ад таго, што стары паважаны чалавек сядзіць на дажджы, а ён стаіць пад страхой, адышоў ад майстэрні. Бокам абышоў дуб, баязліва паглядаючы
— Ды i ад дуба гэтага далей… Ліха ведае, чаго так часта ў яго б'е. І громаадводы навокал, i ўсё адно… — Ён кіўнуў на высокі шост, па якім да зямлі спускаўся дрот.
Даніла Платонавіч не адказаў. Ён сядзеў, нахіліўшыся, абапёршыся на свой ядлоўцавы сукаваты кій, i цяжка дыхаў.
— Сяргей Сцяпанавіч з машыны саскочыў i ў кантору бег, каб ад дажджу схавацца… Толькі ён — да дуба, а яно i трахнуло якраз. Бач, як развярнула… Стыхія!.. А Сяргей Сцяпанавіч неяк жартаваў, што самая вялікая маланка каштуе руб дваццаць капеек. — Вартаўнік засмяяўся. — Вось табе i руб дваццаць!
Нечакана перад імі з'явіліся дзяўчына год семнаццаці, босая, расчырванелая, з мокрымі валасамі.
Яиа непрыязна глянула на вартаўніка i клапатліва нахілілася над старым.
— Даніла Платонавіч, вам нядобра? Я вас правяду дадому, — i пагразіла: — Вось будзе вам ад Наталлі Пятроўны!
Ён узняў галаву, i добрая ўсмешка асвятліла яго маршчыністы твар.
— А-а, Рая?.. Дзякую, Рая, — i нечакана легка падняўся, паглядзеў на дуб.
Дуб сапраўды быў магутны — камель у тры абхваты. І нямала ён пабачыў на сваім вяку навальніц! На яго целе было ўжо некалькі шрамаў — зарослых расколін. Верхавіна яго засохла. Даніла Платонавіч помніць яе зялёнай, кашлатай, тады дуб узвышаўся над усёй аколіцай i быў відаць за многа кіламетраў ад Крыніц. А цяпер ясакары вышэй за яго. Цяпер на ім засталіся толькі дзве таўшчэзныя галіны, адна з якіх цягнулася ўгару, а другая — раскінула сваё вецце далёка ўбок i пад цяжарам лісця нахілілася ўніз. Маланка адшчапіла гэтую ніжнюю галіну, i яна павісла ўздоўж камля.
Выглянула сонца, радасна пырснула праменнямі, але дождж яшчэ ішоў, сляпы, дробны. Сонца зайграла на мокрых лісцях дуба. А над ракой i сінім лесам, дзе стаяла хмара i ад яе цягнуліся да зямлі блакітныя ніткі касога дажджу, вялізнай размаляванай дугой устала вясёлка. Там усё яшчэ грымеў гром, але ўжо ціха i буркліва, быццам быў нечым нездаволены i пагражаў, што ён яшчэ вернецца i тады няхай не чакаюць ад яго літасці.
— Не загаіць старому такую рану, засохне, — сумна сказаў Даніла Платонавіч, адводзячы ад дуба позірк.
— Спілаваць бы яго… Хоць гром не біў бы, — адгукнуўся вартаўнік.
Даніла Платонавіч дакорліва кіўнуў галавой.
— Ты, Пракоп, усё спілаваў бы. Ты ўласны сад высек…
— А навошта ён мне, сад? Абы падатак плаціць.
— Калі-небудзь пашкадуеш, Пракоп. — Даніла Платонавіч звярнуўся да дзяўчыны, толькі зараз адказваючы на яе клопаты аб ім: — Я, Раіса, яшчэ не такі стары чалавек, каб мяне праводзіць дахаты… Я яшчэ ого які дужы! Зойдзем да Наташы — як там Сяргей? Напалохаў ён мяне… Крычаць — Касцянка забіла!.. А я у садзе быў, бачыў, як ударыла ў дуб…
— Вы за ўсіх турбуецеся, Даніла Платонавіч.
— A хіба можна быць спакойным, калі б сапраўды забіла чалавека? Ты была б спакойнай? — з дакорам спытаў стары.
Раіса не адказала.
Дождж перЭстаў. Прыпякала сонца. Ад мокрага касцюма старога i
сукенкі дзяўчыны ўзнімалася лёгкая пара.…Данілу Платонавічу Шаблюку, гэтаму «не такому старому чалавеку», як ён сказаў пра сябе, ішоў семдзесят пяты год. І кожны, хто бачыў яго ўпершыню, дакладна вызначаў яго ўзрост — ён выглядаў ні маладзейшым, ні старэйшым за свае гады.
Тэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі i не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста i хадзіў яшчэ шпарка i ўпэўнена, хоць i абапіраўся на кій.
Але яго загрубелы ад усіх непагод твар спаласавалі глыбокія маршчыны, яны ляжалі складкамі на шырокім ілбе, пад яснымі разумнымі вачамі, пераразалі пастарэчаму крыху абвіслыя шчокі. Ён насіў невялікія сівыя вусы, але акуратна галіў бараду.
Крынічане ведалі, што яшчэ якія два-тры гады назад Даніла Платонавіч выглядаў значна дужэйшым, i ў яго руках ніколі не бачылі кія. Падкасіла старога настаўніка хвароба пасля смерці жонкі, з якой ён прайшоў усё сваё доўгае жыццё. Ён два месяцы праляжаў у ложку i цяпер яшчэ быў нядужы.
Раіса была яго вучаніца i суседка — ix хаты стаялі побач.
…Хораша на вуліцы пасля дажджу!
Зазелянелі вербы, кветнікі, на лісцях дрэў, любісціку i вяргінь, на траве блішчала раса, i ў кожнай празрыстай кроплі адлюстроўвалася яскравае жнівеньскае сонца. Мільёны сонцаў зіхацелі на зямлі.
Пасярод вуліцы цурчаў ручай, жоўтая вада з шумам i бульканием шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Па вадзе, падкасаў'шыся, бегалі хлапчукі i дзяўчаткі, будавалі земляныя «плаціны». Але вада рвала ix, i тады аб'яўляўся аўрал: крычалі, папракалі адзін аднаго, камандавалі:
— Юрка! Насі цэглу!
— Ратуй электрастанцыю! Змые!
— Гліны! Гліны давайце!
Адзін малы спатыкнуўся, упаў у ваду, a падняўшыся, спалохана азірнуўся і, відаць, баючыся, што дастанецца ад маці, кінуўся да двара. Наўздагон яму свіснулі, кінулі камяком гліны, i яна прыліпла да яго спіны. Засмяяўшыся, дзеці тут жа забыліся пра свайго баязлівага сябра. Найбольш актыўнай i спрытнай групе малых удалося збудаваць даволі-такі моцную плаціну, i спынены ручай пачаў разлівацца ў бакі. Даніла Платонавіч спыніўся непадалёк i з любоўю сачыў за руплівай працай дзяцей.
— Будаўнікі! — сказаў ён Раісе.
Але дзяўчыну мала цікавілі дзеці i ix гульня. Яна была ў тым пераходным узросце, калі забываюдца дзіцячыя гульні, калі дзяўчына лічыць сябе ўжо дарослай i баіцца, што цікавасць да малодшых будзе вытлумачана як уласная нясталасць.
Яна глядзела ўперад. Насустрач ім, не спяшаючыся i вельмі асцярожна абыходзячы лужыны i мокрую траву, ішоў інтэлігентна апрануты чалавек: у саламяным капелюшы, у белым, чыстым, старанна выпрасаваным пінжачку, з-пад якога выглядвала ярка вышытая кашуля, у цёмна-сініх бастонавых штанах i ў белых туфлях.
Чалавек быў малады, высокі, з дробнымі рысамі твару, які можна было б назваць прыгожым, калі б яго не псавалі вочы — глыбока запалыя пад вузкім пукатым ілбом.
Вітаючыся, ён зняў капялюш, махнуў ім над схіленай галавой. Рудаватыя валасы былі прычэсаны набок i закрывалі лоб: відаць, ён разумеў, што гэтая частка твару ў яго не самая прыгожая.
— Схіляю галаву перад мудрасцю i юнасцю, — без усмешкі сказаў ён замест звычайных слоў прывітання.
Раіса неяк адразу ажывілася.
— Віктар Паўлавіч, ведаеце, Касцянка ледзь не забіла маланка! — паведаміла яна з дзіцячай непасрэднасцю.