Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Лемяшэвіч усміхнуўся, адвярнуўшыся ў бок ільну.

— Усяго разам… Не, відаць, не будзе i разам. Цэнтнеры чатыры валакна.

— Ну, вось… А вы кажаце — добры ўраджай, — як бы ўзрадаваўся Арэшкін.

Лемяшэвіч не адказаў.

Прайшлі моўчкі.

Зноў пачало пячы сонца. Лёгка дыхала зямля, ад яе ўзнімалася празрыстая пара. Палявымі сцежкамі групамі ішлі з вёскі жанчыны. Адна група выйшла насустрач ім на дарогу, прывіталіся. Размінуўшыся, жанчыны доўга азіраліся i аб нечым спрачаліся.

— Жанчын у калектыве многа? — спытаў Лемяшэвіч, хоць яму i не хацелася больш пытацца пра людзей.

— Жанчын? — Арэшкін пільна паглядзеў на яго, пакратаў каўнерык i больш энергічна пагладзіў сэрца. — Вы халасцяк?

Лэмяшэвіча ўзлавала, што завуч так недарэчна вытлумачыў яго пытанне.

— Жанчын

многа… Але нецікавыя… Большасць — замужнія. А то — так… Ёсць толькі адна цікавая жанчына… Але-е… — Твар Арэшкіна расплыўся ад дзіўнай усмешкі, ён на поўныя грудзі ўцягнуў паветра i выпрасгаўся, ад чаго стаў яшчэ больш высокім.

«Закаханы», — падумаў Лемяшэвіч, з цікавасцю назіраючы за ім.

— Дзіўная жанчына, я вам скажу. Урач тутэйщы… Удава. Дачка гадоў трынаццаць. А? Не тое каб надта прыгожая. Не. Разумееце, нейкая а-асаблівая… Я не ідэаліст i не прызнаю так званую вернасць да труны. Але, разумееце, гэтая Наталля Пятроўна… Муж загінуў на вайне… Яна дзесяць гадоў у Крыніцах… Не адзін мужчына да яе сватаўся… Але паспрабуйце вы сказаць пра яе што-небудзь благое — i вас вясковыя жанчыны прыб'юць. А-а? не жартую. Вам не дадуць жыцця…

Лемяшэвіч слухаў, i на душы ў яго рабілася святлей ад таго, што ёсць невядомая яму Наталля Пятроўна, i часткова ад таго, што i Арэшкін можа любіць людзей i захапляцца ix душэўнай прыгажосцю.

— Але-е, дарагі Міхась Кірылавіч, зайздросны аўтарытэт у нашага ўрача. Ну, што ж, гэта зразумела… Яна адна, а нас сорак чалавек у сельсавеце. Дайце паднясу ваш чамадан, а то, мабыць, цяжка вам.

Яны ўваходзілі ў вёску.

* * *

Пакоі былі пустыя i няўтульныя. Толькі ў адным стаяў пафарбаваны просты стол, зроблены не вельмі ўдалым майстрам, i два крэслы: адно новае, але гэткае ж грубае, як стол, а другое «венскае», старамоднае, адмысловай канструкцыі. Старое крэсла было моцнае i лёгкае, новае — цяжкое i скрыпучае. Але Лемяшэвічу не хацелася садзіцца ні на адно з ix. Адчыніўшы насцеж дзверы, ён хадзіў з пакоя ў пакой, зрэдку затрымліваючыся каля акна, што выходзіла ў бок прышкольнага агарода i саду. Настрой яго, узнёслы i вясёлы ў дарозе, паступова псаваўся. I пачалося гэта з агляду школы. Адрамантавана яна была зусім не так добра, як хваліўся Арэшкін. А на думку Лемяшэвіча, i зусім дрэнна: парты нефарбаваныя, пакоі так пабелены, што на столі i на сценах ад пэндзля засталіся дзівосныя ўзоры, печы складзены няўмела i непрыгожа. Ён сказаў пра гэта Арэшкіну. Той прыкінуўся пакрыўджаным i здзіўленым:

— У вас, дарагі Міхась Кірылавіч, сталічны густ, сталічныя маштабы… А паспрабуйце пагутарыць з нашым райфа… Я запрашаў ix, глядзелі. Што? Вядома, можна лепш… Але, як кажуць, па Мацею шапка… Усё ўпіраецца, — i Арэшкін пацёр пальцамі, — у грошы… А ix няма… Эканомія!

Пасля ён пакінуў Лемяшэвіча аднаго ў гэтых двух пустых пакоях дырэктарскай кватэры, паабяцаўшы на развітанне сказаць старожцы, каб яна прынесла з настаўніцкай канапку. Гэтым, па сутнасці, абмежаваліся яго клопаты аб новым дырэктару. Праўда, ён запрасіў зайсці да яго ўвечары «на шклянку чаю» i ў сувязі з гэтым доўга хваліў сваю кватэру, гаспадыню i асабліва яе дачку: «Прыгажуня, талент!» Але не спытаў, ці снедаў дырэктар i дзе думае харчавадца да вечара. «Выпрабоўвае, чорт, які я паваротлівы i прыстасаваны да жыцця, нездарма ўспомніў пра сталічны густ», — разважаў Лемяшэвіч, калі Арэшкін выйшаў. Ён быў не з тых, каб пакрыўдзіцца, што яму так мала аддалі ўвагі. Наадварот, яму падабалася гзтая рыса Арэшкіна, яна разбурала першае ўражанне аб ім як аб падхаліме i назоле.

Аднак настрой усё адно прадаўжаў псавацца. Апанавалі розныя дробязныя клопаты, накшталт такіх: а дзе ўсё-такі сапраўды паабедаць? Ісці адразу да Касцянкоў з пісьмом Дар'і Сцяпанаўны неяк няёмка: не ўправіўся агледзецца i ўжо сунецца са знаёмствам. Адзін міг яму хацелася кінуць гэтыя пустыя пакоі, пайсці пашукаць старшыню сельсавета i папрасіць, каб ён памог стаць дзенебудзь на прыватную кватэру «са сталом». Але было шкада пакояў: ix можна зрабіць утульнымі, а ён ніколі яшчэ не меў сваёй уласнай кватэры, на прыватных яму абрыдла жыць i ў Мінску. Нарэшце, кінуць — значыцца, некаму трэба перадаць. А

каму? Хто мае найбольшую патрэбу? Можна зрабіць глупства ў самым пачатку. «Але, дарагі Міхась Кірылавіч, — як кажа Арэшкін, — нялёгкі шлях ты сабе выбраў. На чорта мне трэба было гэтае дырэктарства? Пайшоў бы простым настаўнікам — ніякіх клопатаў i непаразуменняў».

Змарыўшыся хадзіць, ён урэшце сеў на «венскае» крэсла і, абапёршыся на стол, задумаўся.

3

Міхась Лемяшэвіч здаваў экзамены за другі курс педвучылішча, калі пачалася вайна. Здаўшы апошні экзамен ужо тады, калі горад гарэў, запалены нямедкімі бомбамі, ён, як i многія ў яго ўзросце, кінуўся дадому, у саўгас на Любаншчыне, дзе працавалі бацькі. У той жа дзень, калі ён вярнуўся, праз ix мясцовасць прайшлі нямецкія танкі. Але калі праз. некаторы час з'явіліся фашысцкія акупацыйныя ўлады, у саўгасе не засталося амаль ніводнага мужчыны, a ў суседнім лесе збіраўся даволі моцны партызанскі атрад.

Тры гады Лемяшэвіч партызаніў. У першы дзень злучэння партызан з часцямі Савецкай Арміі стаў салдатам-пехацінцам i пайшоў вызваляць Еўропу.

Ужо ў тыя дні вялікага паходу, калі мір стаў блізкай сапраўднасцю, у яго абудзілася моцнае жаданне прадоўжыць перапыненую вайной вучобу. І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сяржант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Не хацелася траціць дарэмна ніводнага дня, ні адной хвіліны. Дэмабілізаваны з арміі, ён адразу паехаў у мінскі педінстытут.

У гісторыі навучальных устаноў асобае месца зойме гэты перыяд — першыя пасляваенныя гады, калі ва універсітэты i інстытуты прыйшлі вусатыя дзецюкі, з шрамамі, на мыліцах, з пустымі рукавамі, i многія з партыйнымі білетамі ў кішэнях. Безумоўна, розныя людзі былі сярод ix, значна больш розныя, чым сярод тых, якія прыходзілі адразу ca школьнай парты. Гэтыя заўсёды падобны адзін на аднаго — у ix амаль аднолькавыя погляды на жыцдё. A ў былых франтавікоў i партызан — у кожнага свой лёс, свая дарога, свае радасці i няшчасці; для ix чатыры гады вайны значылі больш, чым іншыя дзесяць год жыцця. Але была ў гэтых студэнтаў адна агульная рыса: на вучобу яны глядзелі як на найвялікшае, крывёю заваёванае, права свае, як на найвялікшае шчасце мірнага жыцця i таму цанілі гэтае права надзвычай высока. Людзей гэтых не палохалі ніякія цяжкасці вучобы, бо яны зведалі за сваё жыццё цяжкасці, у сотні разоў большыя: чатыры гады штодзень глядзелі яны смерці ў твар, галадалі ў блакады, мерзлі ў бліндажах. Дык што ім быў холад у аўдыторыях, калі гэта былі мірныя аўдыторыі з кафедрамі i сталамі? Не палохаў ix i бедны студэнцкі паёк, калі была магчымасць сядзець, колькі захочаш, над кнігамі! Старыя, пасівелыя за кафедрамі прафесары здзіўляліся: ніколі, бадай, за ўсю ix дзейнасць не было такіх студэнтаў, якія з такой упартасцю, настойлівасцю i добрасумленнасцю авалодвалі навукамі.

Гэтак вучыўся i Міхась Лемяшэвіч: з першага да апошняга экзамену — адны пяцёркі. Аб ім ішла слава як аб найлегішым студэнце. Вядома, нялёгка даставалася яму гэтая слава, як i многім з яго сяброў. На што іншае не заставалася часу. Аб жаніцьбе, напрыклад, i не ыадумаў ні разу. Праўда, былі захапленні, сустрэчы, але ўсё гэта — між іншым. Дзяўчаты выязджалі на работу, выходзілі замуж, не пакідаючы ў яго душы прыкметнага следу.

Ужо з трэцяга курса ён пачаў думаць, каб прадоўжыць вучобу — паступіць у аспірантуру. На гэта яго падбівалі знаёмыя выкладчыкі i сябры-студэнты. «Вучыся, брат Міхась, пакуль не жанаты, пакуль дзеці на шыю не селі».

Ён бачыў, як легка некаторыя робядда кандыдатамі навук, чытаў ix дысертацыі, i яму здавалася, што ён без асаблівай цяжкасці зможа напісаць праду, за якую не сорамна будзе атрымаць гэтае ганаровае званне.

Праўда, пры паступленні ў аспірантуру яму крыху не пашанцавала: ён хацеў паступіць па кафедры гісторыі, але месц не хапіла, i ён, паслухаўшыся парады загадчыка навучальнай часткі, пайшоў па кафедры педагогікі. Той агітаваў: «Якая вам розніца, Лемяшэвіч? Да таго ж скажу вам шчыра, што педагогіка — больш выгодная справа. Тут яшчэ што-небудзь новае можна распрацаваць. А што новае адкрыеш у гісторыі?»

Поделиться с друзьями: