Крыніцы
Шрифт:
— Не я. — Дзяўчынка заплакала. — Ён сам.
— Ну, што ты такая плакса! — супакойвала яе Дар'я Сцяпанаўна. — Я ж ведаю, што кубачкі самі скачуць на падлогу.
Гаспадар кіўнуў галавой у бок гэтай размовы за дзвярамі.
— Чуеце? — спытаў ён у Лемяшэвіча. — Сядайце. Цяжкі абавязак — быць мужам студэнткі. За цэлы вечар не магу прачытаць газету. Тысяча выдумак за гадзіну ў кожнага. Асабліва ў гэтага — чатырох-гадовага мужчыны.
Раман Карпавіч Жураўскі — адказны работнік ЦК партыі, у мінулым сакратар райкома, два гады назад закончыў акадэмію грамадскіх навук. Так ён у першыя ж хвіліны знаёмства адрэкамендаваў сябе Лемяшэвічу i зрабіў гэта ўмела i проста, без ценю выхвалення ці самалюбавання.
Пасля пілі чай — з каньяком i малінавым варэннем. За чаем Раман Карпавіч сам загаварыў пра дысертацыю Лемяшэвіча.
— Мне Даша гаварыла пра вашы сумненні. Скажу шчыра, падабаецца мне ваша патрабавальнасць. Дарэчы, не думайце, што вы першы i адзіны… Я нямала сустракаў людзей, якія пачынаюць сумнявацца ў карыснасці сваіх дысертацый. Піша-піша чалавек i раптам бачыць: не туды яго штурхнулі, не тое яму параілі, ды i наогул — які к чорту ён вучоны! Кампілятар, у лепшым выпадку — здольны тлумачальнік чужых думак… Адчуваеце вы, што можаце цалкам прысвяціць сябе навуды, можаце адкрыць новае?
Лемяшэвіч засмяяўся.
— Пасвяціць бадай што магу. Пасвячаюць сябе i халтуршчыкі. Але — адкрыць новае? Ламаносаў у маім узросце ўжо адкрыў закон захавання рэчываў i руху… А я яшчэ не пазнаў самога сябе… Што я?
— Гэта яшчэ не факт. Можа, вашы сумненні — пошукі сапраўднага вучонага, — сказала Дар'я Сцяпанаўна.
— Які я вучоны! Напісаць трыста старонак сваіх назіранняў аб школе, падмацаваць ix цытатамі з аўтарытэтаў… Не, гэта не навука!..
— Ламаносавы рэдка нараджаюцца. Але, безумоўна, i маленькі вучоны павінен нешта адкрываць, сказаць нешта сваё. Я вось таксама — кандыдат, абараняў дысертацыю па эканоміцы сельскай гаспадаркі. Унёс я што-небудзь новае сваей дысертацыяй у эканамічную навуку ці не — не мне пра гэта гаварыць. Але працаваў я над ёй з натхненнем, бо сельская гаспадарка — мая стыхія. Я ў вёсцы нарадзіўся, вырас i ўсё сваё свядомае жыццё працаваў у сельскім раёне… Я выбраў тэму, якая мяне хвалявала…
Лемяшэвіч, убачыўшы, што Дар'я Сцяпанаўна намерваецца наліць яму яшчэ чаю, далікаТна закрыў шклянку далонню. Але Жураўскі выцягнуў яго шклянку з-пад далоні i падаў жонцы. Сам наліў яшчэ па кілішку каньяку.
— Што ж… вып'ем за навуку…
Лемяшэвіч падняў кілішак, але рука яго дрыжала: ён хваляваўся. Яму здалося, што, расказваючы пра сваю работу, Жураўскі выносіць прысуд яго дысертацыі, a ў яго ўсё-такі, пры ўсіх сумненнях, жыла яшчэ надзея.
— Карацей кажучы, вы не верыце ў вучонага без практыкі? — спытаў Лемяшэвіч, трымаючы кілішак.
Жураўскі выліў у рот каньяк i аблізаў дольку лімона.
— Налі, Даша, чайку. Выключэнні могуць быць. А ўвогуле — не веру! Раней чым напісаць, напрыклад, пра бульбу, трэба пасадзіць, прапалоць, акучыць i выкапаць яе ўласнымі рукамі. Так я разумею…
— А я думаю, — умяшалася Дар'я Сцяпанаўна, накладаючы мужу варэнне, — таленавітаму фізіку не абавязкова трэба працаваць на заводзе, каб стаць вучоным. Вялікія законы адкрываліся ў лабараторыях.
— Так. Але лабараторыя — тая ж практыка. Апрыёрныя вывады правяраюцца доследамі, вопытам.
— Дык Міхась Кірылавіч свае вывады таксама правяраў у школе. Школа — яго лабараторыя.
Жураўскі, як бы зразумеўшы, што яго разважанні — папрок Лемяшэвічу, які пайшоў у аспірантуру адразу ж пасля інстытута, змоўк i старанна піў чай.
— Кажуць, лімон — вораг чаю, а мы кладзём… З лімонам гэта ўжо лімонавы напітак, а не чай. Глядзіце, як нават колер мяняецца. — Жураўскі падняў шклянку на святло. Потым паставіў на стол i ўздыхнуў.— Чорт яго ведае! А можа, вы праўду
кажаце? Можа, не ўсялякая практыка патрэбна, каб вучоны тварыў… Вось я кандыдат навук… скончыў акадэмію… Мяне паставілі на практичны ўчастак… І што вы думаеце — гэтая практычная работа дапамагае мне развіваць эканамічную навуку? Чорта два! Я не маю часу пачытаць літаратуру… Паседжанні, камандзіроўкі… Зноў паседжанні… A пісаць… Пішу многа… Пастаноў i рэзалюцый… Пішу эканамічна абгрунтавана, з веданнем справы… Але ўсе гэтыя пастановы i рэзалюцыі, ці ўзбагачаюць яны эканамічную навуку?..Дар'я Сцяпанаўна засмяялася.
— Суцяшайся, што па тваіх пастановах некалі напішуць дысертацыі. Будуць цытаваць ix…
Гэта рассмяшыла i Лемяшэвіча.
Жураўскі ўзняўся i нечакана апусціў сваю мяккую руку на яго плячо.
— Нічога, Міхась Кірылавіч, у нас яшчэ ў запасе вечнасць, асабліва ў вас. Не гаруйце. І не здавайцеся без бою… Не варта. Бой можна даваць i самаму сабе. Адступіць ніколі не позна. Нясіце вашу дысертацыю. Пачытаем, падумаем. Я некалі таксама педінстытут канчаў, праўда, завочна. І людзей выхоўваць давялося, i дзяцей… Свае вунь ёсць…
Дысертацыю ён чытаў доўга — месяцы два.
Лемяшэвіч больш не праводзіў Дар'ю Сцяпанаўну, але зрэдку ў выходным дні заходзіў да Жураўскіх у госці. Яму прыемна было пабыць некалькі гадзін у прыгожых утульных пакоях з мяккай мэбляй, з'есці смачны дамашні абед, выпіць чаю, пагутарыць i нават паспрачацца з гаспадаром. Раман Карпавіч тлумачыў, што аддаў чытаць дысертацыю аўтарытэтам у гэтай галіне. Аднойчы паведаміў:
— Ну, брат, узяўся за тваю працу, — сапраўды, яна ляжала ў яго на стале. Нарэшце ён перадаў цераз жонку, каб Лемяшэвіч абавязкова зайшоў у наступны выхадны.
І — дзіўная рэч — ніколі яшчэ ў жыцці Лемяшэвіч так нe хваляваўся. Заходзіў жа раней проста так, як заходзіць да добрых знаёмых i сяброў. А тут раптам адчуў сябе хлапчуком, вучнем перад суровым настаўнікам. І паўгадзіны хадзіў па вуліцы, міма дома, у якім жылі Жураўскія, i добрых хвілін пяць стаяў перад дзвярамі, не адважваючыся націснуць кнопку званка. Вядома, ён спазніўся. Жураўскія абедалі, i ў ix быў госць — загадчык сельскага райана з Палесся, Зыль Павел Васільевіч, — з таго раёна, у якім, як высветлілася, Жураўскі працаваў сакратаром райкома камсамола да вайны i райкома партыі — пасля вайны. За абедам госць расказваў пра справы ў раёне, пра віды на ўраджай (ішоў чэрвень), пра шматлікіх агульных знаёмых — старшынь калгасаў, сельсаветаў, настаўнікаў, партыйных работнікаў. Было відаць, што Жураўскія да драбніц ведаюць жыццё раёна.
Пасля абеду зайшлі ў кабінет, закурылі. Раман Карпавіч сеў за пісьмовы стол, разгарнуў дысертацыю i начапіў акуляры. Лемяшэвіч ніколі не бачыў яго ў акулярах, i гэтая акалічнасць надала моманту пэўную ўрачыстасць, у дысертанта зноў моцна забілася сэрца. Жураўскі не спяшаючыся пагартаў старонкі працы, потым сабраў аркушы, выраўнаваў, завязаў матузкі папкі і, палажыўшы на яе абедзве далоні, сказаў:
— Што вам сказаць, Міхась Кірылавіч? Прачытаў я, уважліва, добрасумленна. І не адзін я. Таварыш, якому я даваў чытаць, аўтарытэтны педагог, сказаў коратка: «Што ж, ступень прысвояць. Напісана роўна…» I я згодзен з ім… Але, напісана роўна, гладка. А больш цяжка што-небудзь сказаць. Разумееце?
Лемяшэвіч выцер хусцінкай лоб i ўздыхнуў, адчуўшы раптам такую палёгку — быццам камень з сэрца скаціўся.
Жураўскі скінуў акуляры, ад чаго зноў стаў звычайным, простым, падняўся i перасеў на канапу паміж ім, Лемяшэвічам, i Зылем.
— Вось так, Міхась Кірылавіч. Чалавек вы, безумоўна, здольны, i вучоны з вас можа быць. Але, ведаеце, што мне хочацца вам параіць, карыстаючыся правам старэйшага? Едзьце вы папрацуйце годзікі два-тры ў школе. Вось, напрыклад, да Паўла Васільевіча. Як ты, Павел?