Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Убачыўшы ўрача, Аляксей збянтэжыўся, сарамліва папрасіў прабачэння i адразу ж па-мужчынску спытаў у брата:

— Як ты, Сяргей?

— Нічога, Алёша… Толькі вось Наталля Пятроўна дамоў не адпускае. Як там у цябе?

— Дык ты паляжы. Гэта ж не жарты… Напалохаў ты ўсіх, брат. Маці на лузе… Можа, i добра, што не было яе ў вёсцы. Я Толіка паслаў, каб папярэдзіць, што ўсё добра… А то плявузгне хто благое — не дабяжыць старая. — Апошнія словы Аляксей сказаў, звяртаючыся да ўрача. Ён палажыў свае дужыя, запэцканыя ў мазут рукі на белы падаконнік, але тут жа паспешліва адхапіў ix i

схаваў за спіну, — A ў мяне што! Камбайн у парадку, толькі вось дождж перашкодзіў.

Наталля Пятроўна з цікавасцю глядзела на юнака. Яна ведала яго з малых год, як ведала кожнага чалавека ў сельсавеце, i ў тым ліку вялікую сям'ю Касцянкоў, але Алёша быў самы непрыкметны i сціплы сярод ix; ён ніколі не хварэў, i ў апошнія гады ёй амаль не прыходзілася з ім гутарыць. І раптам з радасдю i здзіўленнем яна адкрыла новага сталага i цікавага чалавека.

— Так што ты паляжы, брат, — разважліва прадаўжаў Аляксей. — A ў Селішча паедуць. Дырэктар ведае. Ён тут, прыйшоў цябе праведаць, але Ісакаўна нікога не пускае. I Даніла Платонавіч тут…

— Гора мне з вамі. Гэтаму старому таксама нельга выходзіць, а ён гуляе па дажджы. — Наталля Пятроўна дакорліва паківала галавой i выйшла з пакоя, заклапочаная i сумная.

2

Машына спынілася на скрыжаванні дарог. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны.

— Гэй, таварыш інтэлігент!.. Прыехалі!

Хоць у кузаве было чалавек шэсць i сярод ix людзі, інтэлігентна апранутыя, Лемяшэвіч зразумеў, што гэта — да яго: мабыць, саламяны капялюш быў прычынай такога іранічйага звароту. Ён спрытна саскочыў цераз борт на мокры пясок дарогі.

— Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык i не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Яна ж падала Лемяшэвічу чамаданчык i пузаты партфель.

Шафёр выскачыў з машыны i заклапочана стукаў наском чаравіка па залатаных балонах. Не гледзячы на Лемяшэвіча, ён, аднак, гаварыў да яго:

— За гэтым гайком — вашы Крыніцы. Кіламетры два, а мо i не будзе. Вунь дрэвы высокія. Парк. Не заблудзіце.

У кузаве засмяяліся. Лемяшэвіч зразумеў, што да вёскі зусім не два кіламетры, але змаўчаў: шафёр папярэджваў яго, калі ён садзіўся, што да Крыніц давезці не зможа — едзе міма.

— Колькі з мяне? — спытаў Лемяшэвіч, дастаючы з кішэні кашалёк.

— Чацвяртак, — адразу адказаў шафёр, ляснуўшы далонямі i пацершы імі як бы ад здавальнення, што атрымае такую суму.

— Дваццаць пяць рублёў? — здзівіўся Лемяшэвіч. — Па рублю за кіламетр? Нішто! Гэта вы з усіх так лупіце?

— Не-э… Толькі з упаўнаважаных. Яны камандзіровачныя атрымліваюць. — Цяпер ужо хлопец стаяў насупроць, з цікавасцю разглядаў свайго пасажыра, i ў карых, падзіцячаму ясных вачах яго скакалі агеньчыкі жартаўлівага смеху.

— Паўлік, а можа, гэта i не ўпаўнаважаны. Можа, настаўнік, — адгукнулася з кузава гаманкая жанчына. — Зараз яны з'язджаюцца хто адкуль.

— Настаўнік? — хутка спытаў Паўлік, перапыніўшы старую.

— Настаўнік, — усміхнуўся Лемяшэвіч.

— Тады ганіце пяць карбованцаў.

Атрымаўшы грошы, шафёр

весела пажадаў шчаслівай дарогі. Калі машына ўжо кранулася, сарамлівая дзяўчына, якая праз усю дарогу толькі неяк таямніча ўсміхалася, крыкнула:

— Данілу Платонавічу прывітанне перадайце!

Лемяшэвіч доўга глядзеў услед машыне. Чацвёрты чалавек перадаваў прывітанне старому настаўніку, імя якога ён упершыню пачуў ад Жураўскіх! Гэтая акалічнасць, а таксама размова з простымі i шчырымі людзьмі ў машыне, кароткае падарожжа цераз палі, дзе ўсюды кіпела работа, сустрэчы ў райцэнтры усё перажытае за дзень нарадзіла ў сэрцы нейкае вельмі светлае пачуццё. Лемяшэвіч з радасцю адчуў, што зніклі ўсе сумненні, ваганні: ці правільна зрабіў ён, што перапыніў вучобу, кінуў сталіцу i паехаў сюды, у гэтую «палескую глуш»?

Ёв стаяў i думаў пра здарэнне, якое толькі што адбылося. Ці быў гэта толькі жарт шафёра? Ці, можа, сапраўды людзі так адносяцца да ўпаўнаважаны. х? А як тады разумець стаўленне да настаўніка? Павага гэта ці нешта іншае? Прыгадаўся другі выпадак, які адбыўся раніцой у раённай чайной. Пасля бяссоннай ночы ў цягніку яму не хацелася есці, i ён папрасіў афіцыянтку прынесці пяцьдзесят грамаў гарэлкі. Дзяўчына прынесла сто пяцьдзесят i, калі ён паўтарыў сваю просьбу, здзівілася:

— Усяго пяцьдзесят? У нас ніхто па столькі не п'е. Толькі настаўнік адзін ёсць, дык той, калі прыходзіць у раён, па дваццаць пяць грамаў заказвае, i то не адразу выпівае. — І яна пырснула смехам.

Магчыма, адным толькі i праславіўся чалавек на ўвесь раён, што выпівае па дваццаць пяць грамаў. Нельга сказаць, што благая слава, але ўсё-такі прыкра чуць пра такое, як прыкра i крыўдна было слухаць пра іншае, што расказвалі ў райана — пра сістэматычныя п'янкі былога дырэктара Крыніцкай школы: «Гэтым жа ўвесь калектыў i ўсе бацькі абураліся».

«Але… многа патрабуецца ад настаўніка, а тым больш ад дырэктара, якому належыць выхоўваць i вучняў i настаўнікаў. Ну, што ж, гэта i добра. Для таго я i ехаў, каб лепш зразумець людзей, жыццё…»

Лемяшэвіч закурыў, агледзеўся. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Паабапал вузкай палявой дарогі, па якой яму належала ісці, ляжала ржышча; жыта ўбіралі камбайнам, на полі засталіся кучы саломы i віднеліся сляды шын. Відаць, дождж перапыніў уборку: удалечыні, каля бярэзніку, дзе канчалася ржышча i зноў пачыналася жоўта-белае мора жытоў, нерухома стаяў камбайн.

Лемяшэвіч падняў чамадан, партфель i даволі шпарка рушыў па дарозе ў напрамку Крыніц.

Каля бярэзніку ён сустрэўся з высокім чалавекам у гэткім жа, як у яго, саламяным капелюшы i ў белым пінжачку. Чалавек выглянуў з-за бярозак неяк раптоўна, знянацку, быццам сядзеў там у засадзе, i адразу ж, з адлегласці добрых крокаў дзесяці, прывітаўся: падняў капялюш.

— Mary здзівіць вас. Я здагадваюся, хто вы. Што? Не верыце? А?

— Чаму? Веру. — Лемяшэвіч спыніўся, паставіў на зямлю чамадан, чакаючы, пакуль незнаемы падыдзе.

— Вы наш новы дырэктар. — Чалавек працягнуў руку i назваў сябе: — Загадчык навучальнай часткі Арэшкін, Віктар Паўлавіч.

Поделиться с друзьями: