Крыніцы
Шрифт:
— Вам хочацца ўнізіць ix! — кінуў хмура Бушыла.
— Моладзь трэба выхоўваць, таварыш Бушыла! — рашуча адпарыраваў Арэшкін; увогуле ён, як ніколі, паводзіў сябе настойліва i ўпэўнена. — А пакуль што ўніжаны я, педагог, завуч школы…
Заўсёды спакойная i ўраўнаважаная, Вольга Калінаўна нечакана перапыніла яго:
— Слухайце, таварыш педагог, давайце пагаворым шчыра! Мы тут усе дарослыя.
— Калі ласка, я скончыў,— пакрыўджана тузануў плячом Арэшкін.
Вольга Калінаўна, маленькая, кірпаносая, стала насупраць яго, i яе вялікія круглыя вочы злосна заблішчалі.
— Вы вось тут увесь час паўтараеце:
— І вы? — іранічна скрывіўся Арэшкін.
Вольга Калінаўна не разгубілася:
— Дазвольце вам сказаць, што вы — хам. Але справа не ў гэтым… Алёша кахае Раю… А вы, што робіце вы? Вы сталі на яго шляху, як… як злы дэман.
Арэшкін усім целам павярнуўся да Лемяшэвіча, развёў рукам i.
— Міхась Кірылавіч, мы сабраліся на педсавет, а тут… немаведама што…
— Па-вашаму, першае, святое пачуццё юнака i дзяўчыны, вучняў дзесятага класа, гэта не прадмет размовы на педсавеце? Гэта не сур'ёзная размова? Не, не адкруціцеся, слухайце! — Вольга Калінаўна стала непазнавальнай, яна наблізілася да Арэшкіна i палажыла кулак на парту, за якой ён сядзеў.— Не без вашага ўплыву Рая адвярнулася ад Аляксея, адарвалася ад вучнёўскага калектыву… Дык вы пачалі яшчэ здзекавацца з хлапца, чапляцца да яго, ставіць двойкі… Завошта? Гэта педагагічна, па-вашаму? Таварыш завуч!
— Так, я завуч! І я не дазволю! — крыкнуў Арэшкін, стукнуўшы далонямі па парце (пасяджэнне ішло ў класе).
— А вы не крычыце i не стукайце! — спакойна заўважыў яму Даніла Платонавіч. — Вы не перад вучнямі, вы перад сваімі калегамі…
Тады Арэшкін звярнуўся да яго, як да аўтарытэта, ужо зусім інакшым, пакрыўджаным голасам:
— Даніла Платонавіч, але гэта ж абсурд! Няўжо я не маю права выбіраць сабе кватэру?
— Вам не пра кватэру гавораць… Жывіце, дзе хочаце… Але як вы ўплываеце на вучаніцу, дзе вы кватаруеце? Вольга Калінаўна кажа праўду… Прабачце, Вольга Калінаўна…
— Калі ласка, Даніла Платонавіч, кажыце, я пасля… дагавару.
Лемяшэвіч быў здаволены такім ходам пасяджэння, такой жывой крытыкай, ён проста радаваўся, што не адзін ён, а, відаць, некалькі настаўнікаў скажуць сёння Арэшкіну праўду ў вочы. І таму ён не перапыняў, нават калі пачыналі гаварыць адразу двое, ведаючы, што сурова афіцыйны парадак скоўвае людзей i шчырая размова перапыняецца. Ён толькі зрэдку пастукваў алоўкам па стале. Акрамя ўсяго ўвагу яго моцна прыцягвала Ядвіга Казіміраўна. Яна сядзела на задняй парце i то чырванела так, што здавалася — кроў пырсне з яе шчок, з мочак вушэй, то раптам бялела. Колькі разоў яна імкнулася нешта сказаць, але — было відаць — тут жа палохалася свайго ўласнага намеру.
«Што гэта з ёй? Чым яна так усхвалявана?» — намагаўся здагадацца Міхась Кірылавіч.
Усе ўважліва слухалі Данілу Платонавіча, які гаварыў ціха, спакойна, разважліва.
— …Нарэшце сапраўды мы маем права спытаць у вас — як вы ўплываеце на Раю, чаму вы яе вучыце? Музыцы? Але ж вы самі нічога не разумееце ў ёй. Вы робіце выгляд, што вы адзіны знаўца музыкі, i напускаеце туман на вочы простым людзям. А на самай справе вы вывучылі дзесятак папулярных песень, дзесятак простых п'ес — i ўсё… Вы нават ноты не ўмееце чытаць як мае быць…
Арэшкін
паспрабаваў запярэчыць, абурыцца, але Даніла Платонавіч уладным рухам рукі спыніў яго.— Чакайце, мы вас слухалі.
Тады Арэшкін зняважліва хмыкнуў i зрабіў абыякавы выгляд: гаварыце, што хочаце, вы ўсе — заадно, абараняеце Касцянка, а я пагавару ў іншым месцы. Але робленага спакою яго хапіла ненадоўга.
— Вы абвясцілі сябе адзіным сапраўды інтэлігентным чалавекам, пераканалі ў гэтым простых людзей i… чытаеце чужыя пісьмы…
— Дарэчы, прабачце, Даніла Платонавіч, — перапыніў Лемяшэвіч. — Я хачу спытаць у Віктара Паўлавіча… каб ясна было… Дзе вы бралі гэтыя пісьмы? Як вы ix чыталі?
— Якія пісьмы? — устрапянуўся Арэшкін.
— За якія вы папракалі Касцянка. Гаварылі, што вельмі красамоўныя пісьмы, i гэтак далей…
Арэшкін сумеўся.
— Я? Я не чытаў пісем… Я ведаў…
Але ў гэты момант пачуўся спалоханы выгук Ядвігі Казіміраўны:
— Я!..
Усе аглянуліся на яе. Яна сядзела бледная, змарнелая i быццам задыхалася, нібы ў пакоі не хапала паветра, i неяк па-дзіцячаму прыціскала далоні да грудзей.
— Я чытала… Рая паказала мне… Я расказала Віктару Паўлавічу… Я…
Ёй, вядома, паверылі i зноў не звярнулі асаблівай увагі на яе незвычайную ўсхваляванасць. Усе адчулі раптоўную палёгку, быццам у цемру, дзе яны знаходзіліся, глянула сонца. Дагэтуль настаўнікі адчувалі сябе непрыемна, бо ва ўсіх з'явілася адна i тая ж цяжкая думка, якую нават ніхто не адважваўся выказаць: Арэшкін у такіх адносінах з вучаніцай, што яна сама паказвала яму пісьмы. Ніхто не падумаў, што завуч мог красці ix.
Цяпер усё рабілася простым, зразумелым i не магло выклікаць асаблівых нараканняў. Цяпер, відаць, i размова пайшла б зусім іншым шляхам. Але раптам чамусьці страшэнна ўзбунтаваўся сам Арэшкін. Ён падхапіўся, замахаў рукамі, закрычаў, пырскаючы слінай:
— Гэта што — допыт? А? Суд? У што вы ператварылі пасяджэнне педсавета, таварыш дырэктар? Я буду скардзіцца! Вы знайшлі выпадак, каб адпомсціць мне… Я завуч школы. Я не магу пасля ўсяго гэтага выконваць… Вы растапталі мой аўтарытэт!
Нечаканы крык яго ўсіх здзівіў. Лемяшэвіч спачатку нават разгубіўся, а пасля таксама ўзлаваўся i сурова запрасіў да парадку.
— Помсціць мне вам няма за што, Віктар Паўлавіч. Судзіць мы вас не збіраліся… Вы самі патрабавалі пасяджэння… Ну, а мы, калектыў, па-сяброўску паказалі вам на некаторыя вашы памылкі. Шчыра i прыицыпова. Ці не так, таварышы? З жаданнем памагчы вам. А вось наконт завуча вы, бадай, праўду кажаце… Я сам думаў ара гэта. Сапраўды, можа, лепш, каб вас на гэтай пасадзе замяніў нехта іншы, больш аўтарытэтны i ў настаўнікаў, i ў вучняў. Як вы думаеце?
Арэшкін адразу абмяк i голасам надзвычай стомленага чалавека сказаў:
— Ах, вось як! Цяпер я разумею… Для гэтага i арганізавана ўся камедыя… А? Але не вы мяне ставілі, Міхась Кірылавіч…
— Ну, пра гэта мы пагутарым пасля. А што датычыцца вучняў — мы не апраўдваем ix учынкі. Вучні паступілі няправільна, i яны папросяць у вас прабачэння. З імі я сам буду гутарыць!
28
Алёша знік. Дома, даведаўшыся пра выпадак у школе, занепакоіліся. Маці — у слёзы. Сцяпан Яўменавіч асек яе: