Крыніцы
Шрифт:
— Я гатовы заўсёды, — згадзіўся Лемяшэвіч.
Шафёр з усмешкай паківаў галавой.
— У нядзелю парада льнаводаў, Арцём Захаравіч.
Бародка стукнуў сябе далоняй па лбе.
— Ах, чорт вазьмі! Я забыўся… І вось так кожны раз! Два гады не магу вырвацца. А я якраз паляўнічы ca стажам. З маленства.
Ён адвярнуўся, зноў закурыў i, не паварочваючы галавы, углядаючыся ў дарогу, сказаў:
— Вось… А вы кажаце… Для вас гэта проста — накупіў кніг i чытай… Надумаў на паляванне пайсці — пайшоў… A ў мяне тысячы спраў, i за ўсё б'юць. Усё ў галаве не месціцца… Вы, відаць, упэўнены, што я знарок зрабіў гэта? Прызнайцеся. — Ён
Лемяшэвіч адказаў шчыра:
— Да пасяджэння не думаў, на пасяджэнні мяне пераканалі…
— Пераканалі? — Бародка ажно крактануў.— Кх-м… І вы рады перамозе?
— Я не аб сабе думаю. Паклёп быў узведзены на трох камуністаў i… на імя настаўніка… На імя! Помніце, мы гаварылі з вамі… A ўвогуле мне крыўдна за свайго партыйнага кіраўніка…
— Вы не будзьце ханжой, Лемяшэвіч. І не разважайце ў такім высокім стылі. Не люблю. Гэта — ад жадання паставіць сябе ў больш выгоднае i зручнае становішча ў спрэчцы з чалавекам, які не можа, не мае права, калі хочаце, даводзіць сваё на такіх жа высокіх нотах. Станьце на мае месца!
— А я вам скажу, што гэта не адзнака сілы — выстаўляць сябе пакутнікам: я адзін усё раблю i мяне аднаго б'юць…
Бародка рэзка павярнуўся, узлёг грудзьмі на сядзенне, у вачах яго бліснулі знаёмыя іскры гневу.
— Вы бязлітасны чалавек, Лемяшэвіч… Але не праніклівы, не аб'ектыўны… Ніколі ў жыцці я не скардзіўся, i ніхто, акрамя вас, мяне ў гэтым не папракнуў яшчэ! Вы пацэлілі пальцам у неба… Я пра іншае хацеў сказаць… Усе, хто вас пераканаў… усе ix доказы — алагічны… Я таксама мог пераконваць i даказаць, што ўсё — глупства, што нельга валіць усё ў адну кучу, як зрабіў паважаны Пётр Андрэевіч. Але я адказваю i за ваша імя, i за гонар Полаза, i за ўсё іншае ў раёне! Значыдца, ускосна — i за фельетон, за яго з'яўленне. Ускосна… Але паверце мне, як чалавек чалавеку, што я сапраўды не помню зместу размовы з рэдактарам; ён хлусіць, сукін сын, што ўсё чытаў. Паверце, што ў мяне i ў думцы ніколі не з'яўлялася адпомсціць вам за нашы спрэчкі. Я вышэй гэтага… Можаце вы паверыць?
— Хачу паверыць… Мне больш, чым каму іншаму, непрыемна ўся гэта гісторыя. Але… не верыць усім, хто выступаў на пасяджэнні… Не магу!
Бародка адвярнуўся, умясціўся на сядзенні зручней, i Лемяшэвіч бачыў, як налівалася густой чырванню яго шыя. «Няўжо гіпертонік?» — падумаў Лемяшэвіч, пачалавечаму шкадуючы гэтага на выгляд здаровага i дужага мужчыну.
Больш яны не вярталіся да гэтай размовы. Гутарылі пра іншае: пра паляванне, пра калгасы, паўз якія праязджалі.
У Крыніцах, мінуўшы школу, Бародка падвёз Лемяшэвіча да калгаснай канцылярыі, дзе якраз былі Валатовіч, Полаз, калгаснікі.
27
Лемяшэвіч так вывучыў дзесяты клас, што адразу пазнаваў настрой вучняў. А гэта надзвычай складаная i цікавая з'ява — калектыўны настрой. Асабліва складаны ён у юнацкім калектыве, дзе заўсёды мноства самых нечаканых адценняў радасці i ўзрушанасці, весялосці i смутку, трывогі i насцярожанасці.
Ён прыйшоў на ўрок i адразу ўбачыў: клас усхваляваны. Здараецца, што клас хавае свой настрой, i ніякія дапытванні ў такіх выпадках не памагаюць даведацца, што здарылася. Але гэты раз Лемяшэвіч адразу адчуў, што вучням хочацца расказаць яму пра прычыну сваёй узрушанасці. Сапраўды — даволі яму было ў канцы ўрока пачаць размову на агульныя тэмы, як Лявон Цялуша
адразу паведаміў:— Міхась Кірылавіч! Касцянок двойку па фізіцы атрымаў.
Выпускнікі змагаліся за тое, каб не мець ніводнай двойкі, i натуральна, што двойка ў канцы паўгоддзя, калі трэба падводзіць вынікі, хвалявала клас. Але Лемяшэвіч адчуў, што справа не ў гэтым ці не толькі ў гэтым. Клас лічыць, што двойка пастаўлена несправядліва — вось у чым галоўнае! Праўда, яны не сказалі пра гэта ні слова. Але па тым, як яны пераглянуліся, па тым, што паведаміў пра двойку самы аўтарытэтны вучань, выдатнік, Міхась Кірылавіч зразумеў гэта.
Ён паверыў класу, паверыў, што Арэшкін у адносінах да Алёшы можа зрабіць несправядліва, i ў душы абурыўсятаксама. Але становішча дырэктара прымушала яго, насуперак уласнаму сумленню, станавіцца на абарону настаўніка. Зрабіўшы выгляд, што нічога не зразумеў, Міхась Кірылавіч дакорліва паківаў галавой:
— Што ж гэта ты, Алёша! Канчаецца паўгоддзе! Трэба выправіць!
Ён убачыў, як вучні расчаравана апусцілі вочы i як пачырванеў Алёша, які дагэтуль глядзеў на яго ясным позіркам з трошкі абыякавай усмешкай: «Не баюся я такой двойкі, якая пастаўлена несправядліва!»
На перапынку ў настаўніцкай Лемяшэвіч спытаў у Арэшкіна:
— Што там з Касцянком?
— Двойка. — Віктар Паўлавіч пагладзіў сэрца. — Двойка. Непрыемна, але факт…
Даніла Платонавіч падняў на лоб акуляры.
— Па фізіцы Алёшу двойка? Хм… — i больш нічога не сказаў.
— Якая тэма? — спытаў Лемяшэвіч пасля паўзы.
— Генератар пераменнага току. — Завуч адказаў абыякава, даючы зразумець, што ён. не надае здарэнню асаблівага значэння.
— Дзіўна. Тыдзень назад ён рамантаваў гэты генератар…
— Бачыце, то — практыка, механізмы, у ix ён разбіраецца, а тут — тэорыя… Вучыць трэба! Пасядзець! А?
— Практыка! Тэорыя! — абурана ўмяшаўся Адам Бушыла. — Ён у сто разоў лепей за вас ведае генератар!
Арэшкін успыліў.
— Міхась Кірылавіч!.. Я прашу засцерагчы мяне… Я не дазволю, каб ставілі пад сумненне маю прынцыповасць!!. Я буду скардзіцца. Ваш Касцянок проста разленаваўся, зазнаўся… Яму здаецца, што ўсё можна…
Гэта быў адначасова ўдар па Лемяшэвічу: вы папракалі мяне за выхаванне вучаніцы, у доме якой я кватарую, дык вось вам — палюбуйцеся на вучня, з якім вы сядзіце за адным сталом!
— Што можна? — усхапіўся Бушыла, які зразумеў гэты хітры закід завуча. — Што яму здаецца?
Арэшкін развёў рукамі, звяртаючыся адразу да ўсіх настаўнікаў:
— Згадзіцеся, таварышы, што нельга спрачацца, калі пачынаюць гаварыць сваяцкія пачуцці.
Немаведама, што адказаў бы на гэта Адам, каб яго не спыніў Даніла Платонавіч.
— Адам! — сурова i ўладна прыкрыкнуў ён.
Бушыла махнуў рукой i адышоў да акна, стаўшы да ўсіх спіной.
Завуч нервова захадзіў па пакоі, зрабіўшы выгляд страшна пакрыўджанага i абражанага чалавека.
— Я не разумею… Я не магу зразумець, што ў нас робіцца… Калі мне не вераць, калі ласка, прыходзьце на ўрокі, паслухайце… Дзверы адчынены…
— Пакіньце, што вы ўсё нервовыя такія! — пачала раптам прыміраць Прыходчанка. — Якія могуць быць размовы аб тым, што нехта вам не верыць! Віктар Паўлавіч! Вы — завуч школы. На вас ляжыць адказнасць за паспяховасць, за ўвесь вучэбны працэс… Як мы можам не верыць вам!
Гаворачы зусім сур'ёзна, яна, аднак, яўна здзекавалася, i, магчыма, адзін Арэшкін гэтага не адчуваў.