Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крыніцы

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Чаму — навязваем? Мы выказалі сваю думку, праяснілі, дал i прапанову… А вы даводзьце, што гэта не так. Я асабіста так разумею дэмакратыю. — Жураўскі развёў рукамі.

Бародка нічога даказваць не стаў — сеў на месца.

— А можа, залішне сурова, Пётр Андрэевіч? — няўпэўнена спытаў старшыня аблвыканкома, заўсёды лашдна настроены таўсцяк. — Можа, папярэдзім?

— Што ж, калі іншых няма прапаноў, будзем галасаваць за гэтыя дзве.

Прагаласавалі за вымовы. У дадатак абавязалі Стукава надрукаваць абвяржэнне.

Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі i супярэчлівымі пачуццямі. Было задавальненне ад таго, што перамагла праўда, што такая высокая партийная

інстанцыя з такой чуласцю i ўвагай паставілася да справы радавых камуністаў, што крынічане прачытаюць абвяржэнне гэтага злашчаснага фельетона. Сэрца поўнілася ўдзячнасцю да тых добрых людзей, вядомых i невядомых, якія напісалі пісьмы, што ляжалі на стале ў сакратара. Лемяшэвіч ведаў толькі пра адно пісьмо, а на стале — вунь колькі! Шкада, што не было тут Раўнапольца, які ўсяго баяўся i не надта верыў у перамогу.

Не, калі адчуваеш, што праўда твая, табе няма чаго баяцца: дысцыпліна ў партыі аднолькавая для ўсіх! Усё гэта так. Але Лемяшэвіч ніколі не злараднічаў з паражэння свайго праціўніка. Так i зараз. Ён не толькі не адчуваў радасці, што Бародка атрымаў спагнанне, яму было непрыемна гэта, прыкра. Ён не апраўдваў Бародку як чалавека, як камуніста, з якім ён роўны перад статутам партыі, але яму было крыўдна за Бародку-кіраўніка. У інстытуце ён два гады быў сакратаром партбюро факультэта, быў у парткоме i добра ведаў, які гэта высокі пачэсны пост — партыйны кіраўнік! А яшчэ было непрыемна ад думкі, што Бародка са сваім характарам, напэўна, не супакоіцца — i тады зноў давядзецца траціць сілы, энергію на барацьбу, якая не памагае, а перашкаджае працы. «Ну, калі ён пачне, я сапраўды ўжо буду прынцыповы да канца. Я яго на канферэнцыі так размалюю!..»

Ён успомніў, як пасля таго, калі скончылі разглядваць ix пытанне, у вестыбюль выйшаў Жураўскі, запыніў ix абодвух — яго, Лемяшэвіча, i Бародку, i жартаўліва сказаў:

— Што ж гэта вы не паладзілі? Мне няёмка проста… Я вас рэкамендаваў…

Ён меў на ўвазе не толькі тое, што параіў Лемяшэвічу ехаць у гэты раён, але i тое, што некалі i Бародку рэкамендаваў на сваё месца. Але Бародка адказаў раздражнёна i непрыязна:

— А вы менш пратэжыруйце — лепш будзе для справы, — i адышоў да іншых знаёмых, якія чакалі сваёй чаргі на бюро.

Жураўскі адчуў сябе няёмка i размову з Лемяшэвічам абмежаваў тым, што спытаў пра жыццё i папрасіў перадаць прывітанне Касцянкам i прабачэнне, што заехаць не можа.

З такімі пачуццямі i думкамі Лемяшэвіч хадзіў па горадзе. Абышоў магазіны, зайшоў у аблана, у бібліятэку. Да поезда заставалася многа часу, i ён вырашыў заглянуць у школу, у якой працаваў настаўнікам адзін яго сябар — аднакурснік.

Падаў снег. Лемяшэвіч ішоў павольна па слізкім тратуары, аглядаў горад, новыя будынкі, узіраўся ў твары людзей. Раптам, мінуўшы яго, рэзка, ажно завішчалі тармазы, спынілася «Пабеда». З яе выглянуў Бародка.

— Лемяшэвіч! Вы куды? — прыветліва-сяброўскі голас сакратара збянтэжыў Міхася Кірылавіча.

— Ды так… гуляю…

— Чакаеце поезда? Доўга чакаць яшчэ. Сядайце — паедзем разам. Да школы давязу, я да вас паеду.

Прапанова прываблівала — не трэба будзе думаць, як дабрацца з райцэнтра, бо поезд прыходзіць позна ўвечары, калі надзея на выпадковую машыну малая. Але занадта ўжо знянацку захапіла яго гэтая неспадзяваная прапанова, i ён вагаўся. «Чалавека гэтага нельга зразумець».

— Ды ў мяне рэчы на вакзале…

Бародка хітра ўсміхнуўся, відаць, усё разумеючы, — ён любіў здзіўляць людзей.

— Возьмем i рэчы… Цяжка хіба…

Рэчы — два пакункі кніг, якія Лемяшэвіч, каб не наешь, здаў у камеру ручной паклажы.

Калі

ён прынёс пакункі i кінуў у машыну, Бародка сказаў:

— Кнігі? — i, пасля працяглай паўзы, калі ўжо ад'ехалі ад вакзала, спытаў: — Пішаце сваю дысертацыю?

— Не, не пішу, але думаю… Збіраю матэрыял.

— Зайздрощчу я вам… Спакойная ў вас работа… чытай, пішы.

Лемяшэвіч не вытрымаў i засмяяўся; яго развесяліла яўнае жаданне сакратара паскардзіцца на свой лёс.

— Не вельмі яна спакойная.

Бародка павярнуўся, ён сядзеў побач з шаферам, падазрона паглядзеў на спадарожніка — чаму засмяяўся? — суха заключыў:

— Вядома, спакойных работ няма… — але сказаў гэта з такой інтанацыяй, з якой напрошваўся вывад: «спакойных работ няма, але ваша — не тое, што, напрыклад, мая».

Ён моўчкі дастаў папяросы, прапанаваў Лемяшэвічу, сам прагна зацягнуўся i задумліва ўгледзеўся ў снежную каламуць.

Снег пайшоў больш густы. Ён залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шафёр збавіў хуткасць і, нахіліўшыся да штурвала, пільна ўглядаўся ў дарогу. Разнастайныя па форме, па велічыні сняжынкі ляцелі, кружыліся перад машынай, віхрыліся збоку. Дзівосная i прываблівая прыгажосць была ў гэтым ix палёце i кружэнні. Яна зачароўвала, напаўняла адчуваннем няспыннасці руху, нараджала простую i зразумелую ўрачыстасць у душы i адначасова — нейкія неасэнсаваныя ўяўленні, казачныя ілюзіі, быццам, узіраючыся ў гэтую белую каламуць, Лемяшэвіч задрамаў i праваліўся ў нейкі іншы, нерэальны свет. Але i ад гэтага было таксама добра, як i ад адчування руху. І настрой рабіўся лагодны-лагодны, забываліся ўсе непрыемнасці, усе турботы жыцця. Не хацелася парушаць такой урачыстасці словамі. Мабыць, гэта ж адчуваў i Бародка. Яны моўчкі курылі.

Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі, коўш экскаватара, што выглядаў з заснежанага кар'ера, нейкія чорныя штабялі, мачты высакавольтнай лініі, старый сялянскія хаты.

Чалавеку, які не ведаў гэтых мясцін, як Лемяшэвіч, нельга было зразумець, дзе канчаўся горад, рабочы пасёлак i пачыналася веска, палі. Але Бародка ведаў тут усё да драбніц.

Уехалі ў лес, i сняжынкі раптам як бы запаволілі сваё імклівае кружэнне. Паабапал дарогі пацягнуўся бор з высокімі старымі соснамі, галіны якіх павіслі над шашой. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, i на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Адразу знікла адчуванне імклівасці руху, палёту, але з'явілася новае пачуццё — захапленне веліччу i хараством лесу. Паважна i ўрачыста кланяліся машыне рэдкія бярозы i дубы, на якіх дзе-нідзе звісала пад цяжарам снегу карычневае лісце. Сосны, падобныя адна на адну, як сёстры, стваралі ўзбоч дарогі суцэльныя сцены, велічна ўздымалі ў белае неба свае заснежаныя густыя шапкі. Уяўлялася, што пад гэтымі соснамі неяк асабліва ўтульна i нават цёпла. Не, не ўяўлялася, a ўспаміналася абодвум былым партызанам, бо некалі такі вось лес быў для ix сапраўды самым жаданым i надзейным прытулкам.

Арцём Захаравіч адчыніў бакавое шкло, выкінуў недакурак, сняжынкі халодным струменем уварваліся ў машыну.

— Добрая пароша заўтра будзе, — заўважыў Лемяшэвіч, выкідаючы свой недакурак.

Бародка хутка павярнуўся, у вачах яго бліснулі азартный агеньчыкі.

— Вы паляўнічы?

— Без стажу. Гады два як стрэльбу маю. Не забіў яшчэ ніводнага зайца, калі шчыра… На цецерукоў, праўда, хадзілі ўвосень…

— Заўтра субота, так? Слухайце, давайце ў нядзелю пойдзем на зайцаў. Цудоўныя мясціны ведаю.

Поделиться с друзьями: