Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Крытыка

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Мефістофель увогуле ўдаўся перакладчыку. Як і ў Гётэ, ніяк не можаш пазбыцца думкі, што аўтар ім трохі любуецца. Так, нарабіў пад канец шмат дрэннага (трэба ж яму апраўдаць сваю рэпутацыю), так, з'едлівасць. Але, нягледзячы на ўсё наноснае, ён багаборац, а значыцца ў сім-тым блізкі да ўвасобленага чалавека. Нахабны, дзёрзкі, вясёлы, злосны… і на дзіва сімпатычны. Сапраўдны іронік, хітруга, сафіст, цынік — і істота, якая чыніць дабро. Уладар дзіўнай, але цалкам натуральнай дыялектыкі: жыць — каб адмаўляць. Частка цемры, якая спарадзіла святло. Мефістофель, як кожны прывід, створаны людзьмі, і, паколькі "на яго можна", людзі прыпісвалі яму ўсе горшыя якасці саміх сябе. Каб апраўдаць сваё поўзанне на жываце перад уладамі, расперазанымі хамамі-ваякамі і светам гвалту. А таму іронію ягоную назвалі зласлівасцю, праўду — дэманізмам, а з'едлівасць — нянавісцю да людзей.

Натуральнасць,

жывасць, лаканізм і дасціпнасць слоў Мефістофеля — найбольшая ўдача ў перакладзе. І не дзіва. Гётэ, відавочна, прыемна было яго пісаць, перакладчыкам — перакладаць. І нездарма ён атрымаўся, на мой погляд, наймацнейшай постаццю твора, вышэй за ідэю пошукаў, увасобленую ў Фаўсце, вышэй за ідэю жаноцкасці і спакою — анемічную Маргарыту, якой толькі яе пакуты даюць права на нашу ўвагу і спачуванне. Бо ён — гэта скепсіс, гэта адмаўленне старога, пробны камень чалавечай думкі і стымулятар чалавечага поступу, а значыць, неабходная частка нас саміх. Перакладчык справіўся з перадачай гэтага цудоўна.

Вось прыклад. Не ведаючы, дзе збеглы муж Марты, Мефістофель, аднак, кажа ёй, што ён памёр. Фаўст абураецца. І тады калега кідае міну пад яго і ўсю схаластычную "навуку", якая хлусіла і хлусіць людзям, бярэцца тлумачыць свет і ўплываць на яго, а сама разбіраецца ў ім не больш, чым у адметных рысах фізіялогіі кішэчнаполасцевых на Венеры.

Змагар за праўду! Мо ніколі Вы людзям глупства не малолі? Хіба пра бога, рух свяціл, планет, Пра чалавека і яго духоўны свет Не гаварылі смела і глыбока З апломбам знаўцы і прарока? Але ж сабе прызнайцеся хаця, Што тайны сэнс і змест жыцця Вядомы вам, мой друг упарты, Не больш, чым доля мужа Марты.

А вось як перададзена вясёлая, з'едлівая, чароўная сцэна Мефістофеля з вучнем. Разумны цынік — і дурань да апошняга — аж круціцца:

Прабачце, што прыходжу рана З павагай шчыраю да пана, Турбуючы для кансультацый Асобу, вартую авацый.

І разумны, усёзнаючы д'ябал адказвае бліскучым маналогам аб страшнай мане навук. Аб філасофіі, што, разбіраючы на часткі, не ўмее потым злучыць разам, аб метафізіцы, што прыкрывае напышлівымі словамі тое, чаго не можа ўзяць ілбом… Нічога, малады чалавек, навучыцеся і хлусіць. Дзіця таксама не адразу прывыкае да цыцкі маці… Вучань згаджаецца:

Прыпаў бы я да мудрасці грудзей, Але парайце мне, — шукаць іх дзе?

І пачынаецца здзек з усяго таго, чым замяняе для сябе чалавек сапраўдную праўду.

І мы чужыя сплачваем падаткі, Грахоў бацькоўскіх кволыя нашчадкі. Дурнота мудрай стала, зло — з дабра, А што прыродным правам жыць пара, Забылі мы пра гэта, ані згадкі, Бо, зрэшты, там, дзе сэнсу мала, Мы круцім словам дасканала; Са слоў складаюцца ідэі, тэмы, Са слоў будуюцца сістэмы, Нам слова трэба паважаць, Ні ў якім разе не скажаць.

Той, хто возьме на сябе клопат зверыць прыведзеныя і іншыя цытаты з арыгіналам, — не можа не здзівіцца высокай дасканаласці перакладу, яго вытанчанасці і зграбнасці.

Часам здаецца нават, што пераклад больш афарыстычны, чым арыгінал. І гэта зразумелая рэч. Вялікаму паэту часта даводзілася хаваць сваю ясную ідэю за шалупіннем эзопавай мовы: звычайны лёс паэта, які хоча, каб яго чыталі, і, адначасова, хоча пазбегнуць папрокаў у бязвер'і, скепсісе і нянавісці да таго, што гэтай нянавісці варта. Перакладчыку цяпер трэба расшыфроўваць і праясняць такія месцы, пакідаючы толькі лёгкі налёт вэлюму на іх: "бачыце, што і як ён хацеў схаваць".

Зямны бажок нязменны,
тая ж плоць,
Якою ты стварыў яе, гасподзь. Адна бяда — не задзіраў бы нос, Калі б не ведаў ён святла нябёс. Святло тваё ён розумам заве І з ім усё-такі жывёлінай жыве. Ён, як цыбаты конік той, З дазволу кажучы, — цвiркоча І скача ўверх з травы густой І ў шыр нябесную падняцца хоча.

Тут прасочана, выяўлена і высветлена ўся гісторыя трагічных пошукаў Фаўста.

Высокая яснасць перакладу прымушае нас думаць не проста аб працы перакладчыка, але аб спалучэнні яе са скрупулёзнай працай даследчыка і тлумачальніка. Гэта прыкметна ў першых ужо сцэнах і асабліва ў "Кабінеце Фаўста". Складаныя пераходы чалавека — ад задыханага рытму адчаю перад непазнавальнасцю прыроды да гордага ўздыму чалавечага гонару перад духамі, сярэдневяковая цьмяная навука з яе лабірынтамі і горкае, гордае расчараванне ў ёй, высоты абстагаванага мыслення і простыя чалавечыя словы.

Хіба павінен я, да ведаў прагны, Карпець над процьмай нудных кніг, Каб ісціну старую вычытаць у іх, Што чалавеку доўга трэба лезці з багны… . Што з'едліва так, чэрап, шчэрыш зубы? Блукаў у поцемках, як здань, як цень, Як я, шукаючы свой светлы дзень, Твой мудры валадар да дня загубы. . Калі ўначы пад непраглядным змрокам Схаваных таямніц не выкрыў ты Ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, — Навошта тыя рычагі, вінты…

Між тым, нялёгка было перакладчыку. Сучасная беларуская мова і сёння запінаецца на паняццях старадаўняй метафізікі і таго, што складала тады навуку: магіі, астралогіі, дэманалогіі і іншага. В. Сёмуха робіць спробу ўспомніць сёе-тое са старых юрыдычных, філасофскіх, кніжных слоў, хаця, магчыма, часам і недастатковую. Бываюць пры гэтым і выдаткі. Так, напрыклад, у спрэчцы Фаўста з богам, калі першы разбірае пачатак кнігі быція і прыходзіць да думкі, што "слова" аніяк не магло быць пачаткам усяго існага, няварта было б ужываць слова "Чын" (справа). Не падыходзіць і дробязнае па значэнню слова "ўчынак". Нельга сказаць

"Спачатку быў — Учынак".

Сам не ведаю, што тут трэба ўжыць. "Дзея"? Яшчэ нешта? Але "Чын" — гэта ўсё ж значна лепей за "справу" або яшчэ, крый нас божа, "справунак".

І ўсё ж усё, што зроблена для перадачы глыбока філасофскіх месцаў, здзіўляе натуральнасцю гучання, калі нават чалавеку непадрыхтаванаму цалкам ясная сутнасць усіх філасофскіх спрэчак і сама філасофія твора…

Прызнаюся, я заўсёды з вялікай цікавасцю чытаю новы пераклад. Па розных прычынах. У прыватнасці ж яшчэ і таму, што недзе ў глыбіні маёй душы жыве цікаўнасць тых рымлян, якія хадзілі глядзець на гладыятараў: пачуццё смяротнай небяспекі таго, што адбываецца на арэне, у той час, як табе самому нічога не пагражае за ровам і бар'ерамі.

Сапраўды, перакладчыку цяжкавата па-новаму перакласці, скажам, "быць або не быць" ці "оставь надежду всяк сюда входящий".

Ці, напрыклад, такую вядомую па рускіх, польскіх, украінскіх перакладах "Блыху", праспяваную мільён разоў усімі basso cantante, пачынаючы ад Шаляпіна.

І вось як яна гучыць па-беларуску:

Жыў раз кароль на свеце, Была блыха ў яго. Любіў яе і песціў Больш як сынка свайго. Краўцоў сазваў. Спяшылі З усіх канцоў краўцы — Памералі, пашылі Каптанік і штанцы. Убраў яе ў каралі — Зіхціць, як брыліянт. Манарх любімай кралі Павесіў крыж на бант. Блыха міністрам стала — На ўсё глядзіць згары, Сваіх сясцёр ці мала Прыстроіла ў двары.
Поделиться с друзьями: