Крытыка
Шрифт:
Вось бадай і ўсе, што я магу Вам сказаць. Тут няма і спробы тэарэтызацыі. Гэта ўсяго толькі адказ на Вашы пытанні і датычыцца тое, аб чым я Вам напісаў, толькі мяне. Калі Вы, прагледзеўшы ўсе адказы, дасланыя Вам, выведзеце з іх нейкія заканамернасці, уласцівыя ўсім, хто піша — я вельмі буду ўзрадаваны. Эстэтыка, псіхалогія творчасці, творчы працзс — яшчэ не сталі дакладнай навукай. Гаварылі і пісалі шмат, але ўсё неяк вакол, без пэўнасці і пераканальнасці. Патрэбныя анкеты сярод усіх літаратараў, як гэта, хай выбарачна, робяць зараз сацыёлагі сярод студэнтаў, рабочых і г.д. Тады мы хаця трошкі будзем ведаць і наш мозг, і работу ягоную, і тое, што мы на зямлі робім увогуле, і што такое наш свет, а можа будзем ведаць і сёе-тое філасофскае, вышэйшага парадку. Скажам, што гэта такое за арганізм
Вы адзін з пачынальнікаў гэтай работы (што датычыцца літаратараў), бо анкетамі, як гэта любілі рабіць раней, нічога не даб'ешся. Што з таго, што адзін п'е каву і курыць, а другі за работай трымае ногі ў вадзе? Гэта фізіялогія.
Трэба ведаць, як працуе мозг сапраўднага матэматыка, мастака, паэта. Трэба ведаць іхнія адносіны з усім навакольным светам, ад апошняй дробязі да праблем Быцця, усе падрабязнасці гарачага віравання ўсіх людзей сярод усіх.
I наш "Фаўст"
Шмат год я ведаў аб тым, што чалавек, пра якога я сёння гавару, перакладае адну з найвялікшых паэм зямлі на беларускую мову. Я ведаў Васіля Сёмуху даўно, ён быў рэдактарам аднаго з маіх твораў і сумленна імкнуўся зрабіць яго лепшым. Ведаў пра многія перакладзеныя ім кнігі, ведаў аб тым, што ён вывучыў латышскую мову і цудоўна пераклаў "Агонь і ноч" Я. Райніса. І вось перада мною — цяпер ужо адшліфаваная — ляжыць рэч, аб якой мы столькі гаварылі, за пераклад якой так, часам зацята, спрачаліся… Раней я прачытаў першы варыянт, потым — іншыя. І ўсё ж кожны раз адгортваў першую старонку з пачуццём лёгкага недаверу — а ці можа гэта быці?
Пераклад "Фаўста" рэч, бадай, немагчыма-складаная. Ісці па сцежках Гётэ — як на злом галавы. Дыхаць жыватворным, але высокім паветрам яго горных вяршынь можа не ўсякі.
І яшчэ адна падстава для трывогі. Я рызыкну сказаць, што пераклад такой рэчы — адзнака сталасці літаратуры, адзнака таго, што плынь яе нястрымная. Не можа паўнакроўна жыць літаратура без Шэкспіра, Дантэ, Гётэ, якія гучаць на яе мове. Першы ў нас ёсць. Другога пакуль што няма. Трэці — толькі што з'явіўся.
І вось пераклад прачытаны да апошняй старонкі. З грудзей вырываецца ўздых палёгкі… Вытрымалі… І ўсе мары юнацтва калі-небудзь узяцца за яго самому адпадаюць. Цяжкая праца выканана дасканала, і пасля яе ўсе твае спробы будуць проста непатрэбнымі…
Мы чамусьці саромеемся хваліць. Але чаму не сказаць шчырага цёплага слова аб гэтай працы, чаму не аддаць ёй належнага?
В. Сёмуха зрабіў, па-першае, выключную па сур'ёзнасці работу. Дасканала ведаючы нямецкую мову і з'яўляючыся тонкім знаўцам мовы роднай, ён не абмяжоўваецца гэтым. Тонкасці — тонкасцямі, але дух пераклада, тое, як разумелі ідэю Гётэ розныя людзі зямлі, - гэта таксама важна. І Сёмуха чытае ўсё, што напісана аб "Фаўсце" вучонымі і літаратуразнаўцамі (для сучаснікаў паэту дастаткова было даць намёк, але перакладчыку часам трэба гэты намёк удакладніць і раскрыць, зрабіць зразумелым). Ён чытае пераклады трагедыі на тыя мовы, якія ведае, і, у прыватнасці, вывучае адзін з найлепшых перакладаў — пераклад Я. Райніса. Ён перачытвае дагётэўскія творы, бо ў творчасці вялікага паэта натуральна зліліся філасафічнасць старых аўтараў, брутальная, гратэскавая застрашлівасць сярэдневяковай "літаратуры аб ведзьмах", адчай паэтаў трыццацігадовай вайны і празрыстая яснасць старадаўняй нямецкай народнай балады (нямецкага барока), яе нявіннасць і чысціня, яе кранальная паэтычнасць і грубаваты гумар. Я не памылюся, калі скажу, што ўсё гэта адбілася ў перакладзе.
Перакладзена ўсё: і класічная яснасць гётэўскага "Прысвячэння", і яго лёгкі наіў, што ідзе яшчэ ад XVІІІ стагоддзя, і гэты ключ да паэмы:
Што маю — мроіцца нібы здалёку, Што страціў — тое зноў на відавоку.Кожны падыходзіць да з'яў навакольнага свету, на жаль, са сваім капылом. І аб творы мастацтва мы мяркуем, часцей за ўсё, па тым, наколькі ён адпавядае нашаму веданню аб гэтым свеце. Чытаючы "Пралог у тэатры", я не мог адкаснуцца
ад думкі, што гэты, удала перакладзены перакладчыкам, урывак мае глыбока сучаснае гучанне. Крышыце п'есы! Рэжце без разліку! Навошта цэласць тая гледачу! Я збыць тавар, пардон, ваш твор хачу — З разумным лёгка збіцца з панталыку.Часам, назіраючы, як тэатр губляе сваё аблічча, мне хочацца прачытаць урыўкі з гэтага пралога. Можна, вядома, "не шкадаваць для прадстаўлення ні дэкарацый, ні машын", але думаючы аб публіцы, як дырэктар з "Пралогу", вы страціце яе.
Адзін да нас прыходзіць ад нуды, А той, укормлены, паважны пан, Ідзе шукаць духоўнага наедку, А трэці — крытык-шарлатан — З гатовай думкай прыхапіў газету. . Навошта ў эмпірэях вам лунаць? — Вам ложы перапоўненыя любы? Хто будзе думкі вашы спажываць? Той абыякавы, а гэты — грубы. Адзін пасля ідзе на прэферанс, Другі шукае пажыўной спакусы. Нашто ж для гэтай мэты ў транс Уводзіць светлыя, святыя музы?Нават нагаданае паказвае, як добра выканаў перакладчык сваю задачу. І не толькі тут. Ён бывае розны: смяшыць, кранае або прымушае гневацца, робіцца лірычным або грубым, але ніколі не нудным. І ў "Пралогу на небе" з яго рэдкаснай па глыбіні, трохі неўразумелай філасафічнасцю, і ў "Піўніцы Аўэрбаха ў Лейпцыгу", і ў апошніх сцэнах. Абыякавым не застаецца ніхто — і гэта першая дадатная якасць перакладу, якая ідзе ў спалучэнні з вялікай дакладнасцю, калі не страчана амаль нічога з таго, што хацеў сказаць паэт, — гэтага, згадзіцеся, зусім нямала.
Другое дасягненне В. Сёмухі — глыбокая нацыянальнасць перакладу. У лепшым сэнсе гэтага слова. На кожным кроку бачыш немца, які склаўся, як чалавек, у канцы XVІІІ ст., з яго трохі яшчэ сярэдневяковай нямецкасцю, у якой самое слова "мастацтва" чытаецца не "кунст", а трохі манерна — "куншт". І тут здарылася дзіва: перакладчык добра зразумеў галоўны закон перакладу, які кажа, што каб быць бліжэй — трэба трохі адысціся, што пераклад слова ў слова (які так шкодзіць перакладам з блізкіх моў і збядняе, напрыклад, вялікую беларускую паэзію ў вачах рускага ці ўкраінскага чытача), не самы лепшы, бо, здаецца, усё тое самае, а шарму няма, і трэба шукаць не словы-блізнюкі, а эквівалент.
І вось, шукаючы гэты эквівалент, перакладчык дасягнуў дзіўнага: з намі гаворыць вялікі Германец, але, адначасова, гэта гаворыць Беларус, што выказвае думкі Гётэ, як выказваў бы іх ён, але па-беларуску. Гэта ёсць і ў самой моўнай тканіне, і ў майстэрскім перакладзе народных сцэн. Перакладчык не баіцца адысці нават ад агульнапрынятых слоўных формул. Іх, звычайна, цяжка нават перакласці, бо перад вачыма стаіць прыклад і аўтарытэт першага перакладчыка, які надаў радкам афарыстычны характар.
Вось, напрыклад, разважанні Мефістофеля аб філосафах. Дасціпны дух раптам (і гэта ў славутым рускім перакладзе) канчае гэтыя разважанні дыдактычным уздыхам. Нібы гэта і не ён.
Рускі тэкст Н. Халадкоўскага:
Кто философствует, тот выбрал путь плохой, Как скот голодный, что в степи глухой Кружит себе, злым духом обойдённый, А вкруг цветёт роскошный луг зелёный.Беларускі тэкст:
Скажу табе: разумнікі ўсе вашы — Як тое быдла: улева — управа Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хаця навокал свежая атава.І, далібог, гэта і жыва, і афарыстычна, і на дзіва па-беларуску.