Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)

Шрифт:

Лiдзiя Адамовiч

Кветкi самотнай князёўны

Аповесць

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

I

Аленка не магла стрымацца ад смеху - мужчына гадоў трыццацi ў белым касцюме неадрыўна пазiраў на яе. Ён стаяў ля навагодняй ёлкi з нейкiм маладым хлопцам Аленчынага ўзросту i за ўвесь вечар нiкога не запрасiў да танцаў. Ён, вiдаць, быў не вясковы, а Аленцы надакучылi свае гарадскiя хлопцы, да таго ж яна прыехала ў вёску да аднакурснiцы Галi, каб сустрэць тут Мiколу - у iнстытуце ён зусiм не звяртаў на яе ўвагi. Высокi, прыгожы, з кучаравымi пышнымi валасамi, блакiтнавокi, Мiкола вабiў многiх дзяўчат, але, сябруючы з усiмi, быў такi недасягальны i, здавалася

Аленцы, чымсьцi таемны, а неразгаданае, таемнае так прыцягвае! Галя падбухторыла Аленку схадзiць да Мiколавага бацькi, быццам па квашаныя яблыкi, у вёсцы Адась славiўся тым, што надта ж смачна ўмеў квасiць антонаўкi. Адасева жонка памерла, i ён сам вёў гаспадарку. Калi дзяўчаты прыйшлi, Мiкола сустрэў iх ветлiва, па-сяброўску частаваў яблыкамi, жартаваў, а вось у клуб так i не з'явiўся.

...Мужчына ў белым касцюме па-ранейшаму пазiраў на Аленку. Ён здаваўся дзяўчыне старым. Яго погляд раптам выклiкаў такi выбух смеху, што Аленка, прыкрыўшы рукою вусны, порстка схавалася за спiну сяброўкi.

– Сцiхнi ты, дурнiца!
– таўканула яе ў бок Галя, прыгладжваючы валасы. Ён сюды накiроўваецца!

Мужчына i сапраўды iшоў да iх. Як нi стрымлiвалася Аленка, як нi сцiскала вусны, але ўсё ж хiхiкнула, калi той запынiўся ля Галi i, гледзячы паўзверх яе пляча, звярнуўся да Аленкi:

– Можна вас?

Аленка моўчкi кiўнула, падала яму руку i пайшла следам, стараючыся думаць аб чым-небудзь сумным, каб суняць смех. Ён абняў яе так, што ёй не заставалася нiчога, акрамя як стаяць на месцы i ледзь-ледзь перасоўваць ногi. Вось так яны i танцавалi - на месцы. Смех у Аленкi ўжо прайшоў. Да таго ж, стоячы ў клубе ў сваiм дэкальтаваным маскарадным касцюме, накшталт князёўны сярэднявечча, Аленка крыху змерзла, а тут, у абдымках мужчыны, яна прыгрэлася i летуценна пачала ўяўляць, што танцуе з Мiколам.

...Вочы ў Мiколы глыбокiя, блакiтныя, з патанулай хмарынкай, але цёплыя i добрыя. Гэта было мора, бяздоннае, зменлiвае, мора перад штормам. У такiя вочы можна было глядзець доўга-доўга, заглядзецца i патануць. Як яна зайздросцiла хлопцу, якi жыў з Мiколам у адным пакойчыку ў iнтэрнаце, - ён бачыў яго ранiцою, вечарам, кожны дзень... I не ўяўляў нават, якое гэта шчасце - бачыць перад сабою Мiколу, яе бога, назiраць за яго рухамi, калi ён умываецца, за ягонымi вуснамi, калi ён гаворыць, за ягонымi пальцамi, што перабiраюць струны гiтары... З якою асалодаю стаяла Аленка вечарамi пад дзвярыма Мiколавага пакойчыка i ўбiрала ў сябе ўсе гукi i словы, што даносiлiся адтуль... Яна ведала, што Мiкола збiрае групу для краязнаўчага паходу па слядах падання пра князя Вiтаўта i Дарыну. Ёй так хацелася пайсцi з iм у гэты паход, але яе не запрашалi...

Нават нумар пакоя, у якiм жыў Мiкола, выклiкаў асалоду. На лекцыях Аленка, як заварожаная, пiсала проста ў канспекце запаветныя лiчбы: 405... 405... i выводзiла лiтары: Мiкола Гайда... Мiкола Гайда... i з трапяткiм сэрцам падстаўляла пад ягонае прозвiшча сваё iмя, i мiлавалася сугучнасцю: Алена Гайда... Алена Гайда...

– Самотная князёўна на чужым бале?
– абарваў яе думкi прыглушаны голас.

Алена ўзняла вочы - яна ўсё яшчэ танцуе з гэтым "старым мужчынам"? "Ён падобны на цыгана, - падумала дзяўчына.
– На старога цыгана!" I адвяла позiрк.

– Баль заканчваецца, - прамовiў мужчына лагодна.
– Можа, мы пойдзем дадому разам?

– Да якога яшчэ дому?
– раздражнёна павяла плячыма Аленка.

– Да вашага, вядома. Цi можна правесцi вас?

– Пашукайце сабе па ўзросту, - цвёрда сказала

Аленка, глянуўшы яму ў твар.

– Нават так?
– усмiхнуўся ён.
– Што ж, дзякую за танец!

I правёў яе на месца.

У гэты час з'явiўся Мiкола. Ён увайшоў з марозу, расчырванелы, у расшпiленым кажуху. Хлопцы абступiлi яго. Мiкола гучна i весела вiтаўся з iмi, пацiскаючы рукi. Але танцы скончылiся, моладзь пачала выходзiць з клуба, i Аленка настойлiва чакала, калi Мiкола заўважыць яе, падыдзе. Той стаяў на ганку i палiў з хлопцамi.

Да Галi падышоў Анатоль, кiрпаты, сярэдняга росту хлопец, вузкi ў плячах, з акуратнай бародкай, якую заўсёды адрошчваў на зiму, "каб холадна не было", смяяўся на пытаннi дзяўчат, - гадоў на пяць старэйшы за Галю, з прыкметнаю ўжо лысiнкаю на галаве. Усмiхнуўся i выцягнуў з-за пазухi маленькую кветачку.

– Ой, цюльпанчык!
– ускрыкнула Аленка.
– Жывы! Малайчына, Анатоль!

– Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, - усмiхнуўся хлопец.
– Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы...

Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.

– Пайшлi да маiх, - шапнула Анатолю, - а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы... Аленка, пайшлi разам!
– звярнулася да сяброўкi.

– Не, - адмоўна махнула галавою Аленка.
– Я тут застануся, на ганку... Мiколу пачакаю... Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо...

– Ну, глядзi сама, - адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.

... Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк - палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.

– А я, як нi пагляджу ў акно - усё вы стаiце, - падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка.
– Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?

Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына!
– з непрыяззю падумала Аленка.
– Цыган стары!"

– Давайце знаёмiцца, - прапанаваў ён.
– Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер "Менскбудпраекта". Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?

– Не, - суха адказала Аленка.
– Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць...

– Мы амаль землякi, - усмiхнуўся Вайдаш.
– У мяне ў Менску кватэра... Спускайцеся ўнiз!
– працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы.
– Цi чакаеце каго?

Аленка не адказала.

– Ён не варты гэтага!
– засмяяўся Дуброўскi.
– Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе - шмат хто бачыць яе ля маёнтка... Вось i вас, здаецца, закранула яна...

– Што?
– у Аленкi пахаладзела спiна.
– Якая здань?

Але з прыступак сышла.

– Гэта даўняе паданне, - мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, - з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека - ён робiцца сляпым духоўна... Ён любiць толькi цела... i гiне ў сляпым каханнi... Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць...

Книги из серии:

Без серии

Комментарии: