Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны (на белорусском языке)
Шрифт:

– Заходзьце!
– вясёлы зычны голас Мiколы пранiзаў яе наскрозь. Не ўвайшла - уляцела Аленка, застыла на парозе, вочы ў вочы сустрэлася з Мiколам. Ён стаяў ля зялёных штораў. За сталом, ля тапаграфiчнай карты, сядзеў у чорным швэдры барадаты Анатоль, сур'ёзны i заклапочаны. Ля яго павольна памешваў гарбату ў шклянцы Сцяпан, акуратна апрануты ў шэры касцюм, пры гальштуку. Галя-мышка разглядвала на святло лямпачкi каляровыя слайды, якiя Мiколаў сусед па пакойчыку, Антось, хударлявы, з прамымi валасамi i чубам, якi закрываў вочы, ад чаго ён увесь час махаў галавою, падаваў ёй са

скрынкi i расказваў, з якога яны паходу. Галя ж пры гэтым падымала высока бровы, усмiхалася i кiвала яму галавою.

– Добры вечар усiм!
– мовiла Аленка.
– А я вось iду мiма, бачу святло... I вырашыла зайсцi...

– Правiльна вырашыла!
– засмяяўся Мiкола i падаў ёй крэсла.
– Сядай, а то ў нас тут каву нiхто пiць не хоча, пакажы прыклад!

I налiў ёй поўную шклянку.

– Значыць, з Менска iдзём пешшу да вёсачкi Гарадзiшча, - адарваў галаву ад карты Анатоль.
– Там робiм першы начлег. Пагледзiце старажытныя валы, якiмi раней быў абнесены горад. Далей пойдзем да Музея архiтэктуры i побыту Беларусi, музей пад адкрытым небам. Затым пойдзем праз лес да вёскi Вiшанька. Тры днi ходу - i мы на месцы, шукайце ў вашай Вiшаньцы мур былога маёнтка Дарыны, падзямелле, Блакiтны пакойчык...

– Тры днi па лесе - гэта нецiкава!
– заключыў Мiкола.
– Мы ж не на разрад здаём! Навошта нам кiламетраж гнаць? Даедзем на машыне. Лепш гэтыя тры днi аддаць на паездку ў Жыровiчы, там манастыр, помнiк архiтэктуры. Яшчэ куды-небудзь наведацца, напрыклад, у Сынкавiцкую царкву-крэпасць, што ля Баранавiч. Дарэчы, у Баранавiчах таксама ёсць што паглядзець.

– Так справа не пойдзе!
– узняўся з месца Анатоль.
– Вы тады не турысты, а матраснiкi, i ваш шлях - да экскурсбюро, да мяккiх аўтобусаў!

– А што толку ногi бiць?
– заўважыў Сцяпан.
– Паход краязнаўчы, а не спартовы!

– Экскурсiя нават цiкавей!
– уставiла слова Аленка, каб Мiкола бачыў, што яна падтрымлiвае ягоны погляд на паход.

– Вы мне турызм, спорт не ганьбiце!
– ускiпеў Анатоль.
– Я нават хлопцам у турклубе сказаў: калi мая жонка будзе супраць паходаў, развядуся! I з вамi тады - развод!

– Толечка!
– падышла да хлопца Галя, але той злосна глянуў на яе.

– Усяму свой час! Тут я - не Толечка!

Супакоiў усiх Антось - жвава падняўся, зашмыгаў вяснушкаватым носам i засмяяўся:

– А торт жа наш дымiцца!

Галя пiскнула i выбегла на кухню. З духоўкi сапраўды iшоў дым. Дзяўчына адчынiла яе i выцягнула анучкай тое, што засталося ад торта. Спалохана замаргала вачыма. У гэты момант на кухню ўвайшоў Анатоль. Будучая жонка разгублена паглядала на яго. Потым, адважыўшыся, плёхнула агарак у сметнiцу.

– Малайчына!
– здзеклiва кiнуў Анатоль, разгладжваючы бараду, падышоў да акна i запалiў.

Нейкi час яны моўчкi стаялi адно ля аднаго. Анатоль па звычцы стрэсваў попел у вазон. Галя паглядвала на бедны, замораны ўюнок i нарэшце рашылася:

– Ты зноў... у кветкi? Гэта ж шкодна iм...

– Сама не дасканалая, - сур'ёзна глянуў на яе Анатоль, - а другiх вучыш!

– Не дымi ў твар! Колькi можна казаць адно i тое ж? Ты, як твой бацька:

у твар да субяседнiка з люлькай лезе, слiнаю пырскае i не здагадаецца адступiцца!

– Ты майго бацьку не ганьбi! Ён настаўнiк, пенсiянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы!
– павысiў голас Анатоль, а потым дадаў цiшэй: - Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есцi варыць, шыць, бялiзну мыць... I маўчаць, калi муж адпачывае!

Анатоль раптам запынiў на Галi ўважлiвы позiрк.

– А гэта яшчэ што?
– скрывiўся ён.
– Чаму каўнерык брудны?

Галя вiнавата маўчала.

– Каўнерыкi трэба мяняць кожны дзень!
– павучальна кiнуў ёй Анатоль i пайшоў у пакойчык.

Мiкола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакiтная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!

– Я паданне прынесла, - сказала яму цiха Аленка.
– Хочаш пачытаць? Пра князя Вiтаўта i Дарыну. Мне адзiн чалавек у Вiшаньцы на Новы год расказаў...

– А?
– не зразумеў яе Мiкола.
– Ага, добра, - узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кнiжную палiцу i пачаў спрэчку з Анатолем, якi толькi што зайшоў у пакой.

– Нiякiх аўтобусаў!
– крычаў Анатоль.
– Альбо спартовы паход, альбо сам вядзi паход! Забяспечвай усiх палаткамi, спальнiкамi, заплечнiкамi!

I ён, у запале, кiнуў недакураную цыгарэту на ложак.

– Ай!
– закрычала Галя.
– Ты зноў абы-куды кiдаеш? Тое ж самае, што i палiш у ложку, ужо раз было - коўдру прапалiў!

– Не вучы мяне жыць!
– адрэзаў Анатоль.
– Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кiдаць! Бачыш, што заснуў, - забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кiнуў, - падымi!

– Анатоль! Нi дня ў лесе!
– упарцiўся Мiкола.
– Ад музея архiтэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавiчы i Слонiм. А ўжо пасля Жыровiч Вiшанька! Маршрут цiкавы, усе згодныя, не ламайся!

– Пайшлi, Галя!
– крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы палiто. Тая паслухмяна апранулася, i яны выйшлi з пакойчыка, не развiтаўшыся.

...Дапiўшы гарбату, пайшоў у хуткiм часе i Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакiнуў яе з Мiколам адных, але Антось быццам i не разумеў трынкаў на сваёй гiтары, моршчыў нос i нешта мармытаў.

– Мiкола, я даўно хачу навучыцца iграць на гiтары, - звярнулася да хлопца Аленка.
– Парай, калi ласка, якую лепш гiтару купiць.

– Гледзячы колькi ў цябе грошай, - абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.

– А як ты думаеш, мне лепш пайсцi на курсы цi можна самой навучыцца iграць?

– На чым?
– неўразумелымi вачыма глянуў на яе Мiкола i пазяхнуў.

– На гiтары, - расчаравана i безнадзейна мовiла Аленка.

– А-а! На гiтары?
– усмiхнуўся той.
– Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра.
– Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!

– З задавальненнем!
– падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк.
– Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы...

– Прабачце! Да пабачэння!
– засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.

Поделиться с друзьями: