Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
— Дэпрэсiя… — адказала Iрэна. — Лепей быць мажной, але шчаслiвай…
Цела Iрэны разамлела, сагрэлася, i здалося ёй, што стала яна лёгкай-лёгкай i ўзнялася над зямлёю… Як даўно не была Iрэна ў салоне «Грацыя»! Гэта яе самае любiмае месца, выходзiш адсюль зусiм iншым чалавекам — новым, памаладзелым, шчаслiвым… Як спяшалася яна адсюль раней да Янкi — акрыленая, вясёлая! Ён багатварыў яе цела, цалаваў яго. Iрэна адчувала спiною халадок зялёнай травы i пах кветак, пяшчотныя вусны Янкi… Цёплы рачны пясок сыпаўся ёй на жывот… Пырскi халоднай вады лагодзiлi твар…
— Якiм колерам будзеце
Абудзiлася ад думак Iрэна ўжо ў педыкюрным пакойчыку.
Чаму думкi пра Янку не пакiдаюць яе? Праз сцяну — касметычны кабiнет. Яна абавязкова зробiць там маску, масаж твару, i ёй накладуць макiяж «Лебедзь» ён так пасуе да яе вачэй.
— Я параю вам макiяж "Раманс"! — усмiхнулася касметычка. — Вы ж сказалi, што iдзяце на вечар…
— У фiлармонiю, — паправiла Iрэна. "Адна iду…" — падумала з сумам.
…З люстэрка пазiрае прыгожая дзяўчына — пшанiчнага колеру валасы ўкладзены ў складаную прычоску. "Застаўся апошнi штрых, — усмiхаецца свайму адлюстраванню Iрэна, — манiкюр!"
— Ну вось, цяпер я пачну новае жыццё! — з палёгкай уздыхнула Iрэна, выйшаўшы з салона.
…Яна адчула, што адзiнота можа быць пяшчотнай i спакойнай. На душы ўтульнасць i асалода. Менавiта ў такiя часы цiхага роздуму i спакою наведвае нас Дух Святы — мы ачышчаемся душою сярод цiшынi, сярод прыгажосцi аксамiтна-зялёных дрэваў, ласкавай травы i шчырых кветак, удумлiва-спакойнага неба i цiхай малiтвы. Iрэна ведала, што дома яна абавязкова адключыць тэлефон, перастане чытаць газеты i часопiсы на нейкi час, не будзе глядзець тэлевiзар. Цiшыня i спакой — цудатворныя лекi!
Iрэна зайшла па дарозе ў Дом фота, заказала ў бары каву, нетаропка пiла, гледзячы на сябе ў люстэрка. Прыгожыя, танюткiя пальчыкi трымаюць кубак з кавай. Вусны, цалуючы, кранаюць яго край, у роце — гарачыня i гаркаваты, як ад бразiльскiх цыгарэт, прысмак… Насупраць яе сядзiць элегантна апрануты мужчына гадоў за трыццаць. Густыя чарнявыя валасы з нiтачкамi срэбра, зачасаныя ўгору. Класiчнага крою пiнжак, прыгожы iмпартны гальштук i белы шарфiк, цёмнае палiто расшпiлена… Iрэне хочацца, каб ён звярнуў на яе ўвагу, але той заняты размовай са сваiм субяседнiкам — сур'ёзным пажылым чалавекам.
— Рэстаўраваць стары маёнтак, я лiчу, будзе больш выгадна, чым будаваць новы аздараўленчы цэнтр, — гаворыць той, хто спадабаўся Iрэне.
— Месца выбрана добрае, спадар Дуброўскi, — адказвае пажылы, — Вiшанька цудоўная вёска: лес, рэчка побач… А людзi! Добрыя, старыя мясцiны… Цяпер такiх вёсак амаль не засталося, усюды прыезджыя людзi, карэнных жыхароў амаль няма, а гэта, можна сказаць, старажытная вёска, такая, якую я ведаў у дзяцiнстве… Ласкавая палеская вёсачка!.. Параскiдаў Чарнобыль людзей па чужых мясцiнах…
Мужчына ўздыхнуў.
— Нiчога, вернуцца яшчэ, — супакоiў яго Дуброўскi. — Наша задача наладзiць цэнтр для лячэння дзяцей. Трэба захаваць генафонд Беларусi…
Iрэна з сумам пазiрала на Дуброўскага i ў душы зайздросцiла той жанчыне, якую, пэўна, захоўваў у сваiм сэрцы гэты чалавек. Як хацелася ёй быць на месцы гэтай жанчыны. "Гэты чалавек не для мяне, — падумала Iрэна, — я не дарасла да яго… А як бы хацелася
мець такога!.."Яна адчула, як не хапае ёй таты ў гэты складаны для яе час. Яна паедзе да яго! Хоць бы на хвiлiну адчуць поцiск яго дужых далоняў, убачыць родныя вочы! Можа, таму ён i пiў, што мацi перастала заўважаць у iм мужчыну, можа, таму i выбраў для сябе адзiноту. Гэта лепш, чым жыць сярод абыякавасцi. Чаго шукаў ён у вясковай самоце? I цi знайшоў?..
А вось i дзедава хата. Мусiць, года з паўтара Iрэна не была тут. Ёй адчынiла маладая жанчына, павяла здзiўлена чорнымi брывамi, зашпiлiла таропка знiзу халат, чорныя даўгiя валасы рассыпалiся па плячах. Недзе ў глыбiнi пакоя плакала дзiця. Iрэна прывiталася i прайшла ў хату. Бацька сядзеў на кухнi. Убачыўшы дачку, падняўся насустрач ёй.
— Я прыехала, тата, — Iрэна прысела на край канапы, агледзелася. — Божа, як вы жывяце? — уздыхнула здзiўлена, але без злосцi. — Нават тэлевiзара няма… А я сёння ў фiлармонiю iду!
— Шчаслiвая! — усмiхнуўся бацька.
— Шчаслiвыя вы! — адказала дачка, а затым, махнуўшы рукою, дадала: Добра! Паказвайце мне маю сястрычку альбо брацiка. Я не раўную…
…На сцэне невысокi, у белым касцюме музыкант з Германii — Мюлер. Iрэна пачула толькi ягонае прозвiшча. Музыкант iграе на аргане. Вядучая сказала, што Мюлер у дзяцiнстве любiў прыйсцi досвiткам у касцёл. З вiтражных вокнаў на арган падалi першыя сонечныя промнi, i ў гэтых промнях танцавалi ў паўзмроку маленькiя блiскучыя пылiнкi… Музыкант склаў мелодыю iх танца… Iрэна, як зачараваная, растваралася ў дзiўнай музыцы…
Але казка скончылася — у гардэробе Iрэна адчула сябе адзiнокай i разгубленай. Мужчыны падавалi жанчынам палiто, а Iрэна сваё ўзяла сама. "Каб я была замужам, я б не была адзiнокаю тут", — падумала яна.
— Iрэначка! Прывiтанне! — Яна ўбачыла Нiнэль Мiхайлаўну, якая вядзе ў iнстытуце харэаграфiчны факультатыў. — Ты чаму не прыходзiш на рэпетыцыi? Што здарылася з табою?
— Ужо ўсё прайшло! — усмiхнулася тая. — Прыйду!
— Прыходзь, Iрэначка! — Нiнэль Мiхайлаўна ўзяла пад руку свайго мужа. Ну, бывай! — заспяшалася да выхаду.
"Шчаслiвая!" — з сумам падумала дзяўчына.
Ля пад'езда нехта стаяў. Спачатку Iрэна спалохалася, потым сэрца нечакана забiлася — няўжо Янка? Падышла блiжэй.
— Я так даўно цябе чакаю, — сказаў ён з дакорам. — Дзе ты ходзiш?
— Янка, Яначка! Дарагi мой! — узрадавалася Iрэна. Моцна прыцiснулася да ягоных грудзей. Потым, усё яшчэ не верачы, што ён тут, заглянула ў твар. Такiя родныя блакiтныя вочы, светлыя валасы, пухлыя, як у капрызнага дзiцяцi, вусны, а над iмi «шляхецкiя», як ён смяяўся, вусы…
— З другiм была? — з рэўнасцю запытаў Янка, але тут жа дадаў: — Рыхтуйся да вяселля! Трэба дрожджаў дастаць. У цябе ж суседка ў сталовай працуе. Мая мацi гарэлку выжане…
— А як жа ж Рэня? — з крыўдай мовiла Iрэна.
— Трэба яна мне, крываногая! — кiнуў Янка. — Болей з ёй не сябруй, гэта не сяброўка, што хлопцаў адбiвае! Ну, пайшлi да тваёй суседкi!
— Давай спачатку да нас! Скажам маме пра наша вяселле, можа, падарункi якiя трэба, родзiчаў назавеш, каб ведаць, што каму купляць…