Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
— Добры вечар усiм! — мовiла Аленка. — А я вось iду мiма, бачу святло… I вырашыла зайсцi…
— Правiльна вырашыла! — засмяяўся Мiкола i падаў ёй крэсла. — Сядай, а то ў нас тут каву нiхто пiць не хоча, пакажы прыклад!
I налiў ёй поўную шклянку.
— Значыць, з Менска iдзём пешшу да вёсачкi Гарадзiшча, — адарваў галаву ад карты Анатоль. — Там робiм першы начлег. Пагледзiце старажытныя валы, якiмi раней быў абнесены горад. Далей пойдзем да Музея архiтэктуры i побыту Беларусi, музей пад адкрытым небам. Затым пойдзем праз лес да вёскi Вiшанька. Тры днi ходу — i мы на месцы, шукайце
— Тры днi па лесе — гэта нецiкава! — заключыў Мiкола. — Мы ж не на разрад здаём! Навошта нам кiламетраж гнаць? Даедзем на машыне. Лепш гэтыя тры днi аддаць на паездку ў Жыровiчы, там манастыр, помнiк архiтэктуры. Яшчэ куды-небудзь наведацца, напрыклад, у Сынкавiцкую царкву-крэпасць, што ля Баранавiч. Дарэчы, у Баранавiчах таксама ёсць што паглядзець.
— Так справа не пойдзе! — узняўся з месца Анатоль. — Вы тады не турысты, а матраснiкi, i ваш шлях — да экскурсбюро, да мяккiх аўтобусаў!
— А што толку ногi бiць? — заўважыў Сцяпан. — Паход краязнаўчы, а не спартовы!
— Экскурсiя нават цiкавей! — уставiла слова Аленка, каб Мiкола бачыў, што яна падтрымлiвае ягоны погляд на паход.
— Вы мне турызм, спорт не ганьбiце! — ускiпеў Анатоль. — Я нават хлопцам у турклубе сказаў: калi мая жонка будзе супраць паходаў, развядуся! I з вамi тады — развод!
— Толечка! — падышла да хлопца Галя, але той злосна глянуў на яе.
— Усяму свой час! Тут я — не Толечка!
Супакоiў усiх Антось — жвава падняўся, зашмыгаў вяснушкаватым носам i засмяяўся:
— А торт жа наш дымiцца!
Галя пiскнула i выбегла на кухню. З духоўкi сапраўды iшоў дым. Дзяўчына адчынiла яе i выцягнула анучкай тое, што засталося ад торта. Спалохана замаргала вачыма. У гэты момант на кухню ўвайшоў Анатоль. Будучая жонка разгублена паглядала на яго. Потым, адважыўшыся, плёхнула агарак у сметнiцу.
— Малайчына! — здзеклiва кiнуў Анатоль, разгладжваючы бараду, падышоў да акна i запалiў.
Нейкi час яны моўчкi стаялi адно ля аднаго. Анатоль па звычцы стрэсваў попел у вазон. Галя паглядвала на бедны, замораны ўюнок i нарэшце рашылася:
— Ты зноў… у кветкi? Гэта ж шкодна iм…
— Сама не дасканалая, — сур'ёзна глянуў на яе Анатоль, — а другiх вучыш!
— Не дымi ў твар! Колькi можна казаць адно i тое ж? Ты, як твой бацька: у твар да субяседнiка з люлькай лезе, слiнаю пырскае i не здагадаецца адступiцца!
— Ты майго бацьку не ганьбi! Ён настаўнiк, пенсiянер! Я ж на цябе не кажу, што з галечы! — павысiў голас Анатоль, а потым дадаў цiшэй: — Значыць, так, зараз Маруся едзе ў адпачынак, прыедзе ў канцы лютага. Тады пойдзем да яе, няхай цябе навучыць есцi варыць, шыць, бялiзну мыць… I маўчаць, калi муж адпачывае!
Анатоль раптам запынiў на Галi ўважлiвы позiрк.
— А гэта яшчэ што? — скрывiўся ён. — Чаму каўнерык брудны?
Галя вiнавата маўчала.
— Каўнерыкi трэба мяняць кожны дзень! — павучальна кiнуў ёй Анатоль i пайшоў у пакойчык.
Мiкола сеў на ложак побач з Аленкай. Яго блакiтная кашуля так пасавала да ягоных вачэй!
— Я паданне прынесла, — сказала яму цiха Аленка. — Хочаш пачытаць? Пра князя Вiтаўта i Дарыну. Мне адзiн чалавек у Вiшаньцы
на Новы год расказаў…— А? — не зразумеў яе Мiкола. — Ага, добра, — узяў з яе рук аркуш, засунуў яго на кнiжную палiцу i пачаў спрэчку з Анатолем, якi толькi што зайшоў у пакой.
— Нiякiх аўтобусаў! — крычаў Анатоль. — Альбо спартовы паход, альбо сам вядзi паход! Забяспечвай усiх палаткамi, спальнiкамi, заплечнiкамi!
I ён, у запале, кiнуў недакураную цыгарэту на ложак.
— Ай! — закрычала Галя. — Ты зноў абы-куды кiдаеш? Тое ж самае, што i палiш у ложку, ужо раз было — коўдру прапалiў!
— Не вучы мяне жыць! — адрэзаў Анатоль. — Да мужчыны трэба прыстасоўвацца альбо кiдаць! Бачыш, што заснуў, - забяры цыгарэту! Бачыш, што не туды кiнуў, - падымi!
— Анатоль! Нi дня ў лесе! — упарцiўся Мiкола. — Ад музея архiтэктуры едзем у Койданава, потым аўтобусам у Баранавiчы i Слонiм. А ўжо пасля Жыровiч Вiшанька! Маршрут цiкавы, усе згодныя, не ламайся!
— Пайшлi, Галя! — крыкнуў Анатоль дзяўчыне, падаючы палiто. Тая паслухмяна апранулася, i яны выйшлi з пакойчыка, не развiтаўшыся.
…Дапiўшы гарбату, пайшоў у хуткiм часе i Сцяпан. Аленцы так хацелася, каб Антось пакiнуў яе з Мiколам адных, але Антось быццам i не разумеў трынкаў на сваёй гiтары, моршчыў нос i нешта мармытаў.
— Мiкола, я даўно хачу навучыцца iграць на гiтары, — звярнулася да хлопца Аленка. — Парай, калi ласка, якую лепш гiтару купiць.
— Гледзячы колькi ў цябе грошай, — абыякава адказаў той, не адрываючы погляду ад карты, на якой адзначаў маршрут.
— А як ты думаеш, мне лепш пайсцi на курсы цi можна самой навучыцца iграць?
— На чым? — неўразумелымi вачыма глянуў на яе Мiкола i пазяхнуў.
— На гiтары, — расчаравана i безнадзейна мовiла Аленка.
— А-а! На гiтары? — усмiхнуўся той. — Эй, Антось, чаго сядзiш як пень? аглянуўся на сябра. — Навучы дзяўчыну iграць на гiтары!
— З задавальненнем! — падняўся той з ложка i глянуў на гадзiннiк. — Ой, Аленачка, ужо познi час! Зараз вахцёр пастукае ў дзверы…
— Прабачце! Да пабачэння! — засаромелася Аленка i выйшла з пакойчыка.
На душы было цяжка i крыўдна.
— Ну што вы падаеце на мяне? — незадаволена ўскрыкнула жанчына на задняй пляцоўцы аўтобуса.
Аленцы падаўся знаёмым голас. Але яна не азiрнулася. Засяроджана глядзела ў акно. "Зараз загадаю на нумар машыны, — падумала яна, — калi будзе апошняя лiчба няцотная ў нумары, што абгонiць нас, то Мiкола пакахае мяне".
Аўтобус абагналi «Жыгулi» 15–40 МIГ. "Ай, цотны лiк! — расчаравалася Аленка. — Загадаю iнакш. Калi нас абгонiць машына чырвонага колеру — Мiкола пакахае мяне!"
Аўтобус запынiўся на перакрыжаваннi. Аленка лiхаманкава шукала позiркам чырвоную машыну. "Ёсць! — амаль падскочыла ад радасцi. — Побач з намi! Родненькая, чырвоненькая!"
Аўтобус замарудзiў, калi загарэлася зялёнае святло. Чырвоная легкавушка вырвалася наперад. "Ура! Малайчына! Значыць, Мiкола пакахае мяне! Малайчына, ма-шы-нач-ка!" — затрапятала сэрца ў Аленкi.
— Не дыхайце мне ў твар! — крыкнула жанчына на задняй пляцоўцы.
— Вас жа не чапаюць, чаго вы? — заўважыў нехта.