Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:

— Чым табе спадабаўся Дуброўскi? — здзiвiлася Аленка.

— А хiба ты сляпая? — усклiкнула Iрэна. — Адна толькi ты сляпая, бо ў свайго дурня Мiколу закахалася! Дуброўскi — мужчына з шармам, старэйшы за мяне, а значыць, мудры, спагадлiвы, разумны! Хiба твой летуценнiк Мiкола раўня яму?

— Лепшага за Мiколу нiкога няма, — адказала Аленка. — Ён прыгожы, рослы, вясёлы… А як iграе на гiтары, складае вершы!..

— Не для цябе ён, Аленка! Ён — пусты, павер мне, пусты! Не вер бутафорыi, знешнасцi, згадай паэта: "Так что же есть такое красота и для чего ее обожествляют люди? Сосуд она, в котором пустота,

или огонь, мерцающий в сосуде?" А Дуброўскi — агонь!..

— Навошта ж табе тады Сцяпан, гэты бугай калгасны? Прага да цела пройдзе, i вы застаняцеся чужымi. Самае страшнае — пражыць свой век з чужым чалавекам! Ты адна там будзеш, як сасна на Поўначы, сасна, якая любiць сонца… Табе патрэбна залатая аправа, Iрэначка!..

Але сяброўка ўпарта скрывiла вусны, цмокнула Аленку ў шчаку на развiтанне i пабегла да Сцяпана, якi чакаў яе на ўзлеску, трымаючы ў руцэ два заплечнiкi.

IV

Марусi снiўся гэты сон ужо не першы раз. Яна нават у сне ўспомнiла, што бачыла ўжо гэтага хлапчука — ён бег да яе, i ў яго былi такiя прыгожыя блакiтныя вочы. Ён называў яе мамай…

Зазванiў будзiльнiк, i Маруся прачнулася, доўга ляжала пад коўдрай, не хацела праганяць тую асалоду, якую адчувала ў сне, калi ўзяла малога на рукi. Але час быў iсцi на працу. Работа мазаiчнiцай ёй падабалася. Маруся ўстала з ложка, хуценька апранулася. Баба Саша, Сашуля, як ласкава называлi яе суседкi, хударлявая, сярэдняга росту, з круглым акуратным ротам, вакол якога сабiралiся маршчынкi, i маленькiмi спагадлiвымi вачыма, паставiла на стол яечню i падала аладкi. На сцяне цiкаў маятнiкам гадзiннiк, на цыферблаце была выява медзведзянятак, якiя гулялi ў лесе ля паваленага дрэва. Заўважыўшы Марусiн позiрк, бабулька вымавiла:

— Усе нашы продкi, Анiскаўцы, былi бортнiкамi i пчалярамi. Бацька мой, Мiхей, любiў па лесе хадзiць, рой шукаць. Была ў яго свая любiмая палянка, Медунiцаю назваў яе. Да яго выпаўзаў там вожык, нюхаў руку i частаваўся са сподачка. Аднойчы бацька падгледзеў, як мядзведзiца малых у рэчцы купала схопiць зубамi за грыўку, акуне — i на бераг. А яны пiшчаць, балуюцца, бы дзецi! Дык бацька на памяць пра тую сустрэчу вось гэтыя ходзiкi i купiў ды мне падарыў, як замуж iшла…

Бабулька паглядзела на гадзiннiк, выцерла далонню вочы. Маруся села за стол, побач, на шырокую канапу прымасцiлася i баба Саша. Пачалi снедаць. Гледзячы ў акно, старая ўскрыкнула:

— Глянь, вунь на панадворку ўнук Уладыморыкаў! Во дзе добры кавалер табе быў бы, i гадамi падыходзiць, праўда, крыху старэйшы за цябе, яму каля сарака ўжо. Не жанiўся, усё, як гэта кажуць, кар'еру рабiў…

Маруся зiрнула ў акно i засмяялася:

— Дык я ж яго ведаю! Гэта мой начальнiк ранейшы… Ён надта сур'ёзны. Яму панi падавай…

— Можа, й так, — пагадзiлася бабка, — у Гданьску ж радня ў яго аб'явiлася. I маёнтак гэты на яго запiсалi. Прыязджалi нейкiя вучоныя, тыя, што пад зямлёю лазяць, шукалi нешта, мо скарб якi…

— Вы ж чулi паданне пра князя Вiтаўта i Дарыну? Дык тут недзе павiнен знаходзiцца яе маёнтак, кажуць, там, дзе расце дзiкая мальва, у лесе. У падзямеллi маёнтка Дарыны знаходзiцца Блакiтны пакойчык. У iм — кубак князя Вiтаўта. Хто адкрые кубак — знiшчыць Чорную здань…

— Ды казкi ўсё гэта, — адмахнулася

бабка, — нiчога ў тым кубку нямашака.

Маруся пачала апранацца на працу.

— Дык свята ж сёння — нядзеля, — заўважыла старая. — Выхадны ж у вас!

— Заўтра прыязджае начальнiк самы галоўны, правяраць, як iдзе рэстаўрацыя маёнтка, хачу адну справу закончыць! — адказала Маруся i заспяшалася з хаты.

Сонца моцна прыпякала ў спiну. Маруся, не зважаючы на спякоту, завязала валасы касынкай i выкладвала мазаiку на другiм паверсе маёнтка. Казачныя кветкi, жар-птушка i мора — сюжэт прыдумала сама. Так захапiлася работай, што не заўважыла, як нехта цiха падняўся па прыступках, запынiўся на пляцоўцы i назiрае за ёю. Азiрнулася i ўбачыла мужчыну, апранутага ў джынсы i белую спартовую майку.

— Гэта вы? — усмiхнулася, пазнаўшы Дуброўскага.

— Вось i сустрэлiся, — засмяяўся Дуброўскi. — Добрай ранiцы вам!

— I вам таксама, — Маруся зняла касынку.

— А мы з вамi, аказваецца, жывём па суседству, — зазначыў Дуброўскi i працягнуў ёй у далонi ягады. — Частуйцеся, тут, вакол маёнтка, столькi дзiкiх малiнаў…

Маруся ўсмiхнулася, падзякавала i ўзяла ягады.

Дуброўскi прысеў поруч, глянуў удалячынь, на зiхоткую, у сонечных промнях рэчку, кiнуў туды галавою:

— Турысты палаткi раскiнулi! Цi не тыя гэта, з якiмi я ў Нiзку сустракаўся?

— Былi ў маёнтку Якуба? — пацiкавiлася Маруся. — А я так нi разу там i не пабыла, а марыла…

— Я магу ўзяць вас з сабою, як паеду туды па справах рэстаўрацыi…

— Дзякую, — узрадавалася дзяўчына. — А ёсць магчымасць рэстаўрыраваць маёнтак Якуба, знаходзяцца спонсары?

— Усё пакуль у планах, — уздыхнуў Дуброўскi.

Маруся падышла да аконнага праёма, задумалася.

Дуброўскi агледзеў сцяну з мазаiчнымi ўзорамi, пацiкавiўся, хто прыдумаў сюжэт.

— Сама, — адказала Маруся. — Люблю творчую працу.

— Вам падабалася ваша праца ў праектным аддзеле? — пацiкавiўся ён.

— Вядома, — з сумам адказала Маруся. — Столькi задум, iдэй, цудоўны калектыў, i раптам — усё, скарацiлi…

— Так, — задумлiва прамовiў Дуброўскi, — калi вы марыце пра кар'еру, вам трэба працаваць па сваёй спецыяльнасцi.

— Вельмi цiкава! — адказала Маруся. — Пра кар'еру — мару.

— Заходзьце да мяне. Да дзеда Ўладыморыка. Сёння вечарам.

Маруся застыла ад нечаканай прапановы, але згодна кiўнула галавою. Дуброўскi пачаў спускацца ўнiз па лесвiцы. I тады яна ўспомнiла: гэта ж ён i ёсць тое начальства, якое "прыязджае заўтра"! Гэта ж ён дырэктар рэстаўрацыйна-будаўнiчай фiрмы, фiрмы, у якой яна працуе! Фiрмы, якая рэстаўрыруе ягоны фамiльны маёнтак у Вiшаньцы i плануе рэстаўрацыю маёнтка Якуба!

Маруся прысела на камень. Рукi яе апусцiлiся. Хацелася плакаць. "Я сказала яму пра кар'еру, — падумала яна, — i ён запрасiў мяне да сябе!.." Дуброўскi, Вайдаш Дуброўскi. Як яна магла забыцца, што гэтае прозвiшча стаяла на ўсiх фiрменных бланках! Ён зноў яе начальнiк, а яна з iм — пра кар'еру! Быццам сама напрасiлася… да яго ў хату!

* * *

— Мiкола, а чаму гэтыя дробныя чырвоныя кветачкi ў траве завуцца мацярынкай? — дагнала хлопца Аленка.

Хмызняк застаўся ззаду, пайшоў роўны дол, парослы гусiнымi лапкамi i мацярдушкай.

Поделиться с друзьями: