Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
— Вы — цудоўны чалавек, — сказаў Дуброўскi, усмiхнуўшыся. — Ведаеце, калi мы яшчэ працавалi ў «Менскбудпраекце», неяк разам з паперамi вы аддалi мне чарнавiк нейкага пiсьма…
Вусны ў Марусi перасохлi ад нечаканасцi: няўжо пiсьмо да Анатоля, але ж яна яму не пiсала?!.
— Пiсьмо Дарыны да Вiтаўта, — цёплыя, арэхавага колеру вочы Дуброўскага глядзелi на яе з зацiкаўленасцю. — Я ведаў гэтую гiсторыю кахання. А вас яна, напэўна, моцна ўразiла, калi пiсьмо гэта вы напiсалi на адваротным баку праекта…
— Студэнцкая звычка, — засмяялася Маруся, — студэнцкая
— Вы марылi пра рамантычнае каханне, уяўлялi сябе ў мiнулым князёўнай? твар Дуброўскага асвятлiла па-сяброўску шчырая ўсмешка.
— Не, — суха адказала Маруся. — Я не рамантык i рамантыкаў не люблю!
— Таму, што самi пакутавалi ад няздзейсненых мараў?
— Вы памыляецеся, — цвёрда адказала Маруся.
— Можа, i так, — пагадзiўся Дуброўскi. — Але я хацеў бы пачуць з вашых вуснаў пiсьмо Дарыны да Вiтаўта. Прачытайце мне яго сёння вечарам, у маёнтку. Я буду чакаць вас у адзiнаццаць гадзiн, — ён дакрануўся да рукi Марусi.
— Добра, — адказала яна i пайшла ад яго.
— Усе ў кучу, у кучу! — смяяўся Мiкола. — Аленка, наразай хлеб, а я сала. Гурочкi салёныя парэжа, раскладзе Галя! Дзяўчаткi, спрытней! Антось, ты паклiкаў Вайдаша?
— Я схаджу! — усхапiлася Галя.
— Сядзi! — сурова глянуў на яе Анатоль. — Антось пойдзе!
Галя скрывiлася, цяжка ўздыхнула i пачала наразаць гуркi.
— Мiкола, ты нарваў зялёнай цыбулi ў бацькi? — папытаўся Анатоль у хлопца. — I каб сёння ж iшоў да бацькi касiць сена!
— Я ж у паходзе! — заявiў той.
— У лагеры застаёмся я i Антось, — цвёрда вымавiў Анатоль, — Галя дапамагае сваёй мацi, Аленка — бабцы Сашы. Усе павiнны быць занятыя. Пасля абеду я iду па экскаватар, я i Антось… Вы ж усе заявiцеся да маёнтка, калi дапаможаце людзям. Турысты павiнны не толькi выконваць нарматывы кiламетражу, любавацца прыродаю, але i прыносiць карысць!
— Малайчына! — засмяялася Аленка. — Сапраўдны кiраўнiк паходу!
Яна працягнула яму кубак з квасам i азiрнулася. Да iх накiроўваўся Дуброўскi з Антосем.
— Невыпадкова нашы маршруты перакрыжоўваюцца! — гарэзлiва засмяяўся Дуброўскi, прывiтаўшыся з усiмi. — Няйнакш, хлопцы, мы адно i тое шукаем… Што вас прывяло ў Вiшаньку?
Ён прысеў на траву. Галя па-свойску прымасцiлася побач i падала яму акраец хлеба.
— Блакiтны пакойчык шукаем, — сказаў Мiкола, — кубак жалезны. Здаецца, на падзямелле натрапiлi. Там вялiкi завал, але мы крыху пакапаем, палазiм…
— На даследаваннi патрэбны дазвол, — адказаў Дуброўскi, — па падзямеллях лазiць небяспечна…
— А хто будзе ведаць? — весела адзначыў Мiкола.
— Зямля належыць мне, — нечакана папярэдзiў Дуброўскi. — Мой маёнтак злучаецца падземным ходам з гэтым маёнткам, дарэчы, з рэшткамi так званага маёнтка Дарыны, якi знаходзiцца на маёй зямлi…
— Ну i капiталiст! — узлаваўся Анатоль. — Няўжо ж вы не дазволiце маiм хлопцам палазiць па падзямеллi, хiба што самi там скарб шукаеце?
— Гэта небяспечна, паўтараю! — строга адказаў Дуброўскi. — А скарбаў тут нiякiх няма. Будуецца дзiцячы санаторый, зямля добраўпарадкоўваецца
для дзiцячых пляцовак, аднаўляецца храм, якi быў пабудаваны на сродкi маiх родзiчаў. Таму не пажадана, каб тут праводзiлiся нейкiя iншыя работы.— Ваш санаторый толькi для адводу вачэй, — скрывiўся Анатоль, — а самi камерцыяй займаецеся! Не веру я ў вашу мiласэрнасць, кожны заднюю думку мае сябе хоча праславiць!
— Ды як ты можаш? — падхапiўся Антось. Ягоныя сiнiя вочы спахмурнелi, твар залiўся чырванню. — Па сабе раўняеш? Пустаслоў: "мацi шкадую, мацi шкадую", а як адпачынак атрымаў — у паход пайшоў! Галя яшчэ жонкай не стала, а яе ў вёску да сваёй мацi прэш, каб дапамагала, рабыню знайшоў! А ты, — ткнуў пальцам у дзяўчыну, — бегаеш за iм, як дурнiца!
Галя аж выпусцiла гурок з рукi. Дуброўскi падняўся, падзякаваў за абед. Аленка дагнала яго, запынiла сярод высокай няскошанай травы.
— Прабачце, калi ласка, маiм сябрам! — сказала з хваляваннем.
Да iх спяшалiся астатнiя, акрамя Анатоля. Дуброўскi, агледзеўшы ўсiх, усмiхнуўся:
— Я не крыўдую. Усю гiсторыю чалавецтва суправаджае зайздрасць. Дурнi зайздросцяць разумным, а гультаi — багатым.
— А што ж я табе параю, донечка? — з мяккай, прыветнай усмешкай адказала бабка Саша, гледзячы на Галю. — Адзiн цябе бярэ, другi не бярэ, але замуж не раiць… Можа, сам хоча цябе ўзяць?
Бабка сыпанула куранятам жменю проса. Цёмныя, загарэлыя ногi з пакручанымi пальцамi грэлiся ў жоўтым гарачым пяску. На каленях у бабкi ляжаў шэры каток. Галя нецярплiва церабiла падол спаднiцы.
— А мо паварожыце? — папыталася ў бабкi.
— Спалiла я свае карты, — адмахнулася тая. — Хто варожыць, той у пекла трапляе, — паправiла касынку. — А ты, Галечка, ужо з мацi работу справiла? Не пойдзеш у лес, там нешта капаюць хлопцы рыдлёўкамi?
— Няхай сабе капаюць! — надзьмула вусны Галя. — Вайдаш экскаватар забаранiў… А я з Анатолем пасварылася, бо той Вайдаша аблаяў. Аленка яму рубашкi ў палатку занясе, як сена ваша з Марусяй зграбуць…
— Дык Маруся ўжо дома, — паведамiла бабка, — спiць, бо вечарам, сказала, некуды пойдзе…
— Да Анатоля, куды ж яшчэ! — раззлавалася Галя i нервова сарвала зялёны сцеблiк травы. — Ну, не! Я таксама надвячоркам да палатак пайду, вось i сустрэнемся!
Галя яшчэ крышку пастаяла, а потым, сказаўшы бабцы «дабранач», выйшла на вулiцу. Ля варот Мiколавай хаты ўбачыла Аленку.
— Галя, пайшлi ў госцi да свёкра майго! — гарэзлiва паклiкала Аленка i адчынiла дзверцы.
Галя ўбегла следам.
— А якiя яблыкi ў свёкра! — смяялася Аленка. — А дзе ж ён сам?
На парог выйшаў гаспадар.
— Добры дзень, дзядзька! — павiталiся дзяўчаты.
— Добры, добры! — закiваў той галавою. — А я пазнаў вас, памятаю, як зiмою па яблыкi прыходзiлi квашаныя…
— А цяпер вось па свежыя прыйшлi! — засмяялася Аленка.
Дзядзька Адась запрасiў гасцей у хату. Паставiў на стол мiску з мёдам.
— Вось гэта смаката! — аблiзнулася Аленка, набiраючы поўную лыжку. — А дзе ж ваш Мiкола?