Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
Пышныя кучаравыя валасы яе ў святле каляровых лiхтароў дыскатэкi адлiвалi блакiтным святлом. Танюткая талiя перацiснута блiскучым поясам. Жоўтая сукенка пералiвалася то малiнавым, то аранжавым адценнем.
— Гэта мая мара! — усклiкнуў Мiкола i заспяшаўся да яе.
Але ў гэты момант яму перайшоў дарогу высокi юнак, чарнявы, з чубам, зачасаным набок.
— Алесiк! — уклiкнула дзяўчына. — Ты не забыў мяне?
— Патанцуем, Гайва! — усмiхнуўся той, i дзяўчына, усмiхаючыся, павяла яго ў круг.
Мiкола аж заскрыпеў зубамi.
— Усё роўна адаб'ю! — цвёрда сказаў ён, гледзячы на Антося.
Сябар
Галя сядзела побач з Аленкай i ўвесь час азiралася, калi хто заходзiў у клуб.
— Каго ты там выглядваеш? — пацiкавiлася Аленка. — Анатоль усё роўна застаўся ў лагеры.
— Я ж табе даверылася: Вайдаша кахаю!
— Дарэмна гэта…
— Ну чаму дарэмна? Калi ён сказаў мне: не выходзь замуж, значыць, хоча, каб я пасталела, а тады мяне возьме! Нават дзядзька Адась так казаў! А чаму Вайдаш гаварыў мне: не iдзi замуж? Значыць, меў нешта такое…
— Я i Маруся таксама табе кажам: не iдзi! Але ж мы не маем «нешта», проста па-сяброўску раiм. Вось i Вайдаш табе па-сяброўску раiць!
— Маруся кахае Анатоля, таму i кажа! — аж падскочыла Галя.
— А я ж не кахаю Анатоля!
— Затое ты Вайдаша кахаеш! — заключыла Галя. — Бачыла, як ты плакала, калi ён да нас у лагер прыходзiў…
— Ды мне туш у вочы трапiла, вочы размазала… — пачала апраўдвацца Аленка. — У Вайдаша ёсць нявеста, ён — князь, i яна — князёўна, — схлусiла Аленка. — Як ты не разумееш, што ён з табою нiколi не ажэнiцца! Яму патрэбен жораў у небе, а не сiнiца ў руках.
— Дык я, па-твойму, — сiнiца? — раззлавалася Галя.
— Ён ажэнiцца па разлiку, — растлумачыла Аленка, — усе князi, каралi жэняцца па разлiку. I выкiнь яго з галавы!
— Значыць, за Анатоля iсцi? — не разумела Галя.
— I за Анатоля не iдзi, i на Вайдаша не спадзявайся! — уздыхнула Аленка i замахала перад сабою насоўкай. — Працуй, рабi кар'еру, разумней! Уф! Я хутка тут з табою здурнею!
Яна паднялася i накiравалася да выхаду. За ўвесь час танцаў Аленку так нiхто i не запрасiў. "Няўжо гэта праўда, што я нiкому не патрэбная?" падумала яна.
З боку вёскi паказалася чорная хмара. Падзьмуў вецер, зашамацелi, загайдалiся верхавiны дрэваў, паднялiся ў паветра сухiя лiсты, галiнкi, сыпанулi ў твар Анатолю. Ён закрыўся рукавом штармоўкi.
— Ну, што назбiраў грыбоў для будучай жонкi? — аклiкнуў яго вясёлы дзявочы голас.
Азiрнуўся: у жоўтым спартовым касцюме i з кошыкам стаяла ля яго i ўсмiхалася Маруся.
— Садзiся, падвязу! — саскокваючы з ровара, узрадаваўся Анатоль. — Садзiся наперад, а то дождж хутка будзе! Ведаеш, у мяне з Галяй — усё! Яна на шыю гэтаму панiчу вешаецца!
— Дуброўскаму? — здзiвiлася Маруся. — Што ў iх агульнага?
— А ты ў яго спытай! — незадаволена буркнуў Анатоль, падсаджваючы Марусю на раму. — Малалетак кадрыць, i ўсё! Iрэна памяшалася, да яго ў машыну голая хадзiла, Аленка нешта плача…
— Можа, яна з-за Мiколы? — абазвалася Маруся. — Ён жа ўжо Гайву кадрыць…
— Ды не з-за Мiколы! — павысiў голас Анатоль. — Яна Мiколу ўсё даруе. А тут, надысь, князь гэты заяўляецца, рыбу вудзiць. Сядзiм утрох: я, Антосiк i ён, гад! Аленка падышла, павiталася, а ён сядзiць i глядзiць на яе, сядзiць i глядзiць, дык яна сваю
вуду кiнула, заплакала i пайшла!— Няўжо заплакала? — не паверыла Маруся.
— Ля мяне ж сядзела, бачыў… А Галя казала, што калi зiмою Аленка прыязджала да яе, то Дуброўскi гэты на танцах кадрыўся да Аленкi. А што там было потым, хто ведае, можа, у Менску стрэлку накiнуў… Сустракалiся, можа… Невядома яшчэ, ад каго яна аборт рабiла, ад яго цi ад Мiколы…
— Стой! — закрычала Маруся. — Што за плёткi?
I саскочыла з ровара. Анатоль паставiў ровар да дрэва. Буйныя кроплi дажджу ўпалi Марусi на шчокi i нос, пасыпалiся на валасы. Анатоль абхапiў Марусю, затулiў у сваю штармоўку i горача зашаптаў:
— Успомнi, як усё было ў Менску? Я прынёс табе эдэльвейсы, а ты гаворыш: застанься!.. Якi я дурны быў! Я гатовы застацца з табою назаўсёды! Ты разумная, з табою не сорамна ў кампанii, ты не гаворыш глупстваў. Ты добра гатуеш, да такой жонкi не сорамна i сяброў пасля паходу запрасiць! I размаўляць з табою цiкава. А да мацi маёй паедзеш — не нахвалiцца табою, бо ты i грады выпалеш, i карову падоiш! I з паходу мяне чакаць будзеш! Маруся, выходзь за мяне замуж!
Ён памкнуўся пацалаваць яе, але тая адхiлiлася i гарэзлiва спытала:
— А мяне ў паходы браць будзеш? На турзлёты будзеш пускаць?
— Маруся, якiя паходы, турзлёты ў тваiм узросце?
— Дык што я табе, баба старая? — раззлавалася Маруся i адпiхнула яго ад сябе.
Ён упаў, падняўся i пачаў апраўдвацца:
— Маруся, я пра здароўе тваё клапачуся… Табе i без паходаў работы ў хаце хопiць!
— А дзецi? Ты хочаш дзяцей?
— Маруся, калi ты мяне кахаеш, то зразумееш: адна турыстычная спартовая пуцёўка на Камчатку ў паход пятай катэгорыi больш за сто даляраў каштуе. А мне пазарэз трэба гэты паход, я майстрам спорту стаць хачу! Пра якiх дзяцей можа быць гаворка, каб самiм пракармiцца неяк ды мне на пуцёўку сабраць… А ты ў Дуброўскага ў фiрме мазаiчнiцай такiя даляры заграбаць будзеш — я ўвесь свет змагу пабачыць!
— А я? — упарта дапытвалася Маруся.
— Жанчына, калi кахае, на ўсе ахвяры пойдзе…
— А вось гэтага не хочаш? — Маруся сунула яму пад нос вялiкi кукiш. — На, вось табе, з маслам!..
I пабегла ад яго пад пралiўным дажджом, паставiўшы на галаву кошык.
— Дзед Уладыморык, — ветлiва ўсмiхнуўся Мiкола, — вось прыйшоў паданне запiсаць. Пра Тарфянога аленя, як абяцалi…
— Заходзь, заходзь, — запрасiў той у хату. — I дажджу не пабаяўся!
Дзед правёў яго ў прасторную, вялiкую хату з пабеленай печчу. Паказаў рукою на канапу. Узяў са стала мiсу з яблыкамi i падаў хлопцу:
— Частуйся! Можа, гарбаткi вып'еш? Прамок жа…
— Не, дзякую! — адмовiўся Мiкола. — А вы адзiн у хаце? Дзе ваша ўнучка Гайва?
— Я тут! — выглянула з другога пакойчыка прыгожая дзяўчына ў спартовым касцюме, з распушчанымi валасамi. — А я вас памятаю… Вы — сын дзядзькi Адася, у якога смачныя мочаныя яблыкi!
I засмяялася.
— Гайва! Як ты вырасла! — усмiхнуўся Мiкола. — А я ж цябе ў клубе не пазнаў! I зараўнаваў, калi ты з Алесiкам танцаваць пайшла! Навошта табе той Алесiк, вунь якi шрам у яго праз увесь твар, а ты — прыгажунечка! Табе прынц патрэбны.