Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:

… Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.

— Такая традыцыя, — растлумачыў Вайдаш. — Як помнiк мiнулага…

У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным — астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.

— Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, — заключыў Вайдаш.

Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка,

якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме — выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.

— Вось i закончылася падарожжа, — усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. — Глядзi, хто спяшаецца да нас!

Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.

— Я больш за ўсё люблю такiх сабак, — сказала яна, — такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!

— Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, — усмiхнуўся Вайдаш. — Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла…

Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака…

Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: "На Пакровы дай сена карове", гэта каб былi сытыя ўвесь год.

А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.

— Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! — буркнула яна. — Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!

Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.

— Праклiнаю вашу вёску! — закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. — Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!

— А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, — параiла свякруха, — Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты — здыхля!

— Калi ўжо гэта скончыцца: "конь, конь"? — раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. — Пайшлi вы ўсе ў ж…у!

— Во, бешаная! — ускочыла свякруха. — Сцяпан! Паганяй жонку!

Той узяў пугу i пабег за Iрэнай,

якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.

— А Верка з Надзькай паедзе? — спытала ў мужа.

— Няма калi, кажуць, — адказаў той.

— Бляха, галава пухне, — паскардзiўся Сцяпан, — бацька, дасi грошай на пiва?

— Ты ж матцы свае грошы аддаеш, — адказаў той.

— Якiя яны мае? — пацiснуў плячыма Сцяпан. — Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна — галоўная!

— Слава Богу, — абазвалася тая, — а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!

На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.

— У цябе што, туфляў няма? — здзiвiлася Iрэна.

— Што я — дурная, такiя дарагiя купляць? — адказала Гельтруда.

— Яна дзеўка эканомная, — падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?

— Не, — адказала тая. — Яна з вёскi нiкуды не хоча ехаць. Мне ўсе грады за лета выпалала, па чатыры разы палола, кароў даiла, свiням ахрап'е з поля носiць… Конь, а не дзяўчына!

— Вось некаму шчасце будзе, — уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, — а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!

— Як жыццё, Сцяпан? — таўханула яго ў бок Гельтруда. — Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!

— Праўда? — ажывiўся той. — Налiвай!

Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.

— Мне пакiнь крыху! — азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.

— Во добрая дзеўка! — шапнула свякруха цётцы Хiме. — Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не…

— Мо шчэ возьме! — абнадзеiла яе Хiма.

— Тамарка! — крыкнула Гельтруда. — Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!

— Гэлька праўду кажа! — абняў яе выпiты Сцяпан. — Гэлька — конь! Добрая жонка будзе!

— I ты, як матка: "конь, конь"! — раззлавалася Iрэна. — Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!

…Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:

— Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак… I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..

…Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.

— Навошта вам гэтулькi варэння? — нервавалася Iрэна. — Леташняе засталося — не паелi!

— Што ты ў нашым жыццi разумееш! — буркнула свякруха. — Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка — наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць — налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!

Поделиться с друзьями: