Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
Маруся абмакнула гарачыя вусны ў халоднае кiсла-церпкае вiно. Вайдаш з замiлаваннем пазiраў на яе.
— Якая ты прыгожая, — прашаптаў ён, — шчокi пылаюць агнём, рабiнавым агнём…
— Уся ваша Нiца — гэта агонь рабiн, — адказала яна, — як сiмвал Нiцы… Рабiны ўздоўж дарог…
— Ты — багiня, — усмiхнуўся ёй Вайдаш i прытулiў да сябе. — Заўтра мы паедзем у Вiшаньку. Я ўладжу справы з маёнткам, а потым будзем падарожнiчаць па Польшчы… Я прыдумаў — мы адправiмся на роварах да мястэчка, дзе жыве мая далёкая родзiчка.
— З Беларусi — на роварах? — засмяялася Маруся.
— Вядома,
— Я згодна- люблю ўсё неардынарнае i незвычайнае…
Яна паклала сваю галаву яму на плячо. Яе валасы рассыпалiся па падушцы.
— Мне снiўся сон, што я была рабыней i працавала на плантацыi, — прамовiла Маруся. — Ува мне заўсёды нейкi страх жыў перад вялiкiм полем. Памятаю, калi нас ганялi на буракi, я стала ля свайго радка i не ўбачыла яго канца — далей быў небасхiл, як бясконцасць. Страшная, якая страшная бясконцасць сама па сабе…
— Значыць, у мiнулым жыццi ты была нявольнiцай, — адказаў Вайдаш, — а ў гэтым — будзеш княгiняй…
— Я, напэўна, ужо была княгiняй, — засмяялася Маруся, — калi мне было сем год, мацi сказала: выйдзеш замуж, то трэба i тое i гэта рабiць, а я вельмi здзiвiлася i падумала: а што тады будуць рабiць слугi?
Вайдаш засмяяўся.
— Дзецi да сямi год памятаюць сваё мiнулае жыццё, — сказаў ён. — Значыць, ты была княгiняй, а потым трапiла ў няволю…
— А кiм быў ты?
— Манахам, — адказаў Вайдаш, — але, мусiць, эгаiстам, малiўся для сябе, i ўсё. Таму Бог даў мне багацце для таго, каб я заняўся дабрачыннасцю.
— Ты ж не любiш бедных, — сумелася Маруся.
— Я не люблю iх за нахабнасць, — цвёрда сказаў ён. — Раз што-небудзь дасi — не адчэпяцца, патрабаваць будуць!
Маруся прытулiлася да ягонай шчакi вуснамi i прашаптала:
— Прабач, цяпер я буду заўсёды цябе слухацца…
Ярка мiгалi зоркi на начным небе. Вакол месяца вiднелiся два цьмяныя чырвоныя абрысы. Iрэна глядзела на чырвонае вогнiшча ў грубцы. Чакала, пакуль зварыцца бульба. Дровы гарэлi з трэскам, моцна. Недзе здалёку чулася выццё не то ваўка, не то сабакi. На прыпечку, у цёплым месце, скруцiлася абаранкам кошка, прыкрыла мордачку лапай.
— Ой, мароз будзе! Бульбу не паспеем выкапаць, — закрахтала свякруха i бухнула на стол запацелы з холаду буталь гарэлкi.
Хлопцы кiнулiся да стала. Засквiрчэла на патэльнi сала.
— Налiвай, Цiмох, пакуль жонка не прыбегла! — засмяяўся Сцяпан, пацiраючы рукi.
— А твая што, нос верне? — кiўнуў Цiмох у бок Iрэны. — Прывыкла да гарадскога каньяку?
— Навошта мне ваша смярдзючая гарэлка? — адазвалася Iрэна.
— Ну, будзь, Сцяпан! — падмiгнуў Цiмох брату. — Нам болей застанецца!
I перакулiў чарку.
— Табе налiваць, Халiмонка? — засмяяўся Сцяпан, выпiўшы сваю чарку. — Цi як малодшаму не трэба?
— Хто малодшы? — працягнуў Халiмон. — Ты ж i ёсць малодшы, я — сярэднi.
— Малодшы таму, што апошнi ажанiўся! — зарагатаў Цiмох. — Твая яшчэ за табою бегае, не дае пiць, а Iрка Сцяпанава ўжо прывыкла, не крычыць!
— Я табе не Iрка, а Iрэна! — разгневана адказала тая.
— Iрэна — заднiца па калена! — зарагатаў Цiмох. — Прывыкай да нашай гаворкi: Iрка, Сцёпка, Цiмка i Халiмонка!
Iрэна,
узяўшы таз з гарачаю вадою, пайшла ў другi пакой.— Ай, хлопцы! — закрычаў Халiмон. — Жонкi нашы iдуць! Хавайце гарэлку! Мацi, на забяры!
Старая хуценька сунула пляшку пад фартух, а на парозе з'явiлiся дзве маладыя жанчыны.
— Мама! Вы зноў iх поiце! — закрычала старэйшая, у рванай сукенцы i кiрзавых ботах, чарнявая, з доўгiм носам.
— Баронь бог, Надзька!
— Знаю я ваша "баронь бог"! — адказала тая. — Цiмох! Дахаты! Я чатырох кароў выдаiла, а пятую не магу — ногi па калена ў г…не, iдзi гной выкiнь!
Той, уцягнуўшы шыю ў плечы, паплёўся за жонкай.
— Халiмонка, — цiха вымавiла другая маладзiца, прыгожанькая, з ружовымi шчочкамi, светлакосая, у чорнай з чырвонымi кветкамi хустцы. — Ты ж казаў, што не будзеш болей. Не кахаеш, значыць…
— Ай, Верка, прыдумала абы-што! — абняў жонку Халiмон. — Пайшлi спаць!
Сцяпан зарагатаў iм услед.
— Вох-вох! — завохкала старая ля печы, кiўнула ўбок пакоя, куды знiкла Iрэна з тазiкам. — Зноў мыецца на ноч твая чысцюля! З яе ж людзi смяюцца, у нас такога нiхто не робiць. Як вывесiць свае трусы на вяроўцы, дык сорам перад людзьмi — аж сем штук налiчыла. Нi адна мая нявестка так не робiць, адны-двое трусоў на перамену, ад банi да банi, тыдзень адны i носяць трусы! А гэтая? Ты ж на яе грошай не набярэшся, трусы купляючы! Iдзi скажы, каб апошнi раз такое было. Мыла трэба эканомiць, ваду з калодзезя носiм!
Сцяпан, смеючыся, пайшоў да жонкi.
— Што ты хочаш? — непрыветлiва сустрэла яго Iрэна. — Якi ты быў хлопец у горадзе: ветлiвы, акуратны! А зараз — брудны, адны трусы тыдзень носiш, на ноч не мыешся, мова не развiта, адны маты!
— А чаму я павiнен дома крыўляцца, як у горадзе? — здзiвiўся той. — Тут я дома, як рыба ў вадзе! На якi хрэн мне твая ветлiвасць? Хопiць, што ногi на ноч мыю, а каб хлопцы ўбачылi, што яшчэ i трусы мяняю, як ты, то засмяялi б, як цябе! Каб больш не мылася, мацi сказала!
— Пайшоў ты! — буркнула Iрэна.
— Ды смяюцца з цябе ўсе! — пачаў лаяцца падпiты Сцяпан. — Сядзеш есцi "дайце, калi ласка", «дзякую», "прабачце"! Будзь прасцей, паеў ды пайшоў працай займацца, а то на тваю ветлiвасць толькi час дарэмна трацiцца!
Сцяпан плюнуў i выйшаў з пакойчыка.
Да Iрэны падсела Тамарка.
— Глядзi! — паказала ёй чорную кнiгу, на якой вялiкiмi лiтарамi было напiсана Бiблiя. — Гэта ж наш бацюшка мне падарыў!
— Зноў па святарах бегаеш! — увайшла ў пакой мацi. — Гультаi яны ўсе! Бач, колькi зямлi маюць!
— У нашага бацюшкi сямёра дзяцей, яму ж трэба iх кармiць, вучыць, у людзi выводзiць! — заступiлася Тамарка. — А ў ксяндза няма сям'i, яму прасцей…
— Дзе грошы брала на кнiгу? — закрычала мацi.
— Ён мне так падарыў. Я сказала, што ты не пускаеш мяне ў нядзельную школу, дык ён падарыў!
— Калi ты ўжо бегала туды? Можа, як я на базар ездзiла? Га? Ты да нашай Сонькi схадзiла, дапамагла ёй кароў падаiць цi ўжо забылася на сястру, як тая замуж выйшла? — пачала сварыцца мацi. — Самую нiхто не бярэ, дык ты сястры зайздросцiш?