Кветкi самотнай князёўны
Шрифт:
— Пляваць я хацела на вашу вёску, — засмяялася Iрэна. — У горадзе з мая месяца памiдоры былi, а цяпер яны — капейкi каштуюць, купляй колькi хочаш! А вы iшачыце i ўсё лета без памiдораў, восень на дварэ, а памiдоры зялёныя! Якi толк з вашай вёскi? Вёска толькi атупляе людзей, развiццё затарможана, дзецi вашы, як дурныя, iм нiчога не цiкава!..
— А што толку з вашых гурткоў, экскурсiй? Вось я нiдзе не была, i не цягне! Вырасла, працую, цяпер замуж трэба. Вось каб такога, як твой Сцяпан, прыгожага!
— Дык ён жа п'е! — не пагадзiлася Iрэна.
— Во якая дурная! — здзiвiлася Гельтруда. — Гэта ж добра! Налiла яму — усю работу табе
Гельтруда ўшчыпнула Iрэну за калена i подбежкам скiравала за стол, каб кульнуць чарку-другую.
…На небе роўным светам мiгалi зоркi. Iрэна апусцiлася на каленi i, пазiраючы ў неба, прашаптала:
— Божа! Ты пакараў мяне за грахi мае ў горадзе… Пакараў, скiнуўшы ў гэтае пекла. Ты праверыць хацеў, цi вытрымаю я, цi не зламлюся я, прыгажуня, якая так ганарылася сваiм целам, так пеставала яго, так марыла пра задавальненнi, каханне, прыгоды… Я зразумела ўсё. Ты адняў у мяне ўсё тое, што я мела ў горадзе, i я зразумела, што засталася без свайго цела з такою недасканалаю душою. Мне цяжка духоўна… Дапамажы мне выбрацца адсюль! Я хачу яшчэ раз вярнуцца ў горад, каб зразумець, наколькi цвёрдае маё рашэнне пайсцi тваiм шляхам, Госпадзi! Я не разумела Аленку, называла яе дзiвачкаю. Смяялася: "Як жа ты без мужчыны?" Цяпер трэба смяяцца з мяне… Дапамажы мне, Госпадзi, выстаяць, не зламацца тут, у гэтым пекле!..
Анатоль Хвашчэўскi пасля выхаду з бальнiцы незадаволены вярнуўся ў сваю кватэру. Куча вопраткi пасля чарговага паходу ажно засмярдзелася. Ён кiнуў яе ў ванну, а сам пачаў шнарыць у пошуках ежы. На стале ляжала заплесневелая скарынка хлеба. Адключаны халадзiльнiк быў пусты.
— Зараз! — раззлаваўся Анатоль. — Галя хоць бы баршчу якога зварыла! Дарэмна кiнуў яе, трэба жанiцца! Цяпер вось не жонка, а хвароба ў паход не пускае! Дэфармiруючы артроз, во зараза! Якi я цяпер хадок з такiмi нагамi?
Ён дастаў мазь i пачаў нацiраць суставы. Потым апрануў новы касцюм i падаўся да Галi ў iнтэрнат. Дзяўчына сустрэла яго сцiпла i ветлiва.
— Вось што! — уздыхнуўшы, прамовiў Анатоль. — Што было, тое сплыло! Пайшлi ў загс, Галя!
Дзяўчына замялася.
— Я толькi што развялася, — прамовiла яна. — З-за гэтага казла, Альберта, кар'еру страцiла. Цяпер другая замест мяне ў Польшчы працуе.
— Нiчога, — спачувальна сказаў Анатоль. — Са мною ўсё будзе добра. Будзем жыць у маёй кватэры. Будзеш чакаць мяне з паходаў. Мыць бялiзну, ежу рыхтаваць, усё цiха i спакойна будзе…
— Добра, — згадзiлася Галя. — Але я таксама буду наведваць турклуб i хадзiць у паходы!
Анатоль скрывiўся, але нiчога не адказаў. Яны выйшлi з iнтэрната i пакрочылi да загса. Па дарозе сустрэлiся з Мiколам. Ён iшоў побач з маладзенькаю дзяўчынаю, заклапочаны, пахмуры.
— Мiколка! Прывiтанне! — абняў яго Анатоль. — Як справы, можа, жэнiшся?
— Можа, — адказала за яго дзяўчына.
— Сцiхнi, Людка! — агрызнуўся на яе Мiкола. — Нарабiла спраў, цяпер мне вырашай iх!
— А што здарылася? — пацiкавiўся Анатоль. — Можа, я чым дапамагу?
— О! Точна! — загарэлiся вочы ў Мiколы. — Твая ж сястра ў судмедэкспертызе працуе! Трэба медыцынская дапамога!
— Яна ж санiтарка, — працягнуў Анатоль.
— Нiчога, — махнуў рукою Мiкола. — Папрасi яе, сябра, каб таблеткi ад цяжарнасцi дастала! Людцы трэба!
— Яна такiмi справамi не займаецца! — строга адказаў Анатоль. — Схадзiце лепш да доктара!
— Здрасьце! — пакрыўдзiўся Мiкола. — Я на тым тыднi Ларыску вадзiў, колькi грошай за аборт выклаў,
а тут — зноў? Дзе я грошай набяруся?— Дык жанiся на Людзе! — параiла Галя.
— Сцiхнi! — кiнуў ёй Мiкола i звярнуўся да сваёй сяброўкi: — Слухай, мiлая, з'ездзi ты ў вёску сваю, няхай твая мацi грошай дасць, а я цябе адвяду да доктара! Толькi не хiмiч! Адна такая ўжо нарадзiла ад мяне, калi я служыў у войску, а другая — тут, у Менску! I нiкога я не ўзяў! I цябе не вазьму!
Ён уздыхнуў.
— Самi ж на мяне вешаюцца, Анатоль! — паскардзiўся. — Працую на маршруце, а яны стануць ля кабiны i вочкi строяць! Дык што мне рабiць — не праходзiць жа мiма! I яшчэ, сучкi, падманваюць, каб зацяжараць ды замуж! Памяшалiся на гэтым замужжы!
— А мы вось у загс iдзём! — паведамiла Галя.
— Ну й дурнi! — буркнуў Мiкола, схапiў сваю сяброўку за рукаў i пацягнуў у бок палiклiнiкi.
Зоська была зачаравана Санкт-Пецярбургам. Яна прыехала сюды за тыдзень да заняткаў, раззнаёмiлася са студэнтамi свайго i другiх факультэтаў. Зоська лiчыла, што завочна вучыцца — дарэмна час трацiць, i паступiла на дзённае. Вядома, калi з'явiлася на факультэце акеаналогii i ўбачыла там Алеся, i выгляду не падала, што дзеля яго сюды i паступiла. Хаця на самай справе не толькi дзеля яго, а i дзеля таго, каб пабачыць свет. Жыццё даецца адзiн раз! Марнаваць яго ў вёсцы не хацелася, там яна толькi тупела. Алесь прыветлiва ўсмiхнуўся ёй i запрасiў на студэнцкую вечарыну.
…Высокi юнак у паласатай майцы кашлянуў у кулак i прадоўжыў аповяд:
— А ў Алжыры адна з мясцiн носiць назву "Цяснiна прывiдаў". Тут вельмi часта назiраюцца мiражы. Аднойчы я спынiўся пры ўваходзе ў цяснiну, сеў на камень. Раптам унiзе, метраў за пяцьдзесят ад мяне, я ўбачыў чалавека, якi таксама сядзеў на каменi. Калi я ўстаў — ён таксама. Калi я пайшоў да яго, i ён пайшоў да мяне. Калi ён падышоў блiжэй, то я, да майго здзiўлення, пазнаў у iм самога сябе. Я працягнуў да яго руку, хацеў памацаць, але ён знiк.
— Гэты вiд мiражу вядомы i на Жэнеўскiм возеры, у Швейцарыi, — усмiхнулася дзяўчына з доўгiмi завiткамi валасоў. — Такiя прывiды ўзнiкаюць таксама i ля моцна нагрэтых сцен. Сцяна тут з'яўляецца нiбы паверхняй зямлi. Паветраны слой, якi прылягае да яе, мацней нагрэты i больш разрэджаны, чым суседнi з iм слой паветра. Мяжа памiж слаямi служыць "паветраным люстэркам", якое пастаўлена вертыкальна. "Паветранае люстэрка" ўтварае яшчэ адзiн мiраж верхнi, якi можна бачыць на моры.
— Гэта ў нас, у Фiнскiм залiве, — падняла ўгору руку дзяўчына ў шортах i белай майцы, — а ў сарака кiламетрах ад вашага горада ёсць горад Ламаносаў, там жыве мая бабуля, дык звычайна нельга ўбачыць ваш горад, аднак бываюць днi, калi жыхары Ламаносава бачаць Санкт-Пецярбург як на далонi. Адлюстраванне яго з'яўляецца ў паветры: Нява, масты, асобныя высокiя будынкi…
— Швецкiя маракi доўга шукалi выспу-мiраж, — сказаў Алесь, — бо выспа гэтая часам з'яўлялася ў Балтыйскiм моры памiж Аландскiмi выспамi i швецкiм берагам. А яшчэ вядомы "Лятучы Галандзец", на якiм плаваюць маракi-прывiды. Ён з'яўляецца перад караблямi зусiм маўклiвы, плыве проста на iх, не адказваючы на сiгналы, i раптоўна знiкае ў тумане… Гэта быў паветраны прывiд — двайнiк якогасьцi паруснага судна, якi iшоў далёка, за гарызонтам… Так было раней. А вось чаму i цяпер з'яўляецца "Лятучы Галандзец", калi парусных суднаў няма, чый тады гэта двайнiк, паветраны прывiд?