Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце каштанаў

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І як зразумеў, што яшчэ хвіліна і я ніколі не скочу і не злезу... І скочыў салдацікам, і, праз стагоддзі, увайшоў у ваду, і адразу падкурчыў ногі, і ўсё адно мяне так доўга несла да паверхні і паветра, што я ледзь не захлынуўся, а Дняпро цягнуў мяне за ногі, заносіў убок, кідаў.

Я і скочыў толькі таму, што хлопцы глядзелі. Такое са мною ўжо было. На Урале. Там рака Ірэнь бегла, сціснутая высачэзнымі скаламі, як мурамі, і са скалы на скалу быў перакінуты канатны мост. Я пабіўся аб заклад, што скокну з яго. Дваццаць пяць метраў. І ўзлез. І зразумеў, што не здолею. І збіраўся ўжо злезці. Але тут з абодвух канцоў падышлі да моста дзве нашыя дзяўчачыя

брыгады. І з адною была выхавацелька. А мы купаліся, ясна ж, без ніякіх плавак. Я ўявіў сабе, як яны сыдуцца ля мяне, і што з гэтага будзе, і як давядзецца, скурчыўшыся, сядзець на кукішках, а то і проста стаяць, прыкрываючы сорам - і скокнуў, бо ганьба была страшнейшая нават за смерць.

Вось так і тут.

– Малайчына, - сказаў Ролік.
– Я чатыры разы спускаўся, пакуль не наважыўся.

– А я з другога разу, - выскачыла Нонка.

– Ну, расхвасталася, - сказаў Багдан.
– Вечна свае тры грошы.

– Чаму? Яна праўду кажа, - сказаў Ролік.

– Гэта таму, што дзяўчо бязмозглае. Небяспекі яны не разумеюць.

Нонка раптам брыкнула Багдана нагою і, калі ён схапіў яе, пачала малаціць яго кулачкамі па грудзях, па галаве, паўсюль. Багдан апешыў.

– Кінь яе, - сказаў Раланд.

– Ды ўжо... сам кінуў.

– Малайчына ты, - паўтарыў Дзмітрэнка.
– І трэба нам - як вы думаеце, казакі-малойцы?
– прыняць яго ў наш курынь.

– Прыняць, прыняць.

– А раз так, то можна яму і таямніцу раскрыць. План такі... Спачатку іхнюю штаб-пячору падарваць. Пасля іх, гадаўцаў, раскалашмаціць. А то заганарыліся занадта, адному праз іхнюю зону хаця й не хадзі. Паставіць іх на месца, загартавацца, вопыт прыдбаць, а пасля - ён зрабіў эфектную паўзу - уцякаць на Заходнюю Украіну. Там па лясах яшчэ і паліцэйскія атрады блукаюць, і... Гадоў прыбавім, дый...

– Не возьмуць.

– Самі возьмемся. Свой атрад. Ды ты зразумей. Ну, сорам жа глядзець, ну, гэта ж усё жыццё сябе паважаць не будзеш, калі прыйдзеш на гатовенькае.

– А зброю што, з калена выламім?

– Ёсць зброя. Ведаю дзе. Не даходзячы да Цялічкі, амаль ля Дняпра, яры і слупы пясчанікавыя. Там нямецкія кропкі былі. Абарона. Думалі, відаць, што нашы могуць і там фарсіраваць раку. А пасля давялося ім уцякаць... Я ўжо сёе-тое знайшоў.. Пакуль што мы туды хадзіць не будзем - гэтыя гады з Падвальнай хвастамі за намі ходзяць. А за пару дзён да ўцёкаў пойдзем, возьмем, дагледзім, і хай яны нам тады солі... І гэта яшчэ лепей, што самі, сваім атрадам. Ніякай гэтай дарослай нудоты, натацый, ніякага гэтага дзярма.

Гэта была не проста спакуслівая прапанова. Гэта было паветра, будучыня, спаўненне той мары, якой я жыў тры гады.

– Я з вамі, хлопцы, - сказаў я.

– Дабрача, - сказаў Раланд.
– Займелі, значыцца, і беларуса. Я думаю, цяпер трэба і іншых завербаваць, каб, значыцца, інтэрнацыянал.

– У Вялікай Айчыннай вайне дружба народаў сыграла выключную ролю, - паважна сказаў Жэнька.

Як заўсёды, нельга было зразумець, усур'ёз ён гаворыць ці дзяцініцца.

– Прахвесар, - сказаў Ролік.
– Ясна, што ўсёй хеўрай каго хочаш біць лягчэй. Дружба народаў, як дзядзька кажа... Рашаючы фактар. Нібыта без ягоных слоў гэта невядома.

– Ён нічога, твой дзядзька, - сказаў Багдан.

– Зануда ён, мой дзядзька. Зануда цара нябеснага. Як пачне - ну, дзячок без царквы: "Маладое пакаленне... Ду-ду-ду, ду-ду-ду". Мне як ён нудзіць пачне, то кожную хвіліну ў нужнік бегчы хочацца... па малой патрэбе.

IV

Мы

прабіраліся "ў разведку". Ішлі па дахах, спускаліся пажарнымі лесвіцамі ў вузкія цясніны між глухіх муроў, караскаліся на змарнелыя без сонца каштаны і скакалі з іхніх галін на нейкія дрывотні і пунькі. Краліся вельмі асцярожна, бо гэта ўжо была дзяржава хлопцаў з Падвальнай.

Перад апошняй перабежкай селі крыху адпачыць між кастрамі нейкіх дроў.

– То нашто ўсё ж іх біць?
– спытаў я.
– Можа, лепей бы з сабою ўзяць?

Хлопцы пераглянуліся. Багдан нават гыгыкнуў.

– Фашысты, - неахвотна сказаў Ролік.

– Ды вы што, хлопцы, падурнелі?

– А вось хадзем, паглядзіш.

Некалькі разоў у жыцці мне даводзілася бачыць расстрэлы. Калі быў сувязным. Розныя, яны былі ў нечым страшэнна падобныя. Я нават ведаў, чым: пачуццём страшнай безнадзейнасці, адчуваннем уласнага бяссілля, калі нянавісць, здаецца, вось-вось задушыць цябе. Крывёю, якой захлынаюцца тыя, моташнасцю і нудотай, якія горка і ядуча падступаюць да тваёй глоткі.

...Вось пад Дубішчам людзі стаяць на самым краі каркаломнага ўрвішча над Дняпром. Зараз грымнуць стрэлы, і нават толькі параненыя будуць шмат разоў грукацца аб выступы стромы і ўпадуць на жвір унізе ўжо мёртвыя.

А вось барак дарожных рабочых-яўрэяў. Нехта зрабіў дыверсію ў пяці кіламетрах адсюль. І, зрываючы злосць, урываюцца на пляцоўку перад баракам матацыклы, і б'е, б'е кулямёт, і людзі падаюць, падаюць...

А вось шэры двор. Тры глухія муры ў выглядзе літары "П", У іх адны дзверы і пара забраных кратамі акон у сутарэнне. Ля дзвярэй пажарная лесвіца. 3 чацвёртага боку двара - узгорак, зарослы акацыяй, глогам і бур'яном.

Такі сабе змрочны, моцна затравелы двор. Толькі каля аднаго мура невялікі кавалак асфальту з канаўкай (відаць, зрабілі калісьці, каб вада з даўно неіснуючай рыны не плыла ў падвальныя вокны). І на гэтым лапіку стаіць чалавек, дзяўчынка-падлетак. А ў некалькіх кроках ад яе - чацвёра невысокіх чалавекаў са стрэльбамі ў руках.

– Імем закона, - далятаюць да мяне словы, - прысуджаецца... за злачынныя...

У мяне пачынаюць гарэць шчокі. У вочы нібы пяску нехта насыпаў. Я столькі разоў бачыў такое, стоячы ў натоўпе, які сагналі на месца страты, або, калі спазніўся, седзячы ў кустах, без сілы, а галоўнае без права дапамагчы.

Тая, каго расстрэльваюць, дастае нешта з кішэнькі дарослай кофты і пачынае есці.

– Хопіць табе жэрці, швайн, - крычыць бялявы - галава канвою.

– Я хлеб з маргарынам, - адказвае з-пад мура галасок.

– А, ферфлюхунг! Ферфлюхтэ ўкраінішэ швайнэ! Да мура!

Дзяўчо пакорліва паварочваецца абліччам да мура. Канвой бярэ карабіны на руку і падраўноўвае штыхі. Усё як трэба. Усё, як належыць рабіць такое ў жыцці.

– Аддзяленне-е!..

Кулакі мае сціскаюцца... Я ўжо не магу, не магу яшчэ раз бачыць гэта...

...І тут на маё плячо кладзецца рука.

– Бачыў?
– пытае Ролік.
– Вось гэта ў іх заўсёды падобныя гульні. На свае вочы, відаць, такога не бачылі. Каб у жыцці. Смажаны певень іх яшчэ ў азадак не дзюбнуў... М-мамчы-ны сынкі.

"Начальнік канвою" не паспеў апусціць руку. Праз зарасці, праз бур'ян з крыкам "ур-ра-а!" пасыпалі на месца пакарання падлеткі. Чалавек восем. Наперадзе бег гнуткі невысокі хлопец. з шалёнымі вачамі і рудаватым чубам.

– Гнат, - з нянавісцю сказаў Жэнька, - дрэнь паскудная! Гніляк!

Поделиться с друзьями: