Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літары ў расе

Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч

Шрифт:

ХВІЛІНКА

Мая хвілінка весела гуляла. Расінку у світальны час люляла. А пры цяпельцы кыіжкі мне чытала I зёлкаю над вухам казытала. Мая Хвілінка падрастала лёгка. I салавейка для яе зацёхкаў. А паднялася нада мной дзянніца, — З Хвілінкаю з крыніцы мог напіцца. Мая хвілінка наталіла смагу — I я адчуў сівых вякоў адвагу. Расце былінка свечачкай на лузе — Мая Хвілінка з вечнай Беларусі.

КРОПКА

Бегла кропка нетаропка. А за ёю цэлы сказ нетаропка бег да вас. А за сказам тым — радкі. За
радкамі —
кніжка... Бегла кропка нетаропка. Кропка ў нас не лішняя.
Ставіць кропку трэба ў час: ратаваць i сказ i вас. Кропка — гэта сіла! Пачыталі? Пагуляць вас яна прасіла.

З кнігі «Жывіца». Вершы, апавяданні, казкі пра дзяцей i для дзяцей. Мінск. «Юнацтва». 1999 г. Укладальнік I. Гімпель

АНТЭНА

Бацька ўголас вырашае: — Дзе б антэну мне дастаць, Каб лавіла Рым, Варшаву I Парыж магла б узяць? Уявіў я: ў нашай новай Той антэне над страхой Як у сетцы павуковай Бон трапечацца, Ханой, Надрываецца Тырана, А Нью-Йорк — як авадзень... I антэны нашай рама Накаляецца штодзень. I тады сказаў я татку, Каб суцішыўся мой страх: — Голас Мінску напачатку Ты пусці пад родны дах. Будзем ведаць я i ты: Дом наш — годны, не пусты!

САЛАЎІНЫЯ СЫНЫ

Зачараваныя гаі — Купальскія — гудуць! Ідуць сівыя салаўі, Сваіх сыноў вядуць. Ідуць азёрнай стараной Па залатым куп'і. I акрыляюцца зямной Любоўю салаўі. Хачу i я за салаўя Быць у цябе, Краіна. Табе — уся любоў мая I салаўя i сына. За намі цеплыня гаёў I продкаў цішыня. Мацнеюць крылы ў салаўёў, Надзеяцца штодня. На ўзлёце вераць у зямлю, Дзе з песнямі растуць. Сваё крылатае «Люблю!» Да сонца данясуць. Хачу i я за салаўя Быць у цябе, Краіна. Табе — уся любоў мая I салаўя i сына.

З кнігі «Незабудкі». Вершы. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі У. Карызна, Я. Хвалей. Серыя «Бібліятэка беларускай дзіцячай літаратуры».

НА ЎЗЫХОДЗЕ СОНЦА

Лясныя прывіды — яліны —- З начы вясенняй паўставалі. Разлівы песняў салаўіных Тушылі зоры, Ранне звалі. Па белых росах дзень каціўся. Падрос — i сонейка напіўся: Увесь у промнях... Малайчына! Сустрэла новы дзень Айчына.

ДАРОГІ I СУСТРЭЧЫ

Мне раніцу ліловую Ускінуць бы на плечы! Тады знайду я новыя Дарогі i сустрэчы. I на шляху з прываламі Бацькоўскі дом узвесню,— Каб гулкія, трывалыя Укласці словы ў песню. Дзе словы нараджаюцца? Пра што яны вяшчуюць? Па мураве качаюцца, Размову продкаў чуюць. I кожнаю былінкаю Гучаць на Беларусі. З Радзімаю-Крывінкаю Я песняю зрастуся!

З кнігі «Вясёлы коўш». Вершы і казкі. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі А. Вольскі, I. Гімпель. Серыя «Школьная бібліятэка».

СВІСЛАЧ — МАЦІ НЯМІГІ

Зоркі з неба ападалі ў скрусе: лёс Нямігі ўспомніла рака... Адвяла ад гнеўнай Беларусі меч варожы мужная рука. Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце. Прамаўляе Свіслач грамадзе: — Зоркі па-над Мінскам сцеражыце, беражыце знічкі у вадзе! Ты Мянеска мельніцу круціла. Стронгу гадавала ты ў
віры...
Да Купалы берагам гасцінным тут ішлі вясёлыя сябры.
I не раз у веснім паўнаводдзі крыгаломамі буяла ты. Дваццаць першы век ужо наводзіць над табою гонкія масты. Да цябе вяду, як да сястрыцы, з новымі падзеямі гады,— каб Дзяржава помніла крыніцы летапіснай, векавой вады. Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце. Прамаўляе Свіслач грамадзе: — Зоркі па-над Мінскам беражыце, сцеражыце знічкі у вадзе!

З кнігі «Бярозка». Вершы, апавяданні, эсэ. Мінск. «Мастацкая літаратура». 2003 г. Укладальнік У. Мароз.

Зверху - сонца. Знізу - зёлка. Паяднала ix Вясёлка.

ВЯСЁЛКА

Пасля дажджу смяецца зёлка, бо навальніца не грыміць. Над галавой вісіць вясёлка i так лагодна просіць піць. Ёй i крынічка заспявала: трымцяць вясёлыя кругі. ...Мяне вясёлка уздымала i мной злучала берагі. Сказаў вясёлцы: — Калі ласка! I мне дай радасці глыток, бо ты — Айчыны апаяска, а я — Радзімы завіток.

ВЯСНА

Пераступіў парог — у хаце як у лесе: вясна у вочы лезе. Зіме перапалох. Клявала нас у нос i выла на начлезе. Вясна у вочы лезе. Бывай, густы мароз! Парог пераступлю, скажу сястры Алесе: — Вясна у вочы лезе, бо я вясну люблю. Залезе на руку — вазьму яе на плечы. I сцягам затрапеча вясна ў сакавіку!

У РУКАХ БАРБАРЫ – ДОЖДЖЫК

Зверху — сонца. Знізу — зёлка. Паяднала ix вясёлка. Колькі у вясёлкі дужак, — столькі ж у Барбары стужак. Гэта значыць, што Барбара сёння для вясёлкі - пара! Той, хто палівае зёлку, сам падобны на вясёлку.

ГАЛІНКА

Павярнуўся да Галінкі: — Рукі у цябе — галінкі. Не махай рукамі, годзе: каля носа вецер ходзіць. Лепш далонькай правядзі па шчацэ маёй. Глядзі — чырванее... Ты, сястрыца, веру, будзеш чараўніцай! Свецяцца іскрынкі у вачах Галінкі. Хай галінкі веснія зачаруюць песнямі!

ЗАВУШНІЦЫ

У Міланькі-вучаніцы зоркі дзве, як дзве сястрыцы завушніцы. Вам усім не надзівіцца. Не спрабуйце вы ўчапіцца ў завушніцы. Каралеўна-чараўніца вам аддаць не пагадзіцца завушніцы. Будуць радаваць, іскрыцца у Міланькі завушніцы — бліскавіцы. Хто ix носіць — не баіцца, бо й вясёлка-таямніца — неба завушніца.

ПЕВЕНЬ-ГАРЛАПАН

Золак. Певень-гарлапан на шастку сядзіць як Пан. Прэ з яго гардыня. Кукарэкне першы раз — крэкне гаспадыня. Гаспадар, нібы той вожык, растрасе санлівы ложак, дакранецца веніка — супакоіць Пеўніка. Толькі ж Певень лайдаку клюне ў сонную руку. Кукарэкне так, дурніца, што абвісне аканіца. Сонца ў небе разгарыцца ад яго ку-ка-рэ-ку! Вёска наша не сталіца. Кожны рады сваяку... Квохкае курыца, цецярук такуе, шэрая зязюля у бары кукуе.
Поделиться с друзьями: