Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Гэтак рухаліся некалькі хвілін. Тут настаўнік і зразумеў, што па балоце, пад вадой, пакладзены бярвенцы і кабылка ступае па іх, як па клавішах раяля. Намацвае нагамі, абапіраецца і гэтак рухаецца. Настаўнік адразу адчуў глыбокую павагу да Лізы, а пра абразу ад Тымуха-Цімоха забыў. Да новага выпадку.

4. Начлежная візія

Неўзабаве бераг застаўся далёка ззаду. Кабыла відавочна стамілася, ад яе пайшла пара, але возчык сцябаў і сцябаў яе сваёю пугаю. Настаўнік зразумеў, што калі яны спыняцца — патонуць. Ногі кабылы, калі яна не намацае нябачнае бярвенца,

тут жа засмоктвала твань. А калі Ліза абслізгнецца на падгнілым бярвенцы?.. Ці варта тут гаварыць, што душа настаўніка даўно скуксілася. Часам Ліза ўвальвалася па пуза ў балотную твань, і тады возчык саскокваў у ваду, намацваў нагамі бярвенні і як мог падштурхваў воз. Пры гэтым ён гучна цмокаў, праходзіўся па худой спіне канякі пужальнам і лаяў яе на чым свет стаіць. Самымі бяскрыўднымі словамі ў адрас Лізы былі: «кутніца», «торба» і «трыбух».

На сушэйшых месцах адпачывалі, і настаўнік адчуваў, што вантробы ў яго быццам паадрываныя. Далася і Ліза — ногі ў яе падкошваліся, яна дрыжэла ад знясілення, і здавалася, вось-вось паваліцца. Але ехалі далей, калі гэтыя скокі можна было назваць яздой, і нічога — Ліза ўсё не валілася. Пэўна, калі кабыла ляжала пузам у твані, яна адпачывала.

Неўзабаве грэбля зрабілася сушэйшая, бярвенні пад калёсамі цалейшыя, і тады настаўніка трэсла на вазку, як у ліхаманцы. Ён ужо даўно адрокся ад сваёй дурной задумкі ехаць напрасткі, але ж не вяртацца!

Урэшце чэзлыя бярозкі абапал дарогі змяніліся на тоўстыя алешыны, якія раслі кожная на сваёй пірамідзе з адмерлых карэнняў і куп'ішчаў, бярвенні на гаці зніклі — пайшоў забалочаны лес, калёсы гразлі ў чорную бліскучую гразь па калодкі. Цімох трымаўся канавы, якая віляла па лесе. Чароды дзікіх качак з крыкам падымаліся раз за разам з чорнай, як дзёгаць, паверхні, упрыгожанай зялёным бісерам буйнай раскі.

— Як гэтая рэчка называецца? — спытаўся, каб разрадзіць напружаную цішыню, настаўнік.

— Канава? Смердзь… — буркнуў Цімох. — Тут што ні канава — то Смердзь…

Было душна. Гнілыя выпарэнні ад балота сціналі дых. Часам лес зноў пераходзіў у балацявіну, і тады Цімох злазіў з воза, высякаў жэрдку і ішоў наперад шукаць дарогі.

Канца і краю, здавалася, гэтаму то чэзламу, то выносістаму балотнаму лесу не будзе. Сонца даўно схілілася да небакраю. З жудасцю настаўнік думаў, што ім прыйдзецца начаваць. Ніводнага стажэчка, ніводнай хаткі, сядзібы — балота і балота, купіны, лаза, алешнікі, нейкія азярыны. Дзікія качкі ўжо не падымаліся на крыло шумлівымі статкамі, а з адлегласці дзесяці крокаў нахабна пазіралі на няпрошаных гасцей. Пэўна, яны ніколі не бачылі людзей, — вырашыў настаўнік.

Калі сонца дакранулася да вершалін далёкага асмужанага лесу, Цімох тпрукнуў, вылез з вазка і стаў распрагаць Лізу.

— Начуем? — спытаўся настаўнік.

Цімох нешта буркнуў. Расклаў вогнішча, прыставіў да агню гаршчок, у які насыпаў нейкіх круп. Крупеню еў без хлеба — заміж яго карыстаўся цыбуляй. Настаўнік прапанаваў возчыку кавалак са сваіх прыпасаў, але той адмовіўся.

— Мо ў пана зуб прапаласкаць што знойдзецца, — раптам папрасіў Цімох. — Баліць, сілы няма.

Давялося наліць з паходнай біклагі чарку. Цімох павесялеў, нават стаў мармытаць нейкую песеньку, раз-пораз прыляпваючы на лбе крывасмока-камара.

Цімох пасцяліў пану ў вазку, сам прымасціўся каля вогнішча на старым кажушку і варочаў у прысаку дзве бульбіны.

Настаўнік адышоўся ад месца начлегу. Авохці — высечка нейкая. Пространь, толькі пянькі тырчаць. Месяц з-за рэдкалесся за спіной паднімаецца… З нізінак плыве туман.

Вось тут і ўвага, чытач! Менавіта тут і здарылася тое, што спатрэбіцца дзеля разумення першага раздзела. Нечакана недалёка ад настаўніка матлянулася

лазовая галіна і на пространь выйшаў цёмна-шэры, высокі, з казулю, звер. Што гэта не казуля, настаўнік адразу пазнаў — нізкая лабатая галава, вушы тырчком. Воўк! У настаўніка і духі сцяло, імгненна перасохла ў роце. Уцякаць! Да Цімоха, ён абароніць, прагоніць звера — у яго і агонь, і сякера ёсць.

Але момант першага страху прайшоў. Рэч была ў тым, што настаўнік меў пісталет. Бяда — адназарадны, але стрэльнуць, папужаць звера прыдатны. Праўда, ён быў схованы ў куфэрку і да ўсяго незараджаны, але адна толькі думка пра зброю супакойвала.

Ліза захрапла, Цімох нягучна падаў голас, і воўк пераступіў на месцы, нагнуў галаву і панюхаў купіну.

Настаўнік ведаў: крыкні ён, свісні — звер уцячэ, знікне, а настаўніку ой як цікава паглядзець на драпежніка.

З месяца спаўзла хмарка, і срабрыстае святло заліло паляну. Месяц стаяў у настаўніка за спінай, адбіваўся промнямі ў кожнай расінцы, струменіўся святлом з кожнай лужынкі, з кожнага мокрага слядка. Воўк іскрыўся ў промнях цыганскага сонца — месяца, быў белы, быццам сівы…

І раптам, гледзячы на ваўка, звяругу, настаўнік убачыў зусім не ваўка, а чалавека… Самога сябе ўбачыў… Развёў рукі ў бакі, і той чалавек рукі адставіў… Сівы воўк знік, а чалавек застаўся. І тут настаўнік убачыў, што гэта на тумане адбіваецца ад месяцавага святла ягоны ўласны цень. Што-што, а оптыку настаўнік крыху ведаў. Няўжо ён ва ўласным цені прымроіў ваўка?

Вярнуўся да вогнішча. Раскатурхаў возчыка, расказаў яму пра відмо. Цімох спрасоння нічога не зразумеў. Мыркнуў і павярнуўся на другі бок.

Ляжаць аднаму нават у вазку было страшна.

— Слухай, чаго ты на зямлі спацьмеш, прымасціся на возе, — прапанаваў настаўнік селяніну.

Цімох моўчкі палез у вазок.

Начавалі ў возе спінамі адзін да аднаго. Прывязаная недалёка Ліза пазвоньвала цуглямі — абгрызала купіны асакі, стоячы па калена ў вадзе.

Спачатку настаўнік цярпеў пах, які ішоў ад Цімоха, — у нос тнулі гарэлка, цыбуля і нейкі своеасаблівы пот. Вядома — селянін. Ляжаў, не мог заснуць, пакуль не адсунуўся. Потым настаўніка атакавалі камары, ды так, што не ведаў, куды падзецца. Заўважыў, што Цімоха яны не чапаюць. Давялося прысунуцца бліжэй. Так і заснулі. Ніколі ў жыцці не думаў настаўнік, выпраўляючыся з далёкай Расеі сюды, на абшары зямлі, якую называюць Белай Руссю, або Літвою, а людзей — ліцвінамі, што яму давядзецца спаць ледзь не ў абдымкі з просталюдзінам, ад якога смярдзіць гарэлкай і цыбуляй.

«Не набрацца б вошай», — мільгнула апошняя перад правалам у сон думка.

5. Ваўкалакі

Уночы настаўнік прачнуўся ад холаду. Было золка — камары зніклі. Туман на акольных балацявінах застыў малочным кісялём. У небе зіхцелі колкія зоркі. Месяц схаваўся недзе ў гушчыню дрэў.

Настаўнік адзначыў, што яшчэ і развідняць не пачало, а ён выспаўся. Адчуваў сябе радасным, бадзёрым. Настаўнік прыпісаў гэта дзеянню свежага паветра, перанесеным перажыткам у пераадоленні балота і марамі пра дзяўчат, якіх неўзабаве ён вучыцьме і выхоўвацьме.

Ахапіў далонямі твар — мусова галіцца. Ён галіўся абавязкова штодня, і на тое мелася свая прычына. Ага, каб нагрэць вады, раздзьмухае цяпер агеньчык.

Заціўкалі птушкі, наваколле пасвятлела, на душы зрабілася яшчэ больш радасна. Раптам Ліза рэзка ўскінула галаву, пырхнула. Наструніўся і настаўнік. Ён убачыў, як з туману выйшлі дзве постаці. Людзі! Настаўнік штурхануў Цімоха. Цімох няўцямна агледзеўся, а настаўнік паказаў яму на прыхадняў. Тыя стаялі воддаль і прыглядваліся да начлежнікаў.

Поделиться с друзьями: