Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

Прыглядкі працягваліся хвілін пяць. Урэшце незнаёмцы пакіраваліся да воза. Ішлі яны нерашуча, спыняліся і зноў моўчкі ўзіраліся. Цімох злез з падводы і поўзаў ракам, нечага шукаючы.

Цікава, што і Ліза ўзіралася ў прыхадняў. Яны ішлі асцярожна, нібы прынюхваліся. У іхных руках настаўнік заўважыў сякеры. Чым бліжэй яны падыходзілі, тым часцей тахкала сэрца настаўніка — выгляд у невядомых людзей быў самы разбойніцкі. Падпяразаныя вяроўкамі, кашлатыя, аброслыя — да бародаў нажнічкі не дакраналіся гадамі. У аднаго збоку блыталася шабля. Ніякага сумнення, што яны, гэтыя людзі, належалі да прадстаўнікоў вельмі старажытнай прафесіі.

— Хто

такія? — рэкнуў адзін зводдаль насцярожаным, непрыемным голасам.

«Што казаць?» — збянтэжана падумаў настаўнік.

— Манкевіцкія, — тоненька і вінавата адказаў Цімох.

— Манкевіцкія? — перапытаў другі прыхадзень хрыплым басам.

Невядомцы падышлі зусім блізка. Горла ў аднаго абвязана каляровай, моцна зашмальцаванай, месцамі абпаленай хусткай, здзёртай, пэўна, з галавы нейкай заможнай шляхцянкі. Выбітае вока ўпрыгожвала скураная налепка — класічны шылераўскі разбойнік.

— Што маўчэце? — спытаўся аднавокі і дабавіў пагрозліва: — Хто такія?

— Тубыльцы, чалавеча, — адказаў за маладога пана Цімох. — Я ж кажу — манкевіцкія.

— А гэта хто? — паказаў сякерай на настаўніка другі прыхадзень, які быў у падзёртым саламяным брылі, падплеценым лыкам.

— Чалавека да эканоміі вязу…

— Што за птушка?

— Вучыцель, кажа. А хто ён — не ведаю.

— Зараз паглядзім, што за вучыцель? І ці вучыцель яшчэ? Ану, цаца белатварая, паказвай пачпарт!

«Рабаўнікі!» — пераканаўся настаўнік. Не быў ён белатварым. Відавочна, прыхадні чапляліся, каб лягчэй зрабіць тое, дзеля чаго прыйшлі — абрабаваць. Адзін ужо корпаўся ў вогнішчы, даставаў адтуль печаную бульбу, якую Цімох загарнуў нанач у прысак. Па ўсім відаць — яго моцна даймаў голад, бо ён і стаў тую бульбу есці.

— Дакумант давай, пан! — сказаў больш асцярожны аднавокі, калі пераканаўся, што, акрамя Цімоха, Лізы і настаўніка, навокал нікога.

«Забяруць грошы», — падумаў настаўнік. У шкатулцы ў дарожным саку, дзе ляжалі паперы, былі і грошы. Не ўсе, частка зашыта ў крысо сурдута, — настаўнік ведаў, у якую дарогу выпраўляўся, — ці мала ліхіх людзей можна сустрэць па дарозе ад Масквы да палескай нетры, але шкада было і гэтых, у шкатулцы.

І сапраўды. Грошы аднавокі згроб за пазуху, а паперы патрымаў перад носам дагары літарамі, пахмыкаў, пацмокаў і спытаў:

— Расеец?

— Рускі…

— А дасюль чаго ўтрапуніла?

— Не разумею, прабачце…

— Якой халеры сюды прыцягнуўся?

— Настаўнікам… Дзяцей вучыць… Да памешчыка Ўрбановіча…

— Памешчыка Ўрбановіча? — усклікнуў аднавокі.

І пасля гэтага воклічу два разбойнікі зарагаталі.

— Даўно, даўно па твайму Ўрбановічу крумкач плача… Ну, чалавеча, ці ведаеш ты, што расейцаў, настаўнікаў асабліва, мы рэжам, як курапатак?..

Мурашкі пабеглі па спіне ў настаўніка.

— П-панове! Спадары… — прашаптаў ён. — Не загубіце хрысціянскую душу…

— Нешта ты, масковец, пра хрысціянства ўспомніў? Калі вашыя маскалі гадоў трыццаць назад рэзалі нашых, як авечак, то не ўспаміналі вы ні пра якія душы…

— Выбачайце… Рэзалі? Я не ведаў… Першы раз чую…

— Не ведаў? А належна ведаць.

— Гэта даўней было… Я тады яшчэ не нарадзіўся…

— Ну, не дрыжы, не бойся… Вельмі ты нам здаўся… Мы не душагубцы, мы толькі гэ [1] рабуем…

1

Гэ — гэтак (дыялект.).

Настаўніка

прымусілі абняць тоўстую алешыну і звязалі рукі. Далей рабаўнікі ператрэслі рэчы. Што меркавалі забраць — адкідвалі ўбок, на распасцёрты настаўнікаў плед. Забралі ўсё — навошта было і перабіраць. Знялі і адзежу з самога настаўніка — сурдут, порткі. І крыж знялі, і медальён, у якім быў партрэт жанчыны, пэўна, маці маладога чалавека, на які адзін з рабаўнікоў доўга ўзіраўся.

— Так, — звярнуўся да Цімоха аднавокі. — Адвяжаш гэтага расейскага сабаку пад абед, як мы добра адыдземся.

Цімох паслухмяна кіўнуў. Ён ужо тым быў рады, што яго самога не звязалі.

Узышло сонца, радасна спявалі птушкі, Ліза, як сабака, схіліўшы галаву набок, з задавальненнем пазірала на людзей: па ўсім відаць, у хамут не скора.

Далей адбылося наступнае. Тут чытачу важна быць асабліва пільным. Грабежнікі пайшлі прэч, але далёка не адышліся. Склалі ўсе рэчы ў гурбу, распалілі вогнішча і сталі баляваць, не шкадуючы рому з рэквізаванай настаўнікавай біклагі. Балявалі яны нядоўга — ці паснулі, ці проста драмалі. Цімох не адважваўся развязаць пану рукі, як той ціхенька ні прасіў. Ён, настаўнік, увесь палаў агнём помсты. Грабежнікі не дабраліся да падвойнага дна ў куфэрку, у якім была зброя. Не такі ўжо і смелы быў настаўнік, але знявага, крыўда надавалі рашучасці. Усё ж Цімох трымаў слова, дадзенае грабежнікам.

— Развяжу, — казаў фурман, — як пойдуць. Падслухаў, — хацелі цябе зарэзаць. Бо прыставу ці спраўніку ўсё роўна данясеш. А так мо абернуцца і пойдуць… Далібог — абернуцца.

— Што значыць — абернуцца?

— Не ведаю, паночку, хто іх ведае, што ў іх на вуме і хто яны такія. Тут адныя на манкевіцкага аканома працуюць вуглярамі. Але гэта далей, за ракой, у Графскай пушчы… Без пашпартоў гэта збродня ўсялякая. Яшчэ з таго закалату, як цар забраў у графа маёнтак. А вось і ўсё — пайшлі, пабеглі… Слава табе, Госпадзі Ісусе Хрысце…

З гэтымі словамі Цімох несупынна хрысціўся, накладаючы крыжы на сябе і на грабежнікаў. Настаўнік глянуў туды, куды глядзеў Цімох, і не паверыў уласным вачам. (Чытач — увага!) Настаўнік выразна бачыў, што ад вогнішча, якое ўжо не зыркала языкамі полымя, але слаба курэла, беглі два… ваўкі. Прычым беглі яны неяк улукаты, рыхтык стомленыя ці (!) нецвярозыя. Праз імгненне звяры зніклі, згубіліся сярод хмызняку. Цімох перахрысціўся, перасунуў сякерку за спіну, зубамі развязаў вяроўку на руках настаўніка, перахрысціўся яшчэ раз і апасліва пайшоў да вогнішча, каля якога нядаўна балявалі прыхадні. Пайшоў за Цімохам і настаўнік.

Рэчы ляжалі на месцы. Ніводнай не прапала. Знайшліся і грошы, і крыжык. Знік толькі медальёнчык, як ні шукалі. На роспыты, што ж здарылася, Цімох паціскаў плячамі і мармытаў:

— Вовкулакі, паночку, а шо ж… Богородзіца Дзево, радуйся, Дабрадатная Марыя, Гасподзь з табою…

Настаўнік прыпомніў учарашняе відмо сівога ваўка, які таксама знік… Яму зрабілася вусцішна.

Запрэглі Лізу, падаліся далей. Балоты расступіліся, мясцовасць зрабілася сушэйшая, пясок заскрыпеў пад коламі. Дрэвы абапал дарогі рабіліся ўсё вышэйшыя, сталі трапляцца выносныя, прыгожыя сосны і раскідзістыя дубкі. Хутка ўжо настаўнік задзіраў галаву, каб палюбавацца вершалінамі векавечных, у два-тры абхваты дубоў. Наваколле выглядала значна прыветлівей. Настаўнік спадзяваўся, што вось-вось з'явіцца і чалавечае жытло, пакажуцца людзі. Але ягоныя спадзяванні не спраўдзіліся.

Поделиться с друзьями: