Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Літоўскі воўк

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Паводле чэчэнскай легенды, ваўчыца ўратавала дзяцей, сваіх ваўчукоў, ад буры… Паслухайце, — Стасік перайшоў на шэпт, — думаеце, Расея заваявала Каўказ? Чэчня ім адрыгнецца праз сто, дзвесце гадоў. Як і наша радзіма… Так, грамадзянкі?

Зваротак «грамадзянкі» мог пацэліць у сэрца любой дзяўчыны. Гэтак жа звярталіся адзін да аднаго паўстанцы… Яшчэ летась гэтак казалі ўсе прыстойныя палякі, ды, уласна, яшчэ і ў студзені, лютым сёлета казалі. Уголас, смела. Цяпер — не. Цяпер расейскія жандары ў Вільні хапаюць жанчын у чорным і, кажуць, задзіраюць спадніцы на галовы. Каб гэтак адвабіць насіць чорнае, жалобу па задушанай інсурэкцыі. Праўда, не зусім яшчэ і задушанай. Хто ведаў, колькі яшчэ хавалася па лясох з прагай помсты за забраны край.

— Пан Станіслаў, ці варта завязваць дыскусіі? — зрабіў заўвагу аканом

маладому сваяку.

Падумаў ён пры гэтым больш рэзка: «Балван дурны. Ці час гаварыць пра радзіму, пра вольнасць? Толькі што, якіх пару месяцаў таму, у віленскіх мурах павешаны Каліноўскі. Падумаць толькі, крывавы дыктатар Літвы гасцяваў у іх, там, на поўдні, у эканоміі, некалькі дзён… А потым уся гэта калатнеча з інсурэкцыяй… А гэты, ну сапраўды, ці ж не балван, распускае язык… Вакол шпегі… Сотні, калі не тысячы расстраляны, адпраўлены ў Сібір, пазбаўлены маёмасці, правоў шляхецтва, а Стасік выхваляецца, каб заваяваць прыхільнасць дэвотак, у якіх невядома што ў галаве. А раптам каторая з іх — дачка дзяржаўнага службістага?»

Стасік паслухмяна змоўк, утаропіўся ў звера. Воўк у клетцы падняўся і, не паварочваючы галавы, усім тулавам павярнуўся да паненак і слабога на язык маладзёна. Ноздры звера варухнуліся, ён пацягнуў да сябе паветра.

І раптам пан аканом збянтэжыўся. Яму падалося, што воўк у клетцы — той самы, якога колькі ўжо часу, як аддалі аднаму фактару. Ды яшчэ трыма рублямі грошай падмазалі, абы каб толькі забраў ляснога нягодніка.

— О! Ён чуе, ён разумее, што мы пра яго гаворым! — усклікнуў Стасік.

Воўк тым часам матлянуў хвастом.

— Пан Ежы! — усклікнуў маладзейшы Ўрбановіч, звяртаючыся да пана аканома. — Дык ці не ў Друскенікі наш Ёсель здаў таго нашага ваўчыдлу? Далібог, гэта наш ручны воўк. Паглядзіце, гэта ж выліты Інсургент!

Воўк тым часам яшчэ раз матлянуў хвастом, схіліў, рыхтык сабака, галаву набок. У жоўценькіх чыстых вачах засвіцілася даверлівасць. Паненкі завойкалі ад здзіўлення: люты драпежнік, пагроза лясоў, зацяты вораг чалавека, ператварыўся — ці не фантастыка — у свойскую, добрую сабачыну.

Стасік падступіўся да прэнтаў.

— Інсургент! — паклікаў ён з выглядам вопытнага сабакара. — Цю-цю, на!

Малады пан яшчэ не адважваўся працягнуць руку за прэнты, але воўк радасна забіў хвастом па баках, рыхтык свойскі сабака. У ягоных вачах мільгнула нешта накшталт радасці пазнавання. Ён глытнуў сліну, аблізаўся і засцябаў сваім махалам па баках.

— Brawo! — запляскалі паненкі ў ладкі. — Brawo panu!..

Маладыя, прыгожыя дзяўчаты, самі таго не разумеючы, пад'юдзілі паніча на непапраўнае. Як не адважыцца працягнуць да дзікага звера, ваўка, руку, выступіць гэткім утаймавальнікам, дрэсістаю, каб толькі яшчэ раз сарваць апладысменты…

— Не руш! — усклікнуў пан аканом, але было позна.

Ды што можа стрымаць маладую фанабэрыю і жаданне выставіцца героем перад слабейшым і такім прыгожым полам?

Стасік працягнуў руку паміж прэнтаў, дакрануўся да пукатай лабаціны звера, паспеў нават пагладзіць, і тут-то воўк яго і хапянуў.

3. Помста

Усё пачалося з аднае раніцы, калі ў ноздры ўляцеў падазроны пах. Такі пах рэдка, вельмі рэдка прыносіў сюды паўднёвы вецер… Адтуль, з-за вялікіх рэк, з-за густых лясоў, з таго краю, улюбёнага навечна і з якім навечна разлучаны двухногімі затхлякамі…

Потым азначылася — блізка і родна пахла ад двух мужчын і дзвюх жанчын. О! Які гэта быў салодкі пах — сапраўдны водар! Уканцэнтраванне ўсяго, што было мінулым, радасцю жыцця, яго трымценнем, матэрыяльным увасабленнем мілаты ўласнага колішняга існавання.

Кожны раз, як тыя людзі праходзілі міма, раздзімаў ноздры і піў пах радзімы: родных лясоў, палян, паляўнічых сцежак, а таксама пах сялянскіх хамутоў, каламазі, ранішні пах з варыўняў…

Спачатку проста радаваўся, атрымліваў насалоду ад знаёмых, мілых пахаў. Потым водар радзімы стаў выклікаць злосць, будзіў гнеў, а затым, з цягам часу, лютая нянавісць да гэтых людзей, якія прынеслі такі родны, да няўсцерпу, напамін пра радзіму, стала працінаць кожную часцінку цела. Ці ж не гэтыя людзі ўвязнілі яго, пазбавілі свабоды, закінулі далёка-далёка ад родных мясцін, прытарабанілі

ў скрынцы сюды, дзе ў высокіх чырвоных берагах цячэ, быццам і блізкая і ў той жа час чужая, незнаёмая, халодная рака, ад якой вечарамі патыхае салодкай, падлаватай вільгаццю, дзе стаяць бронзавыя, аж да чырвонасці ў камлях, такія няродныя сосны… Такія ненатуральныя, такія нямілыя.

Нянавісць патрабавала выхаду, помсты… Як адпомсціць? Ухапіць, угрызці руку, якая колісь гладзіла, а потым па-здрадніцку аддала на пакуты, калі затаўклі дрынамі ў скрынку з маленькай адтулінай, потым бясконца доўга везлі на чужыну, зрэдку кідаючы кавалак хлеба ці абгрызеную костку. Вады не давалі, ледзь не здох ад смагі… Потым укінулі сюды, за гэтыя гладкія жалезныя прэнты, дзе так мала месца, што, здаецца, не хапае паветра дыхаць. Ён ужо даўно не хацеў жыць, бо ягонае жыццё засталося там, на далёкім Палессі, сярод дубоў і грабаў, у зарасніках лазы, на балотных рэчках, у густых чаратах… Кропля за кропляй жыццё выдыхалася, выточвалася з яго… І, пэўна, здох бы, каб не той пах, які зрэдку прыносіў паўднёвы вецер; нібы падманваўся, нібы дзеля большай пакуты пацверджваў, што той край ёсць, тыя мясціны, дзе быў шчаслівы і самазабыўчы, не саснёныя ў хваравітых снах-мроях, але існуюць насамрэч, напраўду ёсць. І там узыходзіць штодня сонца, і там журботліва шапочуць вершаліны дрэў, і там штораніцы ў лазе залівіста, пранізліва стракочуць сарокі… Не, не… Яму туды дарога заказана, і ўсё праз гэтых во двух паноў у кацялках і паненак у доўгіх сукнях, якія во глядзяць на яго, як на дзіўную смярдзючую падлу, калі ад саміх мёртвым мясам тхне…

І вось цяпер, калі наноў пацвердзілася, што край мілотны ўсё-ткі ёсць і, мала таго, з таго краю прыехалі, аказаліся тут гэтыя во людзі, насычаныя роднымі пахамі, якія прабіваліся праз іхныя ўласныя цялесныя воні, пакута вярнулася, запульсавала надзеяй, трывогай: а мо яшчэ воля магчымая, а мо яшчэ можна ўцячы, вызваліцца ад жалезных кратаў, пабегчы з усіх чатырох лапаў туды, да роднага, мілага, сціхотнага. І разам з надзеяй і трывогай ажылі нянавісць, прага нялюдскай, звярынай помсты.

Пах роднага і дух людзей, якія здрадзілі, бунтавалі ў ваўку кроў. Адпомсціць, укусіць, адгрызці рукі, ногі, галаву… Галоўнае — прыкінуцца добрым, падмануць, увайсці ў давер. Няхай у вачах засвіціцца зычлівасць, няхай толькі зажадаюць дакрануцца да яго (дурныя двухногія! — ім абавязкова захочацца дакрануцца да яго, пагладзіць. О! Як ён ім пагладзіць!). Трэба і хвастом пакруціць, і галавой, каб паказаць, што ён іх пазнаў, што ён рады ім. Ага — адзін з іх падыходзіць бліжэй, рука аж свярбіць, аж пачырванела, каб пагладзіць яго, але яшчэ баіцца… Так, так… Стану ледзь не пасміхацца, падманліва радавацца, хвастом па баках шлёгаць, як сабака які… Ага, працягвае руку! Бліжэй жа, яшчэ бліжэй! Ну, вось і ўсё — блізка, ёсць. Імгненна міласць на гнеў перакінуць, пашчай, як кляшчамі, — цоп ненавісныя панскія растапыркі! І трымаць, і трымаць, і шкуматаць, грызці, сціскаць — нічога, няхай б'юць, хоць рэжуць, хоць заб'юць! А ён атрымае — о слодыч! — радасць сваім сківіцам!

4. Прыезд хатняга настаўніка

Ваўчаня з'явілася ў Манкевіцкай эканоміі неўзабаве пасля прыезду выпісанага з Масквы хатняга настаўніка і цэлага шэрагу прыкрых і непрыгожых, на погляд трымальнікаў шляхетнага стану, падзей.

Настаўніка, высокага, шыракаплечага, з круглявым галабародым тварам і пукам валос пад носам прывёз падсочнік Цімох, прагнаны з бровара яшчэ папярэднім гаспадаром за жарсць да «прадухта», як казаў сам Цімох. Настаўніка пасля таго, як уладкавалі ў флігель, прывялі да аканома Ўрбановіча. Малады чалавек стрымана пакланіўся і назваў сваё поўнае імя, імя па бацьку і прозвішча.

— Дастаеўскі? — здзіўлена перапытаў аканом.

— Не, васпане, — настаўнік схіліў галаву крыху на левы бок і ўперад. — Я — Арыстоклій Дастоеўскі… Дастаеўскі ў Маскве, я, паўтараю, — Дастоеўскі…

— З палякаў будзеце?

— Патомны расеец, проша пана.

Аканом разгублена перазірнуўся з маладой жонкай, якая выйшла з пакоя ў вітальню, дзе адбывалася першае знаёмства.

— А вы часам…

— Мае бацькі не былі звязаны з… польскім племенем… — сказаў настаўнік.

Па ім было відаць, што ён з цяжкасцю ўлагодзіў сваё раздражненне.

Поделиться с друзьями: