Літоўскі воўк
Шрифт:
Высветліць прычыны здарэння браліся па-рознаму. Адныя казалі, што той пан гаварыў пры ваўку на мове хамаў, ці, калі хочаце, па-ліцвінску, словам, на гаворцы насельнікаў краю, які распасціраецца ад Прыпяцкіх балот да Дзвіны ды Віліі. Пан загаварыў па-ліцвінску, ці русінску, або, як яшчэ казалі — па-беларуску, а воўк нават прыязна прыняў чалавечую гаворку, завіляў хвастом. Тады пан і насмеліўся пагладзіць ваўка. А звер — хоп! — яго зубамі. Удружыў, называецца.
Другія казалі, што і гэта магла быць чыстая праўда, бо былі сведкі, што і воўк адкрываў пашчу, зяхаў і з ягонага горла выходзілі зыкі амаль чалавечага кшталту. Зрэшты, праверыць такое дапушчэнне няма магчымасці. Звер ёсць звер, з ім трэба мець асцярожнасць, хоць ён і за кратамі. Важней, як сябе паводзілі пакусаныя людзі, паны. Адзін, як ужо гаварылася, страціў ад выгляду крыві прытомнасць. Гэта маладзейшы, а старэйшы —
З'явіўся гэты пан на курорце пад ручку з харошанькай дзяўчынай. Злыя языкі казалі, што то ягоная палюбоўніца. Бо ніяк не выглядала на жонку. Нехта заўважыў, што пастрэльвала вочкамі ў бок афіцэраў, што часам з'яўляліся на праменадах. Зрэшты, тыя і самі шукалі моманту, каб зрабіць харашусе знак увагі. Вядома — курорт.
Разам з панам і ягонай маладой пані быў вышэйпамянёны малады вяртлявы пан у крацястых панталонах, а з ім — немаладая асоба нявызначаных гадоў, з далікатнымі рысамі твару і бародаўкай пад вокам. Людзі гэтыя трымаліся самі па сабе, шпацыравалі, пілі ваду, праходзілі лячэбныя працэдуры і ні з кім не заводзілі знаёмстваў.
Толькі ад гасцінічнай прыслугі за рубель падлагоды курортныя заўсёднікі даведаліся, што людзі гэтыя, і паны, і немаладая жанчына, маюць прозвішча Ўрбановіч, што прыехалі з поўдня краю, што немалады пан — аканом буйнога землеўладання, якое колісь належала адной ці то графскай, ці то баронскай фаміліі, а цяпер — дзяржаўнай казне.
Ад той жа прыслугі даведаліся, што маладая дзяўчына — законная жонка пажылога пана. Асоба з бародаўкай была ці то сястрой, ці то цёткай пана аканома, а малады пан — пазашлюбны сын падстаркаватай цёткі, бо жывуць яны ў адным нумары.
Яшчэ заўважылі, што маладую пані ніколі не пакідаюць адну. Каля яе тырчэла то цётка з бародаўкай, то круціўся вяртлявы паніч у крацястых панталонах. Сам пан Урбановіч, калі рабіў з маладой жонкай праходку, не выпускаў яе рукі са сваёй, рыхтык пані хворая і магла паваліцца ўпокат, як толькі сужэнец адпусціць яе. Аднак маладуха не выглядала хворай. Хіба крыху засмучонай.
Адна з паняў, найцікаўнейшая з заўсёдніц Друскенікаў, упільнавала маладую Ўрбановічыху каля вады. Падышла і праказала той некалькі словаў па-французску. Як гаворыцца, пра «прыроду, пагоду і французску моду». На дзіва, дзяўчына адказала па-ангельску. Ангельшчыны пані-выведніца добра не ведала і больш звыкла, па-польску, паспрабавала разгаварыць маладую пані. Уразілася не адказамі, не… Пальшчызна маладой жанчыны гучала настолькі па-кніжнаму, што належала яшчэ здагадвацца, пра што яна гаворыць. Тады пані перайшла на расейшчыну. Здавалася, гэта быў бяспройгрышны варыянт. Хто не ведае такой тутэйшай ламаніны: слова расейскае, слова польскае?! Але маладая асоба зрабіла выгляд, што не разумее пані. Такім чынам, узаемаразумення паміж панямі не адбылося. І адкуль, з якога балота, пан Урбановіч яе такую выкапаў?
Апранута дзяўчына ладна, па модзе. Праўда, такіх падбітых уверх адзаду крыналінаў даўно не насілі. Вядома, пакуль мода дойдзе з Варшавы ці з Вільні, прыпаўзе да краёвых маёнткаў… Што ні кажы, абшары, Літва, глушэча. Гэта не за колішнім часам, калі ў магнацкія палацы адмысловыя ганцы прывозілі проста з Парыжа не толькі найпярвейшыя звесткі пра шырыню падвязак ці даўжыню пальчатак, але і арыгінальныя выкрайкі… Але то быў свой час, свая эпоха…
Таямнічае панства толькі першыя дні прыцягнула да сябе ўвагу і было цікавым некалькі дзён, а далей верх узяла, шчыра скажам, абыякавасць да новых курортнікаў. Потым, праз тыдзень, прыслуга ўжо і без капейкі грошай данесла, што пан сварыцца з маладой жонкай, а жонка плача і патрабуе ехаць дахаты. Яна шляхцянка з бедных, ці не дачка аднадворца. Пан аканом узяў дзяўчыну з літасці і гэтым часта дакарае. Зрабілася таксама вядома з іхніх спрэчак, якія яны вядуць на сялянскай мове, на якой гавораць на берагах Нёмана, Свіслачы, Мухлі et cetera, што ў маладой пані быў раман, пазашлюбныя адносіны. Дзіўным было не гэта, уласна раман, але тое, што сварыліся па-халопску, на хамскай мове, бо дваранства выясняла адносіны звычайна па-польску. Карацей, цікавасць да нецікавых знікла сама па сабе.
І вось дзікае здарэнне. Малады пан застаўся з пагрызенай кісцю — косці цэлыя, мяса пакусана і скура здзёрта, а вось пажылому пану, які ратаваў маладога, не пашэнціла — мезены палец адгрызены цалкам — матляўся на скурцы, безыменец пераламаны, бясформенны, і сярэдні палец пабываў у зубах, але ў суставе быў рухомы. Дасталося і перадплеччу. Воўк літаральна прапусціў яго праз зубы… Рука як
у малатарні пабывала. Кроў цуркамі цякла… Нават на другі дзень пасля здарэння адна далікатная паненка так і гэпнулася каля воўчай клеткі, самлела — кроў праступіла скрозь тырсу і пясок, якімі закідалі зямлю. Гэтулькі яе нахлюпала з пашаткаванай рукі…Такім чынам, нам амаль усё вядома: курорт, звярынец, два паўднёвыя (у межах краю) паны з паненкай і цёткай з бародаўкай пад вокам; малады суне руку ў клетку, стары яго ратуе, воўк чык зубамі — і гатова. Што далей? Далей будзе, не турбуйся, чытач. Спачатку паглядзім на гэтыя ж падзеі вачамі яго ўдзельнікаў.
2. Маладое-неразумнае
У тую нешчаслівую раніцу манкевіцкі аканом, з тых самых славутых Манкевічаў з поўдня Менскай губерні, якая за Прыпяццю, каля ракі Гарыні, як і было заведзена штораніцы, папіў кавы, з'еў канапку і накіраваўся на неадменны ранішні шпацыр. Маладая жонка яшчэ спала. Учора звечара, як звычайна, добра насварыліся, пані скрычалася, таму сёння і спала. Накрычаўся і пан, вядома, не крыкам, а шэптам, душачыся, тоячыся ад гатэльных суседзяў, і цяпер яму карцела ціха пагаварыць з кім. Згрызоты з маладой жонкай надакучылі яму. Са сваіх з кім пагаворыш? З прышаломкаватым Станіславам — маладым панам, на якога людзі там, на далёкім Палессі, казалі, як на дзецюка, — Стасік? Аканом зразумеў, калі прыехаў сюды, што ўвесці маладую жонку ў кампанію курортных кабет, адшукаць ёй каляжанак, хоць бы адну, якая была рыхтык сястра, не ўдасца, — жонка сама не хацела гэтага.
Той раніцай выйшаў на шпацыр і Стасік. У гэтага ў галаве адно — пакруціцца, пацерціся каля маладых паненак. Якраз тады, калі цётка Цэцыля, тая самая, з бародаўкай, спіць. А спіць яна доўга, да дванаццаці, бо яна святуля — уночы не спіць, а моліцца.
Дзяўчаты акурат і стаялі каля звярынца. Прыйшлі так рана, бо хацелі паглядзець, як раніцай кормяць драпежнікаў: рысю, мядзведзя, ваўкоў.
Ваўкоў у звярынцы сядзела цэлая рознакаліберная дэлегацыя з лясоў «Северо-Западного края»… Быў здаравезны баравы ваўчуга з Налібокаў, меліся галаватыя пушчанскія ваўкі, знаходзіліся драбнацелыя інфлянцкія ваўкі, цэлая сям'я: воўк, ваўчыца і ваўчаняты. Быў яшчэ адзін воўк, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Невялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Казалі, што то быў ручны звер, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.
Пан аканом падышоў да паненак, дакрануўся да свайго касторавага кацялка ў знак вітання. Дзяўчаты стрымана хітнулі галоўкамі. Аканом паглядзеў на мядзведзя, рысю, на ваўкоў. Каля клеткі з сухарэбрым ваўком спыніўся. Звер ляжаў, паклаўшы галаву на таўставатыя пярэднія лапы. Кавалак свежай ялавічыны ляжаў у пляскатай жалезнай місе, але воўк не звяртаў на спажыву ўвагі. Словам, воўк як воўк. Тыповы шэры драпежнік, якіх на прасторах Літвы тысячы, а можа, дзесяткі тысяч… Да чаго яны падобныя адзін да аднаго!
Стасік побач круціў галавой, зазіраючы ў маладыя, сонечныя, як свежае масла з бойкі, і роўненькія, як курыныя яйцы, тварыкі маладзічак, нешта плявузгаў пра раманы Крашэўскага, з якіх ён ніводнага не дачытаў, і нават асмеліўся ўзяць адну з дзяўчат за локцік. Тая далікатна выслабаніла руку і з'едліва сказала голасам у нос, па-французску, што ў маладога пана ёсць каго браць за руку, маючы на ўвазе цётку.
Раптам ні з таго ні з сяго сухарэбры воўк падняўся і… заскуголіў. Так голасна і так сумотна, што паненачкі і Стасік сталі з жалем глядзець на звера. Стасік аб'явіў, што воўк плача. Па волі. А сам воўк — так сабе, няма на што глядзець. І не такіх бачыў. Наглядзеўся на ваўкоў у той глухмені, у якой змушаны жыць. Не аднаго драпежніка дасягла куля, пушчаная са ствала ягонай паляўнічай дубальтоўкі. Такія экземпляры трапляліся! Бывалі — ого! Даўжынёй вунь з гэтую паркавую лаву. Лапы — што цурбалкі ў каня. А гэтыя ваўкі тут, у Друскеніках, — дробныя, не вартыя ўвагі.
— Вось, — балбатаў Стасік, — маці Ромула і Рэма… Выбітны сімвал… Плач гэтай ваўчыцы сімвалізуе плач народа па незалежнасці…
— To pies, nie samica… — перабіла пустаслоўе Стасіка адна з паненак і сарамліва заплюскала вачамі.
— Ці важна… — ганарыста адмахнуўся Стасік. — Ваўкі ў многіх народаў сімваламі… Знаёмы каўказскі афіцэр расказваў, што дзікія горцы яго на сцягу зялёным, мусульманскім, маюць… Ваўчыцу… І вось, паводле легенды…
Воўк паскуголіў і цяжка бухнуўся, упаў на жывот, паклаў морду на лапы. Калі загучаў голас Стасіка, адно вуха ваўка варухнулася і стала старчаком. Гэта падмеціў пан аканом. Голас Стасіка гучаў, а воўк нават прыўзняў галаву, нібы слухаючы бязглуздзіцу маладога пана.