Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
Вялізныя вочы яго з болем глядзяць на захад.
– І вось вясна. Квітнеюць сны, і вальдшнэпы вяршаць справу жыцця… А чалавек нагі… Алень выходзіць на светлыя воды, а душа чалавека, падобна як алень каля вод, шукае ісціну. Дзе яна? Дзе?
Проста перад ім, з паветра, узнікае постаць П’янды. Ён зручна ўспёрся на валун, з няўлоўнай іроніяй глядзіць на думаючага.
— Хрыстос у пустэлі, — кажа ён з усмешачкай.
Рогач падымае на яго асветленыя пакутай вочы.
— Я думаю. Пакінь мяне.
– І не падумаю. Твая камандзіроўка зацягнулася. А рэзультат — з салаўіны
— Вярнуся ў горад. Мне здаецца, Дубраўка павінна шукаць мяне там.
— Ты пабачыш там харошанькія справы. Палац, спалены датла на падставе грамадзянскага права. Мёртвую Агату. Яны як ашалелі. З дзевяці запаведзяў начыста выкрэслена адмоўе “не”. “Украдзі”, “забі”, “пралюбы ствары”. Нават мне не па сабе ў іхняй кампаніі.
— Мёртвая?
— Але. Гэта ж ты яе забіў, раз’юшыўшы супраць яе народ.
— Народ? Я? Гэта ж вы…
Смяротна бледны, глядзіць на яго Рогач.
— Ты не хацеў рабіць зла, — дабівае яго П’янда, — а нарабіў больш за ўсіх. Людзям не па плячу дабро… А цяпер яны, натхнёныя тваёй палітыкай, пачалі рэзаць адзін аднаго.
— Смута… Гэта ўсё вы, адвакаты Сатаны.
Страсна:
— Я ненавіджу вас. Я абдумаў. Я многа награшыў, але я ненавіджу. Ненавіджу самага страшнага ворага: хлусню. Ненавіджу голад, ненавіджу зло, ненавіджу ханжаства. Будзьце вы праклятыя!
— Ты надзвычайны! Ты — проста грамадскае сумленне. А ў горадзе нябожчыкі.
— Сам страшны суд дараваў бы мне ўсё, акрамя ўступчывасці вашаму злу. Рукі мае былі слабымі для мяча. Я падпадаю смерці.
— Так? Люблю самакрытыку. За што смерць? За гэтыя восем дзён яна спынілася, — усміхаецца П’янда.
— Як?
І П’янда знешне абыякава, але разлічана кідае:
— Чорная смерць прыйшла з Італіі цераз Кракаў.
Рогач устае.
— Люблю парывы юнацтва, — кажа П’янда. — Куды?
— Туды.
— Паглядзі на руку.
Рогач бачыць на запясці шрам у выглядзе літары “ч”.
— Ты здохнеш, як апошні смяротны. Забыў?
І тады Рогач кажа:
— Бедныя-бедныя людзі. Дурныя, цёмныя, распятыя на дыбе тугі, на нягодстве моцных.
Голас яго дрыжыць.
— Ты плачаш? — здзіўлена пытае П’янда.
Рогач сапраўды плача. Але плача толькі адна палова яго твару. Слёзы коцяцца з аднаго вока. Адна палова рота тужліва дрыжыць. На другой — гаротная ўсмешка.
– Ідзі адсюль, — вырываецца з яго вуснаў. — Ідзі.
— Ты ўсё ж ідзеш? — бязмерна здзівіўся П’янда.
— Але. Я баюся, але іду. Іначай няма мне даравання.
П’янда глядзіць у спіну Рогачу, які аддаляецца, а потым у адчаі б’е нагою па камені.
— Згінь, рассыпся. — Яго курчыць. — Ліха на цябе, незламаны.
Ён пачынае правальвацца.
— Чорт пабірай, зусім як у дрэннай оперы, — спрабуе пажартаваць ён.
Знік. На дарозе ідзе да захаду адна постаць Рогача.
У прысмерку ён падыходзіць да мёртвых гарадскіх муроў. Барвяныя блікі зарыва. І раптам ён чуе крыкі і лясканне бізуна па зямлі. З-за рагавой вежы вывальваюцца чалавек восем жанчын, запрэжаных у цяжкі плуг. Валасы
распушчаны, на целах адны сарочкі. Цяжкі, тлусты разор застаецца за плугам. Жанчыны валакуцца, нахіліўшыся, амаль дакранаючыся валасамі да зямлі. Цёмныя твары ў скрусе і журбе.— Пот нясём! Кроў сваю! Уратуй мілых!
— Стойце! — спыняе іх Рогач. — Што вы робіце?
Жанчына-асілак, што вядзе плуг, стала.
— Мы адчаяліся, — кажа яна. — Мы палілі смалу, адводзілі да брамы самую злую цешчу… А чорная смерць забівае, забівае… Шмат хто пайшоў. А многія мруць. Мруць. Цяпер засталося апошняе — абараняць горад. Іначай як мы ўратуем?.. Як?!
Рогач схіляецца перад імі да зямлі.
— Вазьміце мяне ў ахвяру. Забіце мяне.
— За што, добры чалавек? Не, ідзі сваёй дарогай. Беражы сябе. У горадзе і без гэтага няма дапамогі. Горад пусты… Гэ-эй!
Хвастануў па зямлі бізун. Надрываючыся, нацягваючы лямкі, яны пацягнулі далей цяжкі плуг.
Рогач ідзе пустой вуліцай горада. Палае ў бочках смала. Блікі зарыва скачуць па яго абліччы.
Вузкая вулачка. Па абодва бакі яе — агароджы маленечкіх садочкаў. І раптам Рогач чуе стогн. Азірнуўся…
…У адным садку ляжаць юнак, у другім — дзяўчына. Яны прасунулі рукі праз краты агароджаў, імкнучыся дацягнуцца адно да аднаго. Але іхнія рукі падзяляе не менш як сажань. Дзяўчына не дыхае. Юнак яшчэ цягнецца да яе.
Рогач стаіць і глядзіць на іх. Гэтыя маладыя абліччы. Толькі на твары юнака туга і бяссільнасць. Задрыжэлі веі Рогача. Пакутны глухі гук вырваўся з грудзей.
Ён зноў глядзіць на шрам на запясці. Потым рашуча адчыняе фортку садка, падыходзіць і бярэ дзяўчыну на рукі.
Узмывае ўгору музыка… Асветлены зарывам, ён нясе яе, нясе, нясе, і твар яго прыўкрасны як ніколі…
…Паднёс, паклаў поруч з юнаком, у якога раптам рэзка расплюшчыліся вочы.
— Нахіліся… Кароль?
Рука яго шукае эфес кінжала.
— Не, — кажа Рогач. — Я ненавiджу яго, як можна ненавiдзець самае нячыстае ў сабе.
— Дзякуй Богу… Я ледзь не забіў невінаватага.
Кінжал вывальваецца з яго рукі. Ён падсоўвае руку пад галаву дзяўчыны. Заплюшчвае вочы.
— Цяпер я буду спаць. Доўга. Дзякуй табе, добры чалавек.
…Рогач ідзе прэч, рассеяна дакранаючыся да запясця.
Усё паскараюцца яго крокі.
Скача зарыва.
На плошчы, проста пасярэдзіне яе, ляжыць сівеючая жанчына ў чорным. Рогач набліжаецца да яе.
— Лёле, — чуе ён слабы голас, — Лёле, сынок.
Кліча жанчына. Рогач водзіць вакол вачыма. Непадалёк ляжыць хлопец яго год. Ён чымсьці падобны на Рогача. Рогач падыходзіць да яго, прыкладвае руку да яго сэрца. Хлопец мёртвы.
— Лёле…
Рогач закрывае далонню вочы. Пальцы яго дрыжаць. А потым ён падыходзіць да жанчыны і знаходзіць яе руку.
— Мама…
— Нічога не бачу, — кажа яна. — Цемра ў вачах. Гэта ты?
— Так, — у яго дрыжаць вусны. — Так…
Жанчына слаба ўсміхаецца: