Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ён мой муж, — усміхаючыся, кажа Дубраўка.

— Гэты муж цалаваў мяне. У яго пяшчотныя моцныя рукі. Ён смешна ўздыхае ў сне. Я ведаю аб ім ўсё.

— У яго аднялі памяць. Ён не грэшны перада мной.

— Але ты аддасі яго мне, — уладна, але з ценем малення кажа Агата.

— Нашто?

Каралева рашылася на нешта:

— Усё жыццё мне былі прыкрымі мужчыны. Іхнія рукі, іхнія вочы, тое, як яны дакранаюцца да тваіх кос… Нават самыя пяшчотныя, якія бязважка цалуюць у вочы. Я ўсё жыццё цярпела пакуту… не кахаючы. І я помсціла ім… нават лепшым. І вось — ён… Ува мне як заззяла

нешта. Адступіся, без яго я горшая за апошнюю жабрачку.

— Мне шкада цябе… Але я таксама.

Каралева кінулася ўперад. Упала на калені:

— Я любліла парфіру. Любіла зло. Вышэй за ўсё… Слухай, застанься замест мяне. Я апрану тваё рыззё, пайду з ім… Далёка, за маскоўскі рубеж, у багатую Індыю, яшчэ далей.

Маўчанне.

— Нюхаць гэты смурод? Пэцкацца аб бруд парфіры?

Агата выпрамілася.

— Тады цябе адвядуць на край маёй зямлі і ўтопяць у святым возеры. Каб не мог дастаць. Нават дзівосамі д'ябла.

— Чым?

— Ён жа д'ябал. Ты не ведала?

Бязмернае здзіўленне на твары Дубраўкі змяняецца спакоем.

— Няхай, — горка кажа яна.

— Д'ябал…

— Няма Бога. Але няхай яго ўратуе зямля, вялікая, цёплая, мая, тая, што прыліпае да ног аратая.

Каралева ўдарае ў гонг. П'янда вырастае поруч з ёй.

— Забяры яе. У возера.

П'янда схіляецца да яе ног.

__________

Апачывальня. Каралева сядзіць на ложку. Рогач кідаецца перад ёю з кута ў кут: скачуць доўгія цені.

— Дзе?

Агата спакойная.

— Яе пакаралі смерцю. Гадзіну таму.

__________

Уначы ляціць пад аховай варты вазок. Ляціць міма касцёла… Ляціць алеяй саду. П'янда скача поруч з вазком. Некалькі коннікаў ценямі стаяць на дарозе.

— Стой!

П'янда хапаецца за меч.

— Пачакай. Гэта я, гаспадар Іван.

— А-а. Што такое?

Побач з гаспадаром Іванам — гаспадыня Аглая.

— Магнаты вырашылі канчаць, — кажа Іван. — Яна знюхалася з гэтай бязроднай сволаччу, і ёй не патрэбен ніхто. А рука Рагінскага — свінец.

— Ён абразіў мяне, — кажа Аглая.

— Што ж, — усміхаецца П'янда. — Вы мысліце лагічна, не скатваючыся ў метафізіку. Я задаволены вамі. А каралева, здаецца, на самой справе стала іншай.

— Не паспее.

– І гэта праўда. Я дапамагу. Надта ўжо ты будзеш добра на яе месцы. Моц. Сіла. Тонкая дыпламатыя. Памятаеш, чым ты разбіў башку дэйноўскаму правадыру.

— Яшчэ б… Люлькай міру, — зарагатаў Падкова.

П'янда ўсміхаецца.

— Я дам табе тры цуды. Сам на тры дні застануся без іх, дык для друга ж не шкада. Першае — выслізнеш з хітрых сецяў Рогача. Другое — непрыкметна пранікнеш у палац. Трэцяе — на тваё меркаванне.

— Дзякуй.

— Трогай, — усміхаецца П'янда.

Колы загрукалі ўначы.

__________

Рогач кідаецца да апачывальні. Дае выспятка вазам, крышыць крэслы.

— Вы ўсе адвакаты сатаны! Вы горшыя за яго!

Сумная, бледная Агата глядзіць на яго.

— Рогач…

— Што?!

— Я

зрабіла апошняе зло. Мне чамусьці не хочацца больш яго рабіць. Гэта ўсё ты…

Ён маўчыць.

— Няхай. Цяпер толькі я. Паглядзі на мяне. Хіба не тыя самыя рукі, вочы, валасы?

Рогач падае да яе ног як падсечаны. Плечы ягоныя калоцяцца.

— Яны ўсе ў крыві. Але куды я пайду? Я забіў нават яе. Куды мне трымаць шлях акрамя цябе і пекла?!

Яна пяшчотна прыўзняла за валасы яго галаву.

— У цябе нават не цякуць слёзы.

__________

Карэта каціць начным лесам. Дрэме ў ёй Дубраўка. На шчоках — сляды слёз.

І раптам коні сталі на дыбкі.

Бярвенні павалены ўпоперак дарогі. На бярвеннях чалавек з бязменам: Ян Шыбень.

— Стой, — кажа ён.

— Чаго табе, неабазначаны ў тэалогіі? — усміхаецца П'янда.

— Азірніся!

П'янда аглядаецца. Паўсюль, з кустоў, з дрэў, з-за буралому, тырчаць нацягнутыя сялянскія лукі.

— Я Ян Шыбень… Аддай тое, што вязеш.

— Гэта толькі дзеўка.

— Добрая дзеўка даражэйшая за золата. Аддай яе і зброю.

Маўчанне.

— Бі іх, — раптам лямантуе П'янда. — За каралеву! За святую троіцу!

Варта кінулася на сялян. Замільгалі мячы. Але ў адказ заспявалі апераныя стрэлы. Пачалі падаць людзі. Утрапёная калатня цягнулася нядоўга. Вось ужо адзін П'янда стаіць перад Шыбнем.

— Ну!

— Што ж, — паціскае плячыма магнат, — часам трэба ісці на кампрамісы.

— Пакінь вазок. Вяртайся. Скажы: мы ідзем.

— Чорт, — шэпча П'янда. — Цуд, цуд аддаў.

__________

У апачывальні Агата сядзіць на ложку. Глядзіць на Рогача, які заснуў у той самай паставе і ціха стогне ў сне.

Лёгкі стук у дзверы. Яна паварочваецца да дзвярэй:

— Цішэй. Хто там?

— Гэта я, П’янда. Яе адбілі, каралева. Яны ідуць.

Рогач трохі расплюшчвае вочы. І са здзіўленнем бачыць разгублены, упершыню жывы, упершыню чалавечы твар Агаты.

— Маўчы, — шэпча яна П’яндзе. — Раніцай.

Калі яна з трывогай паварочваецца назад — яна бачыць, што вочы Рогача заплюшчаны.

__________

Раніца. З замкавай брамы выходзіць Рогач у адзенні шкаляра, са старым клункам на плячы. Стаў. Падняў вочы да неба і глыбока ўздыхнуў.

Стары сівы брамнік набліжаецца да яго.

— А каралева?

— Каралева спіць.

— Куды ж вы?

– Іду шукаць душу.

Брамнік спалохана глядзіць на яго:

— Не хадзіце. У горадзе бунт. Ходзяць панскія шайкі і народ. Я… усе мы ў замку ведаем, што вы не вінаваты. Але яны ненавідзяць вас, не ведаючы. Не хадзіце, заб’юць.

— Няхай, — гаротна адказвае Рогач, — мне ўжо няма дарогі. Я пайду думаць. — Ён накіроўваецца да плошчы. Брамнік глядзіць яму ўслед.

__________

Рогач стаіць каля плошчы і глядзіць, як на ёй віруе народ.

Поделиться с друзьями: