Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
Шрифт:
Боты, боты, боты. На плошчы маршыруюць навабранцы, прыбраныя з гратэскнай ваяўнічай пышнасцю.
Грыміць марш. Званы цэркваў надрываюцца дзікім звонам. На чале калоны маршыруе генерал, жоўты, кашчавы, з вялікім вісячым пузам. На ягоным шаломе каласальны зялёны султан.
Два цэхавых старшыні глядзяць на яго.
— Глядзі, пятрушка, — кажа адзін. — І толькі што з грады.
— Пераможца носіць барвяныя пер'і, - кажа другі. — Скора гэтая пятрушка збарвавее.
Боты, боты. Хвацка маршыруюць боты.
Генерал запявае
Ваяўнічыя навабранцы з гікам і прысвістам падхапілі песню.
Рогач заходзіць у залу пасяджэнняў ваеннай Рады… Усе ўжо ў зборы. Чакаюць яго.
— Дык вось, — устае Рогач на бочку, — пытанне аб вайне вырашана. Не вырашана толькі, на каго напасці.
— Нападзі на Смаленск, — раіць П'янда.
Рогачу вельмі дрэнна, але ён знаходзіць сілы для іроніі.
— А як тады мінскія прафесары будуць апраўдвацца перад гісторыяй? Не, нападзём…
Ён марудзіць. І тады Агата кажа пяшчотна:
— На Дэйноў.
У вачах яе столькі абяцання, што Рогач цяжка ўздыхнуў:
— Няхай ужо.
— Гэта дробязь, — кажа П'янда. — А вось як да іх прыдрацца? Яны адчуваюць сваю слабасць. Сядзяць, як мышы пад венікам.
— Гэта даручыце мне, — кажа Іван. — Заўтра пойдзем у пасольскі двор.
— Уяўляю, — кажа П'янда.
— Чаму ты пра мяне такой нізкай думкі?
— А хто пра цябе высокай думкі?
П'янда ўстае і расчыняе акно. У пакой урываецца гул з плошчы.
— Ты нават не ведаеш, што народ бунтуе, — кажа П'янда, — ты, наглядчык за парадкам. Пётр-прадракальнік пайшоў з палаца і баламуціць народ. Глядзі.
У глыбіні плошчы, далёка ўнізе, натоўп людзей.
Той самы натоўп, але зблізку. На бочцы стаіць Пётр-прадракальнік і, бліскаючы вачыма, вядзе прамову:
— Царква толькі што ўхваліла братазабойства. Вас вядуць, і вы не ведаеце куды. І што вы ведаеце наогул, авечкі, якія мараць аб райскай канюшыне?
— Якая яшчэ канюшына? — пытае цэхавы старшыня.
— Воўк пабачыў авечак, — кажа Пётр. — І задумаў загубіць не адну, але ўвесь статак. Ён падышоў да іх і сказаў, салодка ўсміхаючыся: "Вашы пастухі злыя, мізэрныя і скупыя ў вас пашы, аўчаркі цягаюць вас за курдзюкі, збіваючы ў кучу. Пранікніцеся верай, ідзіце за мной. Я адвяду вас на лугі, дзе расце райская канюшына. Яна расце ўлетку і зімой. І там няма пастухоў і нажа, а вечная вясёлка гарыць над лугамі".
— Добра, — уздыхнуў нехта.
— Але дойдзе туды, сказаў воўк, толькі той, хто моцны ў веры.
Паўза.
– І авечкі пайшлі за ім. Праз прорвы, і пушчы, і прадонні, дзе не было дня. І калі авечка пачынала стагнаць, воўк з'ядаў яе, разрываючы на часткі, каб яна не псавала
астатніх… І казаў, з'ядаючы: "Чым скарэй памрэш, тым хутчэй райскую канюшыну знойдзеш".У голасе Пятра прарывалася сухое рыданне.
— Чарада змяншалася, але затое яна мацнела духам… І калі воўк дажэр апошнюю авечку, ён аблізнуўся і сказаў: "Як многа карысці прыносіць мудрым байка аб райскай канюшыне".
Натоўп маўчыць. Потым нехта, крактануўшы, бярэцца за доўбню. І раптам гук рога праносіцца над галовамі. Усе павярнуліся. У перспектыве плошчы калона салдат. З тупатам яны рушаць на натоўп, які адступае ў вуліцу.
На дзвярах надпіс: "Дэйноўскі пасольскі двор". Гаспадар Іван з грукатам адчыняе дзверы нагой.
За ім, грукаючы зброяй, ідуць П'янда, Рогач, яшчэ некалькі чалавек.
…Увайшлі ў залу прыёмаў. Іх сустракае, нізка кланяючыся, пасол:
— Дарагія госці, калі ласка… Які гонар!
Ён яўна напалоханы. Падпіты Іван рухаецца проста на яго.
— Крэсла!
— Крэслы дарагім гасцям!
Усе расселіся. Гаспадар, разваліўшыся ў крэсле, кладзе ногі на скрыню з вярыцельнымі граматамі.
— Вы нарвецеся на ультыматум, — кажа ён. — Вашы салдаты нападаюць на мяжы на нашых.
— У нас няма салдат на мяжы. Мы іх адвялі, каб не раздражняць вашых мужных воінаў.
— Гм… гм… вашы канакрады ўгналі ў нас табун коней.
— Наадварот, калі дазволіце заўважыць, мы прыгналі вам у падарунак тры табуны.
Усе сядзяць прыгнечаныя. Пасол рассыпаецца дробным макам. Рогачу брыдка.
— Кінь, Падкова, — кажа ён. — Сорамна.
— Чаго яшчэ сорамна? Хіба з такімі малпамі можа быць сорамна? Яны думаюць напасці на нас…
— Так точна… Гэта вы праўдзіва мелі ласку заўважыць наконт малпаў. Хе-хе.
Правакацыя яўная не ўдаецца. П'янда ўсміхаецца. Гаварыць няма аб чым. Іван Падкова мацае наборную дошку стала.
— А гэта што?
— Слановая косць, вашаства.
І тут гаспадар знайшоўся. Вочы яго налілія крывёю. Ён знайшоў падставу. Ён гарлапаніць:
— Ага-а, сволачы! Слана замучылі! Ужо мы вам!
— Гэта не мы, гэта негры, — спрабуе выправіць становішча пасол.
— Ні-чо-га, і да неграў дабярэмся! Ах, сволачы! Слана! Добрага!
Ён з грукатам устае і кідае на стол меч.
І адразу ўдар звона балотнай царквы.
Драўляная, маленькая, яна стаіць сярод бязмежных чорных тарфяных балот. Коннік з "вогненнай віцай" у руцэ заскакаў ля цвінтара.
— Вайна! Набат!
Ён ляціць далей.
Стогнучы ўдар звона…
Рэдкія пасмы туману паўзуць па роўнядзі тарфяніку…
…да сяла, што стаіць на адхоне.
Абадраныя стрэхі. Дзіч.
І адразу ўзмывае ў неба страшная, на самых вышэйшых нотах, падобная на лямант песня:
А ўжо ж бяроза завіваецца, Кароль на вайну сабіраецца.