Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Грукаюць дзверы. Ад хат, угору па адхоне, ідуць мужыкі з косамі і доўбнямі на плячах: рэдкія белыя кропкі на чорным торфе. Нахіленымі здаюцца на касагоры іхнiя постаці.

Галосіць баба, як ваўчыха, задзёршы галаву:

А ў каго сыны ёсць, дык высылайце, А ў каго няма, дык хоць наймайце.

Мужыкі адрываюць ад сябе баб.

Разяўленыя, лямантуючыя бабскія раты… Візантыйскія, без слёз, вочы. На мяжы голасу, страшная, гучыць над тарфянікамі песня-галашэнне:

Загаласіла
ўдовачка:
"Бед-на-я ма-а-я ты галовачка!!!"

Удар звона, як стогн… Хата на адзіноце… Белавалосы, зусім яшчэ малады гаспадар выходзіць з яе, развітваючыся з жонкай.

…Туманная вялізная постаць баявога дудара ўзнікае над імі. Ён раздзьмухвае мяхі, сурова глядзяць вочы, вузкія вусны вядуць баявую песню. Постаць валыншчыка то з'яўляецца, то знікае там, дзе гэта трэба.

Сцягі лунаюць драпежна, крылата, Трубы завуць людзей на вайну: Ў замку кароль апранае латы, Янка цалуе ў хаце жану.

Адарваўшыся ад жанчыны, ідзе ўсё далей да хаты чалавек з віламі на плячы… Ідзе па касагоры… Міма вярбы, што сцелецца па ветры… Міма жытняга поля, па якому бягуць хвалі.

Ў шлях караля праваджае слава, Музыка, спевы, царкоўны звон. Яму ўздагонку ўздыхаюць твары, Жыта, што болей не скосіць ён.

…Грае дудар, стоячы на ўзгорку, над полем сражэння. І мы бачым усё, аб чым ён спявае. Бачым і Рогача, што размахвае мячом на кургане. А ўнізе паталочаны верас і смерць.

Б'юцца палкі пад гром барабанаў, Проста пад коньмі душаць і б'юць, Кветкі таўкуць на мядовай паляне, Ў верас людскія трупы кладуць. Меч каралеўскі да неба ўзняты, Ззаду дрыжыць над крутым курганом: Неба! Радзіма! Валі, рабяты! За каралеву! Сякерай! Друком!

Дэйноўцы з мужнасцю адчаю прарвалі цэнтр. Ірвуцца да шатра Рогача. Грае дудар.

Перадавыя заслоны зламілі, Вораг крычыць ля шатроў: "Ура!"

Ян з напружаннем, як на таку, узняў граблі.

Янка ўздымае насустрач вілы, Целам закрыўшы правадыра.

…І адразу цемра. Недзе далёка, уходзячы, грае дуда.

Поле смярцей пад крываваю злівай,

Вярба распусціла косы на страшным ветры. Месяц успоўз над полем, што шуміць стаптанымі каласамі.

Чорны туман на бярозы ўпаў. Над галавою схіляецца ніва, Чуецца шум недакошаных траў.

Поле нясцерпна стогне… Цемра… Цішыня.

__________

Перад

канём Рогача стаяць двое палонных. За іхнімі спінамі — стаптаныя палі. Далей — едкі дым ад дагараючай хаты.

Адзін з палонных — стары жабрак. Другі — Антон Шыбень, той самы, якога мы бачылі з братам каля вымершай з голаду вёскі.

— Хацелі разлажыць салдат, — кажа П'янда.

– Іх няма чаго разлагаць, — кажа Антон. — Усім, акрамя наймітаў, астабрыдла забойства… Смурод ад пустых вёсак.

— А што? — кажа П'янда. — Па-мойму, нядрэнна пахне.

— Бы ў пекле, — кажа стары. — А мы — людзі. Нас стваралі для шчасця і доблесці.

— Ды хто ж вам дазволіць быць шчаслівымі? — кажа П'янда. — Гэткага не бывала.

Рогач апускае вочы.

– І ты, Рагінскі, - кажа стары. — Ідзеш па зямлі, топчаш. Падобны на звар'яцелага.

І тут Рогач ускіпеў:

— Дабро? Што такое дабро? Дзе вы яго бачылі на гэтай зямлі?

Ён саскочыў з каня, выцягнуў мех. Стары і Антон глядзяць яму ў вочы.

Рогач падыходзіць да іх, у ярасці, быццам удараючы мячом знізу, разразае вяроўкі.

— Няма дабра!!! Няма!!!

__________

Звонавы роў такі, што калоцяцца званіцы. На вуліцах натоўп: лахманы ўперамежку з парчою. І зараз гэты натоўп натхнёны адным:

— Пераможцу слава! Слава! Слава!!! Сла-ва-а-а!!!

Раты равуць. Вузкім калідорам сярод гарланячых натоўпаў едзе на чале войска Рогач. Ён суровы. Але за ім усмешлівая морда П'янды, а далей выскаленыя твары салдат. Усе яны ў золаце, аксаміце, каменнях.

— Ро-гач! П'ян-да! Рогач! П'ян-да! — скандзіруе натоўп.

Прарываецца роў, воплескі. Шалёны псіхоз энтузіязму. Людзі вісяць на ліхтарах і дахах… Пад ногі коней кідаюць варожыя сцягі.

Вулічны гандляр гандлюе бюстамі Рогача, П'янды і гаспадара Івана.

А вось бюсты! А вось бюсты! Кожны чалавек, які паважае сябе, павінен купіць бюсты! Кожны добранамерны чалавек павінен купіць бюсты!

Бюсты раскупаюць, як піражкі.

Кавалькада едзе пад дажджом з кветак.

— Рогач! П'ян-да! Ро-гач! П'ян-да! І-ван! Ро-гач! П'ян-да!

Харугвы. Пашчы. У вокнах, у дзвярах, на тумбах з'яўляюцца бюсты. Нехта выстаўляе бюст на балкон. Бюст з'яўляецца на вільчаку даху.

Усялякія бюсты: маленечкія… сярэднія… вялікія… велізарныя… Натоўп з бюстамі бяжыць за трыумфатарамі.

Усміхаецца бюст неверагодна мужнага Рогача… Святасцю дыхаюць гіпсавыя рысы П'янды… Мармуровы Іван з адухоўленай усмешкай…

Роў натоўпу. Мільёны бюстаў.

На алеі, што вядзе да палаца, — кілім кветак. Па абодва бакі яе — статуі трыумфатараў, каралевы, Гальшкі, Аглаі. Рогач праязджае пад імі, і статуі падаюць адна адной рукі над яго галавою.

Статуі робяць першыя па ўрачыстага менуэта.

Раве натоўп… Статуі танцуюць менуэт.

Над горадам велічна гайдаецца бюст Рогача, прывязаны вяроўкаю да сонца.

__________

Бюст Рогача, што стаіць у апачывальні. У апачвальні — каралева і Рогач. Прысмерак. Яны сядзяць каля агню.

— Ты задаволены сваім трыумфам, магнат Рагінскі?

Рогач пахмуры. Ён кранае шлем з барвянымі пер'ямі, што стаіць на стале поруч з ім.

— Няма дабра, — кажа ён.

Поделиться с друзьями: