Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маці ўрагану

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вецер. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!

Магда (спалохана). Васіль! Васіль, кінь!

Мендл. I тут яны – за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя... Рукі.

Вецер. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае... Васка! (I тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты... дай я пацісну тваю руку... брат.

Васка

і ягоныя людзі задкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.

Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. I калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страх'y або кавалак хлеба ў няшчаснага – тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і – бог бацька! Вымятайцеся.

Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.

Ну вось. Нарабілі лайна – што цяпер?

Iлья. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.

Вашчыла. Усіх узброіць.

Лаўрэн. I мне доўбню... самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.

Магда. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.

Лаўрэн. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.

Вецер. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што...

Поп. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.

Антох. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.

Поп. Дык вось туды.

Антох. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць – што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас – уяўляеце? У наша пекла бягуць! – або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.

Карпач. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з “каралём” Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. I другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.

Поп. I пасольства да князя.

Вашчыла. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?

Iлья. Бадай што, мяне.

Карпач. Татка...

Iлья. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я – гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.

Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды “напаследак”. Хоць і паношаная, а...

Iлья. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.

Вашчыла. Яшчэ хто?

Лаўрэн. А хаця бы й я.

Магда. Куды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.

Лаўрэн.

Дровы ў тваю карчму секчы – гэта не работа.

Яўхім. Яна не пра тую работу кажа.

Лаўрэн. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)

Усе дзеўкі дрэнна йдуць –

Мая дзеўка добра йдзець...

Магда. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце гошсне.

Лаўрэн. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!

Вецер. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл – і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе – і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота – а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.

Яўхім. Не бывае яна светлая.

Вецер. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.

Вашчыла. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.

Яўхім (перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)

Голас:
На палеткі асірацелыя Аблятае лісце нясмелае, Абгарэлае, заінелае, Каб укрыць раны нашай зямлі. Веларусь мая белая, смелая Засылае паслоў у Белую. Засылае ў Падляшскую Белую Падлаедаў аб праўдзе маліць.

Карціна пятая

Зала для прыёмаў, “тронная” зала ў палацы Гераніма Радзівіла ў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі – канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. Князь сядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым – Аліцыя Гайдаловіч. Іхняй “канфідэнцыяльнай” размове аніяк не перашкаджае прысутнасць Капітана Аддзялу Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Данавана і Пястжэцкага.

Радзівіл. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.

Аліцыя. Але чаму ж?

Радзівіл. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час – ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.

Аліцыя. I тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.

Радзівіл. Цы-цы-цыц!

Аліцыя. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна – тады яшчэ сяк-так.

Поделиться с друзьями: