Маці ўрагану
Шрифт:
Лаўрэн. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнньі настрой, калі гэты называецца добры?
Ідуць да дзвярэй.
Радзівіл. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што – канец вам.
Iлья (заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна). Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! I куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!
Выціраюць ногі і выходзяць. Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.
Радзівіл (з нечаканым спакоем). Гэта больш сур’ёзна, чым я думаў. Вы займіцеся
Данаван. Ія. Іх хабе генуг. Іх трэба аўфс Хаўпт шлаген. Нагалаву разбіць.
Радзівіл. Ты запамятай іх, Данаван. Не, паслоў забіваць не будзем. Але як Крычаў выкажа непакору – разбіць. Завадатараў на палю. I тады паслы хай паглядзяць... Вядзі кірасіраў, Данаван. А не справішся – у дапамогу пойдзеш ты, Пястжэцкі.
Карціна шостая
Зноў тупат капытоў у змроку. I іскра. Коннік вязе паходню, “агнявую віцу” – знак паўстання. У цемры крык: “Данаван ідзе!” Пошчак капытоў множыцца. Ад першай іскры аддзяляецца другая... трэцяя... пятая. “Данаван!.. Данаван!.. Данаван ідзе!” – лятуць у ноч крыкі. А пасля ўзнікае харал:
Над борам, над полем, над вірам Крумкачы прарочаць бяду, брат. Жалезнай ступой кірасіры На Беларусь ідуць, брат. Зіхацяць гарматы і латы. Але грозна рыкае зямля, брат. Скача грозны коннік адплаты. Вый, акаянны магнат, кат! Прыкіпелі да шабляў далоні. Устаў на пачвару Давід, брат, – Ураганны бог жаху – коннік. Скуголь, захрыбетнік магнат, кат!. Коннік зломіць прыблудаў калоны, Ён праломіць чужынцаў сталь, брат, Бог адплаты, бог помсты, коннік. Вый, пракляты магнат, кат! Над ляснымі цёмнымі шатамі, Над абшарамі роднай зямлі, брат, Грукоча коннік адплаты! Выйце, каты, паны, каралі, брат! Коннік вечнасці, коннік бяссмерця, Сонца светлага добры сын... Хай яны паспрабуюць нас зжэрці, – Падавяцца ўсе, як адзін.У слабым водсвеце зарыва відаць сілуэты ўзброеных мужыкоў, а злева ад іх група: поп з Бесавічаў і поп Антох. Між імі точыцца ледзь не сварка.
Поп. Не маеш права мужыкам...
Антох. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып’е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.
Поп. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля – не можна.
Антох. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?
Поп. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!
Антох. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?
Поп. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!
Антох. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных – не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе – адных...
Поп. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.
Антох. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.
Вашчыла. Пачнем і без папа.
Антох. Ідзі. I ў чужой царкве не папраўляй свечак.
Лаўрэн. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.
Ударылі званы. Людзі ўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай [4] . Антох з малітваю акрапляе зброю святой вадой.
4
Абрад асвячэння зброі запісаны па памяці, могуць быць збоі, трэба кансультацыя. Толькі спевы – каб разумелі – патрэбныя не стараславянскія, тым больш што ХVІІІ стагоддзе (уніяты) маліліся па-беларуску. Можна мяняць тэксты месцамі, але так, каб напружанне вырастала. І яшчэ, каб у гледачоў дрыжэлі сэрцы.
О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.
Вашчыла (з хорам). Госпадзі памілуй.
О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых...
Карпач (з хорам). Госпадзі памілуй.
Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.
...не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая... падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.
Вецер (з хорам). Амінь.
Цемра. I ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. I яшчэ тупат многіх ног, насустрач.
Вецер. Ідуць, як па шкілетах.
Данаван. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!
Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: “Юры святы! Край! Край!” I ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.
Данаван. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!
Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь...
I цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: поп з Бесавічаў.
Поп. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.