Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маці ўрагану

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Данаван з сынам.

Данаван. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. I на нашых конях не ўцячы.

Раймунд. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!

Данаван (заўважыў). Хто гэта? А-а, гэта ты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!

Поп (падыходзіць

да сцяны). Унь тут лаз у падпол.

Данаван, Каб узялі, як пацука?

Поп. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.

Раймунд. Сам губернатар?

Поп. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: “Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга...” Што гэта вы, пане, як не тут?

Данаван. За нейкія пару гадзін – і ўвесь полк. Мае саксонцы, найлепшыя ў свеце ваякі!

Раймунд. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. I ані кроплі страху.

Данаван. Гэта не людзі! Гэта дэманы!

Поп. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з’яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)...

Яўхім. Я й лічыў, што яны недзе тут.

Данаван і Раймунд памкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць Вашчыла, закрываўлены Васка Вецер, Іван і Ілья Карпачы, Лаўрэн, Магда і Антох.

Поп (пасля замяшання, паказвае на Данавана). Вось яны.

Данаван. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.

Яўхім. Ох, і падступная ж ты тварына.

Поп. Я табе дам, тварына. Я табе пакажу... Вось яны.

Вашчыла. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.

Iлья. Замак дзякуючы ім не ўзялі.

Карпач. I зараз той замак нам, як скабка.

Уваходзіць пісар Бачко.

Бачко. Кончыць іх, а я напішу, за што.

Магда. Дзіця пашкадуйце.

Карпач. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.

Бачко. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.

Карпач. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.

Васка (ціха, аж нязвыкла для яго). Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? I я ўжо мноства дзён як з пахмелля. I ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі і няма мне даравання... Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў

вось ягоных людзей.

Вашчыла. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл..

Васка. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.

Бачко. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.

Васка. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. I сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць... Так, паглядзеў смерці ў вочы. I скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.

Карпач. А прыйдзе зноў?

Яўхім. Пусці. Усё адно.

Васка ўстае.

Васка. Пусці.

Антох. Будзь моцны. Даруй.

Уваходзіць захутаная ў плашч Агна Вецер.

Усе. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!

Агна. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала – усё поле стогне... I чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?

Бачко. Што здалося?

Агна. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.

Iлья. Ён у замку дзесяты сон бачыць.

Агна. Пэўна, здалося.

Вашчыла. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.

Лаўрэн. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося смяценне, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!

Агна (ціха). Нарабіла я ліха. I ніводнага не... Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.

Поп. У, вядзьмарка. Закляла людзей – аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.

Агна. Бяда і так і так будзе. Чуткі – ідуць войскі з усіх бакоў.

Бачко. Канчаць гэтых, дый...

Агна. Досыць забойстваў. Вайна – гэта так. Але досыць забойстваў (засланяе сабой Данавана з сынам). Хто першы падыдзе?

Данаван. Трымайся, Раймунд. Трымайся, хлопец. Пакажы ім. Не толькі яны смелыя.

Уваходзяць Вецер і Надзея.

Вецер. Апошніх наздагналі... А-а, яшчэ гэтыя.

Надзея. Васіль, не трэ...

Вецер. Апошнія два...

Ён такі страшны, што ўсе падаліся назад.

Раймунд. Та-татачка. Прыйшла наша смерць!

Поделиться с друзьями: