Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Маці ўрагану

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Вецер (праз сон). Сітнягі шапочуць. Зоркі спяваюць... Ты? (Абдымае яе.) П’яны я. Ой, п’яны я! (I раптам ўзвіўся на ногі, як уджалены.) Ой... Божа... Надзея! Ты чаго тут?

Надзея. А дзе мне быць?

Вецер. Ды ты ведаеш?.. Ды ты ведаеш? Пень дурны!!!

У бяспамяцці ён ударам збівае яе на зямлю.

Ой, што ты нарабіла? Ой, што ты на-ра-бі-ла?!

Яна дацягнулася да яго на

каленях і моцна абхапіла ягоныя ногі. Захлынаецца слабы, сіплаваты, безнадзейны голас.

Надзея. Ну бі, бі мяне. Забі мяне. Сваёй рукой. Я ўсё адно не пайду ад цябе. Усё адно, цяпер ужо позна. Цяпер ужо позна і ўсё адно.

Ён стаіць, як саляны слуп.

Вецер. Я ж так не хацеў. Я ж так не хацеў. Пры чым тут ты?

Надзея. Пры тым, што поп казаў мае словы: “На шчасце і на гора”. Не ўсё ж мёд – трэба часам і мякіну разам есці.

Вецер. У цябе адразу пачалося з мякіны. I мёду не будзе. Нашто? Нашто ты так?!

Надзея. Я выпадкова пачула. Я чакала, пакуль ты заснеш. Бо ты ж бы прагнаў мяне. Цяпер я ўжо з табой. Усё адно, якія зробяцца твае рукі – яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. А сэрца тваё гэткае ж велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, кінуўшы цябе аднаго ў такой бядзе?.. Ну набі ж ты мяне. Можа, я цябе, змея, тады менш кахаць буду. Зараз жа ўсё адно.

Вецер паваліўся перад ёю, цалуе ёй рукі.

Вецер. Даруй мне... Даруй мне... Даруй мне...

Яна закінулася.

Я вечны... вечны... вечны з табою... Я так абразіў цябе.

Цалуе. I ў цемры голас.

Няма зараз. I потым не будзе. Я вечны... Вечны з табою...

Ціхая песня здалёк:

Пакінь мілы, чарнабровы, На сівым кані лятаць: Ідзі ка мне маладой, Вячэраньку вячэраць. Я думала, маладзенька, Што адна спаці лягла, Аж я свайго міленькага Правай ручкай абняла.

Зашумеў ад перадранішняга ветру дуб. Святлее стужка заранкі. Пачалі азываццаі вакол птушкі. Вецер устае з-пад плашча і слухае іх. Птушкі аж разрываюцца. I Вецер адказвае ім.

Вецер. Жыць! Жыць! Жыць! (Гэта – птушынаму хору ў шатах дуба.) Жыў! Жыў. (Гэта – вераб’ям за плотам.) Жывы вы? Жывы вы! (Гэта – кнігаўцы, што закрычала недзе на лузе за садам.) Ну так! Ну так! (Гэта – салаўю, які спрабаваў сцвердзіць у хмызах, што ён жывы.) Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў.

Маці з’явілася на ганку, убачыла Ветра і Надзею, што абхапіла ягоныя калені.. У гэты момант здалёк даляцеў тупат ног і песня:

У агародзе ячмень, А ў полі жыта. Прыйшлі звесці да мілае, Што мілы забіты. Забіты, забіты, Пахаваны
ў жыце.
Чырвонаю кітаечкай Лічыка накрыта. Прыляцела пава, У галоўцы пала, Як адкрыла кітаечку I зашчабятала: – Ці ты, мілы, упіўся, Ці з каня зваліўся? Ці ты па мне, маладзенькай, Сільна затужыўся.

На падвор’е ўвальваецца мужыцкі атрад, узброены косамі, сякерамі, стрэльбамі. На чале – Іван Карпач. Мужыкі цягнуць з сабою войта вёскі Ківаверцы.

Карпач. Іван Карпач. I людзі твайго наваколля, Васіль. Ты ідзеш начале, Васіль Вецер?

Вецер. Цяпер – іду. Пачакайце трохі. (На Надзею.) Яна ідзе са мной. Зараджаць стрэльбы ўмее добра.

Карпач. Збірайцеся хутчэй (да Лаўрэна, які сеў на бервяно і ачмурэла круціць галавою). А ты што, Каўбаса?

Лаўрэн. Вы на папойку, а галава баліць у мяне.

Карпач. Што, хваробы сабе купіў на жаніховы грошы? Гэ, ды ў цябе і сіняк пад вокам. Набілі. Нічога, свята без мучаніка не бывае.

Лаўрэн. Чарку – і на край свету.

Магда. Ты, лабідуда гэткі, пойдзеш і на край свету, абы чарку.

Лаўрэн. Ба-а-ба! Тут справы мужчынскія, думаць трэба. А ты пакуль з лаўкі ляціш, дык семдзесят дум перадумаеш.

Магда. Чапяла па табе мала хадзіла, ёмашнік стары.

Лаўрэн (выпіў). Во цяпер і пайду. I ты збірайся. А то ў Крычаве твая карчма згарыць. Хаця...

Уся вёска згарэла – Карчма ацалела, Яе пагасілі, Што чарачку пілі. Ўся Орша згарэла...

Магда. Сціхні ўжо, дзярыглотка, мачыморда гэткі. Добра, пайду і я, а то вайна будзе на першым сметніку.

Лаўрэн. А дзе ж тая вайна? –

Пасярод лайна.

Магда. Ідзі-і ўжо, ідзі-і.

Вецер. Людзі! Слухайце ўсе! Ідучы на цяжкую гэтую справу, даў я перад богам, і святымі, і людзьмі, і зямлёю страшнае абяцанне. Да самай нашай перамогі або да самай маёй загібелі ніхто не павінен дакранацца да мяне, акрамя маёй жонкі. I я ні да каго не павінен дакранацца, акрамя як да яе.

Агна. I да мяне.

Уладна абхапіла ягоную галаву, прыцягнула яе да сябе і пацалавала сына ў лоб.

Карпач. Што ты яго, як на крыж?

Агна. Так. I да мяне. Толькі вось яна і я маем права дакранацца да яго, падводзіць яму каня, падаваць яму ваду. Толькі мы маем права нават выцягнуць яго параненага з бітвы. Астатнія – не.

Вецер. Што ты яшчэ нарабіла?

Агна. А ты што думаеш, я кіну цябе аднаго?

Вецер. Астатнія – не. Я даў страшнае абяцанне, страшную і апошнюю клятву. Я да каго дакрануся ці нехта да мяне дакранецца, акрамя вось іх, – той чалавек памрэ. Або тут жа, на месцы, уражаны небам. Або павольна, за гады, жыўцом згніе! Чуеце?! Або на месцы, або жыўцом?! I клятву гэтую ўмацавала перад вялікім богам зямлі нашай мая маці. I хто здрадзіць нам, хто прадасць нас – на таго я накладу руку і той згіне! I клятву тую ўмацавала мая маці.

Поделиться с друзьями: