Маці ўрагану
Шрифт:
Радзівіл. Гэта ты – сухая? Гм.
Аліцыя. Прынамсі, магу прьшусіць цябе варушыцца.
Радзівіл. I мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.
Аліцыя. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.
Радзівіл. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.
Аліцыя. Ціха, людзі ж тут.
Радзівіл. Гэта не людзі.
Аліцыя. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.
Радзівіл.
Аліцыя. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.
Радзівіл. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.
Аліцыя. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол – ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.
Радзівіл. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.
Аліцыя. А што ў цябе не сабачае?
Радзівіл. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там – войска, там – мова, там – людзі... Дойч хайт... Дойч тум... Нямецкі побыт. Нямецкі дух.
Аліцыя. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў, Пляцеш – дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд [2] , ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае...
2
Сэрцаед... аматар жанчын... жанчынаненавіснік.
Радзівіл. Нун гут... Іх геборэ вурдэ ін штадт Веlаjа. Ваlorussia. Абер... а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом – прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. I вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка-кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: “Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне – дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн” [3] . Вось. “Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне – дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу”.
3
Польскія цытаты даюцца ў вымаўленні пачатку ХVІІІ стагоддзя. Гэта не памылкі, а так тады казалі.
Аліцыя. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.
Радзівіл (ужо супакоены, задуменна). Вось бачыў сон. Сяджу бым і бачу – перада мною бым на троне кароль сядзіць. Наша бяссілая морда. Аўгуст трэці Фрыдэрык. I хачу бым я ўстаць перад ім, а ні-ні-ні-як не ма-магу. Варажбітка ска-ка-казала, што гэта нейкая дзяржава пасодзіць мяне на польскі пра-прастол. Пасля – вайна будзе, скінуць мяне з трона. Але я... я... я па магілу буду ганарыцца – я і зараз ганаруся, што бы-бы-быў польскім каралём. (Прыасаніўся.) Ве-ве-вельмішаноўны пан канцлер дзяржавы, пан Піліп Каршук, та-так бы мовіць мі-міністр замежных і ўнутраных спраў... Гэй! Прывядзіце канцлера, Пястжэцкі (той пайшоў, Радзівіл – да Аліцыі). З табой больш размовы няма. Змоўч!.. Ох-х, цось мі глова болі.
Пястжэцкі вяртаецца. З ім Каршук і Іцкавічы.
Што, бушацкія морды. Так бессаромна грошы вы-выбівалі, што да бунту дайшло? Колькі лішняга ўзялі?
Гдаль. Сонца наша найяснейшае! Дальбог жа анічога не ўзялі.
Радзівіл. Бра-брашы! На што ж бы-было водкул, арэнду браць, калі сабе выгады няма?
Шмуйла. Ды толькі каб вам клопату не было. А вам лягчэй. А нам – прывілей на гандаль.
Радзівіл. Павешу за ногі. Колькі тысяч у кішэнь паклалі? Дзесяць? Пятнаццаць? Ды я ж не супраць. Трэба ж і вам на кугель і рыбу?
Гдаль. Дваццаць тысяч... I палову з іх на каленях падносім вам, Саламону мудраму нашых дзён... Шмуйла, дай распіску.
Шмуйла ўкленчвае і працягвае распіску.
Радзівіл. Мабыць, крыху больш. Ла-ладна, чорт з вамі.
Гдаль. Бралі болей, сын сонца. А чаму?
Радзівіл. А чаму?
Гдаль. Каб я граў у вашыя карты, то сказаў бы: вось наш козыр. Падманшчыкі, вашамосць.
Шмуйла. Шкуру мала здзерці. Манюкі.
Гдаль. Народ разбягаецца, то яны цішком іхнія валокі, іхнія землі прыбіраюць да рук, а падаткаў вашай мосці за іх не плоцяць. Укрываюць ворныя валокі ад вас, гаспадара. I ў лесе з'eмлі цішком аруць і грошай не плоцяць, бо тыя валокі ў інвентар не ўлічаны.
Шмуйла. Пан-князь у лес не палезе. А мы палезлі. А ў лесе паўсюль патаемныя пасекі і борці, няўлічаныя папасы, гарбузы ў бур’яне на палянах. Музікі! Падманшчыкі! Бушацкія морды!
Радзівіл. А бунт?
Шмуйла. А грошы недаплочаныя князю? Мы іх выбівалі, і за гэта ў бунце ледзь не загінулі.
Радзівіл. Як кулаком пад дых. Ну не, скаржнікаў гнаць, упартых – вешаць. Канец справе скаргаў... Чорт, галава разломваецца.
Каршук. Там дэлегацыя скаржнікаў з Крычава. Два чалавекі, княжа.
Радзівіл. Павесіць!
Аліцыя. А можа, яны не са скаргай.
Радзівіл. Добра, гэтых яшчэ выслухаю. Але хай пастаяць, пачакаюць. I вы пачакайце... Можа, я вам і падмагну вярнуцца. Толькі – не-не-не да таго мне ц-цяпер. У мяне са Славацінскім вайна з Тарлам – усобная вайна. I... хто там яшчэ, Каршук?
Каршук. Сяржант фон Швальбе ўцёк.
Радзівіл. Як? Не паляк? Курляндзец? З іх-іх-іхнім безварнуковым паслушэнствам? Ве-ве-ведаючы мя-мяне с'yум дом'iнум в'iтэ эт н'eціс, як па-пана свайго жыцця і смерці? Ку'a субдз'iтус, як падданы, ве-ведаючы, што яго чакае? Ад мяне, дзе ў во-войску ад салдата да ге-генерала мова нямецкая? (У страшным гневе.) Сто... дзвесце... тысячу пагоні за ім. Спаймаць! Дзе б ні схаваўся – той палац або кляштар спаліць!.. Пястжэцкі – пяцьсот чалавек!
Пястжэцкі. Слухаю (выходзіць).
Радзівіл. Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў... Дзвесце... У пагоню. Калі паспеў уцячы за мяжу – да тых двароў патрабаванне: выдаць. Хоць бы і ў рымскага папы!
Капітан. Ія... Абер іх глаўбе, князь...
Радзівіл. Ты мне не глаўбай. Іначай будзеш мець кіёў у спіну.
Капітан. Ія (выходзіць).
Радзівіл. Та-а-ак. Ш-ш-шт-то яшчэ? Галава, халера, як гарбуз.