Маці ўрагану
Шрифт:
Вашчыла. Што людскія сіроты? Зямля наша – сірата. Толькі чалавечым сіротам – бог абаронца. А пра зямлю нашу ён забыў.
Агна. А вам што, так конча бог патрэбен? Постаць у вас магутная, рукі жылаватыя, галава ёмістая.
Вашчыла (іранічна). Угм... дзеўкі мяне любяць.
Агна. Сябры любяць... I дзеўкі. I пад старасць у такіх, як вы, не менш за дзесяцёра дзяцей.
Вашчыла. Тут не ведаеш, нашто іх заводзіш? На жабрацтва? Бізун? Турму?
Агна. Спіны моцныя. Здужаем.
Вашчыла. На
Агна. Куды скардзіцца ездзілі?
Вашчыла. У Варшаву. Восем год назад.
Агна. А цяпер прыехалі сюды. Ці аднымі бізунамі цяпер справа пахне?
Вашчыла. Цяпер так ці інакш кепска пахне справа. Забіваюць да смерці, гойсаюць па шляхах слугі арандатараў. Няма жыцця так і так... А пра вас, відаць, праўду кажуць, што вы ў місцы з вадою бачыце ўсё, што мае адбыцца.
Агна. Вядзьмарка? Не. Няма вядзьмарак на свеце. Проста бачыла многа, ведаю людзей. I чую, што шчасця паменее, сірот пабольшае.
Агна (насцеражылася, прыслухоўваецца да чагосьці). Едуць.
Вашчыла. Хто?
Агна. Едзе нехта шляхам... Што за часы – як тупат конскі, дык чакай бяды?
Вашчыла. Не чую.
Агна. Я чую. Наслухалася за жыццё... Ешце госцейка... А як звернуць конныя сюды – гасіце агонь. Далей ад ліха.
Пайшла. Вашчыла налівае чарку, пачынае закусваць. За сцэнай нехта завёў – госці, відаць, падпілі ўжо – ні з пушчы ні з поля:
– Ці не нявесту вязуць? – Нягож каго! – Чаго яна не плача? – Чорт чаго! – Ды няхай той плача I рвецца, Хто яе ў гэты дом Дажджэцца.Пасля чуваць рогат і голас Лаўрэна Каўбасы: “Лепш ехаць па сена, чым на такое вяселле”. Голас: “Сват – сабачы брат”. Лаўрэн: “Сват не сват, а добры чалавек”.
Адзін сват жонку хваліць, Што харошы абед варыць, А другі сваю судзіць – Што ні зварыць, то спаскудзіць.Гоман. У дзверы ўвальваецца падпіты Лаўрэн Каўбаса, абвіты ручніком.
Каўбаса.
А каб вам, госцейкі, пабіцца, а мне на вас падзівіцца. Не п’яны, не драны – называецца, на вяселлі быў... А вяселлейка бог нам даў: ажаніўся пяхцер, торбу ўзяў... Абвёў вакол елі, і чэрці ім пелі. (Заўважыў Вашчылу.) Стой! Хто такі? П’е! Закусвае! Чам-му адзін сядзіць, як пацук? Устаць слупам! Сват Лаўрэн Каўбаса прыйшоў!Вашчыла. За саплівым сватам не находзішся з платам. Сціхні... сват.
Каўбаса. Чаму не між людзей?!
Вашчыла. Каб не ведаў войт Аўдзей.
Каўбаса. Унь як? Хі-ітры. Сцеражэцца. Хто такі?
Вашчыла. А гэта, сваток, не табе ведаць. Не табе ведаць, каб з бядой не абедаць.
Каўбаса. Цік-кава. Стой, а я цябе недзе бачыў. Ці часам не ў Селішчы? Ці часам не ты гэта пакаштаваў Гдалевага ды Шмуйлавага крапіла? Ці часам не ты...
Вашчыла. Кума пытала, а пасля язык кусала. Менш ведаеш, сваток, менш балбочаш, а то бізун гаваркіх лю-убіць.
Каўбаса. С-служкі паўсюль па дарогах. Ноччу ездзіць нельга. Нас многа, дый тое са зброяй ехалі. А ты, па ўсім відаць, адзін...
Вашчыла. I тут, сваток, не твая справа, убрыкні цябе камар. I не сунь ты сюды, сваток, свой нос, каб табе на старасць кот яйка знёс.
Урываецца Магда Мякенькая, таксама крыху на падпітку.
Магда. А во ён дзе, барыла гэты, авечка гэтая блудная! Чаго ад людзей уцёк?
Лаўрэн. Я да чалавека... а ён ісці не хоча.
Магда. Не хоча, дык не хоча, ягоная справа. А ты ідзі, апівашына гэткая, валацуга, атрута мая.
Лаўрэн. А ты на мяне не крычы. Не асядлала пакуль.
Магда. Цябе асядлаеш. Адна паспрабавала, дый прамым ходам да бога ў рай.
Лаўрэн. Ты ўжо маўчы сама, апсюганка. Другога мужа данасіла дый на мяне мецішся. А яшчэ клічуць Мякенькая? Як кій дубовы.
Магда. Патрэбен ты мне, атрутнік гэткі, гламазда, гіцаль, прабыдла ты няшчаснае, акаянная твая паганая сіла. Мякенькая, ды не для цябе.
Лаўрэн. Ну-ну-ну, ну-ну-ну. Бач, абрыда, бач, бабішча непралюдная (валтузяцца, Магда хоча выпхнуць Лаўрэна за дзверы), булава ты бязмозглая!
Магда. А хадзі-хадзі, мой каточак. Хадзі, балдавешачка ты мая любая-ненаглядная, роднае ты маё аб’еддзе блашынае.
Лаўрэн (пручаючыся). Баба! Не смей! Гасцявыя людзі!
Магда. Смею, любенькі, каб цябе так чэрці любілі.
Лаўрэн. А-ёй, каб табе жаба цыцкі дала.
Магда выпхнула яго. Вашчыла наліў чарку.
Вашчыла. Н-ну-у. Прапаў, сваток. Паплачуць па табе твае сабакі, паходзяць па табе яе каты. (I раптам прыслухаўся, пачуў тое, што значна раней чула Агна: часты і шматлікі пошчак капытоў, які набліжаецца і набліжаецца.) Ну й слых у кабеты. У варту б яе – цаны б не было. (Дзьмухнуў на каганец. Цяпер ён толькі слабы цень, які прыпаў да акна і выцягнуў з-за паяса пісталет. Асветлены цяпер толькі ганак, на якім стаіць Агна Вецер, і – цьмяна – двор. З левага боку глухія ўдары ў браму.)