Маці ўрагану
Шрифт:
Гдаль (камісару). Ты што? Апусці сваю капцёлку, халбер гой... А ты, басяк, што страляеш? Яблыкі зялёныя яшчэ.
Лаўрэн. Так, маленькія яшчэ, ясны пане. Бо як вырастуць, то яны ў нас вялікія, не раўнуючы, з вашу галаву... У такое пацэліць – гэта раз плюнуць.
Шмуйла. Ён як гаворыць?!
Гдаль. Змоўч, Шмуйла. Вой, і пажартаваць нельга з гэткімі людзьмі. Ну, едзем ужо. Але хай на вашу каросту батагі – з вамі яшчэ такі пагавораць. Запомні, маці Ветра.
Агна. Запомні і ты, сын кабана
Іцкавічы аддаляюцца і знікаюць з вартай. Пасля далятае пошчак капытоў.
Не скончыцца дабром гэта.
Магда. Так. Не скончыцца. Для іх. Бо апошнія ўжо кроплі цярпення...
Госці паволі ідуць у хату.
Лаўрэн. Вось табе, матка, за смеласць жменю медзі, каб унукі былі, як мядзведзі.
Усе знікаюць у хаце. Вашчыла ў сваёй бакоўцы адарваўся ад акна, сеў за стол. Нехта ўваходзіць. Чуваць голас Ветра: “Дзе тут госць?” Пасля – іскры ад крэсіва. Запальваецца губа, а пасля каганец.
Вецер (аслупянеўшы пры выглядзе Вашчылы). Ты? Чаму ж маці не сказала?
Вашчыла. Мусіць, забылася імя.
Вецер. Добра, што прыехаў. А ў мяне шчасце.
Вашчыла (сумна). Бачу. Няўчаснае шчасце.
Вецер. Што так?
Вашчыла. Твой двор толькі што наведалі Іцкавічы.
Вецер. Мужыкі не пусцілі мяне да іх. Госці.
Вашчыла. Ну вось. А каб не госці, ты, свабодны чалавек, які чысты ад даўгоў, але не мае распіскі аб уплаце, бо верыць, як усе мы, на слова...
Вецер. Ну?!
Вашчыла. Ты, свабодны чалавек, ляжаў бы, адхвастаны да паўсмерці, як сотні людзей у старостве, быдла тваё было б зведзена, хата абдзёртая, як ліпка, і спаленая.
Вецер. Князь збіраецца адабраць арэнду ў Іцкавічаў і аддаць свайму.
Вашчыла. А ты ўспомні свайго. Пятровіча. Лягчэй было?
Вецер. Ну, усё ж свой.
Вашчыла. Угм. Гэта і праўда лягчэй, калі табе родны брат зубы выб’е, а не траюрадны.
Вецер. Цэрквы, прынамсі, бурыць не будуць.
Вашчыла. А папы, за выключэннем самых бедных і простых, накшталт Антоха Крапілы, таксама не нашы, каб ім на вежы сем год гойдацца.
Вецер. Што ты шуміш, Вашчыла? Нам усё ж лягчэй. На захадзе зямлі беларускай паншчына непрыкрытая, а ў нас заплаціў грошы – і ты вольны. Баяцца ўсход занадта чапаць. Мы – на мяжы з Масквой, мы, у выпадку чаго, і да яе.
Вашчыла. А там паншчына горш за нашу. Людзі адтуль да нас бягуць. А што лягчэй, дык зразумей і ты, што ў цябе ўмова з панам,
у цябе крыху волі, у цябе ёсць час падумаць. I ясна, што пры такім стане будзе казак, а самастойнаму казаку лягчэй паўстаць, чым рабу. I... меней на гэта трэба прычын.Вецер. Няма ў мяне на гэта ніякіх прычын.
Вашчыла. Ой-ёй! А Іцкавічы? Іцкавічы, што дзяруць вышэй інвентара? Узялі староства ў арэнду, на водкуп. I грабуць з нас вышэй пісанага, вышэй таго, што народ павінен. Князю мы колькі павінны былі выплаціць? Дык яму самому лень было выбіваць, ён нас гэтым цмокам перадаверыў. А тыя за час арэнды, звыш паложанага інвентара, выбілі і паклалі ў сваю кішэнь амаль мільён трыста тысяч злотых, ды звыш ста дваццаці коп пянькі, ды падаткі, ды адработкі, ды штрафы... Толькі грашыма з чалавека лішніх па шэсцьдзесят злотых у бяздонную, у нясытую гэтую сваю глотку. Гэта не клоп. Гэтыя браткі, пакуль усю кроў не высмакчуць, – не адваляцца. А не заплоціш – б’юць да паўсмерці і да смерці і хаты паляць. А ўцячэш – доўг твой здзяруць з таго, хто застаўся. А яшчэ на вайну аддай. А воінскія пастоі? А жаўнеры, якія рабуюць? Адна харугва Слушкі з нас семдзесят тры тысячы злотых выбіла. Пасля іх, сваіх, як пасля варожай навалы. А скардзішся – б’юць, і ёсць мёртвыя, і шмат калек.
Вецер. Нашто ты мне гэта?..
Вашчыла. Умова парушана – і ўсе абурыліся. Бедным падзёншчыкам трэба жыць, нам, багацейшым, трэба гандляваць. А з кім? З усімі, акрамя арандатараў, клапоў гэтых, забаронена. Вяжа нас рабства, бедных людзей, па руках і нагах. Каму чаго ў нас купляць, калі трыццаць двароў з сотні памірае з голаду, а грошы нясуць не табе за хлеб, а Радзівілу на хлеб, Іцкавічам – чорт ведае на што.
Вецер. Князю на іх скардзіцца. Князь – наш.
Вашчыла. Ну так. Мы бацьку ягонаму належалі, пасля – маці, пасля – сыну. Я скардзіўся. Сто пяцьдзесят бізуноў на маёй спіне і турма. А паршывы Гдаль хваліцца, што “плявала на вас улада, што як дам тысячу або больш талераў, то камісія будзе за мяне, а не за цябе, смярдзючае беларускае быдла”.
Вецер. Масковія?
Вашчыла. Там панскае дзікунства без прасвету.
Вецер. Кароль?
Вашчыла. Аўгуст наш трэці? Ён Рэч Паспалітую і Беларусь прапіў, давёў да ручкі. Каралёўская ўлада ляжыць, як п’яная баба за карчмою, і ўсе магнаты, хто захоча, яе топча... Мы ім цікавыя толькі як паўстанем, як сала за шкуру зальем. А тое, што мы кожны дзень, кожную гадзіну бубнім, варочаемся, супраціўляемся – ну, гэта іх не абыходзіць. Пісьме-енныя, вучо-оныя! Што ім да таго, што хлоп думае? Мы – беднае бесславеснае быдла. Мы хлеба кавалка не можам купіць, не паведаміўшы Гдалю са Шмуйлам.
Вецер. Гандаль? Ну ясна. Не вера, не незалежнасць, а прагнасць і своекарысце. Грошы яны ў нашых гандляроў перабілі.
Вашчыла. А што вера? Поп багаты, пакуль не абдзярэ – адпяваць не будзе. Што ж нам, гэткіх умацоўваць? За іх біцца супраць уніі? Няма чаго казаць – варта дзеля такога дзярма ліць кроў лепшых людзей.
Вецер. Што ты мне казані чытаеш? Я ўсё гэта і сам ведаю, а ты не поп і не ксёндз. Кажы проста, чаго трэба?