Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Ты падпішаш, маць-перамаць, валэндацца яшчэ тут з табой! Навушнікі купі ў любым магазіне электратэхнікі, рубель дваццаць!

Падпісваю. Еду. Купляю. Малюсенькія дзве такія фіцюлькі, ніколі ў жыцці да гэтага не бачыў і ў руках не трымаў. Вязу ў міліцыю.

— Ну вось. Справа закрытая. Можа, ты іх і не браў.

— Вы… нікому не скажаце ў тэхнікуме? Стыпендыя… выганяць…

— Навошта? Як ты са мной, так я з табой. Жалезна. Замётана.

Выходжу з кабінета. Пара ўжо зразумець, дзе, з кім, у якім свеце я жыву і збіраюся жыць далей. Кім мне стаць у гэтым свеце? Прарабам? Доктарам, загадчыкам

аддзялення? Следчым? Ці далучыцца да кампаніі і «мачыць» каго-небудзь групаю?..

Без жартаў. Трэба ведаць, кім хочаш стаць, і тады толькі можна выжыць.

24. Рэктар

Актавая зала на 300 чалавек. Я сяджу побач з Інаю, яна трымае мяне за руку.

Даклад рэктара, нудны, узроўню правінцыйнага тэхнікума, але мне ён здаецца цікавей за цяперашняга Задорнава. Як я люблю гэтага рэктара, яго акуляры, голас, лічбы…

Але вось прагучала-мільганула ў дакладзе маё прозвішча. Раз, і другі…

— Находясь на излечении в больнице… уворовал (гэтак) дорогостоящие наушники…

Божа, што гэта, не трэба, адкруціце назад, гэта усяго толькі сон, зараз я зраблю намаганне і прачнуся…

Рука Іны патроху вызваляецца з маёй.

25. Камандзір морга

Люблю Таню. Ну як люблю? Усміхаюся, калі бачу яе, і кажу: «Добры дзень, Танечка». Усё. Мне гэтага дастаткова. Яна фыркае, пырхае, чмыхае, не адказвае… Харошая вучаніца Тупога.

Падыходзіць першакурснік, і яшчэ кампанія, не тэхнікумаўскіх, чалавек шэсць, з ухмылачкамі.

— Ты афігенны камандзір тут? (Чаму, над кім я камандзір?) Даўно з бальніцы выпісаўся? Зноў хочаш туды? Дык вось, калі не перастанеш чапаць (?) маю сястру, будзеш камандзірам морга.

26. Сіні канверт

Калі іду праз прахадную інтэрната, часта сядзіць там выхавацель Тупы. Ніколі не праміне прычапіцца:

— Не ндравішся ты мне, ох, не ндравішся… Не п’еш, па бабах не ходзіш… Г. но, а не хлопец.

Можна было ў поўным сэнсе з’ехаць з глуздоў, калі што небудзь тэрмінова не прыдумаць. Трэба была хоць павуцінка ў той рай, з якога самахоць апынуўся ў гэтым пекле.

Так узнікла пісанне.

Паслаў у «Чырвоную змену» абразок. Цяпер бы яго надрукавалі. Восень… Яблыня шкрабе галінаю ў шыбу… Успамін пра лета і нейкае каханне, якое адляцела разам з летам… Сум, туга, настальгія… Мапасан (якога тады не чытаў) — «прощай, молодость!»…

Чакаю адказу, лепш сказаць, нічога не чакаю. Апошні курс, робім дыпломныя, потым размеркаванне, у дзяўчат наперадзе замуства, у нас — армія. Армія ўсё спіша. Пасля яе можна перакрэсліць ранейшае жыццё і паспрабаваць жыць новым.

З новага года я не жыву ў інтэрнаце, выгнаны за парушэнне рэжыму. Хлопцы ў пакоі пілі, я нават не начаваў тады, у вёску ездзіў, але выклікаюць у дэканат аднаго мяне: «По заявлению воспитателя Шелепня… За организацию пьянки…» Апраўдвацца і не думаў, ужо разумею, што лёс яшчэ не аднойчы будзе выкідваць са мной такія штукі. Не апраўдваюся, не надта здзіўляюся, але і не пакараюся, — не, лёс, у мяне дужа многа ёсць чаго табе супрацьпаставіць… У мяне ёсць пах снегу, лотаць, бліскі вады ў веснавых ручаях, жоўты лісток на шляпцы грыба… І яшчэ

шмат, шмат чаго, з чым табе давядзецца лічыцца.

Жыву ў дзядзькі, чарчу — раблю дыпломную работу — днямі ў вольных аўдыторыях. Нават два дыпломы раблю — сабе і сябру. За гэта ён падараваў мне кнігу «Чехов о литературе и искусстве».

І вось — сіні вялікі канверт са штэмпелем «Чырвонай змены». Пісьмо на афіцыйным бланку. Мой абразок быў на старонку, а адказ — на тры машынапісу праз адзін інтэрвал. «Талент… разуменне прыроды… пранікненне ў псіхалогію… пішыце»… Падпісана Вольгай Іпатавай. Дзе б ні быў, Воля Міхайлаўна, кім бы ні стаў, ніколі не забуду Вам гэтага, светлая мая…

Абаранілі дыпломы, адбылося размеркаванне, іду ў інтэрнат — п’яны, з цыгарэтаю ў зубах, з дзеўкаю (вольных паводзін) пад руку…

Тупы прыемна здзіўлены. Ён нават мармыча штосьці, якіясь прабачэнні…

— Шэлепень, — хістаючыся (дзяўчына падтрымлівае мяне, Тупы глядзіць на гэта з разуменнем, з павагаю), выцягваю з кішэні ўжо зашмальцаваны канверт, — вы вось мяне выгналі, а мяне хваляць, у Мінску ведаюць…

Тупы тупа глядзіць на канверт.

— Гэта нічога не значыць, — кажа ён не зусім упэўнена, нават крышку трусліва. — І Героя Савецкага Саюза можна выселіць з абшчагі…

Якая дурасць, шэрасць, душната! Я шчаслівы. Я не ваш. Я знайшоў сябе. Я цяпер ведаю, кім буду. Як мне жыць. Хто будзе мяне акружаць.

У гэтым сінім канверце — мой новы, бясконца сіні свет.

27. Эпілог І-ай часткі

І так, падаб’ем бабкі, падвядзем рахункі. Што атрымалася ў нашым паўмастацкім творы?

У меру сіл мы хацелі прасачыць на адной канкрэтна ўзятай біяграфіі, на гэтых зведзеных у адно выпадках, гісторыях, сітуацыях зародак творчасці. Як у народзе кажуць — адкуль што бярэцца?

Чалавек дзякуючы такой біяграфіі абавязкова рана ці позна павінен быў бы пісаць, ці ён ужо нарадзіўся «дзвінутым»?..

Папутна мы паспрабавалі разгледзець яшчэ некалькі рэчаў.

— Даўгалецце. Чаму адны творцы могуць жыць адносна доўга, а другія, зусім не пакрыўджаныя ні здароўем, ні талентам — мала?

— Творчасць і жанчына. Яны заўсёды поруч. Жанчына выклікае творчасць, спараджае яе, яна — лагода, пацалункі, сэкс, ежа, пахвальба; яна ж — небяспека, кроў, страх, боль…

— Загадка ўвогуле творчасці. Гэта дабро ці зло? Гэта п’яўка, якая смокча з цябе усе сокі, гэта Молах, на алтар якому трэба класці лепшыя сілы душы, а падчас і само жыццё, ці гэта (калі ўмерыць эмоцыі) такая штука, якая пры бліжэйшым разглядзе можа памагчы творцу?

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1. Трыццаць дзве літары

Чалавек чытае мастацкую, ды і не толькі мастацкую, літаратуру, нават не важна, якой якасці, — і сам ва ўяўленні дабудоўвае малюнак!

Гэта, калі разабрацца, проста фантастыка: ты бачыш дробныя чорныя значкі на белай паперы, а ў галаве ў цябе ўзнікаюць вобразы, характары, ідэі…

Аднак яшчэ большая фантастыка, яшчэ дзівейшае дзіва: 32 літары, 32 бочачкі лато, і іх трэба ўсяго толькі перамешваць у галаве, складаючы з іх розныя словы, думкі, сітуацыі, а ў выніку — ствараючы свой уласны Сусвет.

Поделиться с друзьями: