Мяжа
Шрифт:
11. Песні і пісьмы
Знаходзіліся і такія, каму падабался ў арміі, прывыкалі — так прывыкаюць да турмы і да торбы. Морды ў такіх таўсцелі, фігуры, наадварот, спраўнелі, страйнелі ад рэжыму і фізічных практыкаванняў. Ды і самі казалі:
— А мне наравіцца тут!
Непісьменны Вася Аксёнаў часта круціўся перад люстэркам, стараючыся зірнуць сабе на спіну, і казаў: «Вось каб бацька мяне пабачыў!»
Астатнія, у каго былі галовы на плячах, ратаваліся тым, што вынеслі з папярэдняга жыцця. Дзіравілі іголкаю лічбы-даты ў каляндарыках. «Масла з’елі — дзень прайшоў»… «Дембель стал на день короче»… «Только сон приблизит нас к увольнению в запас»… Жылі ўспамінамі, пасылкамі, пісьмамі. Песнямі. Днём гарлапанілі, маршыруючы
А ўвечары ў «Чырвоным кутку» пад гітару:
Только вечер настаёт — Кент в кустах чувиху жмёт, А я жму свой автомат, Потому что я солдат. День и ночь, ночь и день На плече моём ремень…Або «Дзедаўскую калыханку»: «Пусть приснится дом родной, баба с пышною…»
Але самае галоўнае, канечне, — гэта пісьмы. Матэрыяльны знак, доказ, што цябе не забылі, пацвярджэнне, што ёсць недзе іншае жыццё, і яно чакае цябе. Пісьмо можна трымаць у тумбачцы (дзённікі весці не давалі), насіць з сабою, перачытваць. Калі салдат трапляе «на губу», у першую чаргу ў яго адбіраюць лісты. «Десять лет без права переписки» — так некалі называлі расстрэл.
М. Таніч па-лесапавальнаму проста заклікаў: «Всего лишь: только две, только две зимы, только две, только две весны ты в кино, ты в кино с другими не ходи…» Калі ты ў турме ці на лесапавале, там хоць нейкае, хоць фіктыўнае абвінавачванне, і суд, і прысуд… А тут? За што пакутуюць сілком разлучаныя хлопец з дзяўчынаю? Уяўляеце, што такое для іх дзве зімы плюс дзве вясны? Не ведаю статыстыкі, але думаю, працэнтаў 90 дзяўчат не дачэкваюцца з войска каханых, і язык не паварочваецца іх вінаваціць, што не вытрымалі гэты дужа жорсткі, незаслужаны, незразумелы эксперымент, гэты бясконцы, як для 17—19-гадовых дзявочых галоў, тэрмін.
Тыя ж, хто дачэкваўся, дык гэта выключна дзякуючы пісьмам. У таго ж Таніча, дарэчы: «Письма нежные очень мне нужны, я их выучу наизусть…»
А «наизусть» іх мог вывучыць не толькі адрасат.
«У нашай Савецкай Арміі поўная воля, сапраўдная дэмакратыя, — казаў нам старлей — камандзір узвода, родам з Гомеля (а беларусаў не любіў, зямляк хрэнаў). — Гэта вам не войскі краін НАТА, дзе афіцыйна дазволены алкаголь і наркотыкі (і так захочацца на міг у тыя войскі НАТА!), потым заступаюць у дзяжурства і ў любы час здуру-сп’яну могуць націснуць кнопку, і ў нас паляцяць ядзерныя ракеты. Таму вы павінны быць заўсёды напагатове. А тыя, хто вас чакаюць, павінны ведаць, што ўсё ў вас добра».
…Ціха ў вучэбным класе. Палітычная карта свету на дошцы, у розныя колеры пафарбаваны краіны сацыялізму і капіталізму. Узводны пахаджвае, мякка паскрыпваючы ботамі, між радоў. Як настаўнік, зазірае каму-небудзь праз плячо… Пішам лісты дадому.
— Усе напісалі? А цяпер не заклейвайце канверты, а мне на стол. Та-ак, украінскую ведаю, беларускую ведаю… Вось вянгерскую… Кіш! (Гэта прозвішча, цалкам Карл Карлавіч Кіш, частаваў нас свойскім шпікам — ружовым ад перцу, духмяным салам з пасылак.) Ідзі сюды!
Аказалася, што і самы талковы з венграў Карл Кіш не настолькі валодае рускай, каб перакладаць.
12. «Іслач»
Пасля арміі (неаднойчы пісаў ужо), у 1986 годзе, мне пашэнціць патрапіць на семінар маладых пісьменнікаў у Дом творчасці «Іслач». Неўзабаве гэтая «Іслач» стане не менш вядомай за Каралішчавічы, пра яе нават складуць ананімную паэму — варыянт «Лысай Гары», толькі
пра нашае пакаленне. Шкада, што яна недзе знікла — «канула ў Лету», і засталіся толькі «бурбалкі» — асобныя фрагменцікі кшталту гэтага: О Іслач, край зусім нядрэнны! Там Сыс пад хвойкамі гуляў, І вечна п’яны Федарэнка Свае законы ўстанаўляў…Лухта, канечне. Хапала там каму ўстанаўляць законы без мяне. Васіль Быкаў з трыбуны тлумачыў, што ў аснову камуністычнага кодэкса пакладзены хрысціянскія, евангелісцкія пастулаты — крытыкі ў той час грызлі яго раман «Кар’ер», упікаючы аўтара ў богашукальніцтве. Іван Чыгрынаў агарошыў усіх заяваю: «У нас адна з найлепшых, адна з найбольш развітых літаратур у свеце, і гэта пры амаль поўнай адсутнасці размоўнай, бытавой мовы. Можа, у гэтым справа? Літаратура акумулюе, назапашвае, зберагае ўсё беларуска-культурнае, духоўнае — як фальклор некалі — да лепшых часоў».
Думайце!..
На семінар я прыехаў з двума апавяданнямі, адно пра армію. У «Іслачы» якраз адпачываў Янка Скрыган. Папрасіў узяць на ноч пачытаць «маладую прозу». Параілі мяне.
Назаўтра раніцаю ў сталоўцы Ян Аляксеевіч аддаў мне апавяданне. Акрамя рукапісу ў папцы яшчэ ляжаў ліст.
— Насупраць аднаго слова я нават паставіў плюсік, — сказаў Скрыган. — Вось гэтае — «выдаўжыўшы» ногі. Ніколі раней такога не чуў.
Апавяданне ўсё было скрэслена алоўкам — які халодны душ пасля «маладосцеўскай» пахвальбы! І нічога ўжо нельга паправіць — вось-вось павінен выйсці часопіс менавіта з гэтым «Пісьмом».
Скрыган доўга гаварыў пра расцягнутасць, слабы дынамізм, рыхлую кампазіцыю, невыразнасць галоўнага героя…
— І потым: няма такой думкі, такой з’явы, такога эпізоду, якіх нельга было б раскрыць на 6–7 старонках. Тады навошта вам для таго ж самага спатрэбілася ў тры разы болей?
Усё гэта паўторыць у скупой рэцэнзіі гродзенскі крытык Ігар Жук (мой сябар): «Пакуль цяжка гаварыць што-небудзь пэўнае пра зусім маладога А. Федарэнку… Літаратурная нявопытнасць выявіла свой знак найперш у празмерным жаданні ўціснуць у апавяданне як мага больш матэрыялу, праз што і сам твор кампазіцыйна аслаб»…
13. «Пісьмо»
Перад тым як выйсці на шырокую галоўную вуліцу, што вяла за горад, узводу быў дадзены загад спыніцца.
Малады высокі лейтэнант у перацягнутым рамянямі, акуратным шынялі, з сумкай на баку адступіў амаль да сярэдзіны вулачкі, на якой спыніўся ўзвод, і пільным позіркам акінуў сваіх падначаленых, нібы збіраючыся палічыць іх. Гэта былі зусім маладыя салдаты — усе з аднаго прызыву, якія праслужылі толькі чатыры месяцы.
Стаяла мяккая, адліжная раніца, бадай, першая больш-менш цёплая раніца за ўвесь люты. Гурбы снегу паўз дарогу за адну ноч пацямнелі, зрабіліся рыхлымі; снег раставаў, і пахла вясной. У тым канцы вулачкі, адкуль толькі што ішлі салдаты, вісеў рэдкі туман — пэўна, ад таго, што раставаў снег. На гэтай жа вулачцы, зусім блізка адсюль, размяшчалася і вайсковая часць, толькі цяпер варотаў з зоркамі не было відаць за туманам.
Сягоння ўжо, як ніколі, адчувалася, што нарэшце надыходзіць канец доўгай завейнай зіме. Праўда, тут, у цэнтры Расіі, такія зімы — звычайная з’ява.
У чаканні новай каманды салдаты стрымана перагаворваліся, нецярпліва паглядваючы на лейтэнанта і не разумеючы, чаго іх спынілі. Толькі ж што строіліся ў казарме і гэты самы лейтэнант — іх узводны — правяраў усё, што трэба, і ўсё, што (як ім здавалася) не трэба: правяраў рэчмяшкі, каб нічога, акрамя кацялка, лыжкі і кружкі, там не было; правяраў аўтаматы, падсумкі, супрацьгазы; прымусіў зняць боты і глядзеў, ці правільна накручаныя анучы… Узвод павінен быў прайсці нейкіх пятнаццаць кіламетраў за горад, у лес, дзе знаходзіліся склады іхняй часці, і хоць прайсці трэба было дзе пехатой, дзе бягом, пры поўнай выкладцы — лічылі, што не такое ўжо гэта важнае заданне, каб марнаваць час на розныя дробязі.