Мяжа
Шрифт:
Зараз салдаты думалі прыкладна адно і тое ж: маладому ўзводнаму хочацца лішні раз пакамандаваць імі.
— Узв-о-од, інтэрвал адзін метр, у ногу, шагам а-а-арш!
Праз хвіліну былі ўжо на галоўнай вуліцы. Ішлі ахвотна, з задавальненнем грукаючы ботамі па асфальце. Амаль увесь час, абдаючы салдат мокрым пылам (некаторыя, у асноўным, на жаль, графаманы, хвалілі мяне, што адстаяў гэты «мокры пыл» — «сухую ваду». А з іншага боку, кажуць жа «апякло холадам»?..), калону абганялі машыны, аўтобусы; раз-пораз ззаду пад’язджаў тралейбус, і тады сцяжковыя, папярэджваючы, узмахвалі сцяжкамі, і салдаты вымушаны былі трымацца паўз самы тратуар.
Ракіцкі ішоў у апошняй
Ракіцкі паправіў шапку і моцна сціснуў рэмень аўтамата з намерам не кранаць больш гэтага пісьма і не думаць пра яго. Тым больш, ён цвёрда быў упэўнены, што нічога добрага для яго там не магло быць. Гэта было пісьмо ад дзяўчыны, якой ён перад арміяй прызнаваўся ў каханні і якая пасмяялася з яго.
Салдаты мінулі апошні квартал і выйшлі за горад. Ісці стала крыху вальней — і таму, што цяпер менш траплялася машын, і таму, што вочы не натыкаліся больш на шматпавярховыя дамы горада. Вакол дарогі ля-жала белае поле. Ракіцкі трошкі высунуўся і глянуў уперад: дарога, хоць і не вельмі крута, падымалася ўгору, і толькі далёка-далёка на гэтай гары віднелася нешта цёмнае — не то лес, не то проста туман.
«Горы нейкія, горы… I здаецца ж, не так і далёка адсюль Беларусь, а ўсё нейкае другое… Ну, дзе ў нас, у Беларусі, горы?..»
(У тыя часы ўжываць у апавяданнях слова Беларусь лічылася ледзь не подзвігам, і яго піхалі ва ўсе дзіркі.)
I зусім нечакана перад вачыма Ракіцкага да таго ярка паўстаў малюнак вясковай цёплай летняй ночы, хто ён шырока раскрыў вочы, нібы жадаючы ўпэўніцца, што перад ім усё тая ж дарога, якая падымаецца пад гару, і абапал яе — брудныя гурбы снегу.
Слаба верылася, што яна была некалі, тая ноч, глыбокая і ціхая… Калі Ракіцкі сядзеў на лаўцы каля сваёй хаты, калі яму (дурному!) зусім не хацелася спаць, калі пахла яблыкамі, свежай, мокрай травой, свяціў месяц, і ад плота цераз вуліцу цягнуліся доўгія чорныя цені… Нікуды не хацелася ісці — ды і куды ісці? У сваёй невялічкай вёсцы Ракіцкі застаўся самым старэйшым з хлопцаў. Астатнія — хто ў арміі, хто ў горадзе. Было, праўда, некалькі школьнікаў, але ў іх яшчэ, на думку Ракіцкага, быў дзіцячы розум.
Ён проста сядзеў, выдаўжыўшы (слова, якога ніколі не чуў мовавед Ян Скрыган) ногі, глыбока дыхаў і думаў аб тым, аб чым думае большасць хлопцаў перад войскам. Яму марылася пра нейкую дзяўчыну, пра тое, як яна праводзіць яго на цягнік, як падымаецца на пальчыках і, абхапіўшы рукамі за шыю, цалуе… Што гэта будзе за дзяўчына, якая яна будзе з твару, як яе зваць, адкуль яна ўвогуле возьмецца — гэтага Ракіцкі не ведаў і не хацеў ведаць. Калі б яму ўдалося ўявіць на месцы гэтай прыдуманай феі якую-небудзь сваю знаёмую дзяўчыну, то, напэўна, адразу знікла б і слодыч ягонай мары. Выдуманая дзяўчына ў ягонай мары гаварыла толькі тое, што яму і хацелася ад яе чуць; знаёмая ж дзяўчына нават у марах магла гаварыць толькі аб нечым сваім, зямным, незразумелым і зусім непатрэбным яму ў час развітання…
Так Ракіцкі трохі памарыў і падняўся, каб ісці спаць. У гэты момант ля суседняй хаты — па гэты бок вуліцы, дзе і хата Ракіцкага, — пачуліся ціхія галасы. Ён і здзівіўся і нават узрадаваўся, што яшчэ некаму не спіцца акрамя яго. Углядаючыся ў цемру і разважаючы, хто б гэта мог
быць, ён сабраўся ўжо быў падысці і паглядзець, як раптам адтуль пачуўся стрыманы дзявочы смех. Ракіцкі спыніўся як укопаны. Так магла смяяцца толькі ягоная суседка, дзевяцікласніца Ірына, але ж яна раней ні на якія гулі не хадзіла. Яна ж малая раней была!Ракіцкі адступіў да сваіх варот і, прыціскаючыся да шула, пачаў прыслухоўвацца. I хоць яму не ўдавалася разабраць ніводнага слова, ужо адно тое, што Іру, гэтае дзіцё, якое ён ніколі не лічыў за дзяўчыну, нехта праводзіць, размаўляе з ёй, цалуе, можа, — адно гэта прымушала яго трымцець ад нейкага незразумелага хвалявання.
З-за шула не было відаць ні самой лаўкі, ні тых, хто на ёй сядзеў. Але Ірына стаяла зараз у вачах Ракіцкага так, быццам ён глядзеў на яе ў сонечны дзень. Невысокая, круглатварая, з белай касой… Прыжмураныя вочы глядзяць неяк сумна і строга… Заўсёды сур’ёзная, задуменная, Ірына жыла нейкім сваім дзявочым, незразумелым для Ракіцкага жыццём і звычайна звяртала на свайго маладога суседа ўвагі столькі ж мала, колькі і ён на яе.
Гэта была звычайная вясковая дзяўчынка, але цяпер, пасля таго, як Ракіцкі ўбачыў, што яе ўжо нехта праводзіць, Ірына здалася яму такой красуняй, якой ён яшчэ ніколі і нідзе не сустракаў. Яму зрабілася сумна і прыкра, што не ён, а нехта другі змог першы разгледзець у гэтай дзяўчынцы дзяўчыну. Зараз Ракіцкаму нічога не заставалася, як стаяць пад шулам і лаяць сябе за слепату. «Хлопец называецца! У армію сабраўся ісці!» Можа, каб Ірына якую гадзіну назад прайшла каля яго адна, то Ракіцкі не павёў бы і брывом. Павітаўся б, як заўсёды, — і ўсё. А цяпер у яго з кожнай хвілінай усё больш і больш з’яўлялася жаданне нешта змяніць, не выпусціць тое, што зводзяць з-пад носа.
Ціснучыся да плота, баючыся неяк выдаць сябе, Ракіцкі дабраўся да канца агароджы і шмыгнуў за сваю хату. Пасля прыгнуўся, нібы кот, пра-бег цераз агарод, пралез паміж жэрдкамі і апынуўся ў Ірыным двары. Ён пабаяўся праходзіць цераз двор бліжэй да лаўкі, на якой сядзела Ірына, — чамусьці здалося, што яго могуць заўважыць у акно з хаты, — і застаўся стаяць пад густым клёнам, ля самых дзвярэй у калідор. Сэрца ў яго ка-лацілася, як у злодзея, але ён паспрабаваў супакоіць сябе думкай, што нічога дрэннага ён не робіць — проста кахае дзяўчыну і зараз скажа ёй аб гэтым.
Цягнуўся час, а тыя, на лаўцы, усё не збіраліся разыходзіцца…
(Як і ў «Выхадных днях», апускаем к чорту дыялог. Герой, запінаючыся, сказаў гераіні, што закахаўся ў яе і хоча, каб яна чакала яго і пісала яму, — тады ў іх будзе тое, «што ва ўсіх»: яна зможа хваліцца сяброўкам, што ў яе хлопец служыць, а ён недзе ў далёкай казарме будзе хлусіць, як перад арміяй гульнуў.
«Не, я кахаю другога», — адрэзала гераіня і горда пайшла спаць.)
Праз момант дзверы ў калідор ляснулі і зачыніліся з сярэдзіны на кручок.
…Тую ноч Ракіцкі цяпер лічыў для сябе самым дарагім успамінам. Іншай, лепшай ночы ў яго проста не было. I не за свае словы, і не за словы Ірыны было яму горка і сорамна, а ад таго, што не вытрымаў адзіноты першых дзён службы і напісаў ёй ліст. I што гэта было за пісьмо! Штампованыя словы, просьба прабачыць (за што?), просьба застацца сябрамі… Тады, у першыя дні, пісьмо гэтае здавалася не толькі патрэбным, а нават неабходным. Нібыта не ўсё было сказана ў тую ноч! Але ў тыя першыя дні, калі вакол чужыя людзі і незразумелае жыццё, калі здаецца, каб мог, дык абняў бы таго, з кім да арміі вітацца не хацеў, — хіба ў тыя дні Ракіцкаму ўспамінаўся сэнс слоў, якія яна казала яму?