Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Снег не сунімаўся. Два вершнікі, самі аблепленыя снегам і на заснежаных конях, як два прывіды, што пераблыталі дзень з ноччу і выбраліся не ў пару палохаць людзей, марудна праехалі між крыжоў і пачалі спускацца з другога боку могілак.

– Стой!
– раптам аглушыла іх, бы знянацкім стрэлам.
– Пропуск! [3]

Чайка сказаў: «Карабін!»; у адказ прагучала: «Клецак!» - і з-за кашлатай елкі вынырнуў з паляўнічай стрэльбаю падлетак гадоў семнаццаці, невысокі, таўсмаценькі і чарнявы.

3

Пароль.

Звалі

яго Валодзька Піліпчук. Даніла добра ведаў яго, бо гэта быў Дзяніса-брацельніка сябар, іх і ў дазор заўсёды разам ставілі. Да брыгады ён прыбіўся ўжо ў Семежаве, з гэтай вось стрэльбай, прыехаў на сваім уласным кані - спрацаванай сялянскай клячы. Яму б маўчаць, а ён здуру пачаў хваліцца, што вось, маўляў, так і так, пакуль бацька спаў, я ціхенька ў хлеў, ды аброць са сцяны цап, ды за каня, ды сюды! Думаў, што яго пахваляць як героя. Але чамусьці так усіх насмяшыла гэта, ці то ён проста неяк смешна расказваў, ці таму, што і праўда крыху падобны быў на цыганчука, беднага хлопца адразу ж ахрысцілі адны «канакрадам», а другія «конюхам» і, невядома чаму, нават «канавалам»...

– Пан камандзір?!
– прытворна здзівіўся хлапчук.
– Прабачце, не пазнаў, так снегам вас абляпіла, - пачаў апраўдвацца, гаварыць нібыта вінаватым голасам, а ў самога хітра свяціліся вочы, усё выдавалі. Пазнаў, яшчэ і як пазнаў, толькі пахваліцца цяпер хоча, што ўсё робіць як трэба, так, як вучылі: камандзір не камандзір, а пароль спытай і водзыў скажы...

Чайка саскочыў з кабылы. Абціраючы ёй цёплы круп і мокрую шыю, спытаў, ці ўсё ў парадку.

– Так точна, пан камандзір! («Так точьно», прыгадалася Данілу Мірончыкавае.)

Ардынарац застаўся на палянцы, Піліпчук павёў Чайку паказваць месца дазору.

Зусім побач, пад хвояю, наладжаны быў чысты акопчык, сухі - зверху, як той дах, навіслі яловыя лапы, на дне - пласт сухой бурай ігліцы, наверсе насыпаны пясчаны бруствер, у сцяне - ячэйкі для гранат, патронаў, у асобнай ячэйцы, як рэч каштоўная, беражоная, - цэйсаўскі бінокль, ляжыць на анучцы і зверху прыкрыты анучкай... Недзе з тыдзень назад Чайка сам выбіраў месца для гэтага дазору, і тады яно яму паказалася не дужа: нізкавата, шмат дрэў, маленькае прастрэльнае поле, ды і могілкі побач - у выпадку трывогі, калі дазорнаму трэба будзе хутчэй ляцець у Семежава, сярод гэтых крыжоў і магіл не разгоніш каня... Праўда, тады былі прыцемкі, туман, а пазней, удзень, як вось і цяпер, кампалка пераконваўся, што дазор усё ж, наадварот, удалы, зручны найперш схаванасцю сваёй. Можна за два крокі ад елкі праехаць і нічога не заўважыць, а адсюль - нават калі не высоўвацца з акопчыка, - увесь гэты невялікі трохкутнічак поля паміж Мораччу, могілкамі і лесам праглядаецца як на далоні, тым больш яшчэ, калі з біноклем...

– А коні?..
– азірнуўся і спытаў Чайка; проста так пытаючы, для парадку, як і дазорны ў яго пароль - вядома, і з коньмі ў гэтых малых будзе ўсё ў парадку.

«Тылавы», «неабавязковы» дазор быў сама лепш сарганізаваны з усіх чатырох. Міжволі пагодзішся з тым жа Мірановічам, які на поўным сур'ёзе даказвае, што чым салдат маладзейшы, тым больш з яго толку. Адно, каб хлапчук гэты сам так яўна, так прамалобна не напрошваўся на пахвальбу.

– А ў нас адзін на дваіх, пан камандзір, - тараторыў дазорны, - вунь там, пад тэй елкаю... Я галіны падцерабіў знізу, дык стаіць, што пад паветкаю! І папонаю накрыў...

– Як завуць?

– Ніяк, пан камандзір, - хлапчук перш сумеўся, - проста конь... А-а, мяне? Піліпчук, пан камандзір! Піліпчук Валодзя!

– Валодзька Канакрад, -

уставіў Даніла, пасміхаючыся. Яму трохі зайдросна было, што не Дзяніса зараз пахваляць, а якогась цыганчука-прыблуду. Знарок не заўважаючы, як ажно затросся ад гневу Піліпчук - дапяклі-такі хлопца!
– патлумачыў Чайку: - Украў каня ў роднага бацькі і прыехаў сюды на ім ваяваць!

Але камандзіра палка не зацікавіла гэта.

– Я далажу ў штабе, каб табе аб'явілі падзяку, - афіцыйна сказаў ён Валодзьку, і той расцвіў ад радасці, выструніўся, аж ростам паболеў.

– Рады старацца, пан камандзір!

– Пачакай, - толькі цяпер заўважыў, ізноў азіраючыся, Чайка.
– А ты што, адзін? А той дзе...
– павярнуўся да ардынарца, які так і не злазіў з каня.
– Ну, брат твой?

Тут ужо Валодзьку адплацілася за «канакрада».

– А вось гэты, - паказаў ён пальцам на Данілу, - пан камандзір, адпусціў... Чуб, яшчэ досвіткам, сказаў, што так і так...

– Пакруціся мне!
– гаркнуў на жарабца, які стаяў смірна, Даніла і адкашляўся ў кулак.

– Вы спалі ўчора, пан камандзір, ну і я, гэта самае... Не стаў будзіць... Ды вернецца ён скора, Павал Пятровіч! Адскочыць да бацькоў і вернецца!

– Што ж, няхай скача, - толькі і сказаў Чайка.

Завярнулі коней, паехалі назад, тымі ж могілкамі. Даніла ўсё кашляў.

– Даруйце, Павал Пятровіч... Далібог, першы і апошні раз!..

– Пра што ты? А-а, пра малога...
– пасміхнуўся крыва Чайка.

І не адразу, а пасля доўгага маўчання, калі пачалі ўжо спускацца з пагорка ізноў да рэчкі, прамовіў:

– Каб адно гэта, дык не балелі б нашыя галовы... Трохі не ў тваім малым тут справа, дарагі Даніла...

Галоўнае, што ні крыўды, ні злосці не было ў камандзірскім голасе. І ў ардынарца, які хоць і не зразумеў нічога, і не адважыўся перапытаць: «А ў чым тады?..», усё адно адлегла з душы. У каторы раз падумалася: які ж гэты Чайка разумны. Як ім увогуле пашэнціла з начальствам - ён, Чайка, ды яшчэ Жаўрыд - гэта ж...

Жарабец ізноў занаравіўся, з горкі пачаў спускацца бокам, як які інаходзец.

– А-ну, ну!
– асадзіў яго Даніла, так і не дадумаўшы пра начальства.

X

Не для аднаго прастакаватага ардынарца гэтыя двое, Чайка і Жаўрыд, былі самымі галоўнымі, самымі разумнымі і аўтарытэтнымі начальнікамі ў брыгадзе.

У іхнім «тандэме» бачыліся гармонія і зладжанасць. Яны як бы дапаўнялі адзін аднаго. Функцыі іх былі падзелены. Жаўрыд адказваў за справы цывільныя, мірныя, Чайка - за ваенныя. З аднаго боку камісар-ідэолаг, тэарэтык, з другога - славуты баявы афіцэр-практык.

Абодва нарадзіліся на Случчыне, у суседніх вёсках, у адзін месяц і ў адзін год - у ліпені 1889-га. Абодвух назвалі Паўламі. Абодва да дзесяці гадоў «наўчаліся» аднолькавай «навуцы»: пасвілі гусей, свіней і коней, лазілі ў чужыя сады, пяклі ў прыску бульбу, купаліся ў соннай Случы, рукамі лавілі пад карчышчам ментузоў, а начамі каля вогнішча, у святле якога таўклася-карагодзіла машкарэча, слухалі, абняўшы рукамі калені, стаіўшы дыханне, страшныя казкі якогась прыстаўленага да іх Ахрэма ці Аўдзея - пра нячыстую сілу, пра русалак у жыце, пра вадзянікоў у ставе, што каля пабуранага млына... Усё гэта адбывалася з двума самымі звычайнымі беларускімі хлопчыкамі, пакуль лёс (мімікрыяй пад «сталыпінскую вярбоўку») раптам не ўзяў ды не закінуў бацькоў аднаго з іх на край свету. У прамым сэнсе - ва Ўладзівасток. І развяло нашых Паўлікаў аж на цэлых дваццаць гадоў...

Поделиться с друзьями: