Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

На Румынскім фронце, калі ўжо ясна было, што ненавіснай вайне канец, штабс-капітан Чайка, перад тым як заснуць, уяўляў сабе не ўладзівастоцкі порт і не сопку Арлінае Гняздо, а беларускі, самотна-прыгожы, лесам атулены хутарок, з сажалкай, гародчыкам, з невялікай сцёпачкай у кутку двара, у якой можна было б збіць з дошак які тапчан або проста накідаць сена і заслаць посцілкай... Страшна падумаць - ён не меў свайго кута, хоць бы той самай сляпой сцёпачкі з тапчаном, гадоў дваццаць!.. Вольнымі вечарамі, а такіх хапала цяпер, ён палюбіў валэндацца з мапамі, падоўгу разглядаў іх, асабліва ўсходнеэўрапейскую частку; па карце Беларусь ад Румыніі не так і далёка, у параўнанні, само сабою, з Уладзівастокам... Бальшавікі даўно разбэшчвалі полк, ваўсю вялі сваю прапаганду. Ён не перашкаджаў ім, і яму адплацілася тою ж манетай - калі прабіў час, не зачапілі і яго. «Нах хаўз, таварыш капітан, - аб'явіў неяк пад вечар, уваліўшыся ў штабную канцылярыю, памахваючы маўзерам, здаравезны латыш з перабінтаваным правым кулаком - Вайне капут, адкрываем другі фронт - буржуяў рэзаць! Так што...»

Затым Чайку сваталі ў нейкі «беларускі

полк пры Румынскім фронце», паказвалі нейкі, генералам Шчарбачовым падпісаны, загад [6] .

Ён наадрэз адмовіўся.

З адной катомкаю за плячыма, дзе ляжалі гасцінцы, крыху грошай, дакументы, узнагародныя лісты, чатыры ордэны: Св. Ганны і Св. Станіслава 3-х ступеней і Св. Ганны і Св. Уладзімера 4-х ступеней і два разы па столькі медалёў, а таксама загорнуты ў палатно кіцель з пазалочанымі пагонамі і з аксельбантамі, ён удала дабраўся да Баранавічаў (па іроніі лёсу ў цяплушцы таго самага эшалона, якім удалося пераправіць з Румыніі ў Менск частку зброі і амуніцыі для будучага беларускага войска). Пехам, распытваючы дарогу - вайна ўсё выцерла з памяці, дапаў-такі Лютавіч, прамінуў пад уважлівымі маўклівымі паглядамі людзей з-за платоў даўжэзную вуліцу і за ваколіцай, на ўзлеску, убачыў такі самы, як і мроіўся яму, хутар, з сажалкай, з агародчыкам... Каля варот стаяў, узіраючыся, прыклаўшы руку да лба, дзядзька Павал, бы дзве кроплі вады падобны на нябожчыка брата - яны нарадзіліся ў адзін дзень, 12 ліпеня, у свята, - так іх і назвалі: Пятро і Павал.

6

«Приказ русским войскам Румынского фронта. 21 января 1918 г. № 1399. Согласно постановлению Комитета Национально-Областных Комиссаров при Штабе Румынского фронта приказываю:

1) 4-й армейский корпус в составе 30-й и 40-й пехотных дивизий с их артиллерией, Штаб корпуса и все приданныя корпусу вспомогательныя части и учреждения, 43-ю п. дивизию с ея артиллерией и приданными ей учреждениями и 26-е авто-броневое отделение - белоруссизировать.

2) Всех офицеров и солдат белоруссов распоряжением Штабов армий передать соответственно: из 4-й и 6-й армий в 4-й армейский корпус, а из 8-й и 9-й армий - в 43-ю п. дивизию...

Основание: отношение председателя комитета Национально-Областных Комиссаров за №№ 281 и 280.

Подписал: Помощник Августейшего Главнокомандующего армиями Румынского фронта, Генерал-от-Инфантерии Щербачев».

Запыленыя дзядзькавы боты, яго залатаны старэнькі пінжачок... Барада сена зачапілася за галіну ігрушы і трапечацца па ветры... Кучка вераб'ёў на ўсліжанай палазамі дарозе трыбушыць конскія «яблыкі»... Даўно забытыя гукі мовы, пахі, колеры, усе гэтыя блізкія і родныя колісь і ўспомненыя зараз малюнкі - усё цяпер нахлынула, закружыла галаву, шчымлівай цеплынёй сціснула сэрца блуднага штабскапітана. Высыпалі з хаты і скаціліся з высокага ганка тры дзяўчынкі, адна перад адной меншыя, і потым, ужо ў хаце, калі ваенны дзядзька, збянтэжаны гэтай захоплена-ўрачыстай цішынёй і ўтаропленымі ў яго нецярпячымі вочкамі, развязаў катомку і пачаў выкладаць на стол сціплыя свае гасцінцы (кансерваў бляшанка, трохі цукру, пачак галет, скрыпучых на зубах, як каўчук), адна з сястрычак, самая малая, гадоў чатырох, ускараскалася яму на калена, ашчаперыла за шыю і прыціснулася да яго. Яна думала, гэта тата, якога яна ніколі не бачыла, прыйшоў з вайны. Вось тады яму на міг і заманулася, што ён нарэшце дома. Калі ўвечары, пасля лазні, яму далі чыстыя нагавіцы і сарочку, ён, перш чым надзець іх, доўга разглядаў, пасміхаючыся, круціў іх у руках і пагладжваў. Крэсла ў штанах зашпільвалася інакш, чым у галіфэ, сарочка таксама не падобная была на гімнасцёрку... У тую ноч спалася яму кепска. На дварэ адлегла, са страхі з манатоннай перыядычнасцю сасклізваў падталы снег і плюхаўся пад сцяну; ніяк не можна было задрамаць. У вушах стаяла дзіўнае, нязвыклае «тата», а калену і цяпер яшчэ цёпла было ад кволага цяпла...

На досвітку ён ціхенька падняўся. Выцягнуў з-пад ложка катомку, спароў з кіцеля пагоны, адарваў аксельбанты. На двары пад паветкаю знайшоўся заступ; ускінуўшы яго на плячо, як Рабінзон Круза на ілюстрацыі, Чайка пашыбаваў у цёмны яшчэ лес.

Адліжная зямля капалася лёгка, толькі чмокала, пакідаючы ямку, ды патрэсквалі перасякаемыя вострым жалезняком карэньчыкі. Калі ён старанна, і праўда адчуваючы нейкую палёгку, быццам пахаваў не кардонныя пазалочаныя прамакутнікі з кавалкам белай пераплеценай вяроўкі, а ўсе свае ранейшыя, з жыцця вырваныя, гады, увесь свой непрыкаяны лёс, таптаўся ботамі па магіле, у лесе пачало віднець. На сасновых лапах там-сям яшчэ трымаўся прымерзлы снег уперамешку з касмыкамі сіняга туману. З галін капала ў сінія лужыны-вочкі, што былі пад кожным дрэвам, і недзе зусім блізка ранняя сініца перадражнівала гэты сонны капеж сваім звонкім пільканнем; гучала амаль рыфмаю: канец вайне - піль-піль вясне... Досыць! Наваяваўся. Нічога не скончана ў трыццаць дзевяць гадоў, думалася словамі Балконскага, галоўнае, не забіла, не пакалечыла... Усё яшчэ можа быць - і будзе!
– і сінія вочкі, і цяпло на калені, і слова «тата». Апрасціцца, зажыць па-тутэйшаму... Абабіцца. Хай не дзеўка, для дзеўкі стараваты, ды і куды яе ўзяць, а ўдава сама да сябе прыме. А скончыцца гэтая карусель, можна і магілу матчыну праведаць, сястрынскіх, бацькавых слядоў пашукаць...

Новым, «апрошчаным», жыццём удалося пажыць яму роўна суткі. Карусель, замест таго каб спыніцца, набрала новыя абароты. У абед прысунулася чутка, што чырвоныя зноў гоняць палякаў, а ўжо ўвечары пачуўся конскі тупат, у дзверы і ў шыбіны забарабанілі: як ніводнай іншай уладзе, савецкай заўсёды ўласціва

была гэтая невытлумачальная, проста сатанінская нейкая аператыўнасць. Збіраючыся, Чайка чакаў самага горшага. Яму ж ветліва, але без варыянтаў прапанавалі пасаду ваеннага кіраўніка пры Слуцкім ваенным камісарыяце (вось яшчэ калі бальшавікі зразумелі значэнне кадраў, вось адтуль вырасталі ногі крывава-крылатай догмы...).

Кампанія іх у ваенкамаце падабралася яшчэ тая. Эсэр Кастусь Кецка тлумачыў, азіраючыся і прыстаўляючы да вуснаў палец, чаму ён тут апынуўся: «Увайду ў давер і тады больш змагу зрабіць для Беларусі; спатрэбіцца - зараз жа запішуся ў бальшавікі, у ЧОН, у «чразвычайку», на любым месцы можна быць карысным...» Дваранін Сокал-Кутылоўскі займаў пасаду павятовага інструктара ваеннага навучання. Пазней, згадваючы тыя два ваенкаматаўскія месяцы, Чайка ў толк не мог узяць - што за карысць была бальшавікам ад іхняй «мабілізацыі»? Проста сабраць іх да кучы? Каб заўсёды быў на віду іхні нацыяналістычны рассаднік і каб лягчэй было яго кантраляваць? Пэўна ж, быў сярод іх і даносчык - пачуваўся як рыба ў вадзе ў той іхняй атмасферы канспіратыўнасці, падазронасці адзін да аднаго, перашэптванняў-пераміргванняў, недагаворак... Да справы, праўда, не даходзіла. Змоўшчыкі больш-менш спраўна цягнулі лямку ваенкаматаўскай службы: вербавалі прызыўнікоў, прысутнічалі на медыцынскіх аглядах, паказвалі, як хутчэй сабраць і разабраць вінтоўку, навучалі муштры, раз на тыдзень атрымлівалі ўбогую пайку... І хто ведае, - калі б неўзабаве не прыйшла ў рух, не крутанулася ў другі бок карусель, магчыма, так бы і звекавалі ў ваенкаматаўскіх кабінетах, у душы застаючыся канспіратарамі і непрымірымымі ворагамі Саветаў...

Дзіўная была тая, на гульню ў пінг-понг падобная, савецка-польская вайна 1919-1920 гадоў. Мячык улева - мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя, не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з'явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, Сокал-Кутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.

І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў - на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных - назад у ваенкамат... А на хутары сустрэлі халаднавата. Не кінулася на шыю і не назвала татам сінявокая малеча, уздыхнула цётка, адвёў вочы дзядзька... Голад, лішні рот! Але і Чайка быў ужо іншым - ведаў, што доўга яму тут не гасцяваць, не забудзе пра яго тая сіла, што ганяе яго па свеце; раз ужо ўзялася апекавацца над ім, дык гэта ўсур'ёз і надоўга. І не перамагчы, не пераламаць яе - і ніякая ўдава не паможа... Так і атрымалася. Вельмі скора тэнісіст узмахнуў ракеткаю - адляцелі палякі, прыкаціліся чырвоныя, і паперадзе іх дзве чуткі, добрая і кепская, на выбар: добрая, што ўсім такім, як Чайка, дарована будзе амністыя, і кепская - ніякай літасці дэзерцірам.

Вось так ён апынуўся ў фурманцы Сокал-Кутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцак. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот добраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.

Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абы-як адзетае войска, калі ўлавіў у вачах добраахвотнікаў такі знаёмы - задужа знаёмы!
– фанатычна-бяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на Сокал-Кутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур'ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм - і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі захаплення відовішчам - упершыню дэманстрацыя сваёй, беларускай, свядомай арміі!

Хутка не да смеху стала і Чайку. Ужо ў Семежаве, дзе так добра ўдалося ім атабарыцца, ад нявіннай раздачы роляў спектакль пачаў пераходзіць у стадыю генеральнай рэпетыцыі. Рыхтаваліся да «кровапралітных» баёў - наладжвалі лазарэт, даставалі аднекуль лекі, бінты, медыцынскія інструменты. Ніхто не сумняваўся ў перамозе (ні многа ні мала!) - усур'ёз разважалі, прыкідвалі, у якім будынку ў вызваленым неўзабаве Слуцку размесціцца Рада. Арганізавалі штаб, разбілі брыгаду на палкі - усё як след, з каравуламі, разводамі, заставамі, дзяжурнымі афіцэрамі... Недаўменне Чайкі расло па меры таго, як дзесяткамі, калі не сотнямі пачалі сцякацца ў Семежава добраахвотнікі з мясцовых і перабежчыкі ад бальшавікоў. Гэта проста бянтэжыла яго. На што яны спадзяюцца?! І чым думаюць чырвоныя, самі сабе сваёй палітыкай рыхтуючы магілу?! І няўжо ён адзін, як старонні, як той глядач збоку на чужую шахматную партыю, лепш за ўсіх усё бачыць і разумее? Разумее, што гара народзіць мыш, з усяго гэтага «рушэньня паспалітага», з гэтай «хмары народнай» не громам грымне, а пшыкам, і толькі шкада гэтага чалавечага матэрыялу... Няўжо яны, арганізатары, людзі зусім не дурныя і не сляпыя, не бачаць крывавай, бясслаўнай перспектывы?.. Чаму яны ўвесь час радуюцца?..

Акрамя гэтага дурнога аптымізму, раздражняла яго ўпартае, цвердалобае жаданне арганізатараў надаць усяму «нацыянальную афарбоўку», «суверэнную» падаплёку. Ціхім, скрытным бесам бясіла тое, як пнуцца яны самі і ў абавязковым парадку прымушаюць іншых гаварыць толькі па-беларуску, якое значэнне надаюць міфічнай БНР, слухаючы казкі Жаўрыда, і на поўным сур'ёзе вераць і чакаюць, што «беларускі ўрад» вышле ім «ерапляна», браняпоезд, тачанкі з кулямётамі, як абагаўляюць гэты свой польскі, адно з лішняй белай палоскаю сцяг: кожнае раніцы, укленчыўшы спачатку і пацалаваўшы яго, падымае на флагштоку каля штаба дзяжурны афіцэр - усе зрываюць шапкі і зацягваюць хрыпата «Адвеку мы спалі»...

Поделиться с друзьями: