Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нічые

Федоренко Андрей Михайлович

Шрифт:

Але цікавае было нават не ў тым. Калупаючыся ў душы, у гэтай каламутнай мешаніне з насмешкі са сваіх падначаленых і з раздражнення, нечакана для сябе Чайка адкопваў дзесьці на самым донцы яшчэ адно пачуццё, самае моцнае - зайздрасць. Канечне, ён не мог не зайздросціць ім. Іхняй веры, іхняму фанатызму, іхняй любові да свайго... Тое, што яму, недавярку, двурушнаму камандзіру палка, бачылася няўдалым спектаклем, тое для іх, несумненна, было самай святой, самай важнай у жыцці справай; за ўдзел у гэтым «спектаклі» яны не марудзячы гатовыя былі заплаціць і самымі жыццямі, і гэта значыла, што яны мелі права на ўсё, чаго вырашылі дабівацца: на зямлю, на волю, на сваю армію, на сваю Рэспубліку, на сваю мову, сцяг і герб.

Ім было

за што і, галоўнае, за каго ваяваць, а за іх было каму маліцца. У іх былі хаты, бацькі, жонкі, дзеці, ім збіралі ў дарогу хатулі і торбы, хрысцілі іх услед; яму ніхто не збіраў аніякай торбы, ніхто яго не праводзіў - дзядзька яшчэ з цямна быў дзесьці ў лесе, цётка, калі ён сядаў да Сокал-Кутылоўскага ў фурманку, якраз карміла скаціну і калі і перахрысцілася, дык ад таго толькі, што нарэшце сплаўляе Бог з селішча забыўшага меру госця...

«Такія вось прычыны і такія вынікі з іх, - паныла думаў Чайка, а снег тым часам суняўся, Морач даўно павярнула ў абход мястэчка. Уперадзе віднеліся крайнія семежаўскія хаты.
– І ўцягнуў жа мяне чорт ва ўсё гэта...»

– Павал Пятровіч, гляньце!
– перапыніў яго думы радасным воклічам Даніла.

Чайка падняў галаву. Ардынарац паказваў кудысь за агароды, на вуліцу, паралельную той, што была перад імі.

XI

Спраўджваліся ранішнія чуткі - ішоў на злучэнне са случчакамі полк з Грозава, колькасцю не менш тысячы. Хвост доўгай калоны віўся вужакаю, упаўзаючы ў Семежава. Калі Чайка з Данілам наўпрасткі, агародамі, выбраліся на гэтую ж вулічку, іх заўважылі.

– Чайка, хлопцы!

– Сам Чайка, камандзір!
– паляцела з хваста ў галаву.

«Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі... Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад, Даніла за ім.

– Гур-а-а!
– крычалі ім радасна.

– Слава Чайку!

– Баян, хлопцы! Баян хутчэй!

І праўда - зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня - без запявалы, тысячным «харалам»:

Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі, наўчылі, што трэба рабіць! што трэба свабоды, зямлі чалавеку, што трэба зладзеяў пабіць!

Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самому заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўна-рабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)... Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на больш-менш арганізаваны натоўп бежанцаў падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)... А вось жа пазналі яго, крычаць «слава!», і, самае дзіўнае, што і за гэта - за тое, што славяць яго, Чайку было прыкра...

«Марсэльезу» адспявалі; на словах «ніхай нас сустрэнуць палямі, лясамі грамады працоўных людзёў!» кампалка з ардынарцам абагналі калону і паскакалі да штаба.

Плошча, як і ўсе гэтыя бесталковыя дні і ночы, была перапоўнена народам. Цяпер

чакалі грозаўцаў, бачылі ўжо калону, чулі «марсэльезу», многія падпявалі - не ў лад, некаторыя яшчэ і цяпер, калі Чайка спешваўся ля штабнога ганка, запознена цягнулі «ніха-а-й нас сустрэ-э-энуць...». Іншыя гарлапанілі радасна, заразіўшыся тым самым, што і грозаўцы, узбуджэннем.

– Чайка, хлопцы!
– нібы таксама першы раз кампалка ўбачылі.

– Гура-а-а!
– і падкідвалі ўгору шапкі і фуражкі; назад лавілі не ўсе - галаўныя ўборы шлэпаліся ў брудную кашу пад ногі.

Даніла, ведучы ў повадзе кабылу, паехаў «да кватэры».

Чайка забег у штаб. У калідоры сутыкнуўся з Мірановічам, які выходзіў паглядзець на грозаўцаў.

– Жыве Беларусь!
– паціскаючы Чайку руку, насмешліва павітаўся начальнік «контрвыведу».

Гэта быў малады, статны, зеленавока-прыгожы, дагледжаны шляхцюк, да якога адзінокі Чайка прывязаўся больш чым да каго ў брыгадзе. Іх лічылі сябрамі. Вечна на лёгкім падпітку, разумны і з'едлівы, галоўны контрразведчык ні разу за жыццё, Чайку здавалася, не сказаў сур'ёзнага слова, і гэта таксама як бы радніла іх, стварала паміж імі тую сувязь, што бывае паміж акторамі, вымушанымі іграць у адным спектаклі.

Акрамя Чайкі, наўрад ці хто больш Мірановіча любіў, хоць і баяліся, гэта так. Была ў яго адна забаўка: выводзіць у лясок за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»). «І гэты ўцёк, - і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» - са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінна-зеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта - уменне не пераступаць мяжы.

– Дык жыве Беларусь?
– пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.

– Жыве, жыве, - адказаў кісла Чайка.
– Там недзе гэты... як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі... Далажыў ён?

– Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец...

– Дык што, можа, выпусці яго?

– А сам не хочаш?

Чайка крутнуў галавою - не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.

– Можа, гарбаткі? Ці па сто?
– паляпаў па біклажцы на рэмені.

– Мне цяпер хоць па дзвесце...

Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі... Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.

– Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, - сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рэменя біклагу.
– Табе ў накрыўку?

– Мне так.

Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).

– Не многа?
– спытаў, вяртаючы біклажку.

– Ды пі, шчасце такое...

Чайка зняў мокрую фуражку, абтрос, кінуў на стол. Стомлена прысеў на нізкую парту, падкурчыўшы ногі. Ад каньяку, ды яшчэ калі закурыў, паплыло ў галаве... І Мірановіч, таксама прылажыўшыся да рыльца, таксама запыхкаў папяросаю. Стоячы спіною да Чайкі, пазіраў у акно на, як ён выказаўся, «братанне».

– Мірановіч, - ціха сказаў Чайка, калупаючы падцёк фарбы на вечку парты, - Мірановіч, ты ведаеш, з чатырох дазораў не было ніводнага людскага, адзін усяго, там хлапчук стаіць... Вось. Я к таму гэта, - казаў ён без усялякай сувязі, - што мы ўляпаліся ў нейкае глупства... Табе не здаецца?

– Хіба? А Жаўрыда паслухаць, дык наадварот - становішча ў нас з усіх бакоў пераможнае, эўрапейскі розгалас...

– Чырвоная ануча для быка! Вось што такое для бальшавікоў гэты розгалас. Вельмі хутка яны пачнуць разбірацца, што ў іх тут робіцца пад бокам, і хопіць палка пяхоты і пары гармат, каб змяшаць нас у гэтым Семежаве з зямлёю... Табе не здаецца?

Поделиться с друзьями: