Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Азірніцеся вакол. Зацінае дых, аж хочацца плакаць ад жалю і шчасьця: адлюстраваньні самае сьветлае й ахвярнае ў Эўропе любові, пералівы найглыбейшае сьпеўнасьці й мяккасьці, пробліскі яснае й глыбокае, ціхае, цярплівае прыгажосьці – вось ад чаго на велізарным абшары млее Расея, вось чым пыша Польшча, вось чым зьзяе Ізраіль, вось што калыхаецца, кіпіць і сьвеціцца, прабіваючыся да сьвятла з-пад зямлі, ад Белага мора да Чорнага, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну!
І калі вы пачуеце ўлюбёнае поўнагалосае аканьне і сьціслае, быццам птушынае ціўканьне, дзеканьне й цеканьне, памяншальна-ласкальныя абароты праз слова, мілыя ноткі, знаёмыя зь дзяцінства, у пастаянных спасылках, канчаткі на “іч – ыч”, “онак –ёнак”, і “эня – еня”, кропелькі роднасьці
Вы пачынаеце адчуваць, што перад вамі чыстая, як сьляза, беларускасьць. І што гэта? Вашыя вочы міжволі робяцца крыніцамі.
У невычэрпным альтруізме, якім, як крывёю, сплывае Беларусь, якім пяюць і пояць беларускія крыніцы, празрыста бруяць эвангельскія словы Хрыста: “Хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, той ня спрагнецца вавек; а вада, якую Я дам яму, зробіцца ў ім крыніцай вады, што пацячэ ў жыцьцё вечнае .” ( Яна 4:14 )
ЛЕС
Беларускі лес – гэта лёс.
Народ, што адвеку сяліўся сярод лясоў, адваёўваў зямлю ў лесу, будаваў зь лесу хату і агароджваў яе лесам ад лесу, здабываў у лесе мяса, футра, грыбы, ягады да арэхі, і хаваўся там ад ворагаў – такі народ звыкся ўтульна жыць сярод шолахаў і шэптаў, у чуваньні, поўным значэньня й тайны, шукаць крыніцаў, паляваць, пільнаваць, і ціха казаць пра самае-самае важнае.
Сёньня лясы займаюць больш за 1/3 беларускае зямлі. Беларускі лес – гэта 50 тыс. т. ягадаў, 60 тыс. т. грыбоў і 500 тыс. т. бярозавага соку за сэзон; 206 млн. сеянцаў і саджанцаў, 31,5 тыс. га лесааднаўлення штогод. Белавеская і Налібоцкая пушчы – апошнія куткі калісьці бяскрайняга запаветнага беларускага лесу, якім ён быў тысячагодзьдзі таму.
Беларуская душа час ад часу сыходзіць у лес. Калі немагчыма трываць, калі становішча безвыходнае, калі набліжаюцца сусьветныя катастрофы – на беларуса нападае дрымучы настрой. У такую пару яго можна знайсьці толькі ў гушчарах, на беразе казачнае, соннае лясное рачулкі, у партызанскае зямлянцы ля сьціплага агеньчыку. Беларуская самота ў лесе пачуваецца найлепш.
"У хваёвым лесе маліцца, у бярозавым любіцца, у дубовым – волю каваць, а ў яловым душу прадаваць" – кажуць у народзе. Показка сымбалічная – асабліва калі ўлічыць, што хвоя складае больш 50% беларускіх лясоў, бяроза дае 21%, елка – 10%, вольха – 8%, дуб – 3,5%, асіна – 2%. Можаце самі вылічыць формулу зарослае, запушчанае беларускае душы, белавескае пушчы, прызначанай для малітвы й поўнай любові, дзе адна дзесятая – цёмны лес, і кожнае пяцідзесятае дрэва – юдава асіна.
Беларускі лес сымфанічны. Нацыянальны сакрэт яго ўнікальнае гармоніі, разнастайнага хараства – усё той жа, што й у фэномэнах беларускага міжмоўя, культуровага сынтэзу й сустрэчы канфэсіяў. Тут, на водападзелах Эўропы, у імшарах, чарнічніках і верасах сыходзяцца ўвадно і таёжныя хваёвыя лясы, і мяшаныя міжземнаморскія, і вербалозы рачных далінаў, і балотнае кустоўе. Беларуская хвоя на пясчаных і супясчаных грунтах, маючы досыць вільгаці й прахалоды, выцягваецца ў неба стромымі, звонкімі арганнымі трубамі – і стварае сьветлыя, чыстыя, духовыя гімны: Бараўляны, Баравуху, Гарачы Бор, Чырвоны Бор, Баркі і Барцы. Эпічныя падняпроўскія дубровы, ельнікі ў гарах Лагойшчыны, серабрыстыя асіньнікі над Нёманам і ўзорыстыя кляновыя гаі ў менскіх прыгарадах – вы толькі паглядзіце, Беларусь уся як велізарны аркестр, у чаканьні ўзмаху дырыжорскае палачкі!
У кожным беларусе агукаецца гул лясное стоенае сілы, трапятаньне лісьця ад птушыных крылаў, аксамітная пяшчота імхоў, і прыглушаны хор з самых нетраў, тысячагалосы гоман стварэньня Божага… Як гэтага не хапае сёньняшняму Захаду! Беларусь яшчэ зробіць найкруцейшы бізнэс на лясным турызме й камэрцыйным паляваньні, на разьвядзеньні пушнога зьвера й экспарце дзікіх грыбоў ды
ягадаў. Беларусь яшчэ раскрые ўсяму сьвету нетры свае душы, яшчэ навучыць малітоўнаму шэпту састарэлую Эўропу.Але пакуль, цяпер беларускі лес дрэмле. Толькі ў верхавінах, на струнах ветру, на самым вастрыі хваёвых іголачак, дрыжыць невымоўны, найвышні згук… Вы чуеце? Гэта ня лес. Гэта лёс.
МАГІЛЁЎ
Магіла льва, сказаў Купала.
Горад зь гербам-брамай ды збройным рыцарам на маскоўскім кірунку, гандлёвая сталіца ВКЛ, расейская стаўка ў І сусьветнай вайне – беларускі ключ да Крамля. Магілёў, якім Беларусь нацэленая ў самую глыбіню Расеі, факусуе ў сабе ўвесь драматызм стасункаў і ўсю моц змаганьня Белае Русі зь Вялікай Імпэрыяй. Магілёў – геапалітычная кропка апоры на лініі рычага Менск-Масква, з дапамогай якога раз-пораз можна было перавярнуць паў-сьвету.
У назове "Магілёў" закладзеная і "магіла" – так, тут шмат што хавалі – і магутны корань "магчы". Праз Магілёў Беларусь увесь час спрабавала адчыняць і перамагаць Расею. Магілёў, быццам моцны магніт, яе заўжды прыцягваў і адштурхоўваў. Велічная панарама гістарычнага цэнтру Магілёва лепш за ўсё сьведчыць пра гэтую супярэчнасьць незвычайнае сілы: разлом Дняпра, што расколвае далягляд, горы берагоў з прывідамі ўзарваных храмаў, дый сам горад, бачны вакол на многія кілямэтры – раскіданы, быццам ад аграмаднага выбуху.
Ці не таму магілёўскае паходжаньне – асаблівая прыкмета крутых хлопцаў, вядомых усяму сьвету: кіраўніка чалюскінцаў, палярніка Ота Шмідта, супэрзоркі Галівуда Кірка Дугласа, міжнароднага рэвалюцыянера Мікалая Судзілоўскага, ізраільскага прэм'ера Арыэля Шарона?
А ўсё пачыналася яшчэ зь вялікім дняпроўскім транзытам "варагі-грэкі". У часы ВКЛ Магілёў, набіраючы сілу, апярэджваў Полацк і выконваў ролю гандлёвае брамы для Масквы: зь Бізантыі, Рыгі, Дынабурга, Гданьска й Каралеўца ўсходнія грузапатокі сьцякаліся менавіта сюды. У XVI ст. купцы складалі тут ад чвэрці да трэці ўсіх месьцічаў; паводле багацьця й ўплыву Магілёў пераўзыходзіў Вільню і лічыўся сапраўдным гаспадаром Эўразійскае эканамічнае прасторы.
Але ўжо быў абвешчаны "Трэці Рым", ужо падымалася цемра на Ўсходзе. Масква цягам некалькіх стагодзьдзяў намагалася выкарыстаць Магілёў, апірышча беларускага праваслаўя, горад шматлюдных брацтваў і найпрыгажэйшых цэркваў, каб узламаць ВКЛ. Захоп Магілёва пад лёзунгам абароны адзінаверцаў біў Беларусь пад дых. У адказ магілёўцы высільваліся, імкнучыся зьмяніць Маскву: Пётр Мсьціславец разам зь Іванам Фёдаравым друкаваў для Расеі Біблію, магілёўскія ўмельцы несьлі ў Маскоўшчыну вытанчаныя рамёствы, а іканапісцы стваралі для яе манастыроў самыя сьветлыя абразы.
Тым часам маскоўскі націск узрастаў. З пачаткам страшнай вайны 1654-1667 гг. магілёўцы наіўна адчынілі горад царскім стральцам, але потым, скаштаваўшы стралецкае ласкі, выразалі акупацыйны гарнізон пагалоўна. Пётр І адпомсьціў месцу, настолькі важнаму для Расеі, спаленьнем датла… Тая ж Кацярына Вялікая ведала, што рабіла, калі запрашала сюды ў 1780-м аўстрыйскага імпэратара Іосіфа ІІ на тайныя перамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай: такія рэчы сапраўды вырашаюцца ў Магілёве.
Нарэшце, у ХХ стагодзьдзі роля Магілёва як беларускага ключа да Расеі дасягнула кульмінацыі. З абвяшчэньнем І сусьветнае вайны менавіта тут, на найбольш небясьпечным кірунку, разьмясьцілася Стаўка на чале зь Мікалаем ІІ. Напярэдадні рэвалюцыі Магілёў на некалькі гадоў стаў цэнтрам сілы 1/6 сушы. Адсюль апошні расейскі імпэратар тэрмінова выехаў у ахоплены лютаўскімі падзеямі Піцер, і ў дарозе выракся трону; тут у верасьнёўскую ноч 1917 г. аб'явіў сябе Дыктатарам Расеі генэрал Карнілаў (і празь некалькі дзён быў арыштаваны), а яшчэ празь месяц тут жа была прадпрынятая адчайная спроба стварыць агульнарасейскі ўрад на чале з эсэрам Чарновым. Паражаная рэвалюцыяй, Расея сутаргава намацвала ў Магілёве той самы рычаг, каб перавярнуць гісторыю.